epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Май

 

 

 

І ападаў на сад са звонам

Бліскучых буйных кропель рой...

А з поўдня ехаў май зялёны

Да нас з вясёлкавай дугой.

 

ПІМЕН ПАНЧАНКА

Прыйшоў на змену красавіку прыгожы і вясёлы май, паэтычны месяц маладой травы, кветак і спеваў. Нездарма ў старыя часы называлі яго па-народнаму — травень.

Квітнеюць сады.

Палі і лугі ператварыліся ў стракатыя, каляровыя дываны. Усюды кветкі — і ў зялёнай, яркай траве, і на кустах, і на дрэвах.

Паветра напоена пахам чаромхі і бэзу. Над духмянымі кветкамі клапатліва гудуць працавітыя пчолы.

У траве стракочуць конікі. У бліскучых праменнях сонца робяць складаныя віражы стракозы. У свежым маладым лісці ад зары да зары не змаўкае шматгалосы птушыны хор.

У зарасніках бэзу і парэчак выводзіць свае чароўныя трэлі сціплы начны спявак — салавей. Гэтая маленькая шэрая птушачка з такім мілагучным і моцным галаском трымаецца вільготнай мясцовасці з густымі кустамі, непадалёку ад вады.

Спяваюць берасцянкі, чыжыкі, шчыглы, дразды, пеначкі. У лесе кукуе зязюля. У полі скрыпіць драч.

Усюды радаснае, кіпучае жыццё, усюды рух, гоман, спевы.

Пазней за ўсіх вярнуліся з выраю ластаўкі і стрыжы. Увосень яны адляцелі першымі, а вярнуліся ў родныя мясціны апошнімі, толькі ў другой палове мая, і адразу ўзяліся ляпіць свае гнёзды з гліны, глею і ўласнай сліны пад стрэхамі і над вокнамі дамоў.

Стрыжы і ластаўкі кормяцца насякомымі, якія лятаюць у паветры, знішчаючы іх у вялікай колькасці. Насякомыя з’яўляюцца, калі надвор’е ўжо цёплае, і гінуць, як толькі пачынае халаднець. Ад гэтага і залежаць тэрміны прылёту і адлёту стрыжоў і ластавак.

Птушкі хутка прывыкаюць да змен у той ці іншай мясцовасці, выкліканых уздзеяннем чалавека на прыроду.

Раней ніхто не бачыў у Мінску чаек. Калі ж было створана ў горадзе штучнае возера, у тую ж вясну 1941 года, над новым вадаёмам з’явіліся чайкі, ажыўляючы пейзаж гарадской ускраіны.

Вясной 1955 года за пятнаццаць кіламетраў ад Мінска, у тым месцы, дзе рэчкі Вяча і Ратамка зліваюцца з Свіслаччу, была закончана пабудова плаціны і дамбы. Свіслач перагарадзілі. Пачалося запаўненне вадою нізіны, адведзенай для вялікага вадасховішча. Тут неўзабаве ўзнікла новае возера.

Пасля Нарачы гэта — найбольшае возера Беларусі. Агульная плошча яго дасягае каля трыццаці квадратных кіламетраў. На возеры засталося некалькі астравоў.

Стварэнне пад Мінскам вялікага вадаёма дае магчымасць юным натуралістам і ўсім аматарам прыроды рабіць новыя, цікавыя і карысныя назіранні, бо змяніўся не толькі пейзаж і характар навакольнай мясцовасці, з’явіліся новыя віды птушак і звяроў, якіх тут да гэтага часу не было.

У Мінскае вадасховішча выпушчана каля сямі тысяч аднагадовых і тры тысячы двухгадовых амурскіх сазанаў, каля васьмісот серабрыстых карасёў і шмат іншых рыб.

У маі 1955 года недалёка ад дамбы новага возера пасяліліся чайкі. З павелічэннем люстра вадасховішча павялічылася і колькасць новых жыхароў.

Прыгожа, лёгка і спрытна лятаюць чайкі над вадой. Белыя крылы зіхацяць у сінім небе.

Цяпер чаек можна ўбачыць не толькі над новым вадасховішчам, але і ў цэнтры горада, над пашыраным рэчышчам Свіслачы, ля моста на праспекце.

Чайкі — карысныя птушкі. Сваіх дзяцей яны кормяць амаль выключна шкоднымі насякомымі, якіх збіраюць на палях і лугах каля вадаёмаў. Рыбу з рэчкі яны бяруць дробную, у большасці хворую і здохлую. Кормяцца яны таксама падлінай, ловяць часам мышэй. Вядомы натураліст Брэм лічыў, што каля рыбных промыслаў чайкі маюць значэнне санітараў і што іх трэба ахоўваць.

У маі берагі рэчак і балот пакрыліся маленькімі блакітнымі зоркамі незабудак. Па вільготных лясных кутках моцна і прыемна пахнуць ландышы.

У сажалках і канавах з’явіліся апалонікі, якія праз месяц ператворацца ў маленькіх жабак. Плаваюць трытоны і жукі-плывунцы. Па паверхні вады коўзаюцца даўганогія вадамеры.

На балоцістым лузе каля рэчкі жаласна крычаць кнігаўкі. Прыляцелі яны рана, разам з жаваранкамі і шпакамі. Жывуць кнігаўкі каля вады, кормяцца чарвякамі, лічынкамі, слімакамі. У пачатку красавіка кнігаўкі выкапалі на лузе каля рэчкі невялікую ямку, і самка паклала туды чатыры зеленаватыя яйкі. Праз шаснаццаць дзён з яек выйшлі птушаняты.

Кнігаўкі — смелыя птушкі. Яны адважна бароняць сваіх дзяцей і кідаюцца заўзята на кожнага, хто набліжаецца да іх гнязда.

Па высокай ярка-зялёнай траве, недалёка ад гнязда кнігавак, паважна і маўкліва ходзіць бусел. У яго вострая і моцная дзюба чырвонага колеру. Доўгія ногі таксама чырвоныя. А сам ён — белы, толькі канцы вялікіх і шырокіх крылаў чорныя.

Бусел не мае голасу. Ён не крычыць, а клякоча — гучна і часта шчоўкае сваёй чырвонай дзюбай. Добра знаёмая нам постаць бусла вельмі характэрна для беларускага сельскага пейзажу.

Гняздзіцца бусел недалёка ад чалавека, часам нават на даху будынка ці на старым дрэве, што расце на вясковым двары. Кожную вясну бусел звычайна вяртаецца на сваё старое месца. Ён амаль зусім не баіцца людзей.

Гняздо ў бусла вялікае. Яно складзена з галля. З кожным годам гняздо робіцца ўсё большым і вышэйшым. Унутры яно выслана травой, саломай, пер’ем. Кожную вясну буслы кладуць новы подсціл. У красавіку ў гняздзе з’яўляюцца чатыры-пяць яек.

Калі самка сядзіць у гняздзе, самец прыносіць ёй з лугоў і балот корм — змей, жаб, мышэй, пацукоў, чарвякоў, лічынкі насякомых. Малыя бусляняты вылупліваюцца з яек у маі.

Мне давялося наглядаць сямейства буслоў, якое пасялілася на даху двухпавярховага паляўнічага дома, у якім я жыў у паркавым лясніцтве Белавежскай пушчы. У гняздзе было чацвёра буслянят. Бацькі дбайна даглядалі сваіх дзяцей. Яны па чарзе ўвесь дзень насілі буслянятам корм. У сонечныя спякотныя дні старыя буслы махалі над малымі крыламі, каб буслянятам не было горача, засланялі іх ад сонца і апырсквалі вадой, якую прыносілі ў дзюбах з сажалкі.

Сваіх птушанят буслы кармілі ў гняздзе каля двух месяцаў. Пад восень, калі малыя выраслі і навучыліся лятаць, яны ўсе разам далучыліся ў пойме ракі Нарэўкі да іншых буслоў, якія сабраліся з усяго наваколля.

На шырокай паляне каля мястэчка Белавежа пасвіліся коні, а паміж іх паважна хадзілі, збіраючыся часам у купкі, маўклівыя буслы. Стваралася ўражанне, быццам яны прыляцелі сюды з усіх бакоў на нараду, на абмеркаванне плана вялікага падарожжа, якое павінна распачацца ў недалёкім будучым.

Ля берага рэчкі жыве ў невялікай норцы вадзяная землярыйка. З выгляду яна падобна на мыш, але з грызунамі не мае нічога агульнага. Землярыйка, як і крот, належыць да насякомаедных. У яе доўгая вострая мордачка, якая заканчваецца хабатком, і маленькія вочкі. Землярыйка добра плавае і нырае. Футра яе не прапускае ваду да скуры, і цела звярка ў вадзе заўсёды сухое. Спінка ў землярыйкі чорная і гладкая, нібы аксамітная, а брушка серабрыста-белае. Як і ўсе насякомаедныя, землярыйка вельмі ненасытная. Гэта хоць і маленькі, але нястомны і злы драпежнік, які безупынна знаходзіцца ў руху, шукаючы сабе здабычу.

Корміцца землярыйка не толькі насякомымі і слімакамі, яна нападае і на большых за сябе мышэй і жаб. З імі яна распраўляецца вельмі хутка, спрытна і бязлітасна. Калі сустрэнуцца дзве землярыйкі, то абавязкова кінуцца адна на другую. Дужэйшая пераможа і з’есць слабейшую. Тое самае робіць, між іншым, і крот, калі сустрэне пад зямлёй другога крата.

Вечарам выходзіць на паляванне калючы вожык. Дробным трушком бяжыць ён па сцежцы, прынюхваючыся да зямлі і да паветра. Жыве ён пераважна ў лісцевых пералесках.

Паспрабуйце крануць вожыка кійком, і ён адразу згорнецца ў калючы клубок. Ні галавы, ні лапак не відаць, з усіх бакоў тырчаць вострыя, натапыраныя іголкі.

Вожык таксама належыць да насякомаедных. Корміцца ён хрушчамі і іх лічынкамі, слімакамі, конікамі, мышамі, змеямі, птушкамі. Ён не баіцца нападаць на гадзюку і смела распраўляецца з ёю. Змяіная атрута дзейнічае на яго слаба.

У няволі вожык прыжываецца лёгка. Вожык, які быў у мяне, хутка прывык да жыцця ў гарадской кватэры. Ён еў мяса, хлеб, гародніну, піў малако, а мышэй лавіў не горш за кошку. Людзей вожык не баяўся, не скручваўся ў клубок, калі да яго падыходзілі, і смела браў ежу з рук.

Днём ён спаў у невялікай фанернай скрынцы, на подсціле з сухой травы і лісця, а ўночы вандраваў па кватэры, заглядваючы ва ўсе куткі. Пры гэтым ён пыхкаў, як маленькі паравоз, а кіпцюры яго задніх лапак стукалі ўвесь час па падлозе.

Па вечарах, пасля захаду сонца, гудуць у паветры майскія жукі — хрушчы. Гэта — небяспечныя шкоднікі садоў і лясоў. Пражэрлівыя лічынкі майскага жука, якія жывуць у зямлі на працягу чатырох год, аб’ядаюць карэнні раслін і дрэў, асабліва сасны. Расліны і дрэвы сохнуць. Самі майскія жукі аб’ядаюць лісце пладовых дрэў, бярозы і дуба. Хрушчоў знішчаюць гракі, шпакі, лялякі, землярыйкі, краты, вожыкі, барсукі.

Усіх пералічаных птушак і жывёл вы ўжо ведаеце, за выключэннем, можа, леляка, ці, як яшчэ называюць яго,— казадоя.

Ці даводзілася вам калі бачыць гэтага начнога птаха?

У лесе, у вячэрнім змроку, вы можаце пачуць працяглыя загадкавыя гукі:

— Р-р-р-у... р-р-р-у... р-р-р-у...

Гэта падаў голас казадой. Гэта — яго песня.

У казадоя доўгае тулава з вялікай галавой. Дзюба невялікая, але рот вельмі шырокі, як у стрыжа і ластаўкі.

Казадой ляціць мякка і плаўна, бясшумна, як кажан. З надыходам змроку ён ловіць у паветры майскіх жукоў і розных буйных начных насякомых. Часам ён садзіцца, ці хутчэй лажыцца, на якую-небудзь старую калоду, заўсёды не ўпоперак, а ўдоўж, прыпадае да яе грудзьмі і нібы зліваецца з паверхняй калоды ўсім сваім мяккім, шаравата-бурым апярэннем.

Па афарбоўцы казадоя цяжка адрозніць ад кары дрэва. Крылы ў яго доўгія, і лятае ён добра, але лапы мае кароткія. Таму хадзіць казадой не можа і, замест таго каб сядзець,— ляжыць.

Праз хвіліну з таго месца, дзе апусціўся казадой, зноў загучыць яго роўная, але аднастайная трэль.

Несвядомыя людзі кажуць, быццам казадой смокча казінае малако. Гэта, зразумела, няпраўда. Ён корміцца толькі насякомымі. І завуць яго «казадоем» памылкова.

У сярэдзіне мая змаўкаюць салаўі. У канцы мая пачынаюць асыпацца кветкі бэзу.

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Месяц за месяцам: каляндар беларускай прыроды: [для малодшага школьнага ўзросту] / Віталь Вольскі; малюнкі Л. Зяневіча і Ул. Піменава. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 92, [3] с., [4] л. каляр. іл.:іл.
Крыніца: скан