epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Кастрычнік

 

Восень прала кужаль тонкі —

Павуціння белы лён;

Восень шэрыя заслонкі

Моўчкі клала на адхон.

 

ЯКУБ КОЛАС

У прыродзе ўсё больш адчуваецца восень.

Лісце на дрэвах пажоўкла. На фоне залатых лістоў бярозы і клёна ярка чырванеюць ягады рабіны — любімы корм драздоў. Дразды спрыяюць распаўсюджванню рабіны. Частку ягад яны, калі харчуюцца, скідваюць незнарок на зямлю. Пералятаючы ў пошуках корму з месца на месца, дразды за дзень перасоўваюцца на дзесяткі і сотні кіламетраў і пераносяць у страўніках насенне рабіны. Яно застаецца непашкоджаным, бо мае моцную і трывалую абалонку. Такім чынам дразды заносяць рабіну ў вельмі далёкія мясціны, дзе дагэтуль яна не расла. Часам насенне трапляе ў новыя мясціны і ў камячках гразі, якія прысохлі да лапак птушкі, а потым адваліліся. Там насенне прарастае, і мы бачым маладзенькія рабінкі далёка-далёка ад старых рабін.

Парывы ветру зрываюць з дрэў лісты, усцілаючы зямлю пярэстым чырвона-жоўтым дываном. Толькі з магутных дубоў доўга яшчэ не ападае лісце. Дубовы ліст моцны і трывалы. На некаторых дубах жоўтыя лісты захоўваюцца аж да самай вясны.

Надвор’е псуецца.

Павялічваецца колькасць пахмурных дзён, усё часцей цярушыць дробны, зацяжны дождж.

Але і ў кастрычніку, асабліва ў пачатку месяца, устанаўліваецца часам добрае сонечнае надвор’е.

У такія дні ў ясным і празрыстым паветры плывуць тонкія ніці павуцінак з маленькімі павучкамі-вандроўнікамі.

На сінім высокім небе — ні хмаркі. Лагодна свеціць сонца. Цёпла і суха. Зноў расцвітаюць некаторыя расліны. З’яўляецца свежая зялёная траўка. З-пад кары дрэў, з розных шчылін вылазяць днём насякомыя, якія схаваліся на зіму.

Дзе-нідзе лятаюць на сонцы матылькі і стракозы.

«Бабіна лета» — так называюць у народзе гэтыя цудоўныя дні залатой восені.

Вы ідзяце па лясной прасецы. Абапал кусты арэшніку, кранутыя бледнай жаўцізной.

З кустоў, аднекуль знізу, выпырхнула раптам маленькая птушка і села на галінку.

Спыніцеся, паглядзіце на крапіўніка!

Маленькая бадзёрая і рухавая птушка, карычняватая, з дробнымі кропкамі і цёмнымі хвалістымі папярочнымі рыскамі зірнула на вас з цікавасцю. Кароткі хвосцік яе стромка ўзняўся ўгару.

Крапіўнік безупынна круціцца на галінцы куста. Бойкі, вёрткі і кругленькі, нібы арэшак, ён шпарка паварочваецца ва ўсе бакі, пазіраючы на вас то адным, то другім вочкам. Нездарма яго часам так і называюць — арэшак. І ўвесь час хвосцік яго тырчыць задзірыста ўверх.

Потым пачулася рэзкае, траскучае:

— Цік-трык-трык-тр-р-р-р...

Крапіўнік зляцеў з галінкі і з гучным трэскам шмыгнуў пад куст, у самы гушчар.

Трымаецца крапіўнік у зарасніках крапівы, таму ён і атрымаў такую назву, у кустах маліны і арэшніку, у папараці і сярод сухога галля. Спрытна прабіраецца ён скрозь густыя спляценні хмызняку, пералятае з адной кучы галля на другую, шнырае, нібы мышка, між карэннямі дрэў, заглядвае ва ўсе шчыліны і ямкі, — усюды ловіць насякомых.

Крапіўніка можна бачыць у нас і вясной, і летам, і восенню, і зімой, бо маленькая непаседлівая птушка з востранькай дзюбкай і кароткімі крыльцамі ніколі не пакідае тую мясцовасць, дзе нарадзілася і вырасла.

У канцы красавіка ці ў пачатку мая крапіўнік будуе гняздо з моху, сухіх сцяблінак і лісцікаў. Круглае, нібы шар, з невялікай адтулінай збоку для ўваходу, яно знаходзіцца звычайна сярод зараснікаў папараці, маліны і дзікага хмелю — проста на зямлі ці ў кустах ядлоўцу, невысока над зямлёй. Часам гняздзіцца крапіўнік і ў такіх ненадзейных мясцінках, як куча галля, між складзеных дроў, сярод карэнняў вываратня. Таму ў некаторых мясцовасцях крапіўніка называюць яшчэ і падкарэннікам.

Ночы ў кастрычніку цёмныя і халодныя. Ранішнія лёгкія замаразкі пакрываюць срэбрам траву і жоўтае лісце на зямлі, зацягваюць маленькія лужыны тонкім і крохкім шклом.

На сенажаці, нават у сонечны дзень, не відаць ні жабак, ні яшчарак. Ратуючыся ад надыходзячых халадоў, зялёныя жабы зашыліся ў твань, схаваліся пад берагам рэчкі ці сажалкі, а травяныя жабы і жвавыя спрытныя яшчаркі пахаваліся пад мохам і карэннямі дрэў, пад галлём і сухім лісцем на зямлі і заснулі на ўсю зіму.

У здранцвенні, без ежы, правядуць яны халодны зімовы час. Калі ж якая з іх замерзне — такой бяды! Ёй гэта не пашкодзіць.

З надыходам цяпла яна адтае, сэрца пачне біцца зноў, жабка ці яшчарка ажыве і заварушыцца. Гэтак жа зімуюць і змеі, і трытоны, якія яшчэ раней пакінулі вадаёмы.

Пад канец лета трытонаў можна сустрэць далёка ад вады. Трытоны пераносяць зімовыя халады ў тым жа стане здранцвення, што і жаба.

З восені пачынае рыхтавацца да зімовай спячкі вожык. Ён выбірае сабе дзе-небудзь пад галлём ці пад кустом зручную ямку. Сюды прыносіць сухую траву, мох, лісце. З надыходам зімы вожык залазіць у ямку і засынае. Спіць ён да сакавіка.

Крот зімою не спіць. У сваіх падземных калідорах ён знаходзіць сабе дастаткова корму і тады, калі зямля пакрыта снегам.

Ціха і сумна ў лесе. Хіба толькі крыкне прарэзліва сойка, ды час ад часу стукне па дрэве дзяцел.

На зіму дзяцел нікуды не адлятае.

Цэлы дзень, ад рання і да ночы, дбайна і цярпліва выстуквае «лясны доктар» ствалы дрэў. Сваёй моцнай і вострай дзюбай ён выганяе з-пад кары і нават з самой драўніны караедаў, пільшчыкаў, даўганосікаў і іншых шкодных насякомых і знішчае іх.

У нашых лясах шматлікае сямейства дзятлаў прадстаўлена некалькімі відамі. Самы буйны з іх — чорны дзяцел, ці, як яго яшчэ называюць, жаўна.

Гэта даволі вялікая птушка, большая за галку. Уся яна з галавы да ног чорная. Толькі на галаве ў жаўны чырвоная шапачка. Гняздзіцца чорны дзяцел у дуплах старых дрэў.

Далёка па лесе разносіцца яго рэзкі, высокі і звонкі крык:

— Пр-пр-пр-пр-пр-пр-ы-ы-і-і..

Часам ён выкрыквае працяжна, нібы лямантуе жаласна:

— Кі-і-і-і-ій!

Крык жаўны можна пачуць у старым і глухім хвойным лесе вясной, восенню, а часам і зімой.

Жаўна пазбягае чалавека і трымаецца звычайна там, дзе людзі бываюць рэдка і дзе яе цяжка заўважыць.

Затое часта можна ўбачыць пярэстых дзятлаў. Апярэнне іх стракаціць чорным, белым і чырвоным колерамі. У лісцевых лясах сустракаецца часам і зялёны дзяцел.

Дзятлы прыносяць нашым лясам вялікую карысць.

У сухім сасновым бары сінеюць верасы. Толькі над імі і можна яшчэ ўбачыць цяпер у сонечны дзень руплівую пчалу. На кветках верасу яна заканчвае свае апошнія нарыхтоўкі ў гэтым годзе.

Пад цёмнымі елкамі чырванеюць на зялёным моху брусніцы. На балоце спеюць журавіны. Імі пачынаюць карміцца цецерукі.

Глушцы трымаюцца цяпер паблізу асінніку. Яны скубуць асінавы ліст, пераходзячы з лёгкіх летніх харчоў на зімовыя.

Летам глушцы любяць змешаны лес з палянамі, з мохам і ягадамі, бо ягады ў гэты час іх асноўны корм. На зіму глушцы перабіраюцца ў хвойны лес, дзе кормяцца мяккімі зялёнымі шыпулькамі.

Ішоў я неяк кастрычніцкай раніцой уздоўж невялікага балота на ўскрайку лесу. Зямля ноччу крыху падмерзла. Зялёныя ўсходы азімай руні на суседнім полі серабрыліся інеем. У блакітным небе свяціла няяркае сонца.

Я падышоў да самага берага балота з нізкарослымі сасонкамі і бярозкамі, з кустамі лазы, каб паглядзець, ці плавае пад тонкім лёдам дробная вадзяная жыўнасць Спыніўся на хвілінку каля старой вярбы.

Аднекуль знізу, недалёка ад мяне, пачулася нягучнае, але настойлівае:

— Кірыць-кірыць...

З зямлі, з-пад кучы хворасту, узляцела раптам цэлая чародка курапатак. Іх было не менш дзесяці.

Гэта быў сёлетні вывадак.

Маладыя курапаткі былі ўжо дарослыя, але трымаліся яшчэ разам, на чале з маткай. Яны не адрозніваліся ад маткі ні велічынёю, ні знешнім выглядам, але па-ранейшаму падпарадкаваліся ёй, слухалі яе загады.

У апярэнні курапатак пераважаў шэры колер. Толькі галава і шыя былі карычняватыя.

Хвасты пры ўзлёце нагадвалі кароткія рыжыя вееры. З шумам знікла ўся чародка ў кустах.

Я праводзіў курапатак здаволеным позіркам. Прыемна было іх убачыць. Гэтыя невялічкія птушкі з сямейства курыных прыносяць нам бясспрэчную карысць, бо кормяцца і шкоднымі для сельскай гаспадаркі насякомымі, і насеннем рознага пустазелля.

Вельмі часта курапаткі гняздзяцца ў збожжы на полі і на лузе з хмызнякамі. У час ранняга сенакосу шмат наседжаных імі яек гіне.

У Чэхаславакіі, каб не змяншалася колькасць курапатак, збіраюць вясною ў палях яйкі гэтай птушкі і выводзяць птушанят у інкубатарах. Потым трымаюць іх некаторы час на двары пад наглядам прыручанай дарослай курапаткі. Калі малыя пройдуць патрэбны «курс навучання», іх выпускаюць на волю. Частку птушанят пакідаюць на фермах.

У выніку такіх разумных мерапрыемстваў курапатка зрабілася ў Чэхаславакіі распаўсюджанай прамысловай птушкай.

Можа, і нам варта гэтак рабіць?

Ноччу выюць у лесе ваўкі. Восенню і зімою ваўкі вядуць вандроўнае жыццё. Пакінуўшы свае логавы, яны ходзяць цэлымі вывадкамі. Воўчае кодла складаецца з ваўка, ваўчыхі і ваўчанят.

З надыходам халадоў белабокія сарокі трымаюцца каля вёсак. Тут ім лягчэй пракарміцца.

Па зялёных калючых галінках маладой яліны перапырхваюць, ледзь чутна папіскваючы, маленькія каралькі. Прыемна глядзець на мілых мініяцюрных птушак з такім пяшчотным, меладычным галаском:

— Сі-сі-сі...

Гэтую песеньку, калі можна лічыць песенькай ціхі тоненькі піск, я чуў не адзін раз у лесе пад Мінскам і ўвосень, і зімой, у марозныя, снежныя дні, і заўсёды з яліны. Каралёк, самая маленькая з нашых птушак, нікуды ад нас не адлятае.

Глядзіце, які ён прыгожы! Верх у каралька зялёны, грудка шараватая. На кароткіх крыльцах светлая палоска. Уздоўж галоўкі з маленькай, тоненькай дзюбкай праходзіць яркая чырвона-аранжавая палоска, акаймаваная па баках дзвюма чорнымі. За гэтую залатую, агністую «каронку» яго і празвалі каральком. Зялёная афарбоўка каралька зліваецца з зялёнай хвояй яліны.

Маленькая птушка каралёк, і гняздзечка ў яго маленькае. Зробленае з шыпулек, сцяблінак, моху, павуціння і конскага воласу, знаходзіцца яно на яловай лапе. У гэтым гняздзечку ў маі, а потым і ў ліпені з’явіліся ружовенькія яйкі, кожнае велічынёю з гарошыну. За лета птушаняты абодвух вывадкаў выраслі і трымаюцца зімой адной вясёлай чародкай разам з бацькамі і суседзямі.

Вясёлыя і жвавыя каралькі заўсёды ў руху. Уважліва аглядаюць яны кожную шыпульку, спрытна і нястомна ачышчаюць хвою ад дробных, амаль непрыкметных насякомых, ад іх яек і лічынак. Гэтай сваёй санітарнай дзейнасцю каралькі вельмі карысныя для лясной гаспадаркі.

Маленькія рухавыя птушкі так ажыўляюць зімовы пейзаж! Глядзіш на вясёлую мітусню каралькоў, слухаеш іх тоненькі піск сярод халоднай маўклівасці заснежанага лесу, і здаецца, што зрабілася цяплей. І мароз нібыта не такі ўжо суровы.

Восенню на дварах каля хат з’яўляюцца вясёлыя сініцы. Часам у адной чародцы з вялікімі сіне-жоўта-зялёнымі сініцамі знаходзяцца і іншыя прадстаўнікі гэтага сямейства. Тут і крыху меншая блакітніца, і маленькая цёмна-шэрая маскоўка, і грэнадзёр з чубікам на галоўцы, і даўгахвостая сініца, ці апалонаўка. Усе яны жвава скачуць па дрэвах і па зямлі.

Розных насякомых, якія пахаваліся ад холаду, іх яйкі і лічынкі сініцы знаходзяць у шчылінах плота, між бярвенняў хаты, пад страхой, між гонтамі, на падаконніку і аканіцах, пад карою дрэў на двары. Гэтыя цікаўныя задзірыстыя птушкі мала баяцца чалавека.

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Месяц за месяцам: каляндар беларускай прыроды: [для малодшага школьнага ўзросту] / Віталь Вольскі; малюнкі Л. Зяневіча і Ул. Піменава. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 92, [3] с., [4] л. каляр. іл.:іл.
Крыніца: скан