epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Блакітная карона паазер'я

 

 

Толькі што мы вярнуліся з Беларускага Палесся.

Давайце разгорнем геаграфічную карту і разгледзім на ёй тыя мясціны, дзе мы не паспелі пабываць.

Так... Тут мы былі, тут — таксама... А вось з поўначчу рэспублікі вы яшчэ зусім не знаёмы.

Глядзіце, колькі на карце блакітных плямінак і кропак! Гэта — азёры. Яны густа рассеяны па ўсёй Віцебшчыне і па ўсёй паўночна-заходняй частцы Мінскай вобласці. Больш за дзве тысячы азёр нанесены на геаграфічныя карты. І ўлічыце, між іншым, што самыя маленькія на карту не трапілі. Нездарма гэты край называюць на Беларусі Паазер’ем.

Разумна прыдумляе народ назвы для родных мясцін. Палессе — край лясоў. Паазер’е — край азёр.

Некаторыя азёры раскіданы паасобку, некаторыя — невялікімі групамі. Вось цэлыя «сузор’і» азёр пад Мядзелем, пад Браславам. Тут сыходзяцца граніцы Беларусі, Літвы і Латвіі. Шмат азёр на Віцебшчыне — вакол старажытнага Полацка, пад Ушачамі, Лепелем і Сянно.

Самае вялікае з беларускіх азёр — Нарач. Гэта і на карце відаць. Паэты часта параўноўваюць гэтае возера з морам. Побач з Нараччу размясцілася яшчэ некалькі азёр: Баторына, Мястра, Рудакова, Белае, Блакітнае, Мядзельскае, Швакшты...

Нарачанская група азёр — самая вялікая і вядомая на Беларусі. Азёры размешчаны тут вянцом. Яны ствараюць своеасаблівую блакітную карону Паазер’я.

На самым стыку трох рэспублік — Літвы, Латвіі і Беларусі — знаходзіцца возера са старажытнай назвай Дрысвяты.

А гэта — возера Доўгае. З выгляду яно невялікае, але затое дна ў ім не дастанеш. Глыбіня яго дасягае пяцідзесяці метраў.

Ёсць, праўда, і глыбейшыя азёры на Беларусі. Так, у возеры Рудакова, што ўваходзіць у блакітную карону нарачанскай групы, глыбіня дасягае месцамі сямідзесяці метраў.

А якія прыгожыя краявіды вакол азёр! Якія багацці хаваюцца ў іх глыбінях! Рыбакі здабываюць тут шчупака, акуня, ляшча, сяляву, плотку. Браслаўскія азёры багатыя яшчэ і на судака. А на Нарачы і некаторых іншых паўночна-заходніх азёрах не дзіва, калі маторныя катэры і чаўны рыбгасаў вяртаюцца з багатым уловам вугра, рэдкай і смачнай рыбы, падобнай з выгляду на змяю.

Не ўступаюць азёрам па сваіх багаццях і прыбярэжныя лясы. Колькі ў іх улетку суніц, чарніц і іншых ягад, а пад восень — грыбоў і арэхаў!

На лясістых берагах некаторых азёр Браслаўшчыны можна ўбачыць хаткі бабра. Вядзецца тут і выдра. Прыходзяць да берага паласавацца выкінутай хвалямі рыбай барсукі і лісіцы. Наведваецца часам і сам гаспадар лесу — мядзведзь.

Побач з жывёламі і звярамі, якія спакон веку жывуць на азёрах і ў лясах Паазер’я, з’явіліся ў апошнія гады і навасёлы. Гэта — янотавідны сабака, якога завезлі сюды з Далёкага Усходу, андатра і норка, прывезеныя з Паўночнай Амерыкі. Перасяленцам спадабаліся новыя мясціны. Яны прыжыліся тут, і Беларускае Паазер’е стала для іх другой радзімай. Янотавідныя сабакі даюць цяпер значную частку ўсёй прамысловай пушніны, якая здабываецца на Віцебшчыне.

Вялікая колькасць азёр уплывае нават на клімат Паазер’я. Калі набліжаешся да групы азёр, яшчэ здалёк пачынаеш адчуваць, якое тут чыстае паветра...

Але чаму я гэта ўсё расказваю вам? Ці не лепей уключыць азёры ў наш маршрут? Бачу, што і вам не церпіцца самім пазнаёміцца з Беларускім Паазер’ем.

Куды ж мы з вамі паедзем? Выбірайце самі...

На Нарач? Вас больш за ўсё вабіць «блакітная карона»? Што ж, выбар не благі! Ды і дабрацца да Нарачы зусім не цяжка. Туды штодня ляцяць два самалёты, а часам нават і трэці, дадатковы...

Значыць, вырашана: зноў у палёт!

1964-1966

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com