epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Красавік

 

 

Звоняць рэкі з ручаямі.

Расшумеліся дубровы,

Над палямі, над барамі

Кліч праносіцца вясновы.

 

ПЯТРУСЬ БРОЎКА

Красавік — месяц цёплы і вільготны, месяц першых дажджоў і паводак.

Вясна ўвайшла ў свае правы, адчула сваю моц.

Сонца грэе ўсё цяплей. Зямля вызвалілася з-пад снегу. На вербах з’явіліся на змену «коцікам» маленькія кволыя лісточкі.

Вяртаюцца з цёплых краёў на радзіму жоравы, буслы, гусі, качкі.

У самым пачатку красавіка, цёмнай вячэрняй парой, я пачуў упершыню крык пугача. Раніцай прайшоў дождж, а пад вечар крыху падмарозіла, і мокры снег зацвярдзеў.

Увесь дзень над праталінамі спявалі ў небе жаўранкі. Над лесам праляцелі на поўнач дзікія гусі з радасным прывітальным крыкам:

— Гонк, гонк, гонк...

Калі сцямнела, з-пад даху нашага дома выпырхнулі кажаны.

Вечар быў цудоўны. Тэрмометр паказваў — 1°. Вакол было ціха.

Раптам у свежым паветры пачулася:

— У... у... у...

Потым, пасля невялікай паўзы, адрывістае:

— У...

І адразу гучнае, працяжнае, настойлівае:

— Уху-у-у-у... Уху-у-у-у...

Сабакі занерваваліся, забегалі вакол дома. На кожнае «уху» яны заліваліся трывожным, тужлівым брэхам. Я пайшоў у той бок, дзе крычаў ці, правільней, «спяваў» сваю песню пугач. Па дарозе я кожны раз спыняўся, калі ён пачынаў сваё «уху» і шпарка пасоўваўся наперад, бліжэй да пугача, калі той змаўкаў.

Па гуку я неўзабаве знайшоў тую высокую старую яліну, на якой сядзеў пугач, але самога яго ў цемры не ўбачыў. Доўга я стаяў перад ялінай і слухаў, нібы зачараваны.

Пугач крычаў з роўнымі прамежкамі. Канцэрт яго цягнуўся б доўга, каб не вартаўнік Браніслаў. Ён прагнаў пугача двума стрэламі.

У адказ на першы стрэл пугач, нібы ў насмешку, адразу зноў зацягнуў сваё «уху». Толькі пасля другога стрэлу цёмны цень аддзяліўся ад яліны, мякка слізгануў над махнатым веццем і бясшумна знік у сінім вячэрнім змроку.

— Навошта вы стралялі? — запытаўся я ў вартаўніка.— Пугач птах не шкодны. За лета ён знішчае нямала мышэй.

— А ну яго,— незадаволена адазваўся Браніслаў.— Надакучыў. Усю ноч крычыць, як апантаны. Сабакі брэшуць, спаць не даюць.

Я папрасіў Браніслава больш не страляць, не праганяць пугача.

Амаль кожную ноч крычаў пугач на той жа старой яліне на працягу ўсяго красавіка, і я шмат разоў слухаў яго.

У старыя часы забабонныя людзі думалі, што гэта крычыць не птах, а нейкая міфічная істота — лясун. І цяпер многія лічаць яго крык жудасным, злавесным. А я мушу прызнацца, што мне ён падабаецца.

Голас пугача гучыць моцна, але мякка, крыху прыглушана, аксамітна. Ёсць у ім сапраўды нешта таямнічае, лясное, нешта вельмі сугучнае начной цемры. І на душы ў мяне заўсёды рабілася спакойна і лагодна, калі я чуў крык пугача, яго веснавы спеў. Агортвала зманлівае пачуццё, быццам усё навокал у поўнай суладнай гармоніі, усё на сваім месцы, і быццам нішто не можа парушыць адвечную трываласць светабудовы. І спалася ў такую ноч добра.

Пугач даволі лёгка прыручаецца і прывыкае да чалавека, нават праяўляе да яго прыхільнасць. На выстаўку Таварыства аховы прыроды ў Мінску прывезлі пугача з Гродзенскага заалагічнага парку. Нерухома сядзеў ён у клетцы, нагадваючы тоўстага ката. Не міргаючы, глядзелі яго вялізныя круглыя ясныя вочы бурштынавага колеру. Есці пугач адмаўляўся.

— Не есць ён таму, што трапіў у незнаёмае памяшканне, у непрывычную абстаноўку,— сказала мне наглядчыца.— Пераезд на новае месца падзейнічаў на яго дрэнна. Вось і прыходзіцца карміць прымусова.

Адной рукой яна адкрывала пугачу рот, а другой засоўвала кавалкі мяса, адзін за адным. Калі мяса трапляла ў рот, пугач яго праглынаў, а галаву ўсё роўна адварочваў.

Твар жанчыны быў перад самай дзюбай птаха, але пугач ні разу не паспрабаваў дзеўбануць яе ці схапіць руку сваёй магутнай лапай з вострымі бязлітаснымі кіпцюрамі. Ён толькі адварочваў галаву, нібы дзіця, што заўпарцілася і не хоча есці. Пратэст пугача быў пасіўны.

— Не можа ён вас параніць? — спытаў я.

— Што вы,— здзівілася наглядчыца.— Ніколі. Ён жа мяне ведае. Ніколі не кране, прывык.

У голасе жанчыны гучала ўпэўненасць.

Пугач не толькі вельмі цікавы і рэдкі, але і карысны птах. Карыснымі з’яўляюцца наогул усе совы, да сямейства якіх належыць пугач. Мышы-палёўкі, пацукі — іх асноўны корм. У начной цемры совы ловяць шкодных грызуноў з вялікім майстэрствам і спрытам, не горш чым кошкі і лісіцы.

Як добра ранняй вясной у сасновым лесе! Якое тут чыстае, празрыстае паветра! Вось прагучаў сярод зялёнай ігліцы звонкі, бадзёры спеў.

Спыніцеся і прыслухайцеся.

Вось паўтарыўся ён яшчэ і яшчэ раз.

Падыдзіце бліжэй да дрэва, адкуль чуецца простая, але меладычная песенька, і вы ўбачыце птушку з грудкай цемна-цаглянага колеру, з белымі палоскамі на крылах.

Гэта — берасцянка, якая вярнулася да нас з цёплых краёў у пачатку красавіка. Пад дрэвамі трымаюцца яшчэ дзе-нідзе апошнія рэшткі снегу, а яна спявае ў захапленні.

Жыве берасцянка ў сухіх хвойных і лісцевых лясах, яна не любіць вільготных і балоцістых мясцін. Вясной у сасновым лесе гэтую птушку можна пачуць ледзь не з кожнага дрэва. Раніцай берасцянкі наладжваюць тут цэлыя канцэрты.

На высокіх соснах пастукваюць пярэстыя дзятлы. З-пад пажоўклай леташняй травы і сухога лісця прабіваюцца маладыя зялёныя травінкі.

Засінелі пралескі — першыя кветкі вясны. А вось і буйныя ліловыя званочкі сон-травы з’явіліся між бярозак і ялінак. Неўзабаве можна будзе пайсці ў лес і па грыбы-смаржкі.

Пад нагамі ў нас — свежаўскапаная, выкінутая на паверхню зямля. Тут правялі свае падземныя дарогі краты. Кучкі рыхлай зямлі сустракаюцца і ў лесе, і ў садзе, і ў полі.

Крот — нястомны землякоп. Сваімі кароткімі, але шырокімі і дужымі пярэднімі лапамі і моцнымі кіпцюрамі ён лёгка пракопвае пад зямлёю складаную сістэму доўгіх хадоў.

Заўсёды злосны і галодны, крот рухаецца па гэтых хадах, шукаючы па дарозе чарвей і лічынак хрушчоў. За адзін дзень ён з'ядае столькі, колькі важыць сам. Па выкінутай на паверхню зямлі, вызваленай ад снегу і не пакрытай яшчэ свежай травой, можна вызначыць напрамак падземных калідораў крата.

Футра ў яго аксамітна-чорнага колеру. Морда вузкая і доўгая, а на канцы морды — хабаток, як і ва ўсіх насякомаедных. Вочкі ў крата такія маленькія, што іх нават цяжка прыкмеціць. Бачыць ён дрэнна, але зрок яму асабліва і не патрэбны, бо жыве крот пад зямлёй, у адвечнай цемры. Востры нюх і тонкі слых з поспехам замяняюць яму слабы зрок.

Жывучы пад зямлёй, крот прывык да вільгаці, цемры і прахалоды. У спякотны сонечны дзень ён не можа доўга заставацца на паверхні і гіне ад сонечнага ўдару. З’ядаючы шмат шкодных лічынак, крот прыносіць карысць сельскай і лясной гаспадарцы.

Над зеленавата-жоўтымі завушніцамі вярбы гудуць, трапечучы крыламі, першыя пчолы. Ажылі мурашкі. На «сцежках», якія ідуць ад мурашнікаў, пачаўся мітуслівы рух. На вільготнай, пакуль яшчэ халаднаватай зямлі з’явіліся непаваротлівыя рапухі.

Вы ідзяце далей.

Аднекуль выпырхнула з лісця маленькая зялёная птушка. Гэта — чыжык, заўсёды вясёлы і рухавы. Вясной і ў пачатку лета вы часта можаце яго ўбачыць у сасновым лесе. Тут ён гняздзіцца і выводзіць сваіх птушанят. Калі ж малыя падрастуць і навучацца лятаць, чыжы перабіраюцца ў пладовыя сады, дзе кормяцца рознымі насякомымі, якіх у садзе больш, чым у лесе.

Неяк у пачатку чэрвеня я ўбачыў на яблыні на дзіва яркага чыжа, асветленага сонцам. Калі ён паляцеў, мне кінуўся ў вочы жоўты колер яго крыльцаў, залацісты падбой. Раней я ніколі не бачыў такой прыгожай, такой яркай афарбоўкі ў вясёлых, але з выгляду даволі сціплых чыжоў, хоць у маленстве не адзін раз трымаў іх дома ў клетцы на акне. Я задумаўся, а потым зразумеў — гэта сонца памагло ўбачыць сапраўдную афарбоўку чыжа ва ўсёй яркасці і красе. А ў гарадской кватэры клеткі з птушкамі ніколі як след не асвятляліся сонечнымі праменнямі.

На яркі колер чыжа, асветленага сонцам, звярнуў увагу і адзін аматар прыроды і птушак. Ён пісаў мне: «Ішоў я па мосціку над ручайком і раптам убачыў незвычайна яркую зялёную птушачку, маленькую, спрытную, якая сядзела на галінцы ў сонечным бліку, што прабіўся скрозь лістоту. Птушка зіхацела і ззяла фарбамі, нібы калібры. Я прыгледзеўся, бачу — чыжык сядзіць! Сонца запаліла на ім такія фарбы, што ён быў падобны на жывы ізумруд, а надхвосце ў палёце зіхацела цудоўнымі залаціста-ружовымі адценнямі!»

Вы прайшлі праз увесь лес і выйшлі ў поле. Над кустамі ля дарогі ляціць матылёк светла-жоўтага колеру — крушынніца. Высока ў небе звініць спеў жаваранка. Зямля навакол падсохла, усюды зелянее маладая рунь.

Вы падыходзіце да сажалкі. У веснавой вадзе чуюцца аднастайныя гукі:

— У... у... у...

Гэта «вухаюць» жарлянкі — невялікія цёмныя жабкі з аранжавым брушкам, пакрытым чорнымі плямкамі.

Час ад часу ўсплываюць на паверхню вады трытоны. Пачуўшы вашы крокі, з берага ў ваду плюхаюцца вялікія зялёныя жабы.

На камень, каля самай вады, ускочыла прыгожая зграбная птушка з вузкім доўгім хвастом. У яе чорная галоўка з белымі шчочкамі і вострай дзюбкай, а ўся яна светла-шэрая.

Гэта — пліска. Яна заўсёды трымаецца каля вады. Шпарка скача непаседлівая птушка па беразе, ківаючы на кожным кроку галоўкай. Доўгі хвосцік яе то ўзнімаецца, то апускаецца. Яна ўся быццам на спружынах.

У садах свішчуць шпакі. Яны ўжо выселілі захопнікаў-вераб'ёў, адрамантавалі гнёзды, ачысцілі шпакоўні і гадуюць цяпер сваіх дзяцей.

У вясёлым спеве шпака можна пачуць і цырыканне вераб’я, і галасы другіх птушак, і мяўканне кошкі, і прарэзлівы свіст гарэзнага хлапчука, і розныя іншыя выпадкова пачутыя і перанятыя гукі. Шпак хутка і ахвотна засвойвае ўсё, што чуе. Прыручаны, ён можа паўтараць чалавечыя словы таксама, як крумкач і папугай.

На рэках не скончылася яшчэ паводка. Рэкі выйшлі з берагоў і злучыліся ў нізінах з ляснымі рэчкамі, рачулкамі і балотамі ў адзін вялікі вадзяны прастор. Асобныя ўзвышшы ператварыліся ў астраўкі, на якіх ратуюцца ад вады лясныя звяры.

Вось сядзіць пад кустом цэлая грамадка зайцоў. Яны прытуліліся адзін да аднаго. Каля іх можна часам убачыць і лісіцу. Трывожна бегае яна па астраўку, паглядае на ваду, а на зайцоў не звяртае ніякай увагі, быццам іх тут зусім няма.

У сваю чаргу і палахлівыя, заўсёды асцярожныя зайцы нібы зусім не заўважаюць свайго лютага ворага. Перад тварам стыхійнага няшчасця і агульнай небяспекі старая, адвечная варожасць часова забыта.

Калі падплысці да такога астраўка, можна ўсіх гэтых звяркоў пабраць рукамі і пасадзіць у лодку. Яны будуць сядзець ціха і мірна, як у вядомым вершы Някрасава «Дзядуля Мазай і зайцы», пакуль лодка не наблізіцца да цвёрдай зямлі. Тады ўсе пасажыры адразу паўскакваюць са сваіх месц і, не чакаючы каманды, знікнуць у лесе, не падзякаваўшы нават за ратунак. Толькі ласі не баяцца высокай вады. Паводкі для іх не страшныя. Смела пераплываюць яны вялікія прасторы, затопленыя вадой.

Не баяцца вады і бабры. Але паводка непакоіць часам нават і гэтых прыроджаных вадзяных жыхароў. Веснавая вада разбурае гаці і грэблі, пабудаваныя бабрамі на лясных рэчках, пагражае іх хаткам. Пасля паводкі руплівыя бабры рамантуюць свае пабудовы.

Разам з веснавой вадой расплываюцца па лугах і поймах рыбы. Усю зіму правялі яны на дне рэк, азёр і сажалак у стане здранцвення. Цяпер, калі лёд сышоў і вада пацяплела, рыбы ажывіліся, плаваюць усюды і шукаюць сабе корм, набіраюцца сілы для нерасту. Калі вада ўвойдзе зноў у берагі, многія рыбы не змогуць вярнуцца ў раку. Высахнуць пад сонцам вялікія лужыны, у якіх апынуліся яны ў палоне. Многіх рыб чакае тут пагібель ад недахопу вады, ад звяроў і птушак.

У такі час варта пайсці на паплавы з вядром ці кошыкам, пазбіраць малых рыбак і пусціць іх у рэчку. Хлапчукі, якія гэтак робяць, прыносяць карысць нашай рыбнай гаспадарцы, бо з малявак вырастуць з часам вялікія рыбы.

Тэрміны нерасту ў рыб розныя. Шчупак нерастуе ў сакавіку — красавіку; акунь, галавень і язь — у красавіку — маі; ёрш — у пачатку красавіка; плотка — у маі — чэрвені, а некаторыя рыбы і яшчэ пазней.

Ікру рыбы адкладваюць у вялікай колькасці: акунь — каля трыццаці тысяч ікрынак, плотка — да ста тысяч, карась — да трохсот тысяч, а карп — ад двухсот да пяцісот тысяч.

Найменшую колькасць ікрынак, усяго каля сотні, адкладвае маленькая рыбка колюшка. Затое яна дбайна ахоўвае іх, чаго не робяць усе іншыя рыбы. Колюшка, якая вядзецца ў Нёмане, Заходняй Дзвіне і амаль ва ўсіх іншых рэках і азёрах Балтыйскага басейна, будуе для сваіх ікрынак круглае гняздо са сцяблін вадзяных раслін. Самка колюшкі адкладвае ў гэтае гняздо ікру і адплывае прэч, а самец застаецца каля гнязда. Ён абараняе ікрынкі, а потым і малявак ад ворагаў. Усе іншыя рыбы не клапоцяцца аб лёсе свайго патомства.

Шчупак, акунь, карась і карп адкладваюць ікру сярод зараснікаў вадзяных раслін. Большая частка ікрынак гіне. Толькі з нязначнай часткі іх выводзяцца маляўкі. У сваю чаргу і маляўкі знішчаюцца вялікімі рыбамі і птушкамі. З усіх бакоў пагражаюць маляўцы розныя небяспекі. Толькі вялізная колькасць ікрынак выратоўвае многія віды рыб ад канчатковага знішчэння.

Сотні, калі не тысячы цэнтнераў рыбы гіне ў час нерасту ад злачынных рук браканьераў. Малявак жа, ікрынак — і не пералічыць.

На Беларусі шмат вялікіх і малых рэк і азёр, багатых на рыбу. Для таго каб колькасць рыбы ў гэтых вадаёмах не змяншалася, а павялічвалася, патрэбны спецыяльныя мерапрыемствы. Існуюць шматлікія рыбныя гаспадаркі, у якіх выводзяць у сажалках найбольш каштоўныя пароды рыб. Прывозяцца і выпускаюцца ў натуральныя вадаёмы такія прамысловыя рыбы, якія да гэтага часу не вяліся на Беларусі, але могуць тут жыць і размнажацца.

У азёрах рэспублікі паспяхова акліматызаваліся прывезеныя сюды судак, серабрысты карась і сазан з Амура, сіг з Чудскага і Ладажскага азёраў. Але добрыя вынікі дасць гэта толькі тады, калі мы будзем адносіцца да рыбы ашчадна, разумна, па-гаспадарску.

Рыба — народнае багацце. Неабходна не толькі самім выконваць правілы і законы рыбнай лоўлі, устаноўленыя дзяржавай, але і сачыць, каб ніхто іх не парушаў. Трэба ахоўваць і рыбу, і птушак, і ўсё жывое, карыснае і патрэбнае ў прыродзе, ад драпежніцкага знішчэння.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com