epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Індзеец Куанеб

 

 

Пра існаванне на свеце андатры я даведаўся ўпершыню з аповесці «Рольф у лясах» канадскага пісьменніка і мастака Эрнста Сетана-Томпсана. Я вельмі яго любіў за тонкае разуменне прыроды і любоў да жывёл.

Быў я тады хлапчук, але мне запомнілася надоўга цікавая кніга, у якой расказвалася пра паляванне старога індзейца на невядомага мне звярка з дзіўнай назвай — андатра.

Школьныя ўрокі на заўтра падрыхтаваны, за акном шуміць халодны лістападаўскі дождж, а на стале даўно раскрыта кніга пра адважнага і чыстага душою індзейца Куанеба, пра бяздомнага хлапчука Рольфа, якому ён даў прытулак, і пра іх жыццё ў лесе. Непрыкметна ляціць час, у скупым святле газавай лямпы паспешна гартаюцца старонка за старонкай, і сцены пакоя нібы рассоўваюцца, і перад вачамі ўзнікаюць чароўныя вобразы дзікай прыроды. Паўстае, як жывая, постаць старога паляўнічага, спрытнага і маўклівага, з цёмным, чырванаскурым тварам, са стрэльбаю ў мускулістых руках.

...Вось ён ідзе па беразе невялікага ляснога азярка і вострым, як у сокала, позіркам аглядае лёд, які яшчэ трымаецца па краях затокі. Каля самай вады ён бачыць на лёдзе нешта цёмнае.

Гэта — андатра.

Паўзком крадзецца паляўнічы ўздоўж берага. Апынуўшыся на адлегласці стрэлу ад звярка, ён бярэцца за зброю сваіх бацькоў — лук і стрэлы.

Да канца стралы індзеец прывязвае вяроўку. Потым скручвае вяроўку кальцом і нацягвае лук. Страла паляцела, пацягнула за сабою вяроўку і трапіла ў звярка.

Пачуўся ўсплёск вады — андатра нырнула пад лёд. Але другі канец вяроўкі быў у руках у паляўнічага. Індзеец выцягнуў андатру і забіў. Калі б ён стрэліў у яе са стрэльбы, звярок мог бы і не трапіць яму ў рукі.

Куанеб вярнуўся ў свой вігвам, зняў з андатры шкурку і павесіў сушыцца на дрэве, а мяса пакінуў сабе на абед...

Так палявалі на андатру ў лясах Канады ў даўно мінулыя часы. Лавілі яе і пры дапамозе пастак. У пасёлку індзеец Куанеб мяняў здабытыя андатравыя шкуркі на тытунь, чай і цукар.

Больш нічога не было сказана ў кніжцы пра андатру, але малюнак, апісаны Сетанам-Томпсанам, стаяў у мяне ўваччу, і невядомы звярок застаўся надоўга ў памяці.

У тыя далёкія гады маленства мне і ў галаву не прыходзіла, што я змагу калі-небудзь убачыць андатру: у Еўропе яна, як вядома, не жыве.

Непрыкметна праляцела чарада гадоў, за плячамі застаўся немалы жыццёвы шлях. І раптам мне давялося сустрэцца з андатрай. Для гэтага зусім не трэба было перабірацца цераз акіян. Каб назіраць за жыццём заморскага звярка ў прыродных умовах, варта толькі сесці ў звычайную аўтамашыну і паехаць у... Браслаўскі раён. Падарожжа, трэба прызнаць, не вельмі далёкае і не вельмі складанае.

Калі б мне хто-небудзь сказаў пра такую магчымасць у дні майго маленства, я ніколі б гэтаму не паверыў. Занадта вялікая была тады адлегласць паміж рэальным жыццём і кніжнай фантазіяй.

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан