epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

"Лейзарава піпка"

 

 

За ўрочышчам «Вокны» рака Бузянка робіць вялікую, амаль закончаную пятлю.

Праплыўшы больш кіламетра, мы апынуліся раптам амаль ля таго самага месца, адкуль адплылі.

Каб прайсці гэтую адлегласць па зямлі, па простай лініі, трэба зрабіць не больш сотні крокаў, але перашкаджае топкае балота.

— Ведаеце, як гэтае месца завецца? — пытаецца Аляшкевіч. — «Лейзарава піпка», вось як. Было гэта даўно, яшчэ да Першай сусветнай вайны. Жыў тут купец Лейзар, лесам гандляваў. Хацеў быў Лейзар шырокую канаву пракапаць у гэтым месцы, каб выправіць рэчышча і скараціць водны шлях для ляснога сплаву, але ж нічога з гэтага не выйшла. Пахадзіў ён тут з нейкімі людзьмі па балоце, паглядзеў на рэчку, на пятлю гэтую, папыхкаў сваёй піпкай, ды так нічога і не вырашыў. Выдаткаў, мабыць, пашкадаваў, ні з чым і вярнуўся, толькі піпку сваю ў балоце згубіў. Вось з таго часу ўрочышча гэтае і называецца «Лейзарава піпка». Шмат тады людзі з гэтай прыгоды смяяліся. Як цяпер паглядзець, то тут асабліва і думаць не было чаго. Колькі тае справы! Цяпер, часам, каб была такая патрэба, абмеркавалі б на сходзе, склалі б план, выйшлі б усёй грамадой і адразу ўсё на свой лад перарабілі б.

Аляшкевіч паглядзеў яшчэ раз на пятлю, якую робіць у гэтым месцы рака, і, узяўшыся за вёслы, дадаў:

— Зрабіць гэта было б зусім і няцяжка. Толькі што патрэбы такой няма. Рэчка запаведная, лес не сплаўляецца, рыбу лавіць забаронена, дык няхай яна сабе цячэ, як хоча, як гэта ёй ад прыроды прызначана.

На сухой адзінокай бярозе сярод лазняку сядзіць нерухома падорлік.

— Ён і качку бярэ і зайца, — гаворыць Аляшкевіч.

— Ад цецерукоў таксама не адмаўляецца, — дадае Леанід Васільевіч. — Качкамі ён выкормлівае сваіх малых, гэта для яго найбольш лёгкая здабыча. Падорліка мы часта бачым не толькі тут, каля рэк і азёр, але і ў ліставых, змешаных лясах, і ў сасновых барах, і ў дубровах. Знішчае ён і варон, і гракоў, і галак, і розных дробных птушак, ловіць і рыбу, і мышэй, і жаб. Карысці ад яго мала. Мы лічым яго шкодным драпежнікам, хаця гэтае пытанне яшчэ не вырашана канчаткова.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан