epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Бабры за работай

 

 

Сёння я нарэшце убачыў баброў за работай.

Яшчэ раніцай мы з Аляшкевічам дамовіліся, што паплывём увечары на лодцы па Бярэзіне, уніз ад Сергучоўскага канала да возера Палік, паглядзець, як працуюць бабры. У падарожжа мы выбраліся каля дзевятай гадзіны вечара.

Дзейнасць баброў пачынаецца, як вядома, пасля захаду сонца. У верасні найбольшую актыўнасць яны праяўляюць з дзевяці гадзін вечара да другой гадзіны ночы.

У свае хаткі бабры вяртаюцца пасля кармёжкі і будаўнічай працы адзін за адным, прыблізна ў пяць-шэсць гадзін раніцы.

Ноч абяцала быць ціхая і светлая.

Спачатку мы карысталіся вёсламі. Веславалі мерна і спакойна, па адным вяслу з кожнага боку. Потым, каб не рабіць лішняга шуму і не палохаць баброў, зусім перасталі веславаць.

Ветру няма. Ля самага берага растуць вольхі і вербы.

Наша лёгкая лодка павольна, ледзь прыкметна пасоўваецца ўніз па плыні ракі. Яна нібы слізгае па чорнай, глыбокай вадзе. Вёслы ляжаць на дне, мы іх не чапаем. Сядзім моўчкі і не варушымся, плывём уздоўж берага.

З левага борта густы лазняк. Справа — шырокая балоцістая пойма. Звілістая рака робіць тут паварот.

Аляшкевіч асцярожна схапіўся за чорную галіну, якая вытыркаецца з берага, і бясшумна падцягвае лодку ў невялікую затоку, амаль з усіх бакоў замаскіраваную кустамі лазняку.

Лодка спынілася. Тонкія гнуткія галінкі скрыжоўваюцца над нашымі галовамі.

З-за тоўстага ствала старой вярбы, якая схілілася над вадой, добра відаць даволі шырокі плёс, асветлены месяцам. Плёс знаходзіцца ад нас метраў за пяць-шэсць.

Адсюль будзе зручна наглядаць за бабрамі.

Вакол чарнеюць сілуэты дрэў і кустоў.

У пасярэбранай святлом месяца вадзе многа гарлачыкаў.

З боку плёса даносіцца аднастайны характэрны гук, нібы нехта шпарка і моцна скрабе нечым вострым па дрэве. Уражанне такое, быццам штосьці грызе вялікі пацук.

У вільготным начным паветры гэты гук, шоргат ці скрыгат, не ведаю, як яго лепей назваць, далёка разносіцца над ракой. Мы пачулі яго задоўга да таго, як ціха падплылі да свайго сховішча. Цяпер ён на момант спыніўся, каб праз некалькі хвілін аднавіцца з новаю сілай.

Якім чароўным і прывабным здаваўся мне гэты дзіўны гук!

Вочы мае паступова прывыклі да рэзкага кантрасту паміж халодным серабрыстым святлом месяца і густымі, чорнымі ценямі. Я пачаў выразней разбірацца ў навакольных прадметах, адрозніваць іх, заўважаць асобныя дэталі.

Напружана ўглядаюся ў асветленую месяцам паверхню плёса, у абрысы супрацьлеглага невысокага берага.

Нарэшце я заўважыў цёмную постаць бабра.

«Вось ён!..» — ледзь не крыкнуў я, але стрымаўся.

Кульгаючы з боку на бок, бабёр капошыцца каля дрэва. Пляскаты хвост яго валочыцца па траве, паварочваецца ў розныя бакі.

Бабёр узняўся на заднія лапы, абапіраючыся на хвост. Кароткімі пярэднімі лапкамі ён ухапіўся за ствол маладой асіны. І адразу зноў пачуўся характэрны гук пілавання разцамі па дрэве.

Толькі цяпер я заўважыў, што бабёр не адзін. Каля яго заварушылася постаць другога бабра. Ён узяўся за ствол з другога боку.

Прайшло некалькі хвілін.

У начным паветры пачуўся гучны трэск. Дрэва пачало хіліцца ў бок ракі.

Бабры спынілі работу. Прыслухаліся. Трэск паўтарыўся. Абодва бабры адсунуліся ад ствала.

Яшчэ праз хвіліну дрэва захісталася, зашумела галлём і, падмінаючы лазняк і маленькія бярозкі на беразе, рухнула ў ваду.

Сонная рака ўскалыхнулася. Пырскі ляцяць ва ўсе бакі.

Увесь гэты шум нібы спалохаў баброў. А можа, яны пачулі Аляшкевіча, які кашлянуў у гэты момант.

Першы з баброў цяжка і нязграбна заскакаў у бок берага. Ля самай вады ён азірнуўся па баках, засіпеў і кінуўся ў раку галавою ўніз. Хвост яго мільгануў над берагам і з сілай пляснуў па вадзе. Гук ад удару разнёсся далёка па наваколлі.

Бабёр знік пад вадой. І адразу на паверхні ракі з’явілася і хутка разышлася серабрыстая дарожка дробных бурбалак. Гэта было паветра, якое бабёр выдыхнуў з лёгкіх, плывучы пад вадой.

Дзе падзеўся другі бабёр, я заўважыць не паспеў, але і яго на беразе ўжо не было. Мне здалося, што ён знік у траве каля самай вады.

Хавацца нам цяпер не было патрэбы.

— Яны вылезуць на бераг не так яшчэ скора, — голасна сказаў Аляшкевіч.

Пень асіны бялее ўначы сваёй завостранай, абламанай і расшчэпленай верхавінай.

Мы выходзім з лодкі і аглядаем спілаванае бабрамі дрэва.

У ствале асіны бабры выгрызлі кальцо ў выглядзе кліна, накіраванага ўнутр дрэва.

— Чыстая работка! — смяецца Аляшкевіч.

Ён бярэцца за свой стальны метр і, прыклаўшы яго да зрэзу, абвяшчае:

— Дваццаць тры сантыметры ў папярочніку!.. Але гэта што! Глупства! На Жартайцы бабры спілавалі некалькі дрэў, якія мелі па пяцьдзесят-шэсцьдзесят сантыметраў. Быў нават выпадак, калі яны звалілі старую вярбу крыху больш метра ў дыяметры. А з гэтай асінай яны справіліся, мусіць, за адзін прыём. Хаця, можа, і ўчора яшчэ пачалі, хто іх ведае! Бывае часам, што яны пачнуць грызці дрэва і кінуць, а потым, праз колькі дзён, зноў возьмуцца і паваляць. Цяпер, калі мы ад’едзем і ўсё вакол супакоіцца, бабры вылезуць з вады і перш за ўсё ачысцяць ствол ад галля і сучча. Лісце і кару з маладых галінак тут жа і з’ядуць, пакуль яны свежыя. Усё астатняе пойдзе ў кладоўку, у запас, на зіму.

Мы вывелі лодку з затокі і паплылі назад. Яркі месяц па-ранейшаму асвятляе раку.

У лодцы я распытваю Аляшкевіча аб тым, як робяць бабры свае харчовыя запасы на зімовы час і дзе яны іх хаваюць.

Пакуль мы даплылі ўверх па рацэ да вусця Сергуча, егер мне ўсё як след растлумачыў.

— Рыхтаваць сабе корм на зіму, — гаворыць ён, — бабры пачынаюць у канцы верасня ці ў пачатку кастрычніка і займаюцца нарыхтоўкамі на працягу ўсяго лістапада. Запасы гэтыя складаюцца з асіны, лазы, бярозы і часам чаромхі. Але больш за ўсё любіць бабёр асіну. Калі няма асіны, ён корміцца лазой. Калі ж і лазы не хапае, бярэцца за бярозу.

— Дзе ж ён робіць сабе кладоўку?

— Нарыхтаванае і ачышчанае вецце бабры апускаюць у ваду, недалёка ад хатак, у глыбокім месцы, дзе няма плыні. Зрэзаныя палкі і галінкі яны ўтыкаюць завостраным канцом у зямлю пад берагам. Калі вада замерзне, бабёр выплывае па падводным ходзе са сваёй хаткі і корміцца гэтым запасам пад лёдам, не вылазячы на паверхню.

Сказанае Аляшкевічам пацвердзіў пасля і Леанід Васільевіч, якому я расказаў аб выніках нашай экспедыцыі.

— Трэба яшчэ дадаць, — сказаў ён, — што перад лістападам пажыўныя рэчывы з лісця пераходзяць у ствол і галлё асін і адкладваюцца ў кары і драўніне. Дрэвы, зрэзаныя бабрамі ўвосень, больш пажыўныя.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан