Агледзеўшы хатку, я адплыў крыху далей і спыніўся зноў. Да берага адсюль зусім блізка. Байдарка стаіць нерухома пасярод круглых і цвёрдых лістоў гарлачыкаў.
Правую лопасць вясла я палажыў на чорную карчагу, якая высоўваецца з вады.
Сяджу і цярпліва прыслухоўваюся да цішыні, што пануе над возерам.
Вечар, як і ўчора, халаднаваты, але спакойны. Пакуль усё яшчэ светла, толькі неба пачынае трохі цямнець.
Раптам недалёка ад байдаркі пачуўся ўсплёск. З зараснікаў рагозу вынырнула на паверхню андатра. З вады відаць не толькі галава, але і верхняя частка спіны звярка. Вось ён падплыў зусім блізка, быццам сам захацеў паглядзець на чалавека, які цікавіцца андатрамі.
Я не варушуся.
Андатра агледзела байдарку і паплыла вакол яе, трымаючыся на адлегласці не больш як адзін метр ад бартоў.
Вось яна плыве пад вяслом, між байдаркай і карчагай, нібы пад мостам.
Мне добра відаць, як спрытна яна рухаецца, прыціснуўшы кароткія пярэднія лапкі да грудзей і вяслуючы толькі вялікімі заднімі лапамі з перапонкамі паміж пальцаў. Здаецца, нібы вакол байдаркі плавае маленькі бабёр.
Нездарма індзейцы называюць андатру «малодшым братам бабра». Яна нагадвае бабра не толькі сваімі рухамі ў вадзе і на зямлі, але і пабудовай хатак, і звычкамі, і ўсім сваім жыццём. Толькі будаваць грэблі і рэгуляваць узровень вады ў вадаёмах, як гэта робяць бабры, андатра не ўмее.
Адрозніваецца яна ад бабра і формай свайго хваста. У бабра хвост шырокі, тоўсты і плюскаты, пакрыты дробнай луской, а ў андатры — вузкі, сціснуты з бакоў. Ён пастаўлены да паверхні вады рабром, і андатра карыстаецца хвастом і як вяслом, і як рулём.
Пад вадою і на вадзе андатра плавае заўсёды толькі ўверх спінаю. Гэта — не выдра, якая можа плаваць як хоча — і бокам, і спінаю ўніз, куляючыся цераз галаву і робячы пад вадою самыя нечаканыя віртуозныя павароты. Выдры гэта неабходна, бо яна ганяецца пад вадою за рыбай і мусіць быць спрытнейшая за сваю здабычу. Андатра корміцца раслінамі, жыццёвая практыка не вымагае ад яе такіх прыёмаў падводнага плавання, якія выпрацаваліся і развіліся ў выдры.
1959