epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Лёс сакалянят

 

 

Сёння ўвесь дзень горача і парна.

Сонца свеціць млява, стомлена, скрозь нейкую бялявую смугу, быццам скрозь кісяю.

Возера выглядае нібы перламутравае, яно сёння надзіва ціхае і нерухомае, а вада ў ім нібы сонная.

Паветра насычана цёплай вільгаццю.

У такі дзень ісці нікуды не хочацца.

Я ляжу пад сасной, недалёка ад хаты, і прыводжу ў парадак свае ранейшыя запісы.

Раптам каля хаты пачуліся шум і мітусня.

Гучаць звонкія і ўзбуджаныя галасы дзяцей. Аб нечым спрачаюцца дарослыя.

Што там такое?

Я ўстаю і падыходжу да ганка.

Тут сабралася група людзей.

У цэнтры ўвагі вусаты лысы дзядзька. У яго каля ног ляжаць на зямлі трое сакалянят. Белы пух пачаў замяняцца ў іх на крылах і на хвасце пер’ем. Сакаляняты бездапаможна раскрываюць дзюбы, паварочваючы галовы на ўсе бакі.

Я пытаюся, у чым справа.

Мне расказваюць, што лысы вусаты дзядзька, які служыць загадчыкам гаспадаркі ў нейкай установе, і малады чалавек, яго сын, знайшлі за рыбгасам гняздо сокала-пустальгі і прынеслі сюды, каб паказаць знаёмым трох сакалянят.

Цяпер абмяркоўваецца пытанне, што з сакалянятамі рабіць далей.

Сярод людзей, якія абступілі птушанят, узніклі «прынцыповыя» разыходжанні. Калі я падышоў, вырашаўся лёс палонных сакалянят.

— Трэба спачатку разабрацца, хто яны такія, — усхвалявана, але няўпэўнена заступалася за іх дзяўчына, якая працавала ў друкарні.

— А чаго тут высвятляць? Знішчыць — і ўсё! І прытым неадкладна! — катэгарычна заявіў вусаты дзядзька. Ён з самага пачатку ўзяў на сябе ролю «абвінаваўцы».

— Чаму? — спытаў я. — З якой прычыны?

— Як гэта «чаму»? — павярнуўся да мяне вусаты. — Хіба не бачыце, якія ў іх дзюбы ды лапы з кіпцюрамі? Во!.. Гэта ж драпежнікі! Вось вам і прычына, калі вы самі не разумееце.

Малады чалавек падтрымаў бацьку.

— Чаго тут думаць, — сказаў ён. — Утапіць, і ўсё.

— Правільна, — аўтарытэтна пацвердзіў яшчэ нехта. — Кінуць у возера, каб не было памылкі!

Пакуль вусаты дзядзька выносіў прысуд сакалянятам, малады чалавек пайшоў у хату і неўзабаве вярнуўся з маленькім чамаданчыкам у руках. Ён хуценька адчыніў чамаданчык, каб пакласці туды сакалянят і аднесці іх на возера. Яму хацелася самому выканаць бязлітасны прысуд.

- Ну, — сказаў ён, адсоўваючы бліжэйшых гледачоў, — паглядзелі — і досыць.

Прыйшлося мне выступіць у абарону бедных птушанят, якім пагражала хуткая і немінучая пагібель. Я расказаў прысутным пра тую вялікую карысць, якую прыносіць сокал-пустальга, і ўгаварыў не чапаць сакалянят, пакінуць іх у спакоі.

Большасць прысутных мяне падтрымала. Людзі паступова разышліся, дзеці пабеглі гуляць.

Толькі вусаты дзядзька і яго сынок засталіся вельмі нездаволены. Абодва шкадавалі, што ім не далі ўтапіць птушанят.

На жаль, такія дзядзькі, і вусатыя, і без вусоў, сустракаюцца даволі часта. Сярод многіх людзей яшчэ можна пачуць няправільную думку, быццам усе драпежныя птушкі — шкодныя, і таму нібыта іх трэба знішчаць без разбору.

Гэта — вялікая памылка, бо ў сапраўднасці амаль усе драпежныя птушкі — карысныя.

Перш за ўсё гэта неабходна сказаць пра канюка і пустальгу, якія кормяцца галоўным чынам мышамі і шкоднымі насякомымі. Там, дзе шмат канюкоў і пустальгоў, значна павышаецца ўраджай збожжавых культур.

Шкоднымі з драпежных птушак можна лічыць з упэўненасцю толькі ястраба-перапёлачніка і цецярушніка, сокала-сапсана ды балотнага луня, бо яны знішчаюць розных каштоўных і карысных птушак. Але нават і так званыя шкодныя драпежнікі маюць пэўнае значэнне ў агульным ланцугу заканамернасцей прыроды.

Я падрабязна растлумачыў гэта вусатаму дзядзьку, але ён усё роўна нешта бурчаў наконт нікому не патрэбнай жаласлівасці, а малады чалавек пазіраў на мяне скоса і хмурыўся. Тады я перастаў звяртаць на іх увагу.

Гэта было пад вечар, і сакаляняты засталіся ў нас начаваць. Яны з прагнасцю паелі парэзанае на кавалкі мяса, што прынеслі ім са сталовай. Хлапчукі далі ім дробных рыбак, злоўленых у возеры. Сакаляняты з’елі і рыбак, з’елі нават некалькі кавалкаў сыру. Корм яны бралі з зямлі, прагна выхоплівалі адно ў аднаго.

На другі дзень раніцою сакалянят занеслі на тое месца, адкуль яны былі ўзяты, і паклалі ў гняздо, над якім усё яшчэ з трывожным крыкам ляталі іх бацькі.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан