epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Каровы і заяц

 

 

І на трэці дзень я пайшоў на паляну, дзе бачыў учора і пазаўчора ўдодаў. Але сёння тут гэтых птушак не было.

На паляне пасвіліся каровы. Яны павольна пасоўваліся між кустоў ядлоўцу і рэдкімі малымі сасонкамі, падоўгу затрымліваючыся то на адным, то на другім месцы. У ціхім паветры было чуваць, як хрумстаюць рагулі траву.

Я пайшоў наўпрост цераз паляну.

Прама перада мною каля маладой сасны, падобнай на куст, ляніва абмахваючыся хвастом, скубла траву чорная карова з белымі плямамі.

Я хацеў абмінуць яе, але ў гэты момант заўважыў пад сасною, амаль каля самай пысы каровы, нешта жывое, шаравата-бурае. Я спыніўся і пачаў углядацца ў гэтае «нешта».

Мой позірк сустрэўся з нечымі вачыма. З хвіліну гэтыя вочы, ясныя, карычневыя, глядзелі на мяне ва ўпор.

Яны быццам застылі, быццам не маглі ад мяне адарвацца. Я бачыў іх з-за рагоў каровы і не варушыўся.

Карова тым часам адсунулася крыху ўбок.

Не паспеў я нахіліцца, каб паглядзець, каму належаць гэтыя вочы, як з-пад сасны раптам выскачыў заяц.

Стралою праляцеў ён пад нагамі ў каровы, зрабіў некалькі вялікіх скачкоў, перасёк паляну і знік у лесе.

Карову раптоўнае з’яўленне зайца ніколькі не напалохала. Яна толькі шумна ўздыхнула і зноў спакойна пачала скубці траву каля маладой сасны.

Заяц, як вядома, не мае ўласнага логава. Ён спіць, нібы беспрытульны бадзяга, дзе давядзецца. І спіць вельмі чуйна, не заплюшчваючы вачэй. Нездарма гавораць пра чалавека, у якога лёгкі, чуткі сон: «Спіць як заяц».

Але ж чаму ён спаў гэтак бестурботна сярод кароў? І чаму каровы так спакойна хадзілі каля самага зайца?

Вельмі проста.

Заяц — не воўк. Каровы яго не баяцца. І заяц кароў таксама не баіцца. Ён ведае, што каровы яго не з’ядуць, што між рагатых жывёл ён у поўнай бяспецы. Тут да яго ніхто не падбярэцца і не схопіць — ні ліса, ні воўк, бо каровы не падпусцяць драпежніка.

Вось чаму заяц і спаў так бесклапотна, а каровы хадзілі вакол яго і скублі сабе мірна траву, не звяртаючы на шарака ніякай увагі.

Іншая справа — чалавек. Яго зайцу трэба баяцца, хаця ён і ў людзях разбіраецца. Заяц добра ведае, што чалавек без стрэльбы не такі небяспечны, як са стрэльбай.

Калі я падышоў да сасны, заяц сядзеў ціха, спадзеючыся, што яго не заўважу. Калі ж карова адышлася, заяц спахапіўся і ўцёк.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан