epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

"Дзікае месца"

 

 

Пасля гутаркі з Лёнем я вырашыў наведаць і чапляў на іх гняздоўі. Для гэтага мне трэба было пераплыць Нарач і высадзіцца на паўднёвым беразе.

Там, у балоцістай мясцовасці, дзе з возера выцякае рэчка Нарачанка, і знаходзіцца іх калонія.

У канцы чэрвеня птушаняты чаплі пакідаюць гнёзды і пачынаюць лятаць. Самы час ехаць, а то будзе позна, бо чаплі пакінуць гняздоўе.

Але як туды дабрацца?

Ад нашага берага да супрацьлеглага больш за дванаццаць кіламетраў.

На лёгкай, але няўстойлівай байдарцы туды, цераз усё возера, з яго высокімі хвалямі на сярэдзіне, не даплывеш.

Я звярнуўся на біялагічную станцыю.

Група з пяці студэнтаў на чале са сваім навуковым кіраўніком павінна была наведаць для вучэбнай практыкі рыбаразводныя сажалкі, якія знаходзяцца недалёка ад гняздоўя чапляў.

Мне далі дазвол паехаць разам з практыкантамі на катэры. Паездка была прызначана на заўтра.

Раніцою, дакладна ў вызначаны час, я быў на станцыі.

Пасля пагрузкі прыбораў і рознага навуковага абсталявання мы пераправіліся на лодцы да катэра.

Сонца свеціць ярка, але дзьме заходні вецер, і па сіняй вадзе возера ходзяць белыя хвалі, а па сінім небе бягуць такія ж белыя воблакі.

У дзевяць гадзін катэр адчаліў.

На ім даволі ўтульна. У каюце прыгожыя бліскучыя лаўкі ўздоўж сцен, зручны столік, прышрубаваны да падлогі, блакітныя фіранкі на круглых ілюмінатарах. Усё новае, усё аж зіхаціць. Станцыя набыла гэты катэр толькі сёлета.

Я выходжу на палубу.

Вецер мацнее, хвалі робяцца ўсё большыя, б’юць у барты, заліваюць ілюмінатары.

Гайданка павялічваецца, але катэрок, хоць яго і моцна кідае на хвалях, настойліва імчыцца наперад.

Праз дзве гадзіны мы набліжаемся да паўднёвага берага.

Не даплываючы метраў васемсот, катэр спыніўся. Далей ён не можа плыць, бо тут занадта мелка.

На лодцы мы перапраўляемся з катэра на нізкую пясчаную водмель. Ад самага берага пачынаецца шырокае балота.

Каля возера балота падзелена на вялікія правільныя чатырохкутнікі, якія густа зараслі асакой.

Гэта — рыбныя гадавальнікі.

У такіх штучных сажалках, створаных на балоце, выводзяцца маляўкі промыславых парод рыбы. Калі маляўкі дасягнуць пэўнага ўзросту, іх выпусцяць у возера.

Сажалкі аддзелены адна ад адной землянымі дамбамі, на якіх расце высокая трава. Належаць гэтыя сажалкі Нарачанскаму рыбгасу.

Да бліжэйшай вёскі Занарач адсюль, калі ісці берагам, тры кіламетры, а да сяла Гатавічы, у другі бок, пяць кіламетраў.

На гэтым пустынным, бязлюдным беразе, у адзінокай хатцы ля самай вады, жыве з сям’ёю наглядчык рыбаразводных сажалак Міхал Ліпніцкі.

Мы падышлі да хаты. Насустрач нам выходзіць гаспадар.

Ліпніцкі — чалавек невысокага росту, хударлявы, з голеным тварам. Рэдкія, мяккія валасы пачынаюць сівець на скронях. На ім цёмна-карычневая аксамітная куртка з засцёжкай «маланка» і гумавыя боты.

У Ліпніцкага ёсць хата ў Гатавічах, але жыве ён з жонкай тут, у доме, які належыць рыбгасу.

— Ён жа «прудавік», — гаворыць гаспадыня. — Прывык да гэтай службы. Не можа без сажалак. Вось мы і жывём на гэтым дзікім месцы.

Мэтаю гадавальніка з’яўляецца папаўненне рыбных запасаў Нарачы і суседніх азёраў шляхам акліматызацыі новых відаў промыславых рыб. Тут выводзяцца інкубацыйным спосабам з прывезенай аплодненай ікры маляўкі чудскога сіга, пра якога мне расказваў у пасёлку галоўны інжынер рыбгаса.

— Маляўкі сіга, — гаворыць Ліпніцкі, — выходзяць з ікры ўвесну і гадуюцца ў сажалках да восені. Увосень мы іх выпускаем у Нарач. У гэты час сяголетні сіг важыць пятнаццаць — дваццаць грамаў.

— Якіх рыб вы яшчэ гадуеце? — пытаюся я.

— Яшчэ мы вырошчваем амурскага сазана. Нераст сазана адбываецца ў сажалках гадавальніка ў натуральных умовах. Калі вырастаюць маляўкі-сяголеткі, мы іх таксама выпускаем у Нарач. Толькі што мы ўпершыню пачалі вырошчваць у нашым гадавальніку пелядзь.

— Пелядзь?

— Так, пелядзь.

Для мяне гэтая назва такая ж незнаёмая, якой нядаўна яшчэ была і сея. Я пачаў распытваць наглядчыка пра гэтую рыбу, і Ліпніцкі расказаў мне, што пелядзь належыць да сямейства сігавых. Гэта адна з асноўных промыславых рыб у вадаёмах Поўначы. Яна вядзецца ў нізоўях Обі, Енісея, Лены, Калымы і ў азёрах на ўзбярэжжы Паўночнага Ледавітага акіяна. Усе сігавыя рыбы любяць халодную празрыстую ваду, багатую на кісларод. Пелядзь сярод іх найбольш вынослівая і найменш патрабавальная да ўмоў існавання. Яна можа жыць і ў вадзе з параўнальна высокай тэмпературай. Нездарма яе называюць «карасём» сярод сігавых рыб. Корміцца яна планктонам, матылём, малюскамі. Жыве пелядзь да трынаццаці-чатырнаццаці гадоў. Кожная самка прыносіць да ста тысяч ікрынак у адзін нераст. Ікру пелядзі прывезлі ў Нарачанскі рыбны гадавальнік з Сібіры. Калі пелядзь прыжывецца ў Нарачы, рыбная гаспадарка Беларусі ўзбагаціцца яшчэ адным каштоўным відам промыславай рыбы.

Шмат трэба мець цярплівасці і зацікаўленасці, каб гадаваць малявак у адзіноце, у гэтым бязлюдным месцы. У Мінску, у Інстытуце рыбнай гаспадаркі, мне гаварылі пра Ліпніцкага як пра дбайнага энтузіяста-працаўніка, адданага сваёй справе.

Над сажалкамі пралятае чайка.

Я паказваю на яе Ліпніцкаму і пытаю:

— Міхал Антонавіч, як у вас называюць гэтую птушку?

Ён здзіўлена глядзіць на мяне:

— Чайка.

— А кагаркай не называюць?

— Не.

— А грачуном?

— Называюць. Але больш чайкай. Яшчэ кажуць — белюгі. «Вунь, — кажуць, — белюгі лётаюць». Гэта, мусіць, таму, што яны белыя.

Гаспадар гаворыць мне, што чайкі тут, у гэтых балотах, не гняздзяцца. Яны гняздзяцца больш на возеры Мястра і асабліва на востраве Бярозаўка.

Я пахваліў хату з высокім падмуркам, у якой жывуць гаспадары. Сапраўды, хата ладная, чыстая, прыбраная, усё вакол дагледжана. На двары таксама парадак. Усюды адчуваецца руплівае гаспадарскае вока і дастатак.

Наглядчык сажалак і яго жонка жывуць на «дзікім месцы», як відаць, няблага.

— Ай, што вы!.. — пярэчыць гаспадыня і пачынае скардзіцца. — Надта ж тут дзіка ды бязлюдна, асабліва зімою. Усё замецена снегам. Нікога не ўбачыш, ніхто не прыйдзе. Летам хоць з рыбгасу людзі прыплываюць, студэнты з біястанцыі. Вось і вы завіталі. А зімою — не дай бог! Снег, мароз, мяцеліца вочы слепіць. Возера замярзае, але хадзіць па ім небяспечна, асабліва, калі завея. О, тады сцеражыся! Вецер можа збіць з ног, снегам замесці. У мінулым годзе, у сакавіку, жанчына адна недалёка ад нашага дома загінула. Быў тады моцны вецер, мароз. Жанчына ішла цераз возера па лёдзе, збілася з дарогі, а тым часам ужо сцямнела. Яна і не бачыла, што дом недалёка. Мала да яго не дайшла, стамілася, прылягла адпачыць, метраў за сто ад нашай хаты, ды болей ужо і не ўстала. Снегам яе засыпала, а мы нічога і не ведалі. Потым, калі вясна пачалася, знайшлі яе рыбакі...

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан