epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Ліса і гусак

 

 

Калі я выцягнуў байдарку з вады і перанёс у пуню, дзе яна ў мяне заўсёды захоўвалася ўночы, на двор прыйшлі з возера гусі.

Гаманлівая чарада на чале з самаўпэўненым гусаком важна і самаздаволена тупае ўверх па сцежцы.

Перад дзвярыма ў хату гусі збіліся ў кучу і загагаталі. Гаспадыня ўзяла дубец і загнала іх у хлеў.

Замкнуўшы дзверы на засаўку, яна расказала, як у мінулую восень лісіца схапіла ў яе на вачах гусака.

— Гэта было ў пачатку кастрычніка, гадзін у дзевяць раніцы, — гаворыць гаспадыня.— Толькі хацела я выйсці з хаты, адчыніла дзверы і не паспела яшчэ пераступіць парог, як бачу — рыжая ліса валачэ нашага гусака ў кусты. Трымае гусака за шыю, а той ужо і крылы апусціў, і не супраціўляецца. Мусіць, яна адразу горла перакусіла, ён і агледзецца не паспеў.

— Што ж вы тады зрабілі? — спытаў я.

— А што я магла зрабіць? — гаворыць жанчына. — Закрычала, пабегла за ёю, ды дзе там! Хіба лісу зловіш? Знікла ў кустах, нібы скрозь зямлю правалілася разам з маім гусаком. А хмызняк тут, самі бачыце, які густы, і аж да лесу цягнецца.

Хата знаходзіцца на ўзгорку. З аднаго боку ідзе спуск да возера, а з другога ўзгорак пераходзіць у балоцістую нізіну, якая аддзяляе вёску Купу ад грады з сасновым лесам.

Гаспадыня паказала мне месца, дзе ліса схапіла гусака.

— Тут, на гэтым схіле, дзе цяпер кукуруза, летась была пасаджана бульба, — растлумачыла яна. — Незадоўга перад тым мы выбралі бульбу, і гусі хадзілі па бульбянішчы. Адзін гусак падышоў да самага краю поля каля ручая, а ліса, відаць, даўно там хавалася ў кустах ды пільнавала. Калі гусак наблізіўся, яна і схапіла яго. Астатнія гусі нават і не заўважылі, бо ён і не крыкнуў. Ходзяць сабе спакойна ды падбіраюць бульбу... Цяпер мы гусей сюды да ручая не пускаем,— закончыла свой расказ гаспадыня,— тут для лісы подступ надта зручны. Цяпер гусі ходзяць толькі ў гэты бок, да возера.

Калі глядзець з узгорка, дзе стаіць хата, уніз, то добра відаць між агародамі і лесам звілістая паласа хмызняку, па якой здалёк можна вызначыць напрамак ручая: ён перасякае дарогу з рыбгаса ў Купу і ўліваецца ў Нарач. Дзе-нідзе ручай разліваецца па нізіне, утвараючы топкія балотцы з чорнай тарфяністай вадою. Кусты вольхі і лазы густа растуць па яго берагах ад самага лесу, дзе ручай выцякае з яру.

У кустах над ручаём сакочуць сарокі. Толькі яны і могуць выкрыць лісу ў гэтым густым хмызняку і перашкодзіць яе паляўнічым хітрыкам.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан