epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

На касе

 

 

На змену ночы прыйшоў ясны і спакойны сонечны дзень.

Сонца свеціць у шырока расчыненае акно. На сасне перад хатай звонка і бадзёра заспявала берасцянка.

Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала.

«Трэба наведаць касу, — сказаў я сам сабе, — паглядзець на чаек. У такую добрую пагоду, як сёння, можна туды дабрацца на байдарцы».

Ад нашага берага да пясчанай касы па прамой лініі каля шасці кіламетраў. Байдарка шпарка ляціць па гладкай паверхні возера, падпарадкоўваючыся раўнамерным, рытмічным узмахам вясла з дзвюма лопасцямі.

Байдарку я прывёз з сабою на возера з Мінска. Яна зроблена з алюмінію, разлічана на аднаго чалавека, разбіраецца на тры часткі, лёгкая ў руху, вельмі зручная для назірання за птушкамі на вадзе.

Праплыўшы палову адлегласці, я спыняю байдарку і гляджу навокал.

Пад яркім сонцам у сінім небе радасна іскрыцца возера.

Якая прыгажосць!

Ва ўсе канцы раскінуўся блакітна-сіні прастор. Сіняя чаша возера пад сінім купалам неба. Я не магу адвесці вачэй ад гэтага чароўнага царства блакіту. Уражанне такое, быццам купал дакладна адпавядае па сваёй велічыні памерам чашы і вышыня неба адпавядае глыбіні возера.

Я не заўважаю руху лодкі. Мне здаецца, што яна стаіць на месцы, усё навокал нерухома і я знаходжуся ў самым цэнтры нейкага вялізнага шара, утворанага вадою і небам, у цэнтры нейкага дзівоснага, ціхамірнага, адвечна блакітнага свету, па-за межамі якога ніхто і нішто не існуе.

Вакол пануюць цішыня і непарушны велічны спакой. Паветра асляпляе сваёй празрыстасцю.

Да касы я падплываю а чацвёртай гадзіне дня.

Узвышша, пакрытае соснамі, ядлоўцам і верасам, якое цягнецца ад сярэдзіны касы да канца мыса, паступова зніжаецца і звужаецца. Нарэшце яно пераходзіць у доўгую і вострую пясчаную водмель, якая выцягнулася даволі далёка ў возера.

Вада ледзь прыкрывае пясок водмелі, пакідаючы на ім лёгкія барозны. Хвалі ціха плёскаюцца аб бераг.

На самым носе касы тырчыць між некалькіх вялікіх каменняў нізкая каржакаватая сасна. Недалёка ад яе — маладая засохлая вольха, рэдкія кусты лазы.

На каменнях пасярод вады і на пяску — каля трыццаці чаек.

Я выцягнуў байдарку на бераг ля кустоў і іду ўздоўж касы.

Чайкі белакрылай хмарай узняліся ў паветра. Я парушыў іх дзённы адпачынак, і вось яны лятаюць з рэзкім, нездаволеным крыкам, падзяліўшыся ў паветры на невялікія чародкі.

На такіх пясчаных косах з водмелямі, кустамі лазы і каменнямі чайкі любяць збірацца пасля поўдня. Тут яны адпачываюць гадзіны дзве-тры пасля ранішняй кармёжкі.

Неўзабаве чайкі зноў паляцяць, цяпер ужо на вячэрнюю кармёжку. Перад захадам сонца яны будуць шукаць сабе месца для начлегу. Можа, тут, на касе, а можа, і гэта нават хутчэй, на сваім гняздоўі сярод балота, дзе яны начуюць вялікімі кампаніямі.

Гняздо ў чайкі вельмі простае. Гэта невялікае паглыбленне ў пяску, высланае сухімі сцяблінкамі травы, а часам і нічым не высланае.

Гняздзяцца чайкі вялікімі калоніямі. Ад гнязда да гнязда бывае часам не больш аднаго-двух метраў. Яйкі яны кладуць у пачатку красавіка. У кожным гняздзе звычайна тры яйкі. Выседжваюць птушанят па чарзе і самка і самец.

Раніцою чайкі шукаюць сабе здабычу на паверхні вады і на зямлі. На пясчаных водмелях яны падбіраюць малюскаў і рыбу, выкінутую хвалямі на пясок, а на палях ловяць мышэй і насякомых.

Даўней, калі сяляне аралі коньмі, чайкі хадзілі следам па раллі, як гэта робяць гракі, і падбіралі лічынкі розных шкодных насякомых. Цяпер яны ходзяць і за трактарам, але на больш далёкай адлегласці.

Я падыходжу да самага краю касы.

Тут толькі што сядзелі чайкі. Вільготны пясок увесь спярэшчаны іх слядамі. Усюды адбіткі іх лапак, нібы нейкі складаны, адмысловы ўзор.

З-пад кустоў лазы да вады вядуць сляды тхара. Чайкі нямала церпяць ад гэтага невялікага, але вельмі лютага драпежніка. І ўсё-такі самым небяспечным ворагам чаек на гняздоўі з’яўляецца лісіца. Яна дабіраецца да іх нават цераз балота і па мелкай вадзе і знішчае яйкі і малых птушанят. Часам лісе ўдаецца схапіць і чайку-маці, што сядзіць на яйках. Шэрая варона і балотны лунь таксама вельмі ласыя да яек і птушанят чайкі.

Ад усіх гэтых і іншых ворагаў чайкі бароняцца сумесна. Таму яны і жывуць вялікаю грамадою. Як толькі вораг заўважаны ў паветры ці на зямлі, чайкі-суседкі накідваюцца на яго з усіх бакоў, нібы белая хмара, і праганяюць ці забіваюць на месцы.

Я гляджу на чаек, што лятаюць над маёй галавою. Іх доўгія, завостраныя крылы коса рассякаюць паветра. З такімі моцнымі і надзейнымі крыламі ім няцяжка доўга трымацца над вадою, змагацца з непагаддзю, ляцець супраць ветру.

То тая, то гэтая з чаек падае нечакана ўніз, перасякаючы другой дарогу, а потым гэтак жа хутка ўзнімаецца ў неба. Некаторыя чайкі пралятаюць адна за адной невялікую адлегласць над самай вадой, апускаюцца на паверхню возера і ціха пагойдваюцца на хвалях. Яны могуць добра плаваць і лёгка трымаюцца на вадзе.

Толькі адна чайка не ўзляцела. Яна ходзіць па пясчаным беразе недалёка ад мяне.

Калі я набліжаюся, яна адыходзіць, але ў паветра не ўзлятае. Я спыніўся і прыглядаюся да чайкі. Чаму яна не ляціць? Ага, вось у чым справа!

У чайкі зламана правае крыло. Яно вісіць бездапаможна, і таму птушка не можа ляцець. Чайка ходзіць па беразе і ловіць насякомых ля самай вады. Час ад часу яна п’е ваду.

У параненай чайкі, як і ва ўсіх астатніх, нібы цёмна-карычневая маска на твары. Такую маску нашы азёрныя ці, як іх яшчэ называюць, рачныя, чайкі носяць у той час, калі выводзяць патомства. З надыходам восені цёмна-карычневыя маскі знікнуць і ў самцоў, і ў самак. Ад іх застанецца толькі па адной, зусім невялічкай, цёмнай плямцы з абодвух бакоў белай галоўкі. У чайкі чырвоная дзюба і чырвоныя ногі, белыя спіна, шыя і ніз, светла-шэрыя крылы.

Паглядзеўшы на знявечаную чайку, я адсунуўся за кусты, каб не турбаваць яе дарэмна, і перайшоў на другі бок касы.

І тут нада мною з крыкам лятаюць чайкі. Я купаюся ля самага краю касы. Вада вельмі цёплая, добра нагрэтая сонцам.

Сіняе неба, сіняя вада, белыя чайкі — якое цудоўнае спалучэнне колераў!

Чайкі, што кружаць над водмеллю, пралятаюць над маёй галавой зусім нізка. Здаецца, калі не адна, дык другая вось-вось закране мяне сваім выгнутым крылом.

У паветры гучыць іх працяжны крык:

— Кіяў... кіяў... кіяў...

Якія спрытныя, паваротлівыя птушкі!

Як умела і непрыкметна кіруюць яны сваімі крыламі, нібы ветразямі, робячы кругі і нечаканыя павароты над возерам.

Можна бясконца любавацца іх лёгкім, майстэрскім палётам.

Сярод белых чаек з цёмнымі галоўкамі я бачу дзве-тры рабыя, з цёмнымі плямкамі па ўсім целе. Гэта маладыя чайкі леташняга вывадка. Яны самастойна здабываюць сабе корм разам з дарослымі, але адрозніваюцца ад іх сваёй афарбоўкай. Чайкі змяняюць афарбоўку ў залежнасці ад узросту і ад сезону Колер дарослых птушак маладыя чайкі набудуць на трэцім годзе жыцця.

На працягу апошніх дзён трымалася яснае надвор’е, і я змог пасля гутарак з рыбаком Ролічам і студэнтам Лёнем падоўгу назіраць за чайкамі на возеры. Іх не так ужо многа на Нарачы, як мне казалі і як я сам думаў. Але ўсё ж назіранні далі мне шмат цікавага, і жыццё на возеры ўзбагаціла мяне новымі ведамі і ўражаннямі.

За гэты час я даведаўся, што на азёрах Нарачанскай групы пераважае адзін асноўны від чаек — звычайная азёрная, ці рачная, чайка. Па-вучонаму яе называюць двума лацінскімі словамі — «лярус рыдыбундус». Усе чайкі, якіх я зараз бачу тут, на касе, належаць да гэтага віду. Я навучыўся адрозніваць іх па выгляду і на вадзе, і ў палёце.

Пакуль я купаўся, чайкі ў паветры зніклі, паляцелі кудысьці далей. Адна толькі бедная чайка са зламаным крылом па-ранейшаму ўсё ходзіць і ходзіць па мокрым пяску ля самай вады.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан