epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Думкі перад вяртаннем у горад

 

 

Надышоў час развітацца з Нараччу.

Я гляджу ў апошні раз на блакітны прастор возера, на сіняе неба з белымі воблачкамі, на чаек над вадой, на пясчаныя ўзгоркі з высокімі соснамі, на зялёны ядловец, на ліловыя верасы і думаю: як добра, што я сюды прыехаў.

Злева на беразе я ўбачыў раптам знаёмую высокую постаць. Да мяне набліжаўся шпаркім, бадзёрым крокам Міхал Роліч.

Стары быў апрануты ў святочны чорны касцюм. Твар у яго ясны, задаволены.

— Адкуль гэта вы? — спытаў я, прывітаўшыся.

— З Маладзечна, — весела адказаў рыбак. — Быў у горадзе. Пенсію персанальную мне прызначылі. Раней была звычайная, а цяпер, знаеш, персанальная...

Ён выняў з кішэні і паказаў мне новенькую, толькі што атрыманую пенсіённую кніжку.

Я павіншаваў знатнага рыбака.

— Вы свой адпачынак даўно заслужылі.

— Які там адпачынак! — усміхнуўся Роліч. — Я сядзець склаўшы рукі не магу. Усё роўна рыбацкую справу не пакіну. Толькі, зразумела, рабіць буду па сваёй сіле, не так, як калісьці.

— Куды ж вы ідзяце?

— Дахаты, у Наносы. З Маладзечна ехаў да рыбгаса на аўтобусе, а адтуль іду берагам на сваёй пары.

Ён паказаў на ногі ў новых ботах.

— А не цяжка ў іх? Гэта ж далёка ўсё-такі.

— Якое там далёка! Кіламетраў дванаццаць вакол затокі, ды і таго, мусіць, не будзе. Баркас пойдзе толькі заўтра, а я чакаць не хачу. Гадзіны праз дзве буду дома, якраз пад вечар.

Роліч развітаўся і тым жа роўным, бадзёрым крокам рушыў далей уздоўж пясчанага берага.

Я паглядзеў старому ўслед і сказаў сам сабе: «Хацеў бы і я гэтак хадзіць у восемдзесят чатыры гады!»

Думкі мае, перапыненыя сустрэчай з Ролічам, вярнуліся да ранейшага.

Так, вельмі добра, што я сюды прыехаў. Праўда, чаек тут не так многа, як казаў мой знаёмы ў Мінску і як я сам спачатку меркаваў. Затое мне давялося блізка пабачыць не толькі чаек, але і чапляў, і шмат якіх іншых птушак. І, самае галоўнае, я пазнаёміўся тут з цікавымі людзьмі — з нарачанскімі рыбакамі, з іх жыццём і працай, з маладымі практыкантамі на біялагічнай станцыі — будучымі вучонымі арнітолагамі, іхтыёлагамі, гідрабіёлагамі. На берагах Нарачы я набыў новых сяброў.

Хто ў юнацтве не марыў аб вялікіх падарожжах у далёкія і невядомыя краіны, аб бяскрайніх прасторах акіяна, аб незвычайных і небяспечных прыгодах у трапічных джунглях і спякотных пустынях, у дрымучых лясах і сярод снегавых вяршыняў недаступных гор?

Гэта — вельмі добрыя мары. Яны абуджаюць у сэрцы мужнасць і адвагу, высакародныя імкненні да ведаў, да пазнання свету, да барацьбы і подзвігаў.

Тройчы шчаслівы той, хто змог своечасова ажыццявіць гэтыя мары, ператварыць іх у рэальнасць, бо падарожжы, і малыя і вялікія, і па родным краі, і па іншых краінах, назіранні над прыродай, звярамі і птушкамі, збіранне вуснай народнай творчасці пашыраюць наш кругагляд, узбагачаюць новымі разнастайнымі ведамі, новымі незабыўнымі ўражаннямі. У падарожжах фарміруецца і мацнее характар. Падарожжы спрыяюць большаму і лепшаму разуменню жыцця народаў, іх культуры, побыту, нацыянальных асаблівасцей.

Але не кожны можа пераплываць акіян, вандраваць у Андах, наведваць Палінезію, вывучаць Антарктыду. Што рабіць таму, для каго, па тых ці іншых прычынах, далёкія падарожжы немагчымы?

У свой час і я не мог рабіць далёкія падарожжы па заморскіх краінах. Але я не вельмі аб гэтым шкадаваў. Я вандрую па той краіне, дзе жыву, вывучаю яе прыроду, назіраю за жыццём яе звяроў і птушак.

Я ведаю, што прырода маёй краіны зусім не такая звычайная, як гэта некаторым здаецца толькі таму, што яны тут выраслі, што яна ім знаёма з маленства. Часам яны проста вельмі мала яе ведаюць, не ведаюць нават добра тую мясцовасць, дзе самі нарадзіліся і жывуць дзесяткі гадоў.

Справа ў тым, як на прыроду глядзець, якімі вачыма.

Для жыхара берагоў Белага мора, ці Камчаткі, ці Сярэдняй Азіі, ці Паволжжа, ці нават Каўказа блакітныя празрыстыя азёры нашага паўночнага захаду і лясы ў вярхоўях Бярэзіны з іх бабрамі, выдрамі, ласямі і мядзведзямі, наша Палессе з яго паўнаводнымі, спакойнымі рэкамі і балотамі, багатымі на ўсялякіх птушак, Белавежская пушча з яе зубрамі, аленямі і рысямі, прыгожыя краявіды Гродзеншчыны з сінім Нёманам, магутнымі дубровамі і рамантычнымі руінамі замкаў на зялёных узгорках здаюцца такімі ж далёкімі, незвычайнымі і прывабнымі, якімі нам здаюцца бязмежныя прасторы снежнай Арктыкі, высокія горы суровага Алтая і паэтычнага Каўказа, непраходныя нетры сібірскай тайгі, шырокія стэпы Казахстана і сонечны бераг Крыма з яго вінаграднікамі і цёплымі хвалямі Чорнага мора.

Рабіць нечаканыя адкрыцці, перажываць незвычайныя прыгоды, наглядаць цікавыя з’явы можна ўсюды. Трэба толькі вандраваць з адкрытым сэрцам і адкрытымі вачыма і ўмець бачыць.

Многія з нас вельмі рэдка выкарыстоўваюць свой вольны час для таго, каб быць бліжэй да прыроды, а яна так жыватворна ўплывае на чалавека! Прырода не толькі аднаўляе нашы сілы, але і ачышчае нас ад усяго лішняга, штучнага, непатрэбнага, што засталося ў спадчыну ад мінулага.

Пра ўсё гэта я думаў, калі стаяў у апошні раз на высокім беразе пад стромкімі соснамі. І мне захацелася хутчэй вярнуцца ў горад і напісаць аб тым, што бачыў я і што адчуваў на Нарачы.

Калі мне ўдасца перадаць чытачу свае ўражанні, даць яму хоць некаторае ўяўленне аб «Беларускім моры», я буду глыбока задаволены. Калі ў чытача абудзіцца любоў да роднай прыроды, зацікаўленасць да таго, што ён прачытае, калі яго ахопіць дух вандравання і ён захоча сам папільнаваць птушак у зарасніках чароту, прыслухацца да плёску азёрнай хвалі і да крыку чаек, я палічу гэта за найвышэйшую сваю ўзнагароду. Дзеля гэтага варта блукаць па дрыгве, мокнуць у лодцы пад дажджом і ветрам, бадзяцца ў лясным гушчары і начаваць каля вогнішча.

Мне хочацца сказаць усім, хто прачытае гэтую кнігу:

— Трэба часцей вандраваць па роднай краіне, трэба больш яе вывучаць! Мы яшчэ недастаткова ведаем прыроду і жывёльны свет айчыны, мы яшчэ мала любуемся цудоўнай красой яе краявідаў.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан