epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Лясная трагедыя

 

 

Мы выходзім на амаль чатырохкутную паляну. Прыблізныя памеры паляны — пяцьдзесят квадратных метраў.

Дарогу пераляцеў рабчык. Рэзка крычыць чорны дзяцел. Над намі кружаць і жаласна пераклікаюцца два маладыя канюкі.

Трава на краі паляны прымята лёжкамі трох буйных жывёл.

Хто тут ляжаў? Ласі? Так, напэўна, яны, бо памеры лёжак адпавядаюць велічыні цела лася.

Недалёка ад лёжак сляды ваўка і шматкі ласінай шэрсці. Далей трава прымята ў розных мясцінах.

Вадзім Аляксандравіч захваляваўся.

Што ж тут такое здарылася?

У супрацьлеглым канцы паляны мы знаходзім чэрап лася з хрыбтом і абгрызеную лапатку.

Чэрап — бязрогі. Значыць, гэта была ласіха.

На касцях захавалася засохлая кроў — яе не паспелі яшчэ аб’есці жукі і мурашкі.

На траве паляны ўсюды сляды ўпартага змагання буйных жывёл.

Тут адбылася заключная сцэна лясной трагедыі — апошні бой ласіхі за сваё жыццё.

Але з кім жа яна змагалася? Хто яе загубіў?

— Ваўкі? — пытаюся я.

— Мабыць, яны, — адказвае Вадзім Аляксандравіч. — Але трэба ў гэтым разабрацца дакладней.

Мяркуючы па чэрапе, ласіха была маладая. Ваўкі, калі гэта яны, часткова з’елі сваю здабычу на месцы, а часткова парасцягалі па логавах.

Мы перасеклі паляну і паглыбіліся ў лес.

Крыху воддаль ад паляны, пад старымі змрочнымі ялінамі, уся зямля ўскапана. У мяккую глебу ўтаптана вялікімі шматкамі ласіная шэрсць. Тут жа ляжыць другая лапатка ласіхі і два рабры.

Ратуючыся ад ворагаў, ласіха кінулася ў гушчар. Пад гэтымі ялінамі яна змаглася і загінула. І тут жа, на месцы забойства, пачалося баляванне.

Галаву і хрыбет нехта са звяроў адцягнуў на паляну. Ад гэтага месца ідуць сляды аднаго з ваўкоў у кусты. Тут ён адпачываў наеўшыся.

Побач сляды лісіцы. Яна, мусіць, паласавалася тым, што засталося пасля ваўкоў.

Уважліва агледзеўшы сляды на паляне, мы вярнуліся да старых ялін.

Вадзім Аляксандравіч некуды адышоў.

Я стаю адзін пад высокімі дрэвамі.

Раптам перада мною вырасла постаць Аляшкевіча. Ён, як і заўсёды, босы, у сваёй нязменнай ватоўцы і шэрай кепцы. За плячом у яго стрэльба.

— Я вас яшчэ адтуль заўважыў, — гаворыць ён, паказваючы рукою за маю спіну, — але знарок выйшаў з гэтага боку. У лесе нельга да чалавека падыходзіць неспадзявана.

Да нас вярнуўся Вадзім Аляксандравіч, і егер паведаміў яму, што робіць абход свайго ўчастка.

На яго думку, ласіха была зарэзана тыдні тры назад.

Ёй было, мяркуючы па касцях, гады два.

Вадзім Аляксандравіч выказаў свае меркаванні аб тым, што ласіху зарэзалі ваўкі, і паказаў сляды на паляне.

Аляшкевіч спачатку памаўчаў, падумаў, потым пайшоў аглядаць кусты і падлесак вакол паляны. Па твары яго было відаць, што ён мае наконт гэтага сваю думку, але пакуль што не лічыць патрэбным яе выказваць.

Мы пайшлі за ім.

— Гэтая мясцовасць называецца Валяваты Дуб, — сказаў Аляшкевіч. — Тут быў калісьці лясны хутар. Пасля ссялення хутароў у вёскі пляц гэты зарос травой. І тут, і каля Бацяновага — добрыя мясціны!

Недалёка ад старых ялін я знаходжу капыт лася і паказваю егеру. Той моўчкі ківае галавой. Вадзім Аляксандравіч бярэ капыт і кладзе ў сваю змястоўную сумку. Там ляжаць у яго здохлы крот, памёт лісіцы, шматкі моху, нейкія карэньчыкі і іншыя рэчы, цікавыя толькі для заолага.

Аляшкевіч ідзе наперадзе, рассоўваючы кусты. Зрабіўшы крокаў пятнаццаць, ён спыняецца і паказвае рукой на зямлю.

— Бачыце?..

У голасе ў Аляшкевіча гучаць урачыстыя, пераможныя ноткі.

Перад намі сляды мядзведзя.

Егер шматзначна зірнуў на Вадзіма Аляксандравіча і ўпэўнена рушыў далей.

Вадзім Аляксандравіч кашлянуў, зняў акуляры, працёр іх, зноў надзеў і моўчкі падаўся за егерам.

Прайшоўшы метраў дзвесце ад паляны, мы падышлі да лёжкі мядзведзя. Побач ляжыць абгрызены таз ласіхі.

— Я так і думаў, — гаворыць Аляшкевіч. — Мядзведзь спаў на гэтым месцы не адну ноч.

І, звярнуўшыся да мяне, дадае:

— Гэта наш стары знаёмы. Той, якога мы бачылі на канале. Памятаеце?

Лёжка мядзведзя знаходзіцца ў вільготным яловым лесе-чарнічніку, на вялікай мохавай купіне пад ялінай. Яна якраз адпавядае сваёй формай і велічынёй памерам тулава мядзведзя.

Кусты чарніц вакол лёжкі аб’едзены.

— Пад’еў мяса залішне, а пасля мусіў падлячыцца, — усміхаецца егер. — Гэта з ім часам здараецца.

Аляшкевіч і Вадзім Аляксандравіч пайшлі далей, а я вярнуўся на паляну і распаліў вогнішча.

Праз паўгадзіны вярнуліся і яны.

Папярэднюю версію Вадзіма Аляксандравіча наконт гібелі ласіхі ад ваўкоў Аляшкевіч рашуча адхіліў. У святле довадаў, прыведзеных і растлумачаных ім, вельмі лагічна ўзнікла новая версія, больш верагодная.

На думку Аляшкевіча, сапраўдны забойца ласіхі быў мядзведзь, а не ваўкі. Падзеі на паляне адбыліся, паводле расказу егера, у наступнай паслядоўнасці.

Трое ласёў ляжала ў высокай траве на краі паляны, недалёка ад старых ялін. Мядзведзь падкраўся да іх, выскачыў з-за кустоў і ўдарыў лапай бліжэйшую да яго маладую ласіху. Зваліць яе адразу, з першага ўдару, яму не ўдалося. Ласіха вырвалася і пабегла, але адбегчы далёка не здолела. Астатнія ласі, спалоханыя нападам, уцяклі. Мядзведзь дагнаў параненую ласіху пад ялінамі і зламаў ёй хрыбет. Тут жа адразу і пачаў есці, а насыціўшыся, лёг адпачыць. Пакуль мядзведзь распраўляўся з ласіхай, падышлі ваўкі. Яны селі недалёка ад яго і пачалі чакаць, пакуль гаспадар пад’есць. Але ваўкі, як вядома, прагныя і цярплівасці ў іх ніколі не хапае. Яны пачалі дакучаць мядзведзю. Тады ён перацягнуў заднюю частку тулава пад дрэва, далей ад ваўкоў. Тыя накінуліся на ўсё, што ён ім пакінуў. На змену ваўкам прыйшла лісіца і пачала чакаць сваёй чаргі, сваёй долі. Ваўкі, калі дарвуцца да такой буйной здабычы, як лось, жаруць спачатку ўсё, што трапіць на зуб, агулам, не разбіраючыся. Наеўшыся, яны адышлі, каб адпачыць. Адзін малады воўк закапаў костку з кавалкам мяса ў пясок пад кустамі пра запас. Пакуль ваўкі спалі, за рэшткі ласіхі ўзялася лісіца. Калі ваўкі выгаладаліся, яны падышлі да здабычы зноў, але цяпер ужо выбіралі з таго, што засталося, толькі лепшыя кавалкі. На другі ж дзень, калі ўжо не было чаго есці, яны з’елі скуру і разгрызлі буйныя косці. Вось і засталіся ад ласіхі толькі чэрап, хрыбет і лапаткі. Іх паабчысцілі напаследак птушкі, жукі і мурашкі. У лесе нішто не прападзе.

Разважыўшы як след, Вадзім Аляксандравіч згадзіўся з Аляшкевічам і далучыўся да думкі егера. На другі дзень, у канторы, ён склаў аб прычынах гібелі ласіхі акт, у якім усё гэта было даведзена, і даў нам яго падпісаць.

Пасядзеўшы каля вогнішча, мы пайшлі ўсе разам назад у Крайцы.

Зноў пакутлівы пераход па глыбокім і вязкім балоце, скрозь высокія зараснікі трысця. Ногі адмаўляюцца служыць. І не дзіва — мы прайшлі сёння па лесе і балоце каля дваццаці кіламетраў.

З балота мы выйшлі да бабровай хаткі № 201 на рацэ Сергуч. Гэта — вялікая старая хатка, самая большая з тых, якія я бачыў. Вышыня яе — два метры шэсцьдзесят сантыметраў; шырыня — пяць метраў сорак сантыметраў. Зверху хатка густа зарасла крапівой і мятай і здалёку выглядае, як звычайны зялёны ўзгорак над рэчкай.

Каля хаткі растуць чарот, бярозы і вольхі. Недалёка ад хаткі высіцца бяроза, з усіх бакоў падгрызеная бабрамі, але яшчэ не паваленая.

Пасядзеўшы на хатцы і адпачыўшы, мы прабіраемся далей праз балоцістую пойму Сергуча.

Два разы пераходзім мы звілісты Сергуч і выбіраемся з топкай дрыгвы на ўзвышанае сухое месца па падводнай кладцы.

Як прыемна апынуцца зноў на цвёрдай зямлі, сярод сосен і верасу! Якое чыстае, сухое і духмянае паветра сасновага бору!

Адсюль мы выходзім на бераг канала каля трэцяга шлюза.

Ледзь толькі мы перайшлі на правы бок, як па лістах арэшніку застукалі першыя буйныя кроплі дажджу. Але мы ўжо недалёка ад дому!

Каля самых Крайцаў з яліны сарвалася сава.

Аляшкевіч ускінуў стрэльбу з пляча і стрэліў, але ў надыходзячым змроку не трапіў.

— Шкада, — гаворыць ён нездаволена, — у музеі няма яшчэ гэтай птушкі.

1947—1948

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com