epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Бусляняты вучацца лятаць

 

 

У нядзелю я пайшоў у Варанцы паглядзець на буслоў дзядзькі Вінцука.

Вузкія вуліцы вёскі то ўзбягаюць на ўзгорак, то спускаюцца ўніз. За плятнямі садоў пладовыя дрэвы згінаюцца пад цяжарам яблыкаў, груш і сліў. Каля хат чырванеюць рабіны.

Вось і двор дзядзькі Вінцука. Перад вокнамі хаты густа разрасліся кветкі. Высяцца жоўтыя вяргіні.

Гняздо бусла знаходзіцца на высокай алешыне са зрэзанай вяршалінай. Яно ўпрыгожвае старое дрэва, нібы вялізны шырокі вянок.

Пасярод гнязда стаяць тры маладыя буслы. Іх ужо не адрозніць па выгляду ад дарослых, але гнязда яны яшчэ не пакінулі.

На парозе хаты з’явілася высокая, крыху сутулая постаць дзядзькі Вінцука. Сёння ён ужо не ў ватоўцы. На ім белая вышываная кашуля і чорны пінжак. На галаве новы картуз.

— Дзень добры! Прыйшлі на маіх суседзяў паглядзець? — гаворыць ён, вітаючыся са мною, як са старым знаёмым. — Калі ласка!

Мы селі на лаўку перад хатай. Над намі звісаюць чырвоныя гронкі рабіны.

— Вось якая ў мяне буслянка, — хваліцца дзядзька Вінцук, паглядаючы на гняздо.

Да алешыны падляцеў стары бусел і павольна апусціўся на край гнязда.

— Бачыце, што прынёс? — ажывіўся дзядзька Вінцук.

У чырвонай дзюбе бусла я ўгледзеў даволі вялікую змяю. Бусел кінуў яе ў сярэдзіну гнязда і адразу паляцеў прэч.

Маладыя буслы замітусіліся вакол кінутай ім здабычы. Шпарка апусціліся ўніз дзюбы. Адзін з іх апярэдзіў астатніх. Ён першы схапіў змяю, падкінуў яе ўгору, і ў тую ж хвіліну змяя знікла ў шырока раскрытай дзюбе.

— Буслы не кормяць сваіх малых з дзюбы ў дзюбу, як іншыя птушкі, — сказаў дзядзька Вінцук. — Яны кладуць прынесеную здабычу проста ў гняздо, а бусляняты самі яе падбіраюць.

Тым часам малады бусел адкінуў галаву на спіну і заклекатаў. Далёка па наваколлі разнёсся гэты клёкат, які замяняе маўкліваму буслу голас. Стукаючы верхняй палавінкай дзюбы аб ніжнюю, бусел выказвае такім спосабам усе свае пачуцці.

— Бач, які! — засмяяўся дзядзька Вінцук. — Дзякуе, мабыць, за пачастунак.

Праз некаторы час зноў падляцеў да алешыны дарослы бусел і кінуў яшчэ нешта ў гняздо.

— Калі бусляняты малыя, — тлумачыць гаспадар, — адзін з бацькоў ляціць па здабычу, а другі застаецца пільнаваць, каб ніхто малых не пакрыўдзіў. На шаснаццаты дзень малыя спрабуюць станавіцца на ногі, а на трыццаты — махаць крыламі. Калі бусляняты ўжо стаяць на нагах, бацькі вылятаюць на здабыткі разам. Ім цяпер лягчэй, бо малым ужо не патрэбна ахова. А корму бусляняты патрабуюць з кожным днём усё больш і больш.

Адзін з буслоў, стоячы ў гняздзе, раскрыў шырокія крылы і з сілай пачаў узмахваць імі. Потым заняўся гэтым і другі. Паветра напоўнілася шумам.

— Практыкуюцца, — сказаў дзядзька Вінцук. — Неўзабаве пачнуць лятаць. Спачатку каля гнязда, а потым усё далей і далей.

1957 - 1958




Беларуская Палічка: http://knihi.com