epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Чайкі над Нараччу

 

 

 

Над возерам ляціць чайка. Вострыя шызыя крылы, падобныя на сярпы, рассякаюць паветра. Кароткі хвост распушчаны веерам, як у голуба.

У небе з’явіўся падорлік. Чайка апусцілася на ваду і трымаецца на паверхні, пагойдваючыся на хвалях, як белы папяровы караблік.

Падорлік знік за цёмнай сцяною лесу, і чайка зноў узнялася ў паветра.

Другая чайка села на невялікую дошку, што плыве па вадзе.

Аднекуль з’явілася трэцяя чайка. Раскінуўшы крылы, яна планіруе ў паветры, выглядаючы ў вадзе здабычу. З рэзкім крыкам слізгае над вадою то адным, то другім бокам.

Над блакітным прасторам пануе мяккае, перадвячэрняе сонца.

«Усё гэта вельмі добра і надзвычай прыгожа, — падумаў я. — Але чаму так мала чаек над Нараччу? Колькі іх тут зараз над вадою? Адна, дзве, тры, вось ляціць чацвёртая. Больш не відаць... Мне здавалася, што я ўбачу на возеры сотні, калі не тысячы, гэтых белых птушак, а яны лятаюць адзінкамі, і то не заўсёды. Няўжо гэтым і абмяжуецца маё знаёмства з імі?»

Тым часам з музея выйшаў Лёня і спыніўся на ганку.

Я падзяліўся з ім сваімі сумненнямі.

— Ля Купы чаек заўсёды мала, — адказаў Лёня. — Яны трымаюцца больш на тым баку, ля вытокаў Нарачанкі, і на касе. І, наогул, яшчэ не час. Яны жывуць цяпер на сваіх гняздоўях, гадуюць малых. Найбольш гняздзяцца чайкі на азёрах Швакшты і Свір, на маладаступных прыбярэжных балотах. Гэтыя азёры зарастаюць, з цягам часу яны ператворацца ў суцэльныя балоты. Над возерам Нарач чайкі з’явяцца адтуль, разам з маладымі, у пачатку жніўня, калі тыя навучацца лятаць і самастойна здабываць сабе корм. Асабліва многа іх будзе вунь на той касе.

— Шкада, — сказаў я. — Доўга чакаць.

— Хіба вам абавязкова патрэбны толькі чайкі? — запярэчыў малады арнітолаг. — Птушыны свет Нарачы багаты. Тут знойдзецца нямала птушак, і малых, і вялікіх, якімі таксама варта пацікавіцца.

Я згадзіўся з Лёнем.

— У мінулым і пазамінулым годзе, — дадаў ён, — на касе былі сотні чаек і крачак. Сёлета іх значна менш. Чайкі, як і іншыя птушкі, мелі ў апошнія гады вялікія страты ў час зімоўкі ў Паўднёвай Еўропе і Афрыцы ад вялікіх маразоў, бур і бяскорміцы. Шмат іх загінула. Амаль зусім няма сёлета на Нарачы дзікіх качак. Значна зменшылася і колькасць насякомаедных птушак, бо вёсны былі познія, халодныя, цяжкія для ўсіх крылатых. Таму сёлета і было забаронена веснавое паляванне на ўсе віды птушак.

1957 - 1958




Беларуская Палічка: http://knihi.com