epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Хутчэй на Нарач!

 

 

Паехаў я на возера Нарач дзеля чаек.

Справа ў тым, што з некаторага часу яны пачалі з’яўляцца над Свіслаччу амаль у самым цэнтры горада, каля плошчы Перамогі.

Я зацікавіўся чайкамі.

Адкуль яны прылятаюць да нас, у горад, кожную вясну і кожную восень? Дзе гняздзяцца гэтыя прыгожыя белакрылыя птушкі? Якія ў іх звычкі? Ці яны шкодныя, ці карысныя?

Мне захацелася пазнаёміцца з імі бліжэй.

І тут паўстала пытанне: дзе можна наглядаць за жыццём чаек у найбольш спрыяльных і характэрных умовах?

Адзін мой знаёмы сказаў:

— Вам трэба паехаць на возера Нарач. Там многа чаек.

Другі пацвердзіў гэта і дадаў:

— Калі не на Нарач, то на Мядзель. Нарэшце вы можаце пабываць і на Мястры. Гэта азёры-суседзі. Ад аднаго да другога рукой падаць. На Мядзелі не так прыгожа, як на Нарачы, але затое чаек больш. Ды і наогул птушыны свет на ўсіх азёрах Нарачанскай групы вельмі багаты.

— Нарач — цудоўнае возера, — стаяў на сваім першы. — Прыгажэйшага вы не знойдзеце. Там ёсць на што паглядзець і акрамя чаек. Пажывіце там некалькі месяцаў. Вы будзеце задаволены.

Я паслухаў аднаго, паслухаў другога і цвёрда вырашыў — паеду на возера Нарач. Пазнаёмлюся не толькі з чайкамі, але і наогул з птушыным светам, рыбнымі багаццямі і прыроднымі асаблівасцямі славутага возера, якое дагэтуль было мне вядома толькі па расказах сяброў і па вершах Максіма Танка.

Хутчэй на Нарач! На паляванне без стрэльбы. Буду там наглядаць за жыццём дзікіх птушак.

Сказана — зроблена.

І вось я стаю на высокім беразе Нарачы і гляджу на бязмежны блакітны прастор, які зліваецца на даляглядзе з небам.

1957 - 1958

 


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан