epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Месяц за месяцам

 

Дзень за днём... Месяц за месяцам...

Пасля вясны — лета. Потым, як і заўсёды,— восень, зіма. Зноў вясна.

Усё той жа знаёмы, адвечны кругаварот.

Усё паўтараецца спачатку. Сезонныя з’явы прыроды адбываюцца ў той жа паслядоўнасці, як і ў мінулым годзе, як і сотні, тысячы год назад.

І ўсё ж такі, наглядаючы адну і тую ж прывычную з’яву, мы заўсёды знаходзім нешта новае.

І кожны раз мы сустракаем змену пары года, як нешта цікавае і нібыта непаўторнае. І кожны раз мы радуемся жаданай вясне, радуемся адраджэнню і аднаўленню прыроды, перамозе сонца, перамозе святла, цяпла і жыцця таксама, як радаваліся гэтаму незлічоныя пакаленні нашых продкаў.

Мы любім прыроду.

Любім густыя цёмныя лясы, вясёлыя сасновыя бары і кучаравыя дубровы на ўзгорках, бязмежныя калгасныя нівы, якія хвалююцца летам, як залацістае мора, і цудоўныя сады, і сакавітыя, каляровыя ад духмяных кветак лугі, і спакойныя, задуменныя рэкі, і шырокія сінія азёры нашай Радзімы. Цяжка ўявіць сабе вобраз бацькаўшчыны без характэрных пейзажаў роднага краю.

Мы хочам, каб усюды ў нашай краіне, ва ўсіх яе гарадах і вёсках, былі прыгожыя кветнікі, сады і паркі, каб усюды людзі дыхалі чыстым, здаровым паветрам. Але мы не толькі любуемся прыродай. Мы пераўтвараем яе на карысць чалавека, на карысць сацыялістычнага грамадства. А для таго, каб рабіць гэта паспяхова, каб быць сапраўдным гаспадаром прыроды, дбайным і клапатлівым, трэба не толькі любіць яе, але і ведаць, і разумець.

Маленькія, забаўныя палявыя і лясныя мышы — нашы небяспечныя ворагі, а непрыгожыя, нават агідныя з выгляду кажаны і рапухі — сябры. Але шмат хто гэтага не ведае. Знаходзяцца нават і такія, што лічаць сваім абавязкам пры сустрэчы з рапухай расціснуць ёй галаву абцасам. Яны і не думаюць аб тым, якую шкоду гэтым прычыняюць.

Амаль усе нашы птушкі, у тым ліку і пераважная большасць драпежных, прыносяць вялікую карысць. А ці многія з нас ведаюць, чым карысна тая ці іншая птушка?

Хрушчы, караеды, даўганосікі, шматлікія вусені розных матылькоў з’яўляюцца шкоднікамі лясоў, садоў і палёў. Але сярод насякомых ёсць і вельмі карысныя. Пчолы прыносяць мёд, чмялі дапамагаюць забяспечыць добры ўраджай многіх культурных раслін, божыя кароўкі знішчаюць шкодных тлей.

Для таго каб усё гэта ведаць, трэба вывучаць жыццё жывёл, птушак і насякомых, назіраць за іх паводзінамі і звычкамі.

Ідзіце ў вольны час у сад, у поле, на рэчку, на возера. Запісвайце тое, што ўбачыце. Добра было б і фатаграфаваць і замалёўваць, калі хто можа і ўмее.

Мы супроць драпежніцкіх, безадказных адносін да прыроды. Прасачыць птушку ў гняздзе ці звярка дзе-небудзь у глухім, маладаступным кутку, падпільнаваць іх непрыкметна і зрабіць фотаздымак у прыроднай абстаноўцы ці замаляваць з натуры, калі яны гэтага зусім не чакаюць, а потым яшчэ і апісаць дакладна ўсё бачанае,— што можа быць цікавей?

Хіба гэта не лепш, чым забіць птушку без патрэбы і сэнсу ці разбурыць яе гняздо, як гэта робяць яшчэ некаторыя, і сваім недарэчным, ганебным учынкам нанесці шкоду і страту лясной і садовай гаспадарцы?

Паляванне без стрэльбы і злосных намераў, з фотаапаратам, сшыткам і алоўкам прыносіць шмат радасці, душэўнага спакою і глыбокага задавальнення. Яно ўзбагачае нас ведамі, развівае цярплівасць, вытрымку, назіральнасць, даследчыя навыкі. Аб кожным удалым эпізодзе такога палявання надоўга застаюцца прыемныя ўспаміны.

Не забывайце, што ў прыродзе ўсё знаходзіцца ў непарыўнай, заканамернай і часам вельмі складанай узаемасувязі. Жыццё звяроў, птушак і насякомых, таксама як і раслін, залежыць ад навакольнага асяроддзя і, у сваю чаргу, робіць уплыў на гэтае асяроддзе. Таму абавязкова звяртайце ўвагу на абстаноўку, заўважайце дэталі і дробязі, адзначайце дакладна час і месца свайго назірання.

Для першага знаёмства прачытайце гэты кароткі летапіс жывой прыроды. Мы вядзём яго ў прывычнай, каляндарнай паслядоўнасці — па месяцах, пачынаючы з Новага года.

Запісы нашы далёка не поўныя. Цяжка ахапіць у сціслай зводцы ўсю бясконцую разнастайнасць і багацце прыроды.

Калі гэтыя запісы вас зацікавяць, калі яны абудзяць у вас любоў да роднай прыроды і вы самі захочаце прыгледзецца ўважліва да жыцця звяроў і птушак, назіраць за іх звычкамі і паводзінамі, я буду вельмі задаволены. Я палічу, што выканаў сваю задачу.

А цяпер, дарагія чытачы, перагорнем першую старонку нашага календара беларускай прыроды.

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Месяц за месяцам: каляндар беларускай прыроды: [для малодшага школьнага ўзросту] / Віталь Вольскі; малюнкі Л. Зяневіча і Ул. Піменава. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 92, [3] с., [4] л. каляр. іл.:іл.
Крыніца: скан