epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

На пляжы

 

 

Знаёмства з Нараччу я вырашыў распачаць з наведвання біялагічнай станцыі.

Паміж тым месцам, дзе я стаю на ўзгорку, і будынкамі станцыі — шырокая паласа пляжа.

Зверху ўражанне такое, быццам на залацістым пяску расцвілі нейкія вялікія, незвычайна яркія кветкі — блакітныя, белыя, сінія, чырвоныя, жоўтыя.

Я спускаюся ўніз.

Дык вось якія гэта кветкі! Тут поўна людзей: жанчыны ў яркіх халатах і сарафанах, мужчыны ў стракатых піжамах і саламяных капелюшах, з махнатымі ручнікамі цераз плячо.

Загарэлыя бронзавыя хлапчукі і дзяўчынкі плюхаюцца ў зеленаватай вадзе, пырскаюцца, пускаюць па вадзе караблікі з сасновай кары, будуюць на беразе крэпасці і гавані з вільготнага пяску. Стройныя юнакі і дзяўчаты ў трусах і купальніках гуляюць у валейбол.

Асобнымі групкамі, сагнуўшыся і самааддана падставіўшы голыя спіны пад бязлітасныя праменні сонца, сядзяць на пяску аматары «забіць казла».

Тут адпачываюць мінскія друкары з жонкамі і дзецьмі. Кожны праводзіць свой вольны час як хоча і як умее.

У 1955 годзе на ўзгорках пад соснамі выраслі ўтульныя блакітныя домікі пад чырвонымі чарапічнымі дахамі. Дырэкцыя мінскай друкарні пабудавала тут дачы для летняга адпачынку сваіх рабочых і служачых.

З гэтага часу цудоўная мясцовасць паміж вёскаю Купа і пасёлкам рыбгаса пачала набываць курортны характар.

Цяпер гэта самая людная і ажыўленая частка возера. З першымі зменамі дачнікаў пагалоска пра казачную прыгажосць возера абляцела ўвесь Мінск. Распаўсюдзілася яна і далёка за межамі Беларусі. Кожны год праводзіць тут свой летні адпачынак многа працоўных не толькі з Мінска, але і з Вільнюса, Масквы і Ленінграда.

На беразе Нарачы можна сустрэць і асобных турыстаў, і групы ўдзельнікаў турысцкіх паходаў і падарожжаў. Яны жывуць у палатках. Але густа населена ў летні час толькі невялікая паласа паўночнага берага з пясчаным пляжам між рыбгасам і біялагічнай станцыяй. Ва ўсіх іншых месцах ціха і спакойна. Ніхто не трывожыць шматлікіх і разнастайных птушак. Ніхто не парушае велічнай задумлівасці прыроды.

Хвалі раўнамерна набягаюць на бераг, пакідаючы на пяску пушыстыя шматкі белай пены. Імкліва праносіцца, высунуўшыся напалавіну з вады і ўзнімаючы каскады серабрыстага вадзянога пылу, маторная лодка. Асляпляльна белая, з чырвоным днішчам, яна зіхаціць у яркіх праменнях сонца.

— Але ж і матор здаровы! — з выглядам знаўцы гаворыць якісьці мужчына на пляжы і, прыўзняўшыся на локці, сочыць з-пад рукі за шпаркім ходам лодкі.

— Цудоўная лодка! — падтрымлівае яго сусед. — Нічога не скажаш!.. Які ход!.. Як шпарка ляціць, і амаль бясшумна.

Асцярожна абмінаючы пажылых дзядзькоў і цётак, што ляжаць на пяску, як цюлені, выцягнутыя з вады, я іду далей.

Пясчаны пляж змяніўся абрывістым берагам. Купальшчыкаў тут няма.

Наперадзе, на зялёным узгорку, відаць між сосен двухпавярховыя дамы.

Гэта — будынкі біялагічнай станцыі.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан