epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Каршун і шчупак

 

 

Ясная сонечная раніца.

Я плыву на байдарцы ўздоўж паўночнага берага затокі. Вада чыстая, празрыстая, і з байдаркі добра відаць, як цэлыя касякі маленькіх рыбак жвава і весела мітусяцца над пясчаным дном.

У вадзе каля берага расце чарот і аер. Далей кусты вольхі, а ўжо за імі сінеюць чаборам спадзістыя схілы ўзгоркаў з высокімі соснамі.

Падплыўшы да зараснікаў трысця, я спыняю байдарку. Адсюль мне відаць усё возера, а сам я добра замаскіраваны з трох бакоў зялёнай сцяною.

Над возерам свеціць сонца. Па сінім небе плывуць белыя воблачкі.

Ціха вакол і спакойна. Чуваць толькі, як у зарасніках трысця, паміж байдаркай і берагам, чвякаюць і плёскаюцца качкі.

У свежым паветры прагучала раптам:

— К’ю-к’ю-к’ю-к’ю...

З-пад высокіх сосен на ўзгорку вылецеў каршун. Вось ён ляціць па-над возерам. Я пазнаў яго адразу па крыху раздвоеным на канцы хвасце і доўгіх шырокіх крылах.

Драпежны птах павольна кружыць над вадою. Крылы яго нерухома раскінуты.

Мінае хвілін пятнаццаць, і за ўвесь гэты час ён не зрабіў ніводнага ўзмаху. Плаўна планіруе каршун у сінім небе, карыстаючыся нябачнымі струменямі паветра. І раптам, як страла, ляціць уніз і знікае ў серабрыстых пырсках вады.

У кіпцюрах каршуна шалёна б’ецца і зіхаціць бліскучым жоўта-зялёным бокам нешта вялікае. Яно то паказваецца з вады, то зноў знікае ў кіпучай пене. Я чакаю, што драпежная птушка ўзнімецца зараз у паветра, але каршун чамусьці марудзіць. Ён шпарка махае крыламі і... застаецца на месцы.

Я чую шум моцных удараў, чую плюскат вады, а каршун усё ніяк не можа адарвацца ад паверхні. Наадварот, мне здаецца, што ён нават апусціўся яшчэ ніжэй. Цяпер ужо зусім не відаць таго, што ён трымае ў кіпцюрах. Каршун апусціўся ў ваду аж па самае бруха.

Няроўнымі рыўкамі пасоўваецца драпежнік то ў адзін, то ў другі бок, нібы слізгаючыся па вадзе. Вось ён ужо даволі далёка ад берага. З ім, мусіць, здарылася нешта няладнае! Нешта трымае яго ў вадзе, не дае ўзляцець.

Я бяруся за вясло і хутка плыву да месца, дзе марна махае крыламі каршун. І тут я пераконваюся, што справы каршуна сапраўды безнадзейныя. Усё слабейшыя і слабейшыя робяцца рухі зняможанага драпежніка. З кожным узмахам ён апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй. Вось ужо толькі канцы яго крылаў тырчаць над вадою, як рожкі.

Ці не ўдасца мне вылавіць яго і забраць у лодку?

Я мацней налягаю на вясло, але ўсё роўна спазняюся. Калі байдарка даплыла да месца здарэння, на паверхні нічога не было. Каршун знік пад вадою. Ціхамірная гладзь самкнулася над ім назаўсёды. А над возерам па-ранейшаму ззяе сонца, сіняе неба дыхае мірам і непарушным спакоем.

Што здарылася з каршуном? Хто яго пацягнуў у ваду?

У думках я аднаўляю карціну таго, што тут адбылося, ва ўсёй паслядоўнасці.

...Вялікі зубасты шчупак стаяў у вадзе нерухома, як затопленае палена, падпільноўваючы на мелкім месцы верхаводак, плотак і сяляў. Убачыўшы яго сваім зоркім вокам, каршун кінуўся на рыбіну з вышыні. Разбойнік паветра напаў на разбойніка вады. Вострыя кіпцюры ўчапіліся ў шырокую цёмную спіну шчупака. Моцна трымаючы здабычу, каршун ірвануўся ўгору. Але шчупак быў для яго занадта вялікі і цяжкі. Узняцца з ім у паветра каршун не змог, а выцягнуць доўгія і крывыя кіпцюры з цела рыбы не здолеў.

Шчупак разявіў сваю пашчу з вострымі, як у пілы, зубамі. Ён біў хвастом і кідаўся ва ўсе бакі, заліваючы каршуна вадою. Рыба цягнула птушку ў ваду, а птушка рыбу — у паветра.

Хто каго?

Крылы каршуна намоклі, а дужы шчупак усё цягнуў і цягнуў яго ўніз, пакуль не ўтапіў на глыбіні.

Драпежнік загубіў драпежніка.

На другі дзень я пайшоў у рыбгас і расказаў пра здарэнне з каршуном Францу Радзевічу. Ён быў якраз у пасёлку.

Старога рыбака гэтая гісторыя зусім не здзівіла. Слухаў ён мяне моўчкі і, здавалася, абыякава, толькі на абветраным загарэлым твары з’явілася нейкая хітраватая ўсмешка. Яна не знікала ўвесь час, пакуль я расказваў.

Калі я скончыў, рыбак адклаў сець, якую ён папраўляў, падняўся і сказаў:

— А цяпер я вам штосьці пакажу. Хадзем.

Франц Антонавіч павёў мяне ў пуню, дзе захоўваліся розныя рыбацкія прылады і вагі, на якіх узважваюць злоўленую рыбу. Там ён паказаў мне нешта цёмнае, што ляжала ў кутку на падлозе.

— Ці не гэты самы? — спытаў ён, задаволена прыжмурыўшы вока.

У пуні ляжаў мёртвы каршун.

Рыбак падняў птушку з зямлі. Цёмна-бурае пер’е каршуна яшчэ не абсохла. Жоўтыя вочы памутнелі. Невялікая дзюба з тонкім, рэзка загнутым уніз кручком была моцна сцята.

— Хацелі на сметнік выкінуць, ды я не даў. Спачатку, думаю, вам пакажу. Збіраўся па вас хлапчука паслаць, аж вы і самі прыйшлі.

— Дзе яго знайшлі? — пацікавіўся я.

— Сам да нас трапіў, — адказаў Радзевіч. — Выцягнулі хлопцы сець, глядзяць, а там жывы шчупак разам з мёртвым каршуном як адно цэлае. Так бедны шчупачына і плаваў больш за суткі з крылатым «коннікам» на спіне.

Мы выйшлі з пуні на бераг і прыселі на край прасмоленай лодкі, напалову выцягнутай з вады.

— Ці часта такое здараецца з каршунамі? — спытаў я.

— Не, — адказаў стары. — Гэта рэдкі выпадак. Рыбак з каршуна няважны, бо ён не ўмее ныраць. І наогул, каршун — птах гультаяваты. Рыбу ён бярэ часцей за ўсё здохлую. Дзеля гэтага і трымаецца часта там, дзе гняздзяцца на соснах чаплі. Захопіць пустое гняздо і жыве сярод чапляў. Падбірае рэшткі рыбы на зямлі пад іхнімі гнёздамі. Чаплі носяць і носяць сваім малым рыбу з возера, а што тыя не з’ядуць, што з гнязда ўпала, дастаецца каршуну. Так ён і корміцца каля іх. А птушанят сваіх выводзіць нават і ў гнёздах варон. Любіць гняздзіцца на гатовым. Мы на яго не крыўдзімся, для нас каршун не шкодны. Хутчэй нават карысны, бо ачышчае берагі ад розных адкідаў.

— Чаму ж ён учора кінуўся на жывога шчупака, ды яшчэ такога вялікага?

Франц Антонавіч пагладзіў свае сівыя вусы.

— Не ўтрымаўся, — сказаў ён, падумаўшы. — Убачыў шчупака на мелкім месцы, рыбіна стаіць нерухома — можа, хворая. Адкуль яму ведаць? Каршун жа не думае, як чалавек, не разважае. Кінуўся, а шчупак, на яго бяду, трапіўся здаровы. Каршун і загінуў.

Рыбак устаў і яшчэ раз зірнуў на мёртвую птушку.

— Цяпер яго можна свінням выкінуць, — сказаў ён, трымаючы каршуна за крыло. — А шчупака прыёмшчыку здалі. Каля шасці кіло заважыў!

Стары пайшоў у двор рыбгаса. Крыло каршуна, якога трымаў рыбак, звісала ўніз і валаклося па зямлі.

1957 - 1958

 


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан