epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Ліпень

 

...Па-над роднаю зямлёй

Стаяла ціша. Быў вакол спакой.

У люстрах рэк пялёсткі зараніц

Плылі павольна; на палях жыты

Купаліся ў тумане; пах суніц,

Як мора, разліваўся па лясах...

 

КАСТУСЬ КІРЭЕНКА

Ліпень у нас самы гарачы месяц. Гэта — сярэдзіна лета. Дні стаяць спякотныя. Высока ззяе ў ясным бязвоблачным небе яркае сонца, і пад яго пякучымі праменнямі млее зямля.

У палях пад павевамі лёгкага ветрыку пераліваецца хвалямі каласістае жыта.

У цёплы летні вечар над вадой снуюць кволыя падзёнкі, падобныя на вялікіх камароў, з доўгімі ножкамі. Падзёнкі — прывабная здабыча для рыбы. Акуні, плоткі, язі, ляшчы выскакваюць з вады, каб на ляту схапіць падзёнку ў паветры.

У ціхай, прагрэтай сонцам вадзе плаваюць сярод зараснікаў каля берага залацістыя карасі. Яны кормяцца лічынкамі камароў, дафніямі, тванню і вадзянымі раслінамі.

На карасёў і іншых невялікіх рыб палюе ў адзіночку зубасты драпежнік — шчупак.

Маладыя акуні, такія ж пражэрлівыя разбойнікі, чародкамі плаваюць між трысця, а буйнейшыя з іх шукаюць здабычу ў глыбокіх мясцінах, хапаючы без разбору і дробных рыбак, і чарвякоў, і насякомых, і рачкоў, і ўсё, што можна праглынуць.

На самым дне вадаёма, у глыбокай і цёмнай яміне, ляжыць, як калода, вусаты сом. Ён падпільноўвае тут здабычу. Гэтая вялізная, тлустая і непаваротлівая рыбіна можа праглынуць часам і качку.

На дне вадаёма з ціхай плынню, корпаючыся ў глеі ці хаваючыся ў зарасніках, праводзіць час і лянівы лінь.

Пад карчом каля берага, у цёмным і зацішным месцы, схаваўшы галаву ў нару, стаіць нерухома мянтуз. Улетку ўсе рыбы кормяцца, адпачываючы пасля нерасту. Толькі мянтуз у летні час нічога не есць.

У ліпені паспяваюць ягады — суніцы, чарніцы, маліна, парэчкі.

Цвіце ліпа — адсюль і паходзіць назва гэтага месяца. Пчолы напаўняюць свае соты светлым і духмяным ліпавым мёдам.

Цвіце грэчка. Там, дзе яе многа, мёд у сотах цямнейшага колеру.

У лесе кормяцца салодкімі сакавітымі ягадамі маладыя цецерукі. Яны падраслі, змянілі пух на пер’е і могуць цяпер пералятаць з месца на месца, але пакуль што ўсё яшчэ ходзяць за маткай.

І мядзведзь частуецца ягадамі, асабліва малінай, да якой ён вельмі ласы, таксама як і да мёду.

Малыя лісяняты часта выходзяць з сваёй цёмнай нары. Яны таксама падраслі, гуляюць і спяць на сонцы. Маці вучыць іх лавіць мышэй, жабак, яшчарак, конікаў, матылькоў. Яна прыносіць лісянятам параненых птушак, мышэй, зайчанят, і малыя вучацца хапаць жывую здабычу. Кожнае з лісянят цягне здабычу сабе. Пры гэтым часта распачынаюць бойку. Перамагае дужэйшы і спрытнейшы, яму і дастаецца здабыча.

Падраслі і ваўчаняты, якія нарадзіліся ў красавіку. Спачатку яны карміліся толькі матчыным малаком. Потым бацька, вяртаючыся з палявання, даваў ім у дадатак да малака частку сваёй напалову ператраўленай здабычы. Цяпер воўк і ваўчыха пакідаюць ваўчанят у логаве адных. Ваўчаняты могуць ужо есці ўсё, што ім даюць.

Знаёмы кінамеханік з Узды прывёз мне неяк у ліпені ваўчаня. Малому было каля трох месяцаў. Ваўчаня было вельмі забаўнае. Усімі сваімі звычкамі і паводзінамі яно нагадвала сабаку. Калі я прыходзіў дамоў, ваўчаня кідалася мне насустрач, віляла хвосцікам, круцілася ля маіх ног, лажылася на спіну і, жартуючы, злёгку пакусвала мне рукі. Ноччу яно залазіла ў ложак і спала ў мяне ў нагах.

Я карміў яго поліўкай з кавалкамі хлеба, варанай гароднінай, касцямі і ўсім, што заставалася пасля абеду. Толькі сырога мяса не даваў яму ніколі.

Ваўчаня жыло ў мяне некалькі месяцаў. За гэты час яно значна вырасла. Знікла шчанячая нязграбнасць. Гэта ўжо быў малады воўк. Яго апетыт рос з кожным днём. Ён можа з’есці ў тры разы больш, чым звычайны дваровы сабака такога ж росту. Трымаць яго ў гарадской кватэры рабілася ўсё цяжэй і складаней. Я аддаў свайго выхаванца ў звярынец.

У ваўка шмат агульнага з сабакам, які з’яўляецца яго бліжэйшым родзічам. Летам 1946 года мне давялося быць у Вялаўскім лясніцтве. Неяк цудоўным ліпеньскім ранкам маці бухгалтара лясніцтва, якая прыехала ў госці да сына з горада, выйшла на ганак. Перад самым домам стаяў вялікі сабака і, схіліўшы галаву, нюхаў нешта на зямлі. Старая здзівілася: адкуль узялася тут такая прыгожая аўчарка? Жанчына спусцілася з ганка і пайшла да сабакі.

— Хадзі, хадзі сюды! Не бойся! — голасна паклікала яна сабаку.

«Аўчарка» ўзняла галаву, паглядзела на старую ўважлівым, разумным позіркам жоўтых вачэй. Потым павярнулася і павольна пайшла ў лес.

Толькі цяпер, убачыўшы цяжкі апушчаны хвост «сабакі», жанчына зразумела, што гэта была не аўчарка, а самы сапраўдны воўк.

У ліпені птушкі ў лясах і садах спяваюць рэдка. Толькі ў высокім ясным небе над палямі можна пачуць па-ранейшаму звонкі спеў жаваранка. Ды ў вяршалінах дрэў гучыць яшчэ час ад часу працяглы, чысты і мілагучны, як флейта, свіст івалгі. Галава, спіна і брушка ў івалгі яркага залаціста-жоўтага колеру, а крылы чорныя. Таму і называюць яе часам — «жаўтабрух». Гэтая прыгожая птушка вяртаецца з выраю позна — у маі, а адлятае рана — у канцы жніўня.

У большасці дробных птушак дзеці выраслі і пакінулі гнёзды. Яны вучацца лятаць, лавіць здабычу, збіраць корм, набіраюцца сілы да адлёту ў вырай. Некаторыя птушкі, у тым ліку берасцянкі і ластаўкі, гадуюць у гнёздах другі вывадак птушанят.

Пачынаецца раздолле для аматараў грыбоў. У ліпені з’яўляюцца ў вялікай колькасці, асабліва пасля цёплых дажджоў, усялякія грыбы — баравікі, падбярозавікі, падасінавікі, грузды і іншыя. Збіраючы грыбы, не вырывайце іх з коранем, а зразайце ножыкам. Тады вы зможаце, запомніўшы гэтае месца, знайсці тут новыя маладыя грыбы, якія вырастаюць на змену зрэзаным.

Пад дрэвамі і кустамі трэба асцерагацца гадзюкі. Гэтая атрутная змяя даволі часта сустракаецца ў драбналессі, каля старых пнёў, вакол якіх расце малады хмызняк. Корміцца гадзюка мышамі і насякомымі. У гарачы ліпеньскі дзень на сцежцы сярод хмызняку часта можна ўбачыць гадзюку, якая грэецца тут на сонцы.

Гадзюкі бываюць і светлыя, і цёмныя, але на спіне ў іх заўсёды праходзіць зігзагам ад галавы да хваста густая цёмная паласа. Гадзюка вельмі злосная. Пры небяспецы яна ўзнімае галаву і верхнюю частку цела і сіпіць, а потым робіць шпаркі выпад наперад і кусае ворага. На чалавека гадзюка без прычыны не кідаецца. Кусаецца яна тады, калі ёй адрэзаны шлях да адступлення і іншага ратунку няма або калі яе патурбавалі знянацку, наступілі ёй на хвост ці дакрануліся да яе. Укус гадзюкі балючы, часам ён выклікае нават смерць. Асабліва ён небяспечны, калі ранка недалёка ад галавы.

А ці ведаеце вы, што трэба рабіць, калі гадзюка ўкусіць каго-небудзь? Перш за ўсё неабходна перавязаць руку ці нагу вышэй укушанага месца, выціснуць з ранкі кроў, каб з кроўю выйшла і частка атруты, і адразу добра прамыць ранку моцным растворам марганцу. Калі няма марганцу — гатаванай вадой. Укушанаму гадзюкай карысна піць шмат вадкасці. Гэта дапаможа хутчэй вывесці атруту з арганізма чалавека. Другой нашай змяі — вужа — можна не баяцца. Вуж — змяя неатрутная і няшкодная. Ён не кусаецца. Жыве ў вільготнай мясцовасці, каля балот і невялікіх вадаёмаў. Афарбоўка ў яго шэра-бурая, брушка — светла-жоўтага колеру. На галаве вужа, з абодвух бакоў, дзве жоўтыя плямкі. Па гэтай адзнацы яго лёгка адрозніць ад гадзюкі. Таўшчыня тулава ў вужа амаль аднолькавая ад галавы да хваста, а ў гадзюкі сярэдняя частка цела значна таўсцейшая.

Вуж рухаецца па зямлі даволі шпарка. Ён добра плавае, выставіўшы з вады галаву. Корміцца ён галоўным чынам жабамі.

У няволі вуж хутка прывыкае да чалавека. На Палессі, дзе змей асабліва многа, у старыя часы вужы жылі ў сенцах ці пад ганкам сялянскай хаты.

Не варта баяцца і падобнай на змяю вераценніцы. Многія думаюць, што гэта — змяя. Між тым, вераценніца зусім не змяя, а бязногая яшчарка. Вераценніца, якую называюць яшчэ часам медзяніцай, не кусаецца. Зверху яна металічна-шэрага колеру, а з бакоў светламядзянага. Брушка ў яе сіняватае. Корміцца вераценніца слімакамі і чарвякамі.

У ліпені сушаць на лугах сена. Пад канец месяца пачынаецца жніво.

Дзікія качаняты выраслі і пакрыліся пер’ем. Яны ўжо могуць лятаць — «усталі на крыло», як кажуць паляўнічыя. Спрытныя і рухавыя, заўсёды ненасытныя, маладыя качкі ўсюды знаходзяць сабе корм, але матка ўсё яшчэ даглядае і ахоўвае іх.

Яркую праяву самаахвярнай адданасці качкі сваім дзецям давялося мне наглядаць на Свіслачы.

Над ціхай затокай, берагі якой густа зараслі чаротам, вучылася лятаць маладое качаня. Раптам аднекуль збоку мільгануў падорлік. Яго няцяжка было пазнаць па хвасту веерам і па размаху крылаў. Падорлік схапіў качаня і панёс у кіпцюрах. Качка-маці кінулася падорліку наперарэз. Яна ўдарыла драпежніка ў грудзі, не даючы ляцець далей. Падорлік выпусціў качаня. Качаня ўпала ў ваду і схавалася ў чароце.

Старая качка зрабіла яшчэ некалькі кругоў над ракой, потым апусцілася на ваду і знікла ў тым жа месцы, дзе і качаня.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com