epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

На палянцы

 

 

Нядаўна адзін хлопец з Варанцоў сказаў мне, што на палянцы за дарогаю на Кабыльнік часта бываюць удоды. Хлопец, праўда, не ведаў, як называюцца гэтыя, як ён казаў, «жоўтыя птушкі з грэбенем на галаве», але ён апісаў іх мне даволі дакладна. З яго слоў я зразумеў, што ён мае на ўвазе іменна ўдодаў.

Мне захацелася іх паглядзець.

Пад вечар аднаго дня ў канцы ліпеня я пайшоў у сасновы лес між пасёлкам рыбгаса і вёскаю Варанцы.

Перайшоўшы дарогу на Кабыльнік, я спыніўся ля куста ядлоўцу, каб зірнуць на гняздо берасцянкі, якое знайшоў тут аднойчы, якраз тады, калі вылупіліся з яек чацвёра птушанят. Яны былі ў той час яшчэ вельмі маленькія, зусім голыя, бездапаможныя. Нават пішчаць яшчэ не ўмелі, але ўжо дружна раскрывалі свае шырокія ярка-ружовыя роцікі і моўчкі патрабавалі есці.

Я наведаў іх потым праз тры дні. Птушаняты значна падраслі. Яны голасна пішчалі і па-ранейшаму шырока разяўлялі насустрач дзюбкі, настойліва вымагаючы пачастунку.

Гняздо знаходзілася на адной з калючых галінак ядлоўцу, блізка ля ствала, і заўважыць яго было нялёгка.

Я прыўзняўся на дыбкі і зазірнуў між галінак. Гняздо на месцы. Яно круглае, чысценькае, акуратна сплеценае з травы, конскіх валасоў і моху, але птушанят у ім ужо няма.

Птушаняты берасцянкі растуць вельмі хутка.

Сёння — трынаццаты дзень, як яны з’явіліся на свет. Значыць, птушаняты пакінулі гняздо ці ўчора вечарам, ці сёння раніцай і трымаюцца яшчэ недзе паблізу.

Я азірнуўся.

На сасновым суку сядзіць самец берасцянкі.

Я збіраўся ўжо ісці далей, калі ён раптам шпарка зляцеў уніз і схапіў на зямлі, крокі за тры ад мяне, вялікага і тлустага зялёнага вусеня.

Я адразу спыніўся, каб не спалохаць птушку.

Не звяртаючы на мяне ўвагі, але час ад часу пазіраючы навакол сваімі чорнымі вочкамі, берасцянка пачала дзяўбці вусеня. Той ярасна выкручваецца, а берасцянка метадычна б’е яго дзюбай.

Я цярпліва стаю і не варушуся.

Вусень аслабеў і рухаецца ўсё павольней. Берасцянка адшчыпвае кавалкі вусеня і глытае іх. Вось ужо добрая палова вусеня з’едзена, затым знікае і астатняя частка. Берасцянка ўзляцела на сасну. Уся расправа заняла мінут пяць-шэсць.

Можа, гэтая птушка, што цяпер зноў спакойна сядзіць на дрэве, належыць да той сям’і, якая пакінула гняздо да суседнім кусце ядлоўцу? Можа, яна з’яўляецца бацькам тых птушанят?

Я ведаў непадалёку яшчэ адно гняздо. Яно знаходзілася на сасне каля самага ствала, высока ад зямлі.

Гэта — гняздо дразда-дзярабы.

У ім было шэсць зеленаватых яек, на якіх сядзела самка. Гэта, відаць, было другое выседжванне, таксама, як і ў берасцянкі, бо птушаняты дзярабы пакідаюць гняздо звычайна ў пачатку чэрвеня, а я знайшоў у ім яйкі ў самым канцы чэрвеня.

Самец трымаўся ўвесь час непадалёку. Амаль заўсёды ён сядзеў на суседняй галіне таго ж дрэва. Калі хто-небудзь падыходзіў да сасны, ён папярэджваў самку кароткім і трывожным «крэк... крэк» і адразу з шумам ляцеў прэч, нібы стараючыся адцягнуць увагу ад гнязда.

Дрозд-дзяраба — даволі буйная птушка шаравата-бурага колеру. Яна значна большая за шпака. Цёмныя плямкі пакрываюць светлае горлачка, грудку, брушка і бакі.

Калі дрозд-дзяраба ляціць, знізу відаць белы падбой яго крылаў.

Я іду далей.

На ўскраінах лесу тут часта сустракаюцца невялікія, з вераб’я, зеленавата-жоўтыя птушкі. Вось і зараз адна з іх перапырхнула з ялінкі на сасну.

Гэта — зелянушка.

У яе прысадзістае тулава, караткаватая, шырокая і моцная дзюба. Гэтая спакойная птушка часам застаецца ў нас і на зіму. Яна адлятае на поўдзень, толькі калі зіма занадта суровая. Гняздзіцца зелянушка, як і берасцянка, на хвойных дрэвах і ў кустах, невысока ад зямлі.

А вось і тая палянка, пра якую мне казаў хлопец. З аднаго боку яна аблямавана ялінамі, а з другога, крыху ўзвышанага, — сасняком. На палянцы дзе-нідзе растуць кусты ядлоўцу, рэдкія малыя сасонкі, асобныя купы папараці. Тут часта пасуцца каровы.

Дайшоўшы да краю паляны, я спыняюся і займаю пазіцыю за кустом ядлоўцу. Адсюль мне відаць уся паляна, а сам я амаль непрыкметны.

Хлопец не памыліўся.

Агледзеўшы паляну, я ўбачыў на зямлі трох удодаў.

Самае галоўнае, калі хочаш наглядаць за птушкамі, — не варушыцца і не ісці да іх па прамой лініі. Да прадмета, які не варушыцца, птушкі хутка прывыкаюць і перастаюць яго баяцца.

Я сяджу нерухома за кустом ядлоўцу і ўважліва сачу за паводзінамі ўдодаў.

Берасцянкі, дразды, зелянушкі — усё гэта нашы звычайныя птушкі. Іх ведае кожны. А вось удод сустракаецца ў нас даволі рэдка. Мне цікава было глядзець на гэтых прыгожых птушак з дзіўным галаўным уборам.

Вячэрняе сонца лагодна асвятляе паляну, і мне выразна відаць амаль кожнае пёрка птушак. Грудка і галава ўдода светла-карычневыя, амаль жоўтыя. На чорных крылах белыя папярочныя палоскі. На галаве вялікі чуб з асобных пер’яў у выглядзе веера, з чорнымі плямкамі наверсе. Памерам удод з добрага дразда.

Удоды паважна хадзілі па траве, усюды засоўвалі свае доўгія і тонкія, нібы шыла, крыху загнутыя ўніз дзюбы, вышукваючы жукоў і лічынак мух. Кормяцца яны таксама і конікамі, майскімі жукамі, жужалямі і рознымі вусенямі.

Стаміўшыся сядзець нерухома, я ўстаў і падышоў бліжэй.

Адзін з удодаў узляцеў з глухім і адрывістым крыкам «уп-уп-уп». Следам за ім паляцелі і астатнія. Яны зніклі сярод ялін на тым баку палянкі. Іх крык нагадваў крыху кукаванне зязюлі.

Удод больш характэрны для стэпу, але, як я мог цяпер і сам пераканацца, птушка гэтая жыве і ў лясах каля берагоў Нарачы.

Гняздзяцца ўдоды ў дуплах дрэў. На зіму яны адлятаюць ад нас у Індыю і Афрыку, адкуль вяртаюцца на радзіму ранняй вясной.

На другі дзень я зноў, таксама пад вечар, пайшоў на паляну.

На гэты раз тут было пяць удодаў. Палахлівыя і недаверлівыя, яны, як і ўчора, блізка да сябе не падпускалі.

Калі я набліжаўся, яны адляталі ўбок і перапырхвалі з сасны на сасну, спрытна маскіруючыся. Жоўтае апярэнне рабіла іх непрыкметнымі на фоне сасновых ствалоў і сучча.

1957 - 1958




Беларуская Палічка: http://knihi.com