epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Дзіўная рыба

 

Сёння я ўпершыню пазнаёміўся з дзіўнай і цікавай рыбай — рачным вугром.

Малады рыбак Ясюня паказаў мне злоўленага ім вялікага вугра. Ён выцягнуў гэтую рыбіну з палатнянага мяшка і паклаў на зямлю.

— На змяю падобны, — сказаў Ясюня.

Сапраўды, вугор амаль нічым не нагадваў рыбу.

Я схіліўся над дзіўнай рыбінай і пачаў аглядаць яе з усіх бакоў. Зверху вугор быў сінявата-цёмнага, амаль чорнага колеру, а з бакоў і знізу жаўтавата-белы. У яго даволі вялікія мутныя цёмна-сіняватыя вочы. Рот поўны маленькіх, вострых зубоў. Вузкія, невялікія шчыліны жабраў знаходзяцца каля грудных плаўнікоў. Яны могуць доўга захоўваць вільгаць, і гэта дае магчымасць вугру вылазіць з вады на бераг і прапаўзаць па зямлі даволі значныя адлегласці. Плаўнікі ў вугра кароткія, адзін вузкі плаўнік аблямоўвае ўсю заднюю частку цела, зліваючыся ў адно цэлае з хвастом. Даўжынёю гэты вугор быў каля двух метраў, а таўшчынёю з руку.

— Больш трох кіло заважыць, — задаволена сказаў малады рыбак.

Ясюня — здаровы бялявы хлопец з тоўстымі губамі, з прастадушным і адначасова хітраватым румяным тварам. На галаве ў яго маленькая кепачка, на пакатых плячах чорны цыратовы плашч. Рыбацкай справай Ясюня займаецца чацвёрты год.

Вугор заварушыўся і, тыцкаючыся галавою ў зямлю, шпарка папоўз па траве ў напрамку да возера. Рухаўся ён звіваючыся, як змяя.

— Бачылі, які спрытны? — засмяяўся Ясюня.

З дзіцячай усмешкай ён паказвае мне на рухі вугра, як вопытны ўтаймавальнік у цырку на фокусы свайго любімага выхаванца.

Калі вугор адпоўз ад нас крокаў на пяць-шэсць, Ясюня схапіў яго пальцамі за шыю і схаваў у мокры мяшок.

— Скура ў яго надта моцная, — гаворыць Ясюня, выціраючы рукі аб траву. — Мне мой дзед казаў, што даўней сяляне рабілі з яе рамяні, ды яшчэ якія трывалыя! Імі нават прывязвалі бічы да цапільна. Такімі цапамі смела можна было малаціць.

Я ведаў, што рачны вугор жыве ў вадаёмах, якія звязаны з Атлантычным акіянам. На Беларусі ён вядзецца ў Нёмане і Дзвіне з прытокамі і ў азёрах, якія маюць сувязь з Балтыйскім морам, у тым ліку і ў возеры Нарач.

Большую частку свайго жыцця вугры праводзяць у прэснай вадзе, у рэках і азёрах, а для нерасту плывуць у Атлантычны акіян.

З возера Нарач яны плывуць па рацэ Нарачанцы ў раку Вілію, адтуль у Нёман, па Нёману ў Балтыйскае мора і — у акіян. Так яны дабіраюцца да Саргасава мора, якое знаходзіцца каля берагоў Амерыкі, між Бермудскімі і Багамскімі астравамі. Гэта — самае цёплае месца ў Атлантычным акіяне. Тут на глыбіні каля тысячы метраў, вугры нерастуюць і пасля гэтага гінуць. З ікры развіваюцца плоскія, празрыстыя лічынкі, падобныя на вузкі, выцягнуты лісток вярбы. Тое, што яны празрыстыя, а значыць, і непрыкметныя, дапамагае лічынкам хавацца ад ворагаў. Лічынкі трапляюць у цёплае марское цячэнне Гальфстрым, якое нясе іх на паўночны ўсход, да берагоў Еўропы. Гэтае падарожжа працягваецца тры гады. Па дарозе лічынкі трацяць паступова сваю плоскую форму, пачынаюць выцягвацца, акругляцца і ператвараюцца нарэшце ў маленькіх маладых вугроў, пакуль што ўсё яшчэ празрыстых.

Вясной, на чацвёрты год свайго існавання, маладыя вугры ідуць з мора ў рэкі. Самцы застаюцца ў вусцях рэк, а самкі падымаюцца ўверх па плыні. У Нарачы самцоў вугра няма, адны толькі самкі. Самцы трымаюцца ў вусці Нёмана.

У рэках і азёрах вугры жывуць, пакуль не дасягнуць дзесяці гадоў. Пасля гэтага яны ідуць на нераст у акіян.

— Быў такі выпадак, — сказаў Ясюня, — калі на рацэ Нарачанцы млын спыніўся. Не мог працаваць, столькі вугроў ішло. Усю ваду ў рацэ запрудзілі.

Перад сваім вялікім падарожжам у Атлантычны акіян вугор перастае есці. Спіна ў яго цямнее, а ніжняя частка цела святлее, вочы павялічваюцца ў памерах.

Відаць, вугор, якога злавіў Ясюня, збіраўся ў сваё далёкае і апошняе падарожжа.

З адной рэчкі ў другую вугры перабіраюцца часам і па зямлі, па мокрай траве, па раўчуках і канавах.

— Куды яны толькі не запаўзаюць, — гаворыць Ясюня. — Неяк, пасля дажджу ўночы, мы знайшлі вугра на пакрытай мохам страсе нашага хлеўчука. Я тады яшчэ быў малы, але добра гэта памятаю. Мы яго забілі палкай і засмажылі. Надта ж быў тлусты.

Даўней вугроў лавілі на росным лузе і ў канавах дзесяткамі і нават сотнямі, калі яны перабіраліся па зямлі з рэчкі ў рэчку.

Я расказваю маладому рыбаку пра далёкія міграцыі вугра, пра асаблівасці жыццёвага цыкла гэтай незвычайнай рыбы, пра яе дзіўныя паводзіны, але Ясюню больш цікавіць чыста практычны бок справы — усё, што непасрэдна звязана з працэсам лоўлі.

— Калі вы яго злавілі? — спытаў я. — Уночы?

Ясюня прамаўчаў. Ён зрабіў выгляд, быццам не пачуў майго пытання.

Мне ўспомнілася, што расказваў пра лоўлю вугра Міхал Роліч.

— Вугроў, — казаў ён, — трэба лавіць уночы. Асабліва, калі бура добрая, калі бліскавіца шугае і пярун грыміць, тады і трэба лавіць. У навальніцу вугор моцна гуляе, паверсе ходзіць. Я ў такую ноч, здаралася, па трыста кіло вугроў здабываў, а ў добрую пагоду зловіш аднаго, двух, трох. Удзень яны ляжаць на дне, закапаўшыся ў глей ці ў пясок, а ўночы дзейнічаюць. Абавязкова трэба ў буру на вугроў ехаць, і толькі ўночы.

Я пачаў распытваць Ясюню, дзе і як здабыў ён такога вялікага вугра: удзень ці ўночы, у добрую пагоду ці ў буру? Але малады рыбак зноў ухіліўся ад адказу.

Ясюня наогул не любіць расказваць пра свае рыбацкія справы. Гэта — не Роліч, які не робіць з іх ніякага сакрэту і ахвотна тлумачыць кожнаму ўсё, чым той цікавіцца. Стары любіць перадаваць людзям невычэрпны запас сваіх ведаў і жыццёвага вопыту.

Замест адказу Ясюня паказаў рукою на востраў, які знаходзіцца недалёка ад берага:

— На гэты востраў прылятаюць чаплі, але гняздзяцца яны не тут, а на тым баку возера, каля рэчкі Нарачанкі.

Востраў доўгі, выцягнуты. На ім растуць сярод густога хмызняку некалькі сосен. Вакол вострава зараснікі трысця і чароту.

— Чулі, што калісьці здарылася на гэтым востраве? — пытае Ясюня.

— Не.

— Тады паслухайце.

І малады рыбак расказаў мне пра здарэнне, якое адбылося на востраве.

1957 - 1958




Беларуская Палічка: http://knihi.com