epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Хто на рыбалку, а хто па грыбы

 

 

На наступны дзень мы прыехалі ў вёску, што стаіць на беразе возера Нарач.

Дамы ў вёсцы розныя: і звычайныя сялянскія хаты, і так званыя фінскія домікі, і сучасныя мураваныя катэджы на адну або дзве сям’і. Прыгожыя веранды, чыстыя двары. Праз некаторы час сяло ператворыцца ў адну з вуліц новага гарадка, дзе ўсё будзе прыстасавана для адпачынку працоўных.

А цяпер зойдзем у гэты двор. Не ўсё ж нам ездзіць і ездзіць. Трэба, нарэшце, і адпачыць нямнога. А дзе ж і адпачываць, як не на возеры Нарач, як казаў той наборшчык у самалёце! Давайце затрымаемся тут ненадоўга.

У доме жыве мой добры знаёмы — стары нарачанскі рыбак. Вось ён ідзе якраз нам насустрач, невысокага росту, каржакаваты, з пасівелымі вусамі.

— Добры дзень, дзед Ігнат!

— Дзень добры... Ці надоўга да нас?

— Ды вось пазнаёмлю сваіх юных сяброў з Нараччу і — назад, у Мінск.

— Тады вы ў мяне ключы ад лодкі вазьміце. І снасці я вам такія-сякія дам, — усміхаецца дзед Ігнат выцвілымі блакітнымі вачамі. — Якое ж гэта знаёмства з Нараччу без рыбалкі!..

— Дзякуем!.. Дзякуем!..

І вось у нас з’явіўся дадатковы груз: даволі цяжкі жалезны якар, пабялелы ад вады і сонца канат да яго, два вяслы, вялікі брызентавы мяшок. У ім мы панясём рыбу, калі, вядома, будзе што несці. А пакуль у мяшку ляжаць стары спінінг з кароткім дзяржальнам і вялікай бліскучай блясной, вудачкі з доўгімі лёскамі, маленькімі блёсенкамі і кароценькімі вудзільнамі, выразанымі з галінак ядлоўцу, і яшчэ бляшанка з дажджавымі чарвямі.

— Можа, вы і кошыкі прыхопіце? — гукае нам услед стары рыбак. — Дзяўчынкі ж, відаць, рыбу лавіць не пойдуць. Ім у грыбы ды ў ягады цікавей...

Мы бяром некалькі лазовых кошыкаў. Дзед Ігнат пляце іх сам.

— І я пайшоў бы з вамі, — нібы просіць ён прабачэння, — ды часу няма. З сенам трэба ўправіцца... А за праважатага хай у грыбнікоў будзе мая ўнучка... Аня! Хадзі сюды...

Дзед Ігнат даўно ўжо на пенсіі. Але ў гарачую пару сенакосу ці ўборкі ўраджаю не сядзіцца яму на сваім прысядзібным палетку, ходзіць ён памагаць калгасу.

Пыльная вуліца змянілася брукам. Дарога раздвоілася. Адна павяла да возера, другая да санаторыя. Мы пойдзем першай, адразу да возера, пакладзём у лодку свой «багаж», тады і агледзімся.

Прасмоленыя рыбацкія чаўны чарнеюць, напалову выцягнутыя з вады, каля самага рэстарана-паплаўка. Крыху далей — прадуктовы магазін. Тут мы можам узяць усё, што нам спатрэбіцца. Што? Нічога не хочаце з магазіна? Спадзеяцеся на здабычу рыбакоў і шукальнікаў грыбоў ды ягад? Але хлеб нам усё ж такі патрэбны...

Пакінуўшы ў лодцы свой рыбацкі рыштунак, мы паднімаемся па асфальтавай дарожцы з прыступкамі да санаторыя. З блізкай адлегласці возера выглядае яшчэ больш маляўнічым, чым з вышыні птушынага палёту. Вялікае, прасторнае, яно і сапраўды падобна на мора. Восемдзесят квадратных кіламетраў вады...

Чаму супрацьлеглы бераг відаць? Ды не, вы памыліліся! Гэта зусім не бераг. Гэта тая каса, якую мы бачылі з самалёта. Ад яе да таго берага не бліжэй, чым да нас.

Празрыстыя хвалі, узнятыя лёгкім ветрыкам, набягаюць на прыбярэжны пясок. Іх плёскат зліваецца з шумам сосен, якія акружылі возера з усіх бакоў. А два прыгожыя будынкі санаторыя, што ўзвышаюцца на самым пагорку, нагадваюць вялікія караблі, калі глядзець на іх з возера. Здаецца, вось-вось знімуцца яны з якараў і паплывуць у далёкае падарожжа...

Скрозь густую зеляніну сосен віднеюцца на суседнім узгорку блакітныя домікі з чырвонымі дахамі. Гэта той самы дом адпачынку «Звязда», пра які гаварыў нам у самалёце друкар. Яшчэ далей, на самым беразе, мы бачым лодачную станцыю і шырокую паласу пляжа з паветкамі, каб хавацца ад пякучага сонца.

У другім баку ад санаторыя, таксама ўздоўж берага, размясціліся турысцкая база і біялагічная станцыя. Недалёка адсюль і піянерскі лагер «Зорачка». Яшчэ далей мы маглі б убачыць беларускі Артэк...

Колькі палатак у лесе! Цэлы гарадок. Іх паставілі тут аматары пажыць на вольным паветры. Адны з іх прыязджаюць на ўсё лета, другія на месяц, трэція на некалькі дзён ці нават толькі з суботы на нядзелю. Многім палюбіліся гэтыя мясціны.

Я і сам вось ужо дванаццаты год праводжу свой адпачынак на берагах Нарачы. Тады, у самым пачатку, сюды нялёгка было дабірацца. Таму і дачнікаў было нямнога. І размяшчаліся яны ў хатах мясцовых жыхароў. Не было ні санаторыя, ні дамоў адпачынку. І вёска была бяднейшая...

Але вас, мабыць, больш за ўсё цікавяць цяпер скарбы вады і лесу? Тады зробім так: хлопчыкі пойдуць са мной на чоўне, а дзяўчынкі — з Аняй у лес. Вы не глядзіце, што Аня малодшая за вас. Яна тут кожную сцежку ведае.

Згодны? Вось і добра.

Ну, хлопчыкі, давайце ссунем човен на ваду. Раз, два!.. Што, цяжкі? Затое ўстойлівы. Ніякай хвалі не баіцца. А на Нарачы з хвалямі і ветрам жарты кепскія. Як разгуляецца раптоўна бура, на звычайнай лодцы да берага не дабярэшся...

Веславаць будзем па чарзе. Хто першы? Не, не ўсе разам. Давайце па двое. Сядай вось ты... І ты? Добра, сядай таксама. Толькі старайцеся веславаць дружна, у лад. Р-раз! Р-раз!.. Ну, дык вы ж сапраўдныя весляры!..

Усё далей і далей адплывае ад нас высокі бераг з дамамі санаторыя, з прыступкамі набярэжнай. Ужо не відаць каменьчыкаў на пясчаным дне. Глыбіня пад намі ўсё павялічваецца. А вось і паласа водарасцей... Нарэшце і іх прамінулі. Цяпер ужо можна разгледзець асобныя дрэвы на носе касы і стрэхі хат...

Значыць, надышоў час паспытаць нам сваё рыбацкае шчасце.

Кідаем якар за борт. Замацоўваем канат. Вось так... Вымяраем глыбіню. Для гэтага апускаем у ваду доўгі трывалы шнур з грузам на канцы. Спачатку шнур нацягваецца. Адпусцім трохі больш... Яшчэ больш... Шнур нарэшце аслаб... Значыць, груз дасягнуў дна. Цяпер трэба нам вымераць даўжыню той часткі шнура, што была ў вадзе... Ого! Каля дзесяці метраў. Значыць, паміж днішчам нашага чаўна і дном возера мог бы змясціцца трохпавярховы дом. Што ж, на такой глыбіні і ловяцца самыя вялікія акуні.

Ціха на возеры.

Толькі ўдалечыні чуваць аднастайная гаворка матора. Гэта рыбгасаўскі катэр вядзе дадому з начнога лову караван рыбацкіх лодак. Адна, дзве, тры, чатыры... Мусіць, нямала злавілі рыбакі шчупакоў, ляшчоў, акунёў і сялявы, так добра вядомай пад назвай «капчушка».

Кружаць над вадой белыя чайкі ў цёмных масках. То адна, то другая апусціцца на ваду і тут жа ўзнімаецца, трымаючы ў дзюбе бліскучую рыбку. Тады бліжэйшыя суседкі ўзнімаюць гвалт і стараюцца адабраць здабычу.

Чайкам, відаць, шанцуе больш, чым нам. Ні ў кога з нас ні разу нават і не клюнула. А чайкі пад’елі і цяпер адпачываюць, пагойдваючыся на хвалях.

Гэта добрая прыкмета. Калі чайкі садзяцца на ваду, значыць, і заўтра будзе пагода.

А ў нас усё не клюе. Але хмурыцца не трэба. Адпусцім лепш паболей якарнага каната, і ветрык аднясе нас трохі ўбок, на новае месца...

Прынаду на кручках праверылі? Цяпер зноў закінем...

Ціха... Есць!..

На дне чоўна заплёхаўся не дужа вялікі, але ўсё ж такі прыстойны акунёк.

І ў цябе ёсць?..

І ў цябе?..

Эх, сарваўся!.. Не паслабляй лёску, калі цягнеш акуня, бо зноў сарвецца...

Бачыце, як добра пайшла справа.

Значыць, мы натрапілі на чародку акунёў. Яны звычайна чародкамі ходзяць.

А цяпер зноў зменім месца, пашукаем новую чародку...

Захопленыя сваім заняткам, мы і не заўважылі, як сонца схілілася да самага лесу. Па вадзе, цераз усё возера і паўз нашу лодку, прайшла яркая чырвона-жоўтая сцежка. Непадалёку ад нас запляскалася рыба. Вось яна — якая ж вялікая! — выскачыла з вады і, бліснуўшы на сонцы луской, знікла зноў. А за ёй — другая, яшчэ большая. Гэта шчупак разбойнічае...

Крыху далей селі на ваду дзікія качкі. Да нас даносіцца іх гучнае краканне...

Як добра на возеры! Асабліва, калі рыба ловіцца. Але нам ужо час вяртацца. Дзяўчынкі, пэўна, чакаюць. Ды і налавілі мы нямала. На ўсіх хопіць...

1964-1966

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com