epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Люты

 

 

То разбяжыцца,

То пухам засцелецца,

Гойкае, кружыць,

Спявае мяцеліца.

 

ПЯТРУСЬ БРОЎКА

Люты лічыцца апошнім месяцам зімы. Лютуюць халодныя, рэзкія вятры, завеі, мяцеліцы. Гэта месяц снежных заносаў. Зіма нібы збірае апошнія сілы, каб спагнаць сваю злосць перад сконам.

З кожным днём усё цяжэй лясным жыхарам знаходзіць сабе корм. Асабліва церпяць ад холаду і бяскорміцы казулі.

Летам лёгкія і спрытныя казулі могуць добра бегаць і высока скакаць, але зімой ім гэта не ўдаецца. Тонкія ногі казулі з маленькімі вострымі капыткамі правальваюцца ў глыбокі снег і хутка стынуць ад марозу, а там, дзе няма снегу, слізгаюць па мёрзлай зямлі. Пасля адлігі цвёрдая абледзянелая снежная паверхня, шарон, раніць іх ногі да крыві. Кожны раз, скокнуўшы, казуля вязне ў глыбокім снезе, з якога ёй цяжка выбрацца.

Амаль адзіным кормам казулі ў гэты галодны і халодны час з’яўляюцца голыя абледзянелыя галінкі маладых дрэўцаў і кустоў. Казулі слабеюць ад недахопу корму, ад барацьбы з завеямі, з глыбокім снегам і часта становяцца здабычай ваўкоў.

Ласі, алені і казулі трымаюцца зімою статкамі. Ад суровых, халодных і рэзкіх вятроў яны хаваюцца ў лясным гушчары. Між іншым, ласі не церпяць прысутнасці аленяў, а алені — ласёў. У мясцовасці, дзе ёсць ласі, ніколі не бывае аленяў, і наадварот.

З капытных жывёл менш за ўсё баяцца холаду зубры. Густая і цёплая, падобная на лямец, поўсць надзейна ахоўвае іх ад марозу. У зімовы час зубры трымаюцца ў такой мясцовасці, дзе лягчэй хавацца ад халоднага ветру і дзе снег не такі глыбокі. Яны выкопваюць з-пад снегу леташнюю траву, кормяцца карой і галінкамі маладых дрэў. Але корму зімой не хапае і зубрам.

Для таго каб дапамагчы капытным жывёлам — казулям, аленям, ласям, зубрам, дзікам — перажыць суровую сцюжу, каб падтрымаць іх сілы ў бяскорміцу, у розных месцах Белавежскай пушчы пабудаваны спецыяльныя кармушкі. Час ад часу егеры прывозяць сюды і кладуць пад паветкай сена, авёс, гародніну, а таксама соль, у якой капытныя жывёлы адчуваюць патрэбу. Лясныя жыхары знаюць гэтыя месцы і часта наведваюцца да кармушак, каб добра там падсілкавацца. Кармушкі ратуюць іх часам ад галоднай смерці.

Зуброў падкормліваюць не толькі зімою, але і на працягу ўсяго года. У лютым месяцы яны наогул далёка ад кармушак не адыходзяць. Павольна пасоўваюцца па снезе магутныя калматыя лясныя быкі.

Для ўсіх звяроў і птушак люты з’яўляецца самым ліхім месяцам у годзе. Але ў прыродзе адбываюцца ўжо змены, якія сведчаць аб тым, што неўзабаве прыйдзе чаканая вясна, што панаванню зімы з маразамі, вятрамі і завеямі надыходзіць канец. І лясныя жыхары адчуваюць гэтыя змены.

У пачатку лютага ў мядзведзіцы, якая зімуе ў бярлозе асобна ад мядзведзя, нараджаюцца малыя медзведзяняты. Яны ляжаць каля сваёй маткі, ма19 ленькія, бездапаможныя, сляпыя, і смокчуць малако. Медзведзяняты пачынаюць бачыць толькі на пятым тыдні пасля нараджэння, а мацярынскім малаком кормяцца на працягу трох месяцаў. Растуць яны ў гэты час вельмі павольна.

Галодныя ваўкі робяцца цяпер асабліва нахабнымі. Нам вядомы выпадак, які здарыўся ў пачатку сакавіка 1955 года ў Кайкаўскім сельсавеце Мінскага раёна.

Вучань сёмага класа мясцовай сярэдняй школы, узяўшы санкі і вілы, пайшоў у лес па галлё. З ім быў сабака. Калі хлопец наблізіўся да лесу, сабака пабег наперад.

Праз некалькі хвілін пачуўся спачатку трывожны брэх сабакі, а потым віск, поўны роспачы і жаху. Сабака выбег з-за дрэў і, шукаючы ратунку, кінуўся пад ногі гаспадару.

Следам за сабакам выскачыў з лесу воўк. Ён гнаўся за сваёй здабычай так імкліва, што ледзь не збіў вучня з ног. Не звяртаючы на хлопца ўвагі, звер кінуўся на сабаку. Вучань схапіў вілы і з усяе сілы ўсадзіў іх ваўку ў пашчу, а потым ударыў яшчэ і яшчэ. Неўзабаве звер быў забіты. Хлопец атрымаў за гэта прэмію, бо за знішчэнне ваўка дзяржава выплачвае грашовую ўзнагароду.

У канцы лютага пачынаюць у бярэзніку час ад часу чуфыкаць і балбатаць цецерукі. Яны распускаюць свае прыгожыя чорна-сінія хвасты, падобныя на ліру. Над вачамі ў іх — ярка-чырвоныя бровы. Кормяцца цецерукі ў гэты час пупышкамі бяроз.

Глушцы, блізкія сваякі цецерукоў, трымаюцца ў лютым у сасновых барах, дзе харчуюцца цяпер амаль выключна шыпулькамі.

Ідзеш па сцежцы між высокіх хваін, навокал ціха, наперадзе нікога і нічога, здаецца, няма, і раптам, патрывожаны з’яўленнем чалавека, вялікі лясны певень з шумам зрываецца з дрэва і цяжка ляціць, лопаючы крыламі. Як і ўсе курыныя, глушэц — лятун далёка не першакласны.

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Месяц за месяцам: каляндар беларускай прыроды: [для малодшага школьнага ўзросту] / Віталь Вольскі; малюнкі Л. Зяневіча і Ул. Піменава. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 92, [3] с., [4] л. каляр. іл.:іл.
Крыніца: скан