epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Лістапад

 

 

Зямлі не адагрэць

Агнём ліствы апошняй.

І ветру песні пець

Над парыжэлай пожняй.

 

У хмарах далячынь,

Прасцяг дажджамі повен.

Не плавае ўначы

Маладзіковы човен.

 

ПІМЕН ПАНЧАНКА

Лістапад — самы пахмурны месяц у годзе.

Нізкае неба амаль заўсёды зацягнута шэрымі хмарамі. Дзень за днём ад раніцы да вечара — слата, вецер, холад, часам выпадае мокры снег.

Пад дажджамі і ветрам ападаюць з дрэў апошнія пацямнелыя лісты. Дрэвы ў садах і лясах стаяць чорныя, голыя, мокрыя. Адны толькі елкі ды сосны ніколі не губляюць сваёй адвечнай зялёнай красы.

Рэзка крычаць і сварацца неспакойныя мітуслівыя сойкі. Цяпер, у рэдкім лесе, сярод голых дрэў, сойкі часцей трапляюцца нам на вочы.

Вось адна з іх апусцілася на лясную сцежку і шукае нешта сярод чорных, жоўтых, чырвоных і карычневых лістоў на зямлі. Вы добра бачыце светлабурую шыю, грудку і спінку, блакітныя і белыя палоскі на крылах і цёмны хвост.

Заўважыўшы вас, сойка прытаілася. Па колеру і тону яе верха сойку цяпер нялёгка адрозніць ад восеньскіх лістоў, што так густа пакрываюць зямлю. Вы страцілі яе з поля зроку. Няўпэўнена зрабілі два-тры крокі наперад. Сойка шумна ўспырхнула і паляцела прэч, нездаволена крыкнуўшы. І тут вы адразу ўбачылі, што знізу крылы ў яе — белыя.

Не адзін раз, напэўна, заўважалі вы, што ў лесе бывае часам шмат маладых дубкоў і ні аднаго старога дуба. Якім жа чынам трапілі сюды жалуды, з якіх выраслі маладыя дубкі?

Жалуды занеслі сюды сойкі.

З надыходам восені заклапочаныя сойкі робяць нарыхтоўкі жалудоў і арэхаў, харчовых запасаў на зіму. Яны зрываюць спелыя жалуды з галін старога дуба, падбіраюць і тыя жалуды, што ўпалі на зямлю. Сойкі хаваюць жалуды пад мохам, сярод галля, каля старых пнёў і ў іншых схованках, вядомых толькі ім.

Здараецца, што ляціць сойка з жолудам у дзюбе за дзесятак кіламетраў ад таго месца, дзе яго падабрала, каб схаваць на зіму. Ляціць яна, а па дарозе нешта яе спалохае ці здзівіць. Сойка крыкне і выпусціць жолуд з дзюбы. Бывае і так, што забудзецца сойка на які-небудзь са сваіх харчовых складаў ці загіне заўчасна, і склад яе застанецца невядомым нікому. Жалуды, якія схавала сойка ў розныя патаемныя мясцінкі, перазімуюць пад снегам і вясной прарастуць. Вось і з’явяцца маладыя дубкі там, дзе старых дубоў няма вакол на вялікай адлегласці.

У лесе ўжо няма грыбоў.

Лістапад — апошні месяц восені. Але здараецца і так, што выпадзе ў лістападзе снег, замерзнуць азёры і рэкі, і зіма пачнецца раней, чым вызначана ёй па календары.

А часам бывае і наадварот — спозніцца надыход зімы. Тады і ў снежні, першым зімнім месяцы, трымаецца такое ж восеньскае надвор’е, як і ў лістападзе, з яго дажджом і граззю.

У лістападзе кладзецца ў бярлогу мядзведзь. У гэты час засынаюць таксама ў сваіх норах барсукі. Лісіцы мышкуюць у палях. Вавёркі змянілі сваё летняе футра на зімняе і з рыжых зрабіліся шэрымі.

Маленькая злая ласка і блізкі сваяк яе гарнастай апранаюцца на зіму ў белае футра. Толькі ў белага гарнастая кончык хваста застаецца чорны. Гэтым ён адрозніваецца ў сваім зімовым убранні ад ласкі.

Зайцы-русакі трымаюцца цяпер бліжэй да чалавечага жылля. Зайцы-белякі змяняюць у лістападзе сваё летняе рыжавата-бурае футра на зімовае — белае і пушыстае. У гэтым ахоўным адзенні іх не лёгка заўважыць на снезе.

Лісіцы восенню і зімой таксама часта жывуць блізка ад чалавека. Толькі мы іх не заўважаем, бо звяры ўмеюць добра хавацца. Мы іх не бачым, а яны непрыкметна сочаць за кожным нашым крокам.

Сталовая аднаго невялікага дома адпачынку знаходзілася ў самым лесе. У повара сталовай быў сабака Альтон, з выгляду падобны на лайку — вушы тырчком, сам белы, а носік чорны, хвост закручаны абаранкам. Неяк у пачатку лістапада знайшоў Альтон недалёка ад сталовай лісіную нару. Залез ён у адтуліну напалову і пачаў раскопваць далей. Раптам выскачыў з запаснога ходу стары ліс. І не падумаў ён уцякаць, а смела кінуўся на Альтона ззаду. Як тут заекатаў Альтон, як завішчаў! Крыку было на ўвесь лес! Штосілы пабег ён да сталовай, а ліс за ім, кусаючы сабаку за лыткі.

Перапалоханы Альтон уляцеў праз адчыненыя дзверы на кухню і схаваўся там за нейкай скрыняй. Толькі тады ліс спыніў пагоню, павярнуў назад і, махнуўшы хвастом, знік у лесе.

Нара, якую знайшоў Альтон, знаходзілася ад сталовай метраў за пяцьдзесят — шэсцьдзесят. І ліс, відаць, лічыў такое суседства зручным.

Магчыма, нара не была яго сталым логавам. Можа, гэта быў толькі назіральны пункт ліса — месца, адкуль кемны звер мог сачыць за тым, што робіцца каля сталовай. Тут мог ён цярпліва чакаць зручнага моманту, каб падабрацца бліжэй да кухні. Тут мог ён і адпачыць, і схавацца ў час небяспекі. Лісіцы маюць па некалькі такіх запасных сховішчаў на сваім паляўнічым участку.

Ва ўсякім выпадку, жылося лісу каля сталовай зусім няблага. Кожную ноч жывіўся ён аб’едкамі і адкідамі на сметніку каля кухні. Нездарма быў ён такі дужы, гладкі і смелы. Трэба сказаць, што знаходзілася сталовая за дваццаць кіламетраў ад Мінска, недалёка ад шумнай дарогі з вялікім рухам.

У лістападзе адлятаюць на поўдзень апошнія дзікія качкі. Але часам здараецца, што асобныя з іх застаюцца зімаваць у нас на рэчках і азёрах, там, дзе вада замерзла не ўсюды.

Ва ўмовах цёплай зімы, калі замярзаюць не ўсе вадаёмы і вадаплаўныя птушкі могуць здабываць сабе корм, застаюцца часам на месцы і дзікія гусі. У пачатку студзеня 1952 года дзікіх гусей бачылі на тэрыторыі Навадворскага сельсавета Мінскага раёна.

Цецерукі жывуць у гэты час пераважна ў бярэзніках. Позняй восенню яны кормяцца ягадамі ядлоўцу, а з надыходам зімы пупышкамі бярозы.

Доўгімі і цёмнымі восеньскімі начамі цецерукі спяць у лясных зарасніках, невысока над зямлёй. Калі ж снег густа і шчыльна пакрывае зямлю, яны начуюць у глыбокім снезе.

Вечарам, з надыходам цемры, цецерукі адзін за адным падаюць, нібы нежывыя, з ніжніх галін дрэва ў сухі пушысты снег. Не пакідаючы слядоў на паверхні, яны пракладаюць сабе глыбокія хады ў снезе і спяць пад яго цёплым і мяккім покрывам. Пры першай трывозе гэтыя дзікія лясныя куры з шумам узлятаюць з-пад снегу ў паветра.

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Месяц за месяцам: каляндар беларускай прыроды: [для малодшага школьнага ўзросту] / Віталь Вольскі; малюнкі Л. Зяневіча і Ул. Піменава. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 92, [3] с., [4] л. каляр. іл.:іл.
Крыніца: скан