epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Над абрывам

 

 

Раніца сёння халаднаватая.

Над зямлёю вісіць туман.

Між галінамі дрэў з’явіліся за ноч шматлікія серабрыстыя ажурна-тонкія цянёты — адна з першых адзнак недалёкай восені. У лесе, на высокіх сцяблінках травы, на папараці, на кустах ядлоўцу, усё зацягнута белымі ад расінак ветразямі павуціння, усюды зіхацяць яго бліскучыя карункі.

На возеры вада, туман і неба зліліся ў адну суцэльную бледна-шэрую заслону.

А дванаццатай гадзіне неба нарэшце праяснілася, выглянула нясмела сонца, у паветры пацяплела, і я паплыў на байдарцы да кручы за рыбгасам, туды, дзе высокі лясісты бераг абрываецца стромкай сцяною ў возера.

На возеры ціха і цёпла. Сонца свеціць скрозь шараватую імглу. Сцяблы чароту шаргаюць аб алюмініевыя барты байдаркі. На вадзе цьмяная серабрыстая рабізна.

Вось і абрыў.

Я прычаліў да пясчанага берага.

У гліністай чырвона-жоўтай сцяне абрыву чарнеюць адтуліны многіх дзесяткаў пячор-гнёздаў берагавых ластавак.

Гэта — сапраўдны пячорны гарадок.

Некаторыя з пячорак вельмі глыбокія. Я сунуў кій у адну з іх. Калідор цягнецца ад увахода ўглыб больш як на метр.

Такія глыбокія хады і пячоры выкопваюць у глінянай сцяне абрыву сваімі маленькімі дзюбкамі і лапкамі гэтыя мілыя, прывабныя птушкі.

Адтуліны часам размешчаны амаль роўнымі радамі, як паверхі нейкага будынка. Усе яны знаходзяцца ў верхняй частцы сцяны абрыву, пад навіслым краем берага. У канцы кожнага калідора — пячорка, у якой самка берагавой ластаўкі выседжвае яйкі і гадуе малых.

Перад некаторымі пячоркамі збоку, каля ўваходнай адтуліны, зроблены невялікія нішы з подсцілкамі з сухой травы. У такіх нішах ластаўкі адпачываюць.

Я падлічыў гнёзды. У трох калоніях, якія знаходзяцца недалёка адна ад адной, іх было сто трыццаць шэсць.

Мне прыгадаліся злепленыя з гліны гнёзды гарадскіх ластавак — варанкоў. Як адрозніваюцца па форме гнёзды ў такіх вельмі блізкіх і падобных адна на адну птушак!

У палёце іх нялёгка распазнаць, а гнёзды і прыёмы будаўніцтва зусім не падобныя!

Як жа адрозніць па выгляду беражанку ад варанка і касаткі?

У берагавой ластаўкі хвост кароткі, раздвоены і мае форму невялікіх тупых вілачак. Грудка і брушка ў беражанкі белыя, а на шыйцы карычняваты каўнерык. Зверху яна ўся цёмна-карычневая.

У гарадской ластаўкі, варанка, хвост такой жа формы, як і ў беражанкі, а грудка, брушка і шыя зусім белыя. Спінка ў варанка бліскуча-чорная, а ззаду, над хвастом, белая.

У вясковай ластаўкі, касаткі, хвост мае форму доўгіх вілачак з вострымі канцамі. Верх у яе бліскучы, сінявата-чорны, а ніз белы, горлачка — іржава-чырвонага колеру.

Касатка — самая прыгожая з нашых ластавак. У яе нават і песенька свая ёсць, шчабятанне з невялікай трэллю, якую можна пачуць у маі. Варанок і беражанка не спяваюць, яны толькі адрывіста шчабечуць, лятаючы.

Шкада, што я раней не быў тут ніколі.

На берагах возера не відаць цяпер ні берагавых ластавак, ні варанкоў, ні касатак.

Пячоркі-гнёзды пустыя. Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны.

Над сцяною кручы звісаюць карэнні сосен, утвараючы над гнёздамі беражанак навісь. Па гэтых карэннях я і падняўся наверх.

Над абрывам расце сасновы лес. Тут шмат грыбоў і арэхаў.

Унізе плёскаюць хвалі. Каля самай вады скачуць па мокрай бліскучай гальцы шэрыя пліскі. Над соснамі лятае сокал-пустальга.

З вяршыні абрыву адкрываецца цудоўны від на возера. Перад вачыма ясны і мяккі пейзаж, нібы на карціне старога фламандскага майстра.

Раптам зноў спахмурнела. Падняўся паўночна-ўсходні вецер. Возера набыло змрочны выгляд.

Трэба вяртацца, пакуль не позна.

Я спусціўся з абрыву ўніз і сеў у байдарку.

Звычайна лёгкая і паслухмяная вяслу байдарка стала непаваротлівая, цяжкая. Яна нібы не хоча адплываць ад берага. Веславаць куды цяжэй, чым было раніцой.

Ветрам байдарку ўвесь час адносіць убок. Сцяблы чароту хіляцца сваімі мяцёлкамі ледзь не да самай вады.

Байдарка выплывае ў адкрытае возера, і яе ўсё далей адносіць ад берага.

Я паглядаю на неба.

Удалечыні, недзе за Кабыльнікам, пачуліся першыя грымоты. З таго боку насоўваецца вялікая цёмная хмара.

Зноў навальніца!

Увесь апошні тыдзень гром грыміць ледзь не кожны дзень.

Не, з такім ветрам я дабрацца дадому, відаць, не паспею!

Трэба кіраваць да берага.

Калі я, вяслуючы супроць ветру, падплыў да берага, пайшоў буйны дождж.

Я выцягнуў байдарку з вады і перакуліў дагары дном.

Адзенне і абутак зняў і схаваў пад сасной, а сам распаліў вогнішча і сеў ля агню.

Гром грымеў усё бліжэй і мацней. Над возерам бліскалі маланкі.

Скончылася навальніца праз гадзіну. Я патушыў вогнішча і раскідаў вуголле па мокрым пяску.

У байдарку я сеў амаль сухі. Але радавацца было рана. Не паспеў ад’ехаць і сотні метраў, як дождж пачаў ліць з новаю сілай. За некалькі хвілін я быў мокры з галавы да ног.

Калі падплыў да масткоў каля дому, пачало цямнець.

У вячэрнім паветры пачуўся стук матора. Баркас вёў за сабою на буксіры чараду рыбацкіх лодак.

Рыбакі вярталіся з лову.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан