epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Добрыя суседзі

 

 

Прадзіраючыся скрозь малады алешнік, рассоўваючы рукамі густыя зараснікі, мы падыходзім да бабровай хаткі № 106.

Яна знаходзіцца на правым беразе Сергуча, недалёка ад нары выдры і метраў за сто пяцьдзесят ад грэблі.

Пад нагамі хлюпае вада. Чарот узнімаецца вышэй чалавечага росту, шуміць сваімі мяцёлкамі. Перад вачыма, куды ні глянь, зялёна-жоўтая сцяна сцяблоў, над галавой — шэрае неба.

Чорны ствол сухой вольхі вытыркаецца з даху бабровай хаткі, як вялізны комін.

Навокал ляжаць абгрызеныя бабром сцяблы парыльніку і маліны. Гэтыя расліны ўваходзяць у летні рацыён бабра, таксама як і крапіва, і шчаўе.

Бабры пратапталі ад хаткі даволі шырокія сцежкі. Калі вада ў рэчцы ўзнімецца, гэтыя сцежкі ператворацца ў каналы.

Крокаў за пятнаццаць ад хаткі № 106 бабры распачалі пабудову другой хаткі. Яны падкапалі карэнні суседняй вольхі. Скляпенне логава ўжо зроблена. Застаецца ўзвесці вакол яго галерэю і абкласці яе з бакоў і зверху галлём.

Каля распачатай пабудовы нядаўна яшчэ расла высокая яліна. Цяпер яна ляжыць, паваленая бабром.

Відаць, яна нечым замінала бабру, і ён яе спілаваў.

Вакол незакончанай хаткі расце чарот, раза ў паўтара вышэй чалавечага росту.

— Адгэтуль уніз па Сергучу жылых бабровых хатак няма на працягу васьмі кіламетраў, — гаворыць Аляшкевіч. — А старых, пакінутых, шэсць. Бабры там усё навокал пагрызлі, паелі і перабраліся ў другую мясцовасць. Тут жа, каля вытокаў, корму ім хапае, вось яны і будуюць другую хатку.

— А як на гэта глядзіць выдра? — пытаюся я.— Ці не пашкодзіць ёй такое блізкае суседства з дзвюма сем’ямі баброў?

— Каму? Выдры? — здзівіўся егер. — Наадварот. Яна любіць жыць каля бабровых хатак. Бабёр і выдра добрыя суседзі. Крыўды паміж імі няма. Бывае часам, што выдра жыве ў бабровай хатцы разам з гаспадарамі як кватарантка. Я сам бачыў выдру, якая жыла сумесна з бабрамі ў хатцы на Бярозе, насупраць вусця канала. Бабры жылі на ніжнім паверсе, а выдра на верхнім. Яна часта на бабровай хатцы ела рыбу і адпачывала. А на Бузянцы бачыў, як чацвёра малых выдранят ляжалі з маткай на бабровай хатцы. Потым яны пачалі гуляць. Слізгаюцца з даху на жыватах у ваду, як на санках, ды зноў наверх лезуць, нібы дзеці на ледзяной горцы. А матка глядзіць і любуецца. Тут яна адчувае сябе ў бяспецы, бо зверху, з даху бабровай хаткі, яна бачыць усё, што навокал робіцца, і ў выпадку трывогі заўсёды можа кінуцца з дзецьмі ў ваду.

— Можа, бабрам гэта не падабаецца?

— Бабры і ўвагі не звяртаюць. У іх з выдрай інтэрас розны. Баброў не цікавіць рыба, якую ловіць выдра, а выдру не цікавяць расліны, якімі кормяцца бабры. Для жылля выдра карыстаецца бабровай хаткай толькі пакуль дзяцей гадуе. Калі ж малыя вырастуць, яна старое жыллё — бабровую хатку ці сваю ўласную нару — усё роўна пакіне ды пойдзе бадзяцца па наваколлі, шукаючы новых мясцін, багатых на рыбу.

Назад мы ідзём уздоўж канала, у бок пасёлка Крайцы міма сядзібы егера.

Недалёка ад яго зямлянкі высіцца новая хата, толькі вокны яшчэ не зашклёныя. Летась яе тут не было.

— Сусед бабёр новую хату ставіць, і я паставіў, — смяецца егер. — Уваходзіны будзем спраўляць разам.

Каля хаты старая купчастая вярба, невялікі агарод і сенажаць. З аднаго боку канал, а з другога высокая цёмная сцяна дрымучага лесу.

— Чаму ж вы не перабіраецеся? — спытаў я. — Яна ж зусім гатовая.

— Ды ўсё, ведаеце, часу няма. З хатай я, праўда, не спяшаўся, але ж затое і атрымалася яна добрая, нічога не скажаш. Не хата, бачыце, а лялька. Пабудавана як мае быць. І суседства ў мяне тут добрае, — пераходзіць ён зноў на жартаўлівы тон. — Да выдры рукой падаць, і ад бабра недалёка.

Ён задаволена паглядзеў на сцены свайго новага дома.

— Дырэкцыя мне дапамагла і калгас. Я калгасу, праўда, сёе-тое рабіў па кавальскай справе, вось і яны мне аддзякавалі, чым маглі. Шкло для акон у мяне ёсць, і завесы знойдуцца. Да зімы абавязкова перабяруся, інакш заесць мяне жонка. Ды ўжо і час. У нас цяпер наўкол усё новыя хаты.

1947—1948


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан