epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Несцерка

Камедыя ў трох дзеях, сямі карцінах

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
  Карціна першая. Кірмаш
  Карціна другая. Скамарохі
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
  Карціна трэцяя. У пана Бараноўскага
  Карціна чацвёртая. Дыспут
  Карціна пятая. Суд
ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ
  Карціна шостая. «Не хачу!.. Не жадаю!..»
  Карціна сёмая. Вяселле


ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

 

Несцерка.

Юрась.

Мацей - ганчар.

Насця - дачка Мацея.

Мальвіна - жонка Мацея.

Шкаляр Самахвальскі.

Пан Бараноўскі.

Першы шляхцюк.

Другі шляхцюк.

Суддзя.

Сяляне, рамеснікі, гандляры, скамарохі.

Госці на вяселлі.

 

У інтэрмедыі

 

Казак.

Дзеўка Ульяна.

Шляхціц-элегант.

Антон.

Антоніха.

Чорт.

Мядзведзь (Несцерка).

Скамарох.

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

 

Карціна першая. Кірмаш

 

Збоку, з-за куліс, аглядаючыся, выбягае на авансцэну перад заслонай Несцерка. Убачыў публіку ў зале, спыніўся.

Кланяецца.

 

Несцерка (перад заслонай, да публікі). Добры вечар, сябры! Эге, колькі вас тут сабралася! Не раўнуючы, як дроў у лесе. Але ж ці няма сярод вас і тых дурняў, што за мною гоняцца? (Углядаецца ў залу.) Здаецца, няма... Вядома, у страха вочы вялікія. Апёкся на малацэ, дык і на халодную ваду дзьмуць будзеш. Вы ж, мусіць, не ведаеце, браточкі, якая мяне бяда спаткала?.. Іду гэта я на хутары, да шляхты, каб зарабіць трохі, а дарога вядзе праз балота. Тут, бачу я, конь нечы ў балоце топіцца, а гаспадар каля яго бегае, бядуе, лямантуе, на дапамогу кліча, а навокал няма нікога, апроч мяне. Ну, я адразу кінуўся, ухапіў каня за хвост ды цягну, і гаспадар таксама цягне. Выцягнулі мы каня, каб не я, загінуў бы конь. Аж на тую бяду хвост у каня адарваўся. Дык гаспадар, дурны шляхцюк, замест таго, каб падзякаваць, на мяне ж і накінуўся: «Ты, кажа, у маёй кабылы хвост адарваў, дык і плаці за гэта, а калі не, - да суддзі!» Схапіў мяне за каўнер і не пускае. Тады я вырваўся і пабег. Я бягу, і ён за мною. Я на мост, і ён за мною. Ледзь не злавіў, але я з моста ўніз, у ваду, а пад мостам, на тую бяду, кабета нейкая бялізну мые. Дык я на яе незнарок ускочыў і разам з ёю ў ваду!.. Вылез я з вады... А баба? Баба таксама вылезла. От крыку было! Тут за мной яшчэ нейкі ўвязаўся, відаць, муж гэтай кабеты. Доўга гналіся, амаль да самага мястэчка. Ледзь уцёк ад іх, ледзьве выратаваўся! Халера тых шляхцюкоў на маю галаву прынесла! Бягуць, нібы жару ўхапіўшы! Каб яны прахам пайшлі! Калі б злавілі, у турму пацягнулі б! Але трасцу яны зловяць! Не такі Несцерка чалавек, каб жыўцом ды ў рукі давацца... Але дзе ж гэта я апынуўся? (Разглядае заслону.) А Божа, як тут ясна, як тут красна! Палац, ды годзе!

 

Заслона ўзнімаецца.

 

Браточкі мае любыя! Гэта ж я на фэст трапіў!

 

На сцэне перад Несцеркам кірмаш у мястэчку. Шум, мітусня, гоман. Палаткі і крамы. Вісяць бублікі і абаранкі, цацкі, усялякія ласункі, разнастайныя стужкі і пацеркі для дзяўчат, каляровыя хусткі для кабет. Рухаецца ва ўсе бакі стракаты, маляўнічы натоўп сялян, гандляроў, рамеснікаў. Павольна і ганарліва праходзяць шляхціцы, паны і падпанкі. Спяваюць жабракі, граюць лірнікі. Пад адной з паветак Мальвіна прадае ганчарныя вырабы. Чуваць галасы гандляроў і гандлярак.

 

Першы.

Добрае піва,

Усім на дзіва!

Хто хоча мёду,

Мёду на выгоду?

 

Другі.

Гузікі, пацеркі, істужкі!

Купляйце, дзяўчаткі-падружкі!

 

Трэці.

Кашулі, спадніцы,

Ручнікі вышываныя!

 

Мальвіна.

Міскі, талеркі,

Гаршкі маляваныя!

 

Чацвёрты.

Салодкія цукеркі -

Ласунак для каханкі!..

Свежыя куханы,

Гарачыя баранкі!

 

Пяты.

Прыгожыя хусткі,

Хусткі для кабетак!

 

Шосты.

Лялькі, свісцёлкі,

Цацкі для дзетак!

 

Мальвіна. Панове! Калі ласка, даражэнькія! Сюды зірніце, ягамосці! Міскі, талеркі, гаршкі! Уласнага вырабу! Дальбог, добрыя! Дальбог, прыгожыя! Кожнаму да патрэбы! Кожнаму даспадобы!

Несцерка (спыніўся каля Мальвіны). Але ж і кірмаш!.. Людзей, як вады, не раўнуючы!..

 

Гандляркі абкружылі Несцерку з усіх бакоў, прапануюць яму свае тавары. Кожная цягне да сябе.

 

Першая гандлярка. Пакаштуйце, панок, мой салодкі мядок!

Другая гандлярка. Гарэлкі кілішак для здароўя кішак!

Трэцяя гандлярка. Чаго жадае пан? Я маю ўсё, што трэба!

Чацвёртая гандлярка. Зірні, панок, сюды!

Пятая гандлярка. Васпан, хадзем да крамы!

Несцерка. А чаго ж тут толькі няма?! От каб грошы былі!

Мальвіна (грозна). Што?! Пакупніка адбіваць? Прэч, нягодніцы, зводніцы! Каб вам дух заняло! Каб вы свету не бачылі! (Паразганяла гандлярак; да Несцеркі ветліва.) Зірні, панок, які збанок! Чуеш, як звініць? На цябе глядзіць! (Дае Несцерку збан.)

Гандлярка (перапыняе, да Несцеркі). Кашулі, спадніцы!..

Мальвіна (гоніць гандлярку). Кінь, сараматніца, шаляніца, дурніца! Згінь бліскавіцай!

Гандлярка (з-пад рукі Мальвіны). Ручнікі вышываныя!..

Мальвіна (адштурхнула яе, да Несцеркі). Міскі фарбаваныя, прыгожыя, маляваныя! Глядзі, якія кветкі, каб былі здаровы твае дзеткі! А крыжыкі, а рыскі? Дальбог, прыгожыя міскі!

Несцерка (бярэ міску, глядзіць на Мальвіну). Прыгожая!

Мальвіна. Ты пра каго?

Несцерка. Пра міску.

Мальвіна. Праўду кажаш. Вазьмі талерачку, панок! Бяры і гэту, галубок! (Дае талеркі.) Каб з гэтай кварты выпіць гарэлкі, а закусіць ды з гэтай талеркі! (Дае кварту.)

Несцерка (бярэ). І гэта добрая.

Першая гандлярка. Глядзі, колькі панакупляў! Нямала заробіць! Грошы самі ў кішэню лезуць!

Другая гандлярка. Заўсёды ёй шанцуе!

Мальвіна. Гаршчок бяры, васпане.

Несцерка (бярэ гаршчок). Гаршчок таксама ладны.

Мальвіна. Прыгожы, зграбны! На цябе пазірае, купіць запрашае!

Несцерка. У печ яго шкада паставіць - цацка! (Не ведае, што з гэтым усім рабіць, ледзь трымае ў руках.)

Мальвіна. Вядома, цацка!.. Асцярожна! Купляй, панок, пакуль не позна. Гаспадыня дзякаваць будзе.

Несцерка (ставіць усё на месца). Мая ж ты ластаўка, не куплю.

Мальвіна (здзіўлена). Чаму? З цябе я многа не вазьму! Дадушы, добрыя міскі!

Несцерка. Грошай няма! (Паказвае пустыя кішэні.)

Трэцяя гандлярка. Ага, не купляе!

Чацвёртая гандлярка. Так ёй і трэба!

Мальвіна (нездаволена). Няма?! От, навіна! Дык чаго на кірмаш прыйшоў? Ну і панок, трасца табе ў бок! Каб на цябе ліха!

Несцерка. Ціха, кабетка, ціха! Трымай пры сабе сваё ліха.

Мальвіна. Чаго сюды прыйшоў? Праходзь сабе далей! Няма чаго стаяць ды каля тавару ацірацца! Ідзі сабе хутчэй! У вочы мне не лезь, калі не купляеш!

Несцерка. Глядзі, якая жанчына злая! Ці ты шалёная, ці дурная? Скуль тае злосці поўныя косці!..

Мальвіна (злуе). Ён яшчэ гаворыць! Каб цябе людзі не зналі! Каб цябе чорт схапіў!

Несцерка (разважна). У чорта спіна сцёрта, на ім не паедзеш, а за мяне, цётка, не бойся, мяне чорт не возьме, хутчэй цябе, бо вельмі ж ты да яго падобна!

Мальвіна. Што?! Каб ты здох! Ражон табе ў горла, валацуга! Чулі?! Каб ты свету не бачыў! Каб табе ногі паламала! Каб табе рукі павыкруціла, зладзюга!

Несцерка (лагодна). Другім разам куплю, калі грошы будуць.

Мальвіна. Не дачакаеш ты з родам тваім!

Несцерка. Годзе лаяцца, здароўе папсуеш. Ты ж і без таго кволая.

Мальвіна. Галаву каб ты згубіў! Прэч! Валацуга! Шыбенік!

Несцерка. От людзі, нават і пастаяць не дадуць!

Мальвіна. Ідзі! Каб ты скрозь зямлю пайшоў!..

Першая гандлярка (да астатніх). Хадзем дахаты! Больш ніхто не купіць.

Другая гандлярка. Праўду кажаш!

 

Гандляркі выходзяць.

 

Несцерка. Куды ж гэта мне ісці? Нікога ж я тут не ведаю, першы раз сюды трапіў.

 

З'яўляюцца шляхцюкі.

 

Несцерка (Заўважыў шляхцюкоў). Ой, ліха! Шляхцюкі! Мяне шукаюць! Трэба ратавацца! (Знікае.)

Першы шляхцюк. Ці няма тут нашага злыдня? (Таямніча.) Мне здаецца, я бачыў яго каля базару. (Аглядаецца.)

Другі шляхцюк. Усё можа быць, васпане. Трэба сачыць добра. Як толькі зловім, дык адразу да суддзі. Няхай яго правучыць!

Першы шляхцюк. Без суда не абыдзецца.

Другі шляхцюк. Ты глядзі, васпан, у адзін бок, а я буду глядзець у другі. Ён ад нас не схаваецца!

Мальвіна (кінулася да шляхцюкоў). Панове! Сябры! Ягамосці! Калі ласка! Падыходзьце! Купляйце! Прыгожыя талеркі, міскі, гаршкі ўласнага вырабу! Кожнаму да патрэбы, кожнаму даспадобы.

 

Шляхцюкі праходзяць, не звяртаючы на яе ўвагі.

 

Не, сёння, відаць, нічога больш не прадам. Ды хопіць-такі, даволі. Панакуплялі, дзякаваць Богу, нямала. Але дзе ж гэта Мацей, каб на яго ліха!..

 

Кладзе гаршкі ды міскі ў кош, не заўважаючы, як збоку з'явіліся Насця і Юрась. Хлопец і дзяўчына моўчкі развітваюцца. Юрась выходзіць. Насця падышла да Мальвіны.

 

Насця. Мама!..

Мальвіна. Дзе ж гэта ты бавілася, дачушка? Час ужо дахаты ісці, а тут ні дачкі, ні бацькі. Напэўна, ізноў з Юркам гуляла?

 

Насця схіліла галаву, маўчыць.

 

(Узвышае голас.) Выкінуць яго трэба з галавы. Ён табе не раўня!

Насця. Мама, вы ж самі ведаеце - ён мяне любіць і я яго таксама.

Мальвіна. Цьфу, дурненькая!.. І што гэта за словы такія: любіць, люблю!.. У мае гады дзеўкі пра гэта і не чулі і не ведалі. Любіць можна толькі багатых ды шляхетных, калі маці дазволіць. А ён што? Галота нейкая, ні роду, ні племені!.. Не, дачушка, адмовіла я яму, і досыць! У жыцці гэтага не будзе! Забудзь пра яго і думаць. (Хоча ісці.)

Насця. Калі ж я не магу.

Мальвіна. Глупства! Бяры прыклад з мяне.

Насця (перапыняе). Але ж і вы, матуля, не за пана якога выйшлі, а за тату.

Мальвіна (паставіла міскі, жвава). От затое цяпер і пакутую! Не па сваёй волі і выйшла... О, калі б мне волю далі! Я, напэўна, даўно паняй зрабілася б! Я ж была разумнейшая за цябе. Ого! Казала я сваёй маці-нябожчыцы: не аддавайце мяне, матуля, за простага мужыка, за ганчара. Усе мае падругі ў людзі выйшлі: адна за войтам, другая за аканомам, трэцяя за пісарам, за вучоным чалавекам... А я што? Гаршкамі гандлюю!..

Насця. Кіньце, мама...

Мальвіна (спынілася). Як гэта, «кіньце»? Людзі ў шчасці ды ў багацці жывуць, як мак у гародзе, квітнеюць, а я марнею сабе ды сохну, як тая былінка занядбаная пры дарозе. Счарнела ды спапялела ўся без пары, нібы тая лучынка сасновая! Дзе мае маладыя гадочкі? Дзе мая дзявочая краса? Усё прахам пайшло, усё з вадой сплыло, нібы і не было ніколі. І ўсё праз яго, праз бацьку твайго!

Насця (убок). Усё да бацькі чэпіцца! (Голасна.) Наш тата добры! (Дапамагае Мальвіне прыбраць гаршкі ды міскі.)

Мальвіна (не слухаючы). Вось я і думаю сабе: калі мне не пашанцавала, дык няхай затое хоць дачка мая ў людзі выйдзе.

Насця. Юрась добры... Ён работы не баіцца, а сэрца ў яго залатое.

Мальвіна. Глупства! Няма чаго казаць - ён хлопец працавіты, не гультай, барані Божа, не п'яніца. Усё зрабіць можа, але ж бедны! А хто бедны, той шчасця не мае.

Насця. Са мною ён будзе мець шчасце. (Узяла некалькі гаршкоў і пайшла.)

Мальвіна. І не думай. (Убок.) Ой, бачу я, хутчэй трэба са шкаляром вяселле ладзіць...

 

Насця вярнулася.

З'яўляецца шкаляр.

 

Шкаляр (любуецца здалёку Насцяй). Бачу я, мне пашанцавала! Дзеўка хоць і з простых, але ж вельмі прыгожая. Такую і сярод шляхцянак не знойдзеш. Мёд, а не дзеўка, дай Бог кожнаму. (Задумаўся.) Дый пасагу матка, напэўна, не пашкадуе. Грошы ў іх, здаецца, ёсць.

Мальвіна (заўважыла шкаляра, да Насці). Ой, шкаляр! Лёгкі на ўспамін! Да нас ідзе! (Шкаляру.) Добры вечар, пане шкаляр!

Шкаляр (падыходзіць). Вечар добры, пані Мальвіна! Вечар добры, паненка Наста! Як маецеся, пані Мальвіна, разумнейшая ў свеце жанчына?

Мальвіна. Нічога, пане шкаляр, дзякую. (Штурхае дачку.)

 

Насця моўчкі, схіліўшы галаву, кланяецца шкаляру.

 

Шкаляр. Які сёння прыгожы дзень, хвала Богу! Які багаты фэст! Колькі цудоўных рэчаў! Колькі паважных паноў! Колькі прыгожых паненак! Але сапраўднай аздобай усяго кірмашу з'яўляецеся вы, пані Мальвіна, і паненка Наста! (Цырымонна кланяецца.) Пані выглядае, нібы ружа ў поўным квеце, а паненка Наста, нібы...

Мальвіна (перапыняе). Ах, што вы, пане шкаляр! Вы нас проста збянтэжылі. (Непрыкметна штурхае дачку.)

Насця (ціха, з дакорам). Мама!..

Мальвіна. Пане шкаляр, як вашы навучальныя справы?

Шкаляр. Дзякую за ўвагу, пані Мальвіна. Мае навучальныя справы вельмі паспяховыя. Неўзабаве я скончу калегію. Пастараюся гэта зрабіць адразу пасля вяселля.

Мальвіна. А чаму вы там навучаецеся?

Шкаляр. Я навучаюся там усім навукам адначасова. Пасля сканчэння калегіі кім захачу, тым і буду.

Насця. А кім жа вы будзеце?

Шкаляр. Магчыма, я буду магістрам элаквенцыі.

Насця. Як? (Пырснула смехам.)

Мальвіна (дачцэ, незадаволена, ціха). Цішэй ты, дурненькая! (Шкаляру, лісліва.) Ой, Божа, нам, простым людзям, нават і не вымавіць. Слова нейкае незразумелае. Відаць, вучонае. Напэўна, замежнае.

Шкаляр (самаздаволена). О так, паважаная пані Мальвіна! Вы маеце рацыю. Слова гэта чужаземнае і вучонае - лацінскае!

Насця. А што гэта значыць па-нашаму?

Шкаляр. Па-вашаму, па-простаму, гэта значыць - майстар красамоўства. Гэта такая вучоная годнасць.

Мальвіна. Красамоўства!.. Ах, як прыгожа... (Штурхае дачку, ціха.) Ды скажы ты хоць што-небудзь яшчэ! Чаго саромішся, дурніца?

Насця (ціха). Адчапіцеся, мама.

Шкаляр. Быць можа, я буду яшчэ і доктарам юрыспрудэнцыі, гэта значыць - доктар судовых навук, - і займу пасаду суддзі. Магчыма нават, што, апроч усяго іншага, я буду яшчэ і доктарам медыцэнцыі...

Насця (засмяялася). Як? Медыцэнцыі?

Шкаляр (зірнуўшы на яе). Выбачайце, я хацеў сказаць медыцыны, з дазволу пані Мальвіны. (Кланяецца.) Гэта значыць урачом, бо я, бачыце, на ўсе навукі здатны.

Мальвіна (дачцэ). Чула? (Да шкаляра.) Цудоўна! На гэта ж трэба мець вялікі розум. (У захапленні.) Ды з такім розумам можна нават і каралём зрабіцца!

Шкаляр (важна). О так, пані Мальвіна! Зразумела! Нічога дзіўнага! Вандруючы па свеце, я даведаўся аб усім, што вядома вучоным людзям. Я прачытаў шмат выдатнейшых кніг, я бачыў шмат чужаземных краін, я вучыўся ў шматлікіх семінарыях.

Мальвіна. Ах, як цікава! Дык кім вы будзеце, пане шкаляр, суддзёй ці ўрачом?

Шкаляр. Хутчэй за ўсё буду доктарам тэалогіі, гэта значыць багаслоўя. Тады, скончыўшы семінарыю, я атрымаю пасаду свяшчэнніка.

Мальвіна (да Насці). Чула?! Свяшчэнніка! Ён будзе папом! Шчасце ляціць табе проста ў рукі.

Шкаляр. Пастараюся, каб гэта было ў нашым мястэчку.

Мальвіна. Вось будзе добра! (Дачцэ.) Праўда, Насця?

 

Насця маўчыць.

 

Яна так узрадавалася, што не знаходзіць сабе нават слоў ад шчасця.

Шкаляр. О, гэта так зразумела! А цяпер я хачу ў вас запытацца, пані Мальвіна, ці хутка будзе вяселле?

Мальвіна. Як мы дамовіліся. У апошні дзень кірмашу.

Шкаляр. Як доўга чакаць!

Мальвіна. Усяго два дні.

Шкаляр. Я лічу не толькі дні, але нават кожную хвіліну.

 

Гукі музыкі. На пляц выходзяць тры скамарохі. У аднаго з іх труба, у другога барабан, трэці вядзе на ланцугу мядзведзя. На мядзведзі дошка, на якой напісана, што заўтра на пляцы адбудзецца прадстаўленне вандроўнага балагана. За скамарохам бяжыць народ, у тым ліку і Несцерка.

 

Насця (да Мальвіны). Мама, скамарохі прыехалі! Заўтра будзе забава!

Мальвіна. Вось дзе пасмяёмся. Даўно ўжо іх не было.

 

Скамарохі выходзяць. Народ ідзе за імі.

 

Насця. Мама, мы пойдзем на забаву?

Мальвіна. Пойдзем, дачушка, пойдзем. (Шкаляру.) Вы будзеце з намі заўтра на забаве?

Шкаляр. Не смею адмовіцца. Асабіста я, як чалавек вучоны, не прызнаю народных ігрышчаў, але быць разам з вамі і маёй прыгожай нявестай лічу не толькі сваім абавязкам, але і найвялікшай асалодай.

Мальвіна. Вось і добра, паглядзім разам. Напэўна, будзе вельмі смешна. Дык прыходзьце абавязкова!

Шкаляр (кланяецца). Лічу гэта не толькі прыемным, але і святым абавязкам. Выбачайце, пані Мальвіна! Выбачайце, паненка Наста! На жаль, мне трэба спяшацца. У мяне пільная справа да пана Бараноўскага. Да пабачэння. (Выходзіць.)

Мальвіна. Бывайце здаровы! (Дачцэ.) Чула? Да пана Бараноўскага! Які разумны, які вучоны, які шляхетны! Гэта ж для нас такі гонар...

Насця (ціха). Дарэмна будзеце старацца.

 

На небе ўзыходзіць месяц. На базары нікога няма.

 

Мальвіна (схамянулася). Ах, Божа ж мой, вечар надыходзіць! Дзе ж гэта бацька твой бавіцца? Пэўна, у карчме сядзіць. Паглядзі за канём, дачушка, а я пайду бацьку пашукаю. (Ідзе ў адзін бок, Насця - у другі.)

 

З'яўляецца Несцерка.

 

Несцерка. Стаміўся, не раўнуючы, як сабака. Хаджу я, хаджу цалюсенькі дзень, аж ногі знямелі. Усё мястэчка абышоў, а ці давядзецца адпачыць, дык і не ведаю. Няма дзе прытуліцца - ды годзе. (Спыніўся.) Глядзі, блішчыць нешта на зямлі... Можа, што добрае? (Падымае з зямлі стрэмя.) Глупства - стрэмя... Кінуць, ці што? (Размахнуўся, каб кінуць у залу, але раптам задумаўся.) Павешу яго лепей вось тут, можа, каму спатрэбіцца, - ды сам адпачну трохі. (Павесіў стрэмя на браме перад хатай.) Можа, людзі і не прагоняць, як тая ганчарыха, каб на яе ліха. (Сеў на лаўцы пад паветкай. Пазяхае, кладзецца спаць.)

 

З'яўляецца Юрась.

 

Юрась (спявае)

Ой, у садзе вішня

З-пад каменняў выйшла;

Ой, хлапец гукае,

Каб дзяўчына выйшла.

 

Насця спявае за сцэнай:

 

Ой, дзяўчына выйшла,

Праву ручку дала:

«Здароў, здароў, любы,

Я ж цябе чакала!»

 

Уваходзіць Насця.

 

Юрась. Насця!

Насця. Юрасік, родны мой!

Юрась. Сонейка маё яснае! Сэрца маё! Нібы зорка з неба зляцела! Не магу я без цябе на свеце жыць!

Насця. Сокал мой любы!

Юрась. Рыбка мая, няўжо ты мяне любіш?!

Насця. Люблю.

Юрась. Няўжо гэта праўда?

Насця. Праўда, мой любы, праўда. З кожным днём усё больш я цябе кахаю. Але што мне рабіць, няшчаснай? Маці пра цябе і слухаць не хоча.

Юрась. Казала ты ёй?

Насця. Усё казала, мой любы. Казала, што люблю толькі цябе аднаго і век любіць буду. Сказала, што не хачу за шкаляра. Толькі за цябе я пайду, а калі не за цябе, дык за нікога. Хутчэй на свеце не буду жыць.

Юрась. А яна?

Насця. І слухаць не хоча, гаварыць не дае. Надумала мяне за шкаляра аддаць. Вяселле рыхтуе.

Юрась. Гора мне, гора! Пракляты шкаляр! Не відаць мне, бедаку, шчасця! Забудзеш ты мяне, Насця. Аддадуць цябе за шкаляра. Зробішся ты важнай паняй, у шоўку ды аксаміце будзеш хадзіць, на людзей звысоку паглядаць, а пра беднага Юрася ў шэрай світцы нават і не ўспомніш.

Насця (адвярнулася, заплакала). Нядобры.

Юрась (спалохана). Любка мая! Сэрца маё! Чаго ж ты плачаш?

Насця (скрозь слёзы). Калі ты мяне крыўдзіш.

Юрась. Ах, я дурны! Я ж не хацеў! Галубка мая, даруй мне, любая! (Абнімае Насцю.)

 

Насця паклала яму галаву на плячо.

 

Зязюлька мая ненаглядная! А што кажа бацька?

Насця. Бацька не супраць, але ж ты сам ведаеш, у нас як маці захоча, так і будзе.

 

Здалёку чуваць голас Мальвіны: «Насця! Насця!»

 

Бывай, мой любы! Маці кліча. Прыходзь заўтра на скамарохаў! (Пабегла.)

Юрась. Бывай, мая красачка! Бывай, маё сонейка! (Задумаўся.) Што рабіць? Дзе шукаць дапамогі, ды хто мне, бедаку, дапаможа? З кім параіцца? Ах, бяда ж мая, бяда!.. (Сеў каля брамы, схіліўшы галаву.)

Несцерка (узнімаецца з лаўкі). Гэй, хлопча, паслухай!

Юрась. Хто гэта? Чаго трэба?

Несцерка. Ды гэта ж я, Несцерка. Можа, чуў?

Юрась. Несцерка?! Чуў! Здароў, дружа! Што ж ты тут робіш?

Несцерка. Хадзіў, работы шукаў, вось і трапіў сюды ненарокам.

Юрась. Знайшоў работу?

Несцерка. Дзе ты бачыў! Слухай, Юрка, а што гэта за дзяўчына, з якой ты тут мілаваўся? Прыгожая!

Юрась. Эх, Несцерка, не ведаеш ты маёй бяды. Люблю я Насцю, і яна мяне таксама. Ты ж бачыў сам, што за дзяўчына. Тварык - нібы месячык ясны, вочкі - нібы зоркі, губкі, як малінкі, зубкі, як цукеркі, а сама - гнуткая ды стройная, нібы тая таполя сярод поля. Люблю я Насцю больш жыцця свайго.

Несцерка. Ну дык і добра. Кахайцеся сабе на здароўе, як тыя галубкі.

Юрась. Ах, Несцерка, чаму я не багаты, а яна не бедная? Бацька згодзен аддаць яе за мяне, а маці, ганчарыха, не хоча. Кажа, што я бедны, што яна за мной загіне. Надумала яе за шкаляра нейкага, за прайдзісвета аддаць.

Несцерка. За прайдзісвета? Вядома, усе семінарысты на руку нячысты.

Юрась. Бяда, Несцерка. Як яна захоча, так і будзе.

Несцерка. Сур'ёзная жанчына. Гэта ж яна мяне сёння на базары лаяла.

Юрась. Не ведаю, Несцерка, што і рабіць. Прасіла мяне каханая, каб прыйшоў заўтра на забаву. Людзі там весяліцца будуць, на скамарохаў дзівуючыся, а я буду стаяць дзе-небудзь у кутку ды глядзець, як вакол маёй любай агідны прайдзісвет увіваецца. Ні прывітацца, ні падысці да яе на людзях не адважуся.

Несцерка (задумаўся). Не бойся, браце! Я тваю бяду рукамі развяду.

Юрась (сумна). А што ты можаш зрабіць, Несцерка?

Несцерка. Заўтра ўбачыш. Заўтра аб усім падумаем, а шкаляра твайго адсунуць паспрабуем. Няхай сабе чаго іншага шукае.

Юрась. Хадзем адсюль.

Несцерка. Чаго?

Юрась. Пан ідзе.

 

Зніклі за брамай, на якой вісіць стрэмя.

Уваходзіць пан Бараноўскі.

 

Пан (крыху падпіўшы, спявае)

Бацька сына

Выбіў пасам...

Выбіў пасам...

Выбіў пасам...

А сын бацьку

Ў лоб абцасам...

Ў лоб абцасам...

Бэнц!..

 

(Спыніўся перад брамай, стукнуў па стрэмю стэкам.) Гэта што такое? Ага, стрэмя. (Напявае.) Стрэмя, стрэмя, стрэмя, стрэмя!.. Гм... Тут, відаць, рымар жыве, а ён мне якраз і патрэбен. (Стукае ў браму.) Гэй, дзе тут майстра?

 

Уваходзіць Несцерка.

 

Несцерка. Чаго трэба, паночку?

Пан. Гэй, дзе гаспадар?

Несцерка. Я тут, паночку!

Пан. А, ты - рымар? Сядло панскае да продажу маеш?

Несцерка. Не, паночку. На тую бяду сядла якраз і не маю.

Пан. А зрабіць на заказ можаш?

 

Юрась прыслухоўваецца да размовы Несцеркі з панам.

 

Несцерка. Гэта можна, паночку.

 

Юрась непрыкметна робіць яму знакі, каб ён адмовіўся. Несцерка непрыкметна для пана робіць знакі Юрасю, каб ён не ўмешваўся.

 

Пан. Глядзі толькі, каб добрае сядло зрабіў, панскае, каб не сорамна было перад панствам на кані ды на новым сядле пакрасавацца. Зразумеў?

Несцерка. Зразумеў, паночку. Я ўсялякія сёдлы раблю: і шаўковыя, і скураныя, і сярэбраныя, і залатыя. Ты лепшага рымара, мусіць, не знойдзеш ва ўсёй Беларусі!

Пан. Гэта праўда?

Несцерка. Каб вы так шчасліва да сваёй хаты дайшлі, як гэта праўда.

Пан. Ну, глядзі. У нядзелю зробіш?

Несцерка. Зраблю, паночку. Калі дасцё грошы наперад, дык зраблю абавязкова.

Пан. Колькі табе трэба?

Несцерка. Колькі? (Думае.) Дзесяць? Мала! Пятнаццаць? Многа! (Рашуча.) Рублёў дваццаць трэба даць, паночку.

Пан (убок). Здаецца, нядорага. Трымай! (Дае Несцерку грошы.)

Несцерка. Дзякую, паночку. Будзе зроблена ў тэрмін.

Пан. У нядзелю прынясеш сядло да мяне ў палац.

Несцерка. Слухаю, паночку. Усё будзе, як пан жадае. (Кланяецца.) Бывайце здаровы!

Пан. Глядзі! (Заспяваў.)

Бацька сына

Выбіў пасам...

Выбіў пасам...

Выбіў пасам.

Несцерка (праводзячы пана, падхапіў)

А сын бацьку

Ў лоб абцасам...

Ў лоб абцасам...

Ў лоб!..

Пан (абярнуўся, папраўляе Несцерку). Бэнц!..

Несцерка (настойліва). У лоб! У лоб, паночку!..

Пан. Бэнц!.. (З захапленнем наступаючы на Несцерку, вучыць яго.)

 

Несцерка крок за крокам адступае, прытанцоўваючы.

 

Пан і Несцерка (разам)

Бацька сына

Выбіў пасам...

Выбіў пасам...

Выбіў пасам...

А сын бацьку

Ў лоб абцасам...

Ў лоб абцасам...

Ў лоб...

 

Пан натыкаецца на слуп і стукаецца лбом.

 

Пан. Ой!..

Несцерка. У лоб?!

Пан (схапіўшыся за лоб рукою, разгублена). У лоб!.. (Выходзіць.)

Юрась (выходзіць з-за брамы, устрывожана). Несцерка, нашто ты панскія грошы ўзяў? Табе ж перад панам адказваць давядзецца. Ты ж, мусіць, ніколі сёдлаў не рабіў. Дзе ты яму сядло возьмеш?

Несцерка. Такой бяды! На першыя выдаткі ё! (Паказвае грошы.)

Юрась. Што ж гэта будзе?

Несцерка. А нічога не будзе. Заўтра ў нас з табою снеданне добрае будзе, ды на вопратку новую і табе і мне хопіць. Трэба ж да вяселля рыхтавацца? Вось табе на адзенне. (Дае Юрасю грошы.) А ўсё астатняе - не твая справа.

Юрась (нерашуча). Дзякую, Несцерка. Але ці можна гэтак?

Несцерка. А чаму не? Можна! Бачу я, хлопча, што іначай не пражывеш. Ты дабро зрабіў, а цябе за каўнер хапаюць. Ты чалавека з бяды вызваліў, а цябе за гэта ў турму валакуць. Ці мала з нас паны цягнуць? Дык няхай хоць гэтыя некалькі рублёў нам на спажыву пойдуць. Зразумеў?

Юрась. Зразумеў.

Несцерка. Хочаш Насцю за жонку мець, дык маўчы і рабі ўсё, што я скажу. Чуеш?

Юрась. Чую, Несцерка. А што трэба рабіць?

Несцерка. Што рабіць? А вось што... (Адводзіць Юрася ў глыбіню сцэны. Хоча яму нешта сказаць на вуха. Падазрона глядзіць навакол.) Хадзем сюды, тут зручней! (Вядзе яго за руку на авансцэну. Убачыў гледачоў у зале, спалохана адсунуўся.) Э, не... (Адмахнуўся рукой і цягне Юрася з сабой за кулісы.)

 

Заслона

 

Карціна другая. Скамарохі

 

Базарны пляц. Падмосткі вандроўнага балагана. Хлопцы і дзяўчаты танцуюць, чакаючы пачатку відовішча. З імі Юрась і Насця. Адзін рад наступае, другі адступае і наадварот, па чарзе.

 

Хлопцы і дзяўчаты (спяваюць у танцы)

- Чаму вы, канапелькі, не зялёныя стаіце?

Ой, люлі, люлі, не зялёныя стаіце?

- Як жа нам, канапелькам, зялёным стаяці?

Ой, люлі, люлі, зялёным стаяці?

Зверху канапелькі клююць вераб'і.

Ой, люлі, люлі, клююць вераб'і.

Знізу канапелькі вадой падплылі.

Ой, люлі, люлі, вадой падплылі.

Знізу канапелькі хвалі зламілі.

Ой, люлі, люлі, хвалі зламілі.

 

- Чаму ты, дзяўчыначка, невясёлая ў танку*?

Ой, люлі, люлі, невясёлая ў танку?

- Як жа мне вясёлаю ў танку стаяці?

Ой, люлі, люлі, ў танку стаяці?

Бацюхна кажа, Юрасю аддаці.

Ой, люлі, люлі, Юрасю аддаці.

Матухна кажа, шкаляру прадаці,

Ой, люлі, люлі, шкаляру прадаці.

* Танок - танец(нар.)

 

На падмостках балагана з'яўляецца перад страката размаляванай заслонай скамарох. Б'е ў барабан. Танцы спыніліся. З усіх бакоў збіраецца да яго народ.

 

Скамарох

Гэй, добрыя людзі!

Паглядзіце, што будзе:

Скамарохі гуляюць,

Да сябе запрашаюць!

На забаву спяшайцеся

Ды не вельмі штурхайцеся! (Выбягае.)

 

Уваходзіць ганчар Мацей з жонкай Мальвінай. Насця падыходзіць да маці.

 

Мацей. Вось тут сядзем, тут будзе добра.

Мальвіна. Сюды! Тут лепей! (Праціскаецца ў першы рад.)

 

Мацей і Насця ідуць за ёю, садзяцца ў першым радзе. З'яўляецца шкаляр.

 

Шкаляр. Дзень добры!

Мальвіна. Добры дзень, пане шкаляр! Сядайце з намі!

Шкаляр. Дзякую. З найвялікшай асалодай!

Мальвіна. Вось тут, калі ласка! (Садзіць шкаляра паміж сабой і Насцяй.)

Галасы гледачоў.

- Глядзі! Увесь першы рад захапілі!

- І калі гэта яна ўправілася!

Шкаляр. Я не люблю народных відовішчаў. Для асвечанага розуму і ўзвышанай душы яны не прыносяць аніякай карысці.

Мальвіна. Ах, я з вамі згодна цалкам.

Шкаляр. Я прашу вас, пані Мальвіна, і вас, паненка Наста, прысутнічаць заўтра на вучоным дыспуце, які павінен адбыцца на гэтым самым месцы. Гэта будзе куды цікавей за скамарохаў.

Мальвіна. Які ж гэта дыспут?

Шкаляр. Хіба вы не чулі? Даведаўшыся аб маёй вялікай вучонасці, пан Бараноўскі прасіў мяне прыняць удзел у вучоным дыспуце, які павінен адбыцца на другі дзень кірмашу перад усім народам.

Мальвіна. Гэта значыць, заўтра?

Шкаляр. Так, пані Мальвіна! Пераможца атрымае ўзнагароду. Напэўна, гэта буду я.

Мальвіна. Ах, як цікава! Мы прыйдзем абавязкова. Я так люблю шляхетныя ды вучоныя размовы.

Шкаляр. Мне будзе вельмі прыемна.

 

Юрась стаіць уводдалі, не асмельваючыся падысці бліжэй. Насця непрыкметна ад маці ківае яму галавой. Юрась усміхнуўся радасна, ківае ёй таксама.

 

Мацей (убачыў Юрася, прыўзняўся з месца, махае рукой, голасна). Гэй, Юрась! Хадзі сюды, братка! Тут месца ёсць!

Мальвіна (з сілай схапіла старога за рукаў, прымушаючы сесці). Цішэй ты, стары дурань! Сядзі! Не ў карчме! У шляхетным грамадстве трымаць сябе не ўмееш! З галотай водзішся!

Мацей. Годзе ўжо, сяджу! (Уздыхнуў.) Ну і жыццё! З добрым чалавекам дык і прывітацца нельга.

Мальвіна (грозна). Што?!

Мацей. Ды гэта ж я так... Маўчу, маўчу...

 

З'яўляюцца шляхцюкі.

 

Першы шляхцюк. Куды ж ён знік, дзе схаваўся?

Другі шляхцюк. Можа, ён сюды прабраўся?

 

Садзяцца, падазрона ўглядаюцца ў твары прысутных. Перад заслонай з'яўляецца скамарох.

 

Скамарох

Гэй, добрыя людзі,

Паглядзіце, што будзе!

Заслона ўзнімаецца,

Забава пачынаецца!

 

Заслона на падмостках узнялася. Пачынаецца прадстаўленне інтэрмедыі вандроўнага балагана пад назвай «Казак, шляхціц-элегант і дзеўка Ульяна».

З'яўляецца дзеўка Ульяна.

 

Дзеўка Ульяна (спявае і танцуе)

Я дзяўчына маладая

Дый прыгожая такая.

Пасылаюць бацька, маці

Ў лесе ягады збіраці.

Казак (падыходзіць, бярэ дзеўку Ульяну за руку)

Я з табою патанцую,

Чаравічкі падарую.

Не шкадую свае боты,

Бо скакаць маю ахвоту.

Дзеўка Ульяна

З казаком я патанцую,

Казака я пацалую,

Бо казак гэты такі,

Чарнавусы, малады!

 

Танцуюць разам.

 

Скамарох

Скачыце, танцуйце,

Чаравікаў не шкадуйце,

Бо паклічу шаўца Кандрата,

Будзе на чаравіках лата.

 

Казак

Каб не гэта дзеўка,

Я бы не жаніўся;

Распаліла душу,

Я жаніцца мушу.

 

Цалуецца з дзеўкай Ульянай.

 

Мальвіна. Ах, бессаромніца!

Галасы гледачоў.

- Эй, казак, задушыш!

- Глядзі, як прысмактаўся!

- Сорам які! Цьфу! Куды ты мяне прывёў?!

- Сядзі, сядзі! Гэта ж не цябе цалуюць!

- Пусці!

 

Казак

Бывай, Ульянка,

Мая каханка!

Трэба мне на варту

Ісці да ранка. (Выходзіць.)

 

Скамарох

Тры дні кахаліся,

Пакуль бацькі не дазналіся,

А як бацькі дазналіся,

Усё адно кахаліся.

 

З'яўляюцца Антон і Антоніха, бацькі дзеўкі Ульяны.

 

Антон

О людзі, людзі!

Што з намі будзе?

 

Антоніха

Не цалуйся з казаком!

Не мілуйся з бедняком! (Б'е дзеўку Ульяну.)

 

Насця (уздыхнула). Бедная!

Мальвіна. Правільна робіць! Дзяцей трэба ўшчуваць!

Шкаляр. Я згодзен з вамі цалкам, паважаная пані Мальвіна.

 

Дзеўка Ульяна плача.

 

Антоніха (штурхае дзеўку)

Ідзі ў даліну

Па маліну!

 

Антон. Нам грошы патрэбны!

 

Выходзяць.

 

Скамарох

Бацька лае, матка б'е,

Дзеўку ж ліха не бярэ!

 

Дзеўка Ульяна (выцерла слёзы рукавом, заспявала)

Я дзяўчына маладая

Дый прыгожая такая,

Пасылаюць бацька, маці

Ў лесе ягады збіраці. (Хоча ісці.)

 

На сцэну выходзіць шляхціц-элегант з даўгімі вусамі, апрануты ў традыцыйны кунтуш.

 

Шляхціц-элегант (убачыў дзеўку Ульяну, падыходзіць да яе)

Які пенкны порткі мое,

Маю дома яшчэ трое! (Танцуе.)

Скамарох

Асцярожней каля сцяны,

Бо кунтушык пазычаны!

Дзеўка Ульяна (смяецца з яго)

Ой, паночак бедны,

Не скакаў ніколі,

А цяпер ён мусіць:

Яго кашаль душыць.

Шляхціц-элегант (павучальна)

Мы танцуем паволі,

Нех нам сэрца не болі.

 

Паказвае знакамі, што закаханы ў дзеўку Ульяну.

 

Галасы гледачоў. Ой, не вытрымаць!

- Вось дык кавалер!..

- Псік!..

Дзеўка Ульяна (адштурхнула яго). Адыдзі, брыда! (Выходзіць.)

Шляхціц-элегант

Ой, паненка! Ой, ой, ой!

Як сустрэцца мне з табой?

Мальвіна. Дурная дзеўка!

Насця. Які брыдкі!

Юрась (смяецца). Нават прыгожыя порткі не дапамаглі!

Шкаляр. Цікава, што далей будзе!

 

На падмосткі выходзяць Антон і Антоніха.

 

Антон і Антоніха (спяваюць разам)

Антон маладзенькі

Піў мёд саладзенькі,

Падышоў ён к бочачцы,

Яму яшчэ хочацца. (Танцуюць.)

Антон. Антоніха, дзе грошы возьмем? Трэба ў карчму ісці, мёд ды піва піць!

Шляхціц-элегант (падыходзіць, спяваючы)

Які пенкны порткі мое,

Маю дома яшчэ трое.

Антоніха. Аддадзім дачку за элеганта, вось і грошы будуць. (Выходзіць за Ульянай.)

 

Антон бярэ ў шляхціца грошы.

 

Мацей. Прап'е! Як піць даць, прап'е!

 

Галасы гледачоў.

- Антон! Ідзі ў шынок!

- Антон! Вазьмі мяне з сабой!

 

Антоніха прыводзіць за руку дзеўку Ульяну. Дзеўка Ульяна ўпіраецца.

 

Антоніха

Будзеш есці, будзеш піць,

Ў срэбры-золаце хадзіць.

 

Антоніха перадае дзеўку Ульяну шляхціцу-элеганту.

 

Мальвіна. Дурная, свайго шчасця не разумее.

Антон

Прадалі дзеўку, як лянок,

Дык хадзем у шынок!

Антоніха

Цяпер можна пагуляць,

У карчомцы паскакаць.

Антон. Хадзем, паўкварты пастаўлю!

 

Выходзяць.

 

Шляхціц-элегант (цягне дзеўку за рукаў). Прашу да мяне на гарбату.

Дзеўка Ульяна (не хоча ісці). Адчапіся ад мяне, дурнаваты!

 

Шляхціц-элегант б'е дзеўку Ульяну. Яна плача.

 

Юрась. Не плач, Ульянка! Ратуйся!

Насця. Ульянка, чаго стаіш? Уцякай!

Мальвіна (зняважліва). Плача яшчэ, падумаеш!

Галасы гледачоў. Зараз казак прыйдзе!

- Ён яму пакажа!

 

За сцэнай чуваць спеў казака.

 

Голас. Ідзе, ідзе! Зараз тут будзе!..

 

Казак выходзіць на сцэну.

 

Казак. Гэта я з варты прыйшоў.

 

Дзеўка Ульяна вырываецца ад шляхціца, бяжыць насустрач казаку.

 

Насця. Ага, уцякла!

Юрась. Малайчына дзеўка!

Голас. Правільна зрабіла!

Казак (абнімае дзеўку Ульяну). Эх ты, ягадка мая!

Шляхціц-элегант (зазлаваў)

Ты чаго тут крычыш, гукаеш,

Мне перашкаджаеш?

Я - шляхціц-элегант!

Казак

Я не крычу, не гукаю,

Чаго не згубіў, тое шукаю,

А хто мне перашкодзіць,

Таго забіваю! (Выхапіў шаблю.)

Голас. Правільна!

Мальвіна (сашчапіла рукі). Ах, Божа мой, што ж гэта будзе?

Шляхціц-элегант (спалохаўся)

Ай, ай, ай! Што ты робіш? Не хачу!

Я да пана палкоўніка пайду!

 

Казак забівае шляхціца.

 

Мацей (узрадаваўся, ударыў рукамі па каленях). Ай добра! Вось гэта дык здорава! Гэта - па-нашаму!

Мальвіна (абурана). Цішэй ты! Што ты разумееш? Шляхетнага чалавека забілі, а ён, дурань, радуецца!..

Казак (абнімае дзеўку Ульяну)

Ты, дзяўчына, спадабалася мне.

Не аддам я нікому цябе.

 

Юрась. Правільна! Нікому не аддавай, казак!

 

Казак і дзеўка Ульяна цалуюцца, потым кланяюцца публіцы і выходзяць, танцуючы.

 

Уваходзяць Антон і Антоніха.

 

Антон і Антоніха (спяваюць, разам з імі спявае ўвесь натоўп гледачоў)

Антон маладзенькі

Піў мёд саладзенькі,

Падышоў ён к бочачцы,

Яму яшчэ хочацца.

 

Убачылі забітага шляхціца, спыніліся.

 

Антоніха. Авой, авой! Пана-элеганта забілі!

Антон

Людзі, людзі,

Што з намі будзе?

Антоніха. А можа, у яго яшчэ грошы ёсць?

Антон. Давай пашукаем.

 

Аглядаюць кішэні шляхціца.

 

Галасы гледачоў.

- Антон, здымай з яго порткі!

- Не бойся, Антон, здымай!

 

Мацей. У яго ж дома яшчэ тры пары!

 

Смех.

 

Скамарох

А вось і чорт,

Хвасток як сярпок,

А на кончыку стрэлачка.

 

З'яўляецца чорт.

 

Чорт (убачыў Антона і Антоніху)

Хто непакоіць яго дух?

Забяру і гэтых двух!

Антон і Антоніха. Ай, ай, ай! (Становяцца на калені.)

 

Чорт схапіў Антона і Антоніху, цягне іх з сабой.

 

Голас. А што я казала? Забраў!

 

На падмостках апускаецца заслона.

 

Мацей. Так ім і трэба!

Насця. Гэта ўсё? Ужо скончылася?

Мацей. Пачакай. Яшчэ мядзведзь будзе.

Насця. Як цікава. (Уздыхае.) Якая шчаслівая Ульянка.

Мальвіна. Глупства! (Шкаляру.) Пане шкаляр! Як вам гэта падабаецца?

Шкаляр. Я лічу, што гэта не толькі не цікава, але нават, выбачайце, і непрыстойна.

Мальвіна. Вось і мне так здаецца.

Насця (уздыхае). А мне падабаецца.

Мацей. Ды мне, бадай, таксама.

Шкаляр. Што вы?! Гэта ж проста непрыемна глядзець!

Мальвіна. Ах, не слухайце іх! Хіба яны могуць зразумець?

Шкаляр (Насці). Ну, падумайце самі: забілі паважанага, прыстойнага чалавека; непаслухмяная і нават злачынная дзеўка ўцякла з нейкім жудасным казаком! Ну што ж тут цікавага! Навошта ўсё гэта? Незразумела!

Мальвіна. Праўда, пане шкаляр, праўда!

Насця. Тата, чаму ж мядзведзь не выходзіць?

Мацей (ажывіўся). Чуеш? Ланцугі бразгочуць. Зараз выйдзе.

 

Выходзіць скамарох з мядзведзем. На высокай шапцы скамароха бразгулкі, у адной руцэ ён трымае ланцуг, у другой - трасцінку.

 

Скамарох. А вось выходзіць доктар славутай Смаргонскай акадэміі са сваім вучнем.

Шкаляр. Недарэчны жарт!

Скамарох. Ідзі, Міхал, весялей! (Таргануў за ланцуг.)

 

Мядзведзь засоп, потым зароў і ўзняўся на заднія лапы. Гледачы ў першых радах адсунуліся.

(Спявае.)

 

Ланцуг залаты,

Мядзведзь малады;

Як раўне, як рыкне,

Ажно сэрца злякне.

 

Мядзведзь зароў.

 

Мацей (у захапленні). Але ж і жывёліна!

Мальвіна. Цішэй ты!

Скамарох. Ану, Міхал, пакажы, як бабы ў лес па ягады ходзяць.

 

Мядзведзь паказвае.

 

Мацей. Нячыстая сіла!

Насця (усміхаецца). Мама, глядзі!

Скамарох. Пакажы, Міхал, як бабы па ваду ходзяць.

 

Мядзведзь паказвае.

 

Мальвіна (не вытрымала). Ой, не магу!.. Ха-ха-ха... (Зарагатала, але, зірнуўшы на шкаляра і ўбачыўшы строгі і посны выгляд яго твару, адразу стрымалася.) Ану яго! (Імкнецца надаць свайму твару сур'ёзны выгляд.)

Скамарох. А цяпер, Міхал, патанцуй! (Спявае.)

Ланцуг залаты,

Мядзведзь малады;

Як раўне, як рыкне,

Ажно сэрца злякне.

 

Мядзведзь танцуе.

 

А цяпер, Міхал, кланяйся шаноўным людзям.

 

Мядзведзь кланяецца.

 

Шкаляр. Гэты мядзведзь - адзнака дрэннага густу.

Мацей. Затое смешна.

Шкаляр. Зусім не смешна.

Мальвіна. Затое страшна!

Шкаляр. Для вучоных людзей ніякі мядзведзь не страшны.

Мацей. Гэта чаму ж, дазвольце запытацца?

Шкаляр. Мядзведзі нас, вучоных людзей, баяцца. Яны маюць да нас рэшпект, як і кожнае дзікае стварэнне.

 

Скамарох тым часам зняў з мядзведзя ланцуг. Мядзведзь выходзіць з падмосткаў у рады гледачоў. Ён трымае ў лапах міску, збірае плату за прадстаўленне. Шмат хто з гледачоў спалохана адсоўваецца ад яго.

 

Пане мядзведзь, у мяне грошай няма.

Скамарох. Не бойцеся, панове! Людзей сумленных ды праўдзівых ён не кране, а вось хлусоў ды злодзеяў не любіць.

Шкаляр (пачуўшы гэта, занепакоіўся, нездаволена). Навошта яго выпусцілі? (Спрабуе адсунуцца далей ад мядзведзя.)

 

Скамарох узяў міску і падлічвае сабраныя грошы, адышоўшы ўбок. Мядзведзь раптам зароў і кінуўся на шкаляра.

 

Скамарох. Куды? Куды? Назад!

 

Мядзведзь не слухае.

 

Шкаляр. Ратуйце!..

 

Народ уцякае хто куды. Паміж шкаляром і мядзведзем апынулася Насця. Спалоханы шкаляр штурхае Насцю ў лапы мядзведзю, а сам хаваецца за шырокай спадніцай Мальвіны. Мядзведзь схапіў Насцю і панёс у балаган. Юрась кінуўся на мядзведзя. Шкаляр залез пад лаўку.

 

Мальвіна. Насця! Дачушка мая! Божа мой, што ж гэта робіцца? Людзі, ратуйце! Мужчынкі, чаго стаіцё? Хто выратуе Насцю, таму аддам яе за жонку, хто б ён ні быў! Як перад Богам, праўда! Ратуйце!

 

Юрась выхапіў Насцю з лап мядзведзя. Мядзведзь уцякае ў балаган.

 

Насця (апамяталася). Што са мной? Любы! (Абнімае Юрася.)

Юрась. Радасць мая, не бойся! Цяпер ніхто цябе не кране! Ты выратавана.

Насця. А хто ж мяне выратаваў?

Шкаляр (вылез з-пад лаўкі і асцярожна выходзіць наперад). Я ўвесь час маліўся за вас, паненка Наста.

Мальвіна (убачыла, што Юрась абнімае Насцю). Гэта што такое? Хто табе дазволіў?

Юрась. Я ж выратаваў яе.

Мальвіна. Ты?! Вось дык навіна! Пану шкаляру павінны мы ўсе дзякаваць.

Юрась (абурана). За што?

Шкаляр (Мальвіне). Ах, што вы! Ці варта аб гэтым казаць? Проста я ведаю адну надзвычай добрую замову супраць мядзведзя. Калі яе прачытаць, мядзведзь адразу траціць сваю сілу і адвагу. Я маліўся ўвесь час і паўтараў гэтую замову. Вы бачылі, як мядзведзь уцякаў?

Юрась (крычыць). Агідны ашуканец!

Мальвіна. Зразумела, замова дапамагла! Дзякую, пане шкаляр. Насця была вашай нявестай, а цяпер яна будзе вашай жонкай.

Насця. Матуля, што ты робіш? Пашкадуй мяне!

Мальвіна. Маўчы, дурная! Свайго шчасця не разумееш! (Да Мацея.) А ты чаго стаіш, як пень, быццам і не бацька? Дачка, дзякуй Богу, на выданні, а яму і гора мала! Хай сабе хоць за чорта выйдзе, яму ўсё роўна!

Мацей. А чаго ж тут думаць? Юрка - хлопец някепскі. Дай Бог кожнай дзеўцы гэтакага мужа мець.

Мальвіна. Юрка? А недачаканне тваё! Не быць гэтаму ніколі. Чуеце? Ніколі гэтага не будзе!

Юрась (гнеўна). Цётка Мальвіна, пабойся Бога!

Шкаляр. Гэта табе, хлопча, трэба баяцца Бога, а не паважанай пані Мальвіне.

Юрась. Трымайся, хлус! (Кідаецца на шкаляра.)

Насця (стрымліваючы яго). Любы, супакойся.

Мальвіна. Ах, пане шкаляр, не звяртайце ўвагі. Ён спадзяецца дарэмна. Калі б не вы, пане шкаляр, і не ваша цудадзейная замова, мы ўсе загінулі б. Мядзведзь і яго б не пашкадаваў. Ён павінен дзякаваць вам разам з намі.

Шкаляр. Зразумела, пані Мальвіна.

Мальвіна. Заўтра мы паслухаем вас на дыспуце і адразу пасля вашай перамогі наладзім вяселле. У мяне ўжо ўсё падрыхтавана.

Насця. Гора маё, гора!

Юрась. Дзядзька Мацей!

 

Мацей бездапаможна разводзіць рукамі.

 

Шкаляр. Вы мяне робіце бязмерна шчаслівым, пані Мальвіна.

Мальвіна. А цяпер, пасля таго як усё абышлося, дзякуючы вам, гэтак удала, прашу вас, пане шкаляр, да нас на вячэру.

Шкаляр. Дзякую, пані Мальвіна.

Мальвіна. Ну, пайшлі!

 

Схапіла за рукі Мацея і Насцю і вядзе іх за кулісы. Шкаляр ідзе следам.

 

Юрась адзін у бязмежнай роспачы. Ззаду набліжаецца да яго мядзведзь. Юрась не заўважае. Мядзведзь кладзе яму на плячо лапу. Юрась кінуўся на мядзведзя, б'е яго.

 

Мядзведзь (крычыць). Юрка!.. Стой!.. Пачакай!.. Гэта ж я! (Адкінуў назад мядзведжую галаву.)

Юрась (здзіўлена). Несцерка!

Несцерка (у мядзведжай шкуры). Ён самы!.. Але ж ты і дужы!.. Сапраўдны мядзведзь!

Юрась (сумна). Навошта ты гэта зрабіў?

Несцерка. Як гэта «навошта»? Эх, братка! Я ж для цябе падхапіў дзеўку, а ты мяне ледзь не забіў.

Юрась. Даруй, Несцерка! Я ж не ведаў, што гэта ты.

Несцерка. Адкуль табе ведаць! Хацеў я шкаляра зняславіць, а цябе ўзвялічыць, дык у апошнюю хвіліну ўсё з-за гэтай бабы сарвалася. От шкодная жанчына!

Юрась. Як жа гэта ты ў мядзведзя ператварыўся?

Несцерка. Дамовіўся са знаёмым скамарохам ды падмяніў мядзведзя, але ж і гэта не дапамагло! (Чухае патыліцу.) Ну, пачакай! Прыдумаем яшчэ і не тое!

Юрась. Ах, Несцерка, ці прыдумаеш ты што-небудзь, ці не, не ведаю, а шкаляр тым часам святкуе, пракляты ашуканец! Хутка ён ужо маю Насцю да шлюбу павядзе! Эх, чаму я не забіў яго, як той казак!

Несцерка. Нічога, Юраська! Супакойся! Да пары збан ваду носіць. Ты, хлопча, не сумуй. Пойдзе твая справа на лад. Недарма за яе Несцерка ўзяўся! (Убачыў шляхцюкоў і, насунуўшы мядзведжую галаву, схаваўся пад заслонай, пацягнуўшы за сабой Юрася.)

 

На пустым пляцы з'яўляюцца шляхцюкі.

 

Другі шляхцюк. Дзе ж гэта наш злодзей?

Першы шляхцюк. Не відаць, пане браце.

 

З-за заслоны-балагана з'яўляецца мядзведзь-Несцерка і з ровам ідзе ім насустрач. Спалоханыя шляхцюкі ўцякаюць. Несцерка і Юрась смяюцца.

 

Заслона

 

КАНЕЦ ПЕРШАЙ ДЗЕІ

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

 

Карціна трэцяя. У пана Бараноўскага

 

Пан Бараноўскі п'е з вялікага келіха. Уваходзіць слуга і падае пану пісьмо.

 

Пан (чытае). Каб яго чэрці ўзялі! Захварэў! Не прыедзе! Знайшоў калі хварэць! Ах, якая непрыемнасць! Якая ганьба! Хутка дыспут павінен пачацца, а другога дыспутанта няма! Што рабіць?

 

Уваходзіць Несцерка.

 

Несцерка (сам сабе). Ой, ліха! Ды гэта ж той самы пан! (Хоча непрыкметна выйсці.)

Пан (заўважыў Несцерку). Гэй, хто там?

Несцерка (сам сабе). А можа, не пазнае? (Пану не сваім голасам.) Добры дзень, паночку! Гэта я.

Пан (не пазнаў Несцерку, нездаволена). Хто гэта я? Табе што трэба? Навошта прыйшоў?

Несцерка (асмялеў). Ды вось маю адну справу да пана.

Пан. Ніякіх спраў! Часу няма!

Несцерка (сам сабе). Што мне яму прыдумаць? (Пану.) Ды вось, паночку...

Пан (нецярпліва). Чаго стаіш?

Несцерка. Хачу ў пана аб нечым запытацца...

Пан. Ведаць нічога не хачу! Выходзь! (Падышоў да Несцеркі бліжэй.) Э, ды гэта, здаецца, рымар?.. Чаму адразу не сказаў? Сядло гатова?

Несцерка. Якое ж гэта сядло, паночку?

Пан. Ды тое, што ты зрабіць павінен.

Несцерка (здзіўлена). Зрабіць?

Пан. За якое я табе грошы заплаціў.

Несцерка (нібы не разумеючы). Грошы?

Пан (нецярпліва). Ты ж абяцаў мне ў нядзелю зрабіць. Сёння нядзеля. Давай сядло!

Несцерка. Сядло? (Да публікі.) Чулі? Сядло нейкае! Гэта ж вы, пане, прашу прабачэння, блытаеце! Якое табе сядло? Хіба я ўмею сёдлы рабіць? Барані Божа, ніколі не рабіў. Я і лапця не ўмею сплесці, а не тое каб сёдлы рабіць. Дзе ты бачыў, паночку, каб мужык ды сёдлы рабіў?

Пан. Але ж грошы ты ў мяне ўзяў? Ты казаў, што зробіш. Давай сядло!

Несцерка. Калі? Хіба ты здурэў?

Пан. У цябе ж над брамай стрэмя вісіць. Ты рымар?

Несцерка. Барані Божа, паночку. Ніколі не вісела. Ды рымарам я ніколі не быў.

Пан. Няўжо я памыліўся?

Несцерка (паціскае плячыма). Усё можа быць, паночку.

Пан (уважліва ўглядаецца ў твар Несцеркі, зазлаваў, схапіў Несцерку за каўнер). Брэшаш, прайдзісвет! Каб цябе чэрці ўзялі! Аддавай грошы, калі няма сядла!

Несцерка. Паночку, адкуль у мяне грошы? Я ж нічога не ведаю! То сядло нейкае, то грошы!

Пан. Можа, тут сапраўды памылка? Выходзь! Часу няма!

Несцерка. Зараз пайду. Але чаго гэта пан так хвалюецца? Можа, я чым пану дапамагу?

Пан (усміхаецца, ганарліва). Ты мне дапаможаш?.. Ён яшчэ мне дапамагаць збіраецца!.. Дыспут зрываецца!..

Несцерка. Пан можа сам прыняць удзел у дыспуце.

Пан (спыніўся). Я?.. Гм... Мне не выпадае. (Ізноў забегаў.) Дзе знайсці вучонага чалавека?

Несцерка. Толькі і ўсяго? Чаго ж пан раней не сказаў? Дарэмна, паночку, хвалюешся. Гэта ж глупства.

Пан (спыніўся). Як гэта глупства?

Несцерка. Вядома, глупства. Калі справа толькі ў гэтым, дык пану няма аб чым непакоіцца.

Пан. Чаго ты пляцеш, дурань?

Несцерка. Я кажу, калі ў гэтым патрэба, дык адпаведны чалавек знойдзецца.

Пан (ажывіўся). Якім чынам? Адкуль?

Несцерка. Гэта ўжо мая справа. Няхай толькі пан дасць мне добрую вопратку, дык патрэбны чалавек адразу і з'явіцца. Будзе каму са шкаляром спрачацца.

Пан. Няўжо ты ведаеш каго з вучоных людзей? Не магу паверыць. Кажы хутчэй, каго ты думаеш запрасіць?.. Хто б гэта мог быць?

Несцерка. А гэта, паночку, - я.

Пан (здзіўлена). Ты? Ты гэта што, звар'яцеў? Жартаваць надумаў, хлопе? Сцеражыся!

Несцерка. Дальбог, я, паночку!

Пан (пачынае злаваць). Ён - адукаваны, навукам розным навучаўся, а ты хто? Мужык - і раптам на дыспут лезе.

Несцерка. Сам, паночку, убачыш.

Пан. Гэй!

 

Прыходзіць слуга.

 

Стрэльбу!

 

Несцерка спалохана адсунуўся.

 

Нітку! Варанае яйка!

 

Слуга выходзіць.

 

Ну, хлоп, калі ты такі разумны, што можаш на дыспуце з вучоным шкаляром спрачацца, дык выканай мае даручэнні. Тады, можа, я табе і дазволю ў дыспуце ўдзельнічаць... А калі не выканаеш - на сябе крыўдуй!

 

Слуга прыносіць тое, што загадаў пан.

 

Несцерка. Калі ласка, паночку.

Пан (узяў стрэльбу, дае Несцерку). Вазьмі ты вось гэтую стрэльбу ды падстралі мне ветру.

Несцерка (бярэ стрэльбу з сур'ёзным выглядам). Добра, паночку. (Разглядае стрэльбу.) Але ж яна, паночку, не зараджана. Загадай, каб зарадзілі стрэльбу вадой, тады я і падстралю табе ветру.

Пан (смяецца). Хіба можна зарадзіць стрэльбу вадой?

Несцерка. А хіба можна падстраліць ветру?

Пан. Ну, што з табой рабіць? Тады вазьмі вось гэтую нітку ды сатчы мне з яе кашулю. (Дае Несцерку нітку.)

Несцерка. Добра, паночку. Але спачатку вазьмі ты вось гэтую трэску (дае пану трэску) ды зрабі мне з яе кросны. Тады я сатку табе на іх кашулю.

Пан (смяецца). Хіба можна з трэскі зрабіць кросны?

Несцерка. А хіба можна з адной ніткі саткаць кашулю?

Пан (смяецца). А цяпер зрабі ты мне, хлопе, вось што...

Несцерка. Што, паночку?

Пан (бярэ з талеркі яйка). Бачыш, варанае яйка? Вазьмі ты гэта варанае яйка і пакладзі пад квочку, каб яна выседзела з яго куранё. Куранё гэта ты зарэж, засмаж ды прынясі мне сёння на вячэру. Зразумеў? (Дае Несцерку яйка.)

Несцерка (кладзе яйка ў кішэню). Добра, паночку, зраблю, як пан хоча. (Узяў кавалак хлеба, адламаў скарынку і дае пану.) Але спачатку вазьмі ты гэтую скарынку ды пасадзі ў зямлю, а калі вырасце з яе жыта, - сажні, намалаці ды мне прышлі, каб было чым гэтае куранё выкарміць.

Пан (смяецца). Хіба можа з печанага хлеба жыта вырасці?

Несцерка. А ці можа з варанага яйка вырасці куранё? (Ачышчае яйка і есць, закусваючы скарынкай.)

Пан. Бачу я, знаходлівы ты, хлоп. Спрытны. Ёсць у цябе розум.

Несцерка. Хто глядзіць вокам, той не пойдзе бокам.

Пан. Можа, я дазволю табе быць дыспутантам, але ж выгляд у цябе не шляхетны.

Несцерка. Вось я і прашу, паночку, каб пан пазычыў мне панскую вопратку, тады я тую шляхетнасць адразу і набуду.

Пан. А ты не ашукаеш?

Несцерка. Як жа я магу пана ашукаць? Пан такі разумны ды хітры. Гэта ж не жарты з такім панам справу мець, а вопратку я пану вярну заўтра.

Пан. Дасканала. Згодзен. Гэй! (Кліча слугу.) Даць яму панскае адзенне.

 

Слуга прыносіць.

 

Бяры панскую вопратку.

Несцерка (убок). Дурны дае, разумны бярэ.

Пан. Што?

Несцерка. Прыгожае адзенне, кажу...

Пан. Глядзі, каб заўтра вярнуў.

Несцерка. Вярну, паночку, вярну. (Убок.) Можаш з гэтым развітацца. Трасцу ты ўбачыш.

Пан. Як цябе клічуць, хлопе?

Несцерка. Несцеркам, паночку.

Пан. Цяпер, хлопе, трымайся! Калі не здолееш дыспутаваць, пакаштуеш бізуноў! Чуеш?

Несцерка. Чую, паночку. А калі здолею?

Пан. Калі здолееш, - тваё шчасце.

Несцерка. Ці магу я тады прасіць пана, каб ён нешта зрабіў для мяне?

Пан. А што табе трэба?

Несцерка. Мне многа не трэба, паночку.

Пан. Кажы смела. Не бойся.

Несцерка. Ёсць тут адзін хлопец. Юрасём клічуць. Кахае ён дзяўчыну Насцю. Калі б пан загадаў ім ажаніцца, я гэта за ўзнагароду і палічыў бы.

Пан (здзіўлена). Толькі ўсяго? Згодзен!

Несцерка. Тады ўсё будзе добра, паночку.

Пан. Глядзі, не спазніся на дыспут.

Несцерка. Не спазнюся, паночку.

Пан. Дык ідзі хутчэй.

Несцерка. Іду, паночку... (Выходзіць.)

Пан. Дыспут адбудзецца!.. (П'е са свайго вялікага келіха.)

 

Заслона

 

Карціна чацвёртая. Дыспут

 

Несцерка з панскай вопраткай у руках і Юрась перад заслонай.

 

Несцерка. Зараз дыспут пачнецца. Я буду спрачацца са шкаляром.

Юрась. Дай Божа! А ці зможаш ты, Несцерка? Ён жа вучоны.

Несцерка. Такой бяды! Бачылі мы гэткіх вучоных! Акрамя вучонасці трэба, браце, яшчэ і розум мець таксама. Тут я яго перад усім народам і зняслаўлю. Зразумеў? Абяцаў мне пан за перамогу на дыспуце дапамагчы табе з Насцяй ажаніцца. Вось яно куды павярнула! Ну, братка, бывай! Трэба спяшацца. Зараз народ збірацца пачне, а мне яшчэ на пана перарабіцца трэба. (Выходзіць.)

Юрась. Бывай, Несцерка! У добры час!.. Сёння вырашыцца мой лёс. Уся надзея на Несцерку. А што, калі шкаляр пераможа? Баюся і думаць аб гэтым... Каб пачалі хутчэй. Чакаць няма сіл. Не магу!.. Не магу я глядзець, як пракляты шкаляр каля Насці ўвівацца будзе! Пайду лепш адсюль!.. (Выходзіць.)

 

Заслона ўзнімаецца. Базарны пляц. З усіх бакоў збіраецца на дыспут народ. Прыходзяць Мацей, Мальвіна і Насця. Чакаюць пана і дыспутантаў. Скрозь натоўп праціскаюцца шляхцюкі.

 

Другі шляхцюк. Глядзі, васпане, колькі народу!

Першы шляхцюк (звяртаючыся да Мальвіны). Што тут такое?

Мальвіна. Вучоны дыспут павінен адбыцца.

Другі шляхцюк (да першага). Можа, мы тут і нашага злыдня зловім?

Першы шляхцюк. Усё можа быць, пане браце! Глядзі, каб ён ізноў не схаваўся.

Другі шляхцюк. На гэты раз не схаваецца.

 

Шляхцюкі ўважліва аглядваюць натоўп. Уваходзіць пан.

 

Пан. Панове і грамадства! Я запрасіў вас на вучоны дыспут, які павінен засведчыць, што і ў нашай ваколіцы багата вучоных і адукаваных людзей, не менш, чым у іншым месцы. У дыспуце згадзіўся прыняць удзел пан Самахвальскі, выдатны вучоны, бакалаўр нашай семінарыі.

 

Уваходзіць шкаляр.

 

З другога боку згадзіўся прыняць удзел у дыспуце пан... гм...

 

Уваходзіць Несцерка, апрануты па-панску.

 

Несцерка. Несцяровіч.

Пан. Так, пан Несцяровіч... таксама выдатны вучоны, які прыехаў да нас...

Несцерка (падказвае пану). З замежных краін.

Пан (паўтарае). З замежных краін. Той, хто застанецца пераможцам у дыспуце, атрымае ад мяне ўзнагароду, каб квітнелі навукі ў нашым мястэчку. (Звяртаецца да абодвух.) Пане Самахвальскі, пане Несцяровіч, калі ласка.

Шкаляр (уважліва аглядзеўшы Несцерку, кланяецца стрымана). Вельмі прыемна!

Несцерка (прастадушна). Здароў, братка!

Першы шляхцюк (падазрона). Нешта ён нашага злыдня нагадвае.

Другі шляхцюк. Можа, гэта ён?

Першы шляхцюк. Зараз даведаемся. Трэба прыглядзецца.

Шкаляр. Дазволю сабе запытацца ў пана антаганіста, адкуль пан з'явіўся?

Несцерка. З Гданску, дзе ходзяць па-панску.

Шкаляр. Дзе пан атрымаў адукацыю? У якіх славутых акадэміях навучаўся? Можа, пан клірык? Можа, пан вучыўся ў семінарыі?

Несцерка. Я, браце, не кнырык, дык нашто мне тая свінарыя?

Шкаляр (здзіўлены адказам). Як? Я, мусіць, недачуў?

Пан. Згодна звестак, пан Несцяровіч ёсць выдатны знаўца ў навуках філасофскіх і багаслоўскіх.

Несцерка. Але, у гэтых самых!..

Шкаляр. Можа, вучыўся пан у Сарбоне?

Несцерка. Як? У Смаргоні?

Шкаляр. Так, у Сарбоне.

Несцерка. Не, у Смаргоні сам я не быў, але сваяк мой там некалі жыў.

Шкаляр (кланяецца ізноў). Вельмі прыемна! Але я мушу папярэдзіць пана, што трымаюся найвышэйшай філасофскай формы дыспутавання. Сапраўдным вучоным не патрэбны доўгія прамовы для таго, каб зразумець адзін аднаго. Ім не патрэбны ні лічбы, ні словы. Я дыспутую на жэстах.

Галасы. Што? Як? Што гэта такое?

- А чорт яго ведае!

Пан. Як гэта на жэстах?

Шкаляр. Вельмі проста. Гэта найлепшы спосаб для сапраўдных вучоных дыспутантаў. Ніхто другі нас не зразумее і не зможа нам перашкодзіць.

Мацей. Бач, які хітры!

Шкаляр. На жэстах дыспутуюць зараз усе найвыдатнейшыя вучоныя Еўропы. Такая зараз мода ў вучоным свеце. Выказваць свае думкі звычайным чалавечым словам можа, выбачайце, кожны дурань. Мы, вучоныя людзі, адрозніваемся ад людзей звычайных, простых, тым, што выказваем свае думкі не словам, а жэстам. Гэта дазваляе нам адрозніць чалавека сапраўды вучонага ад звычайнага невука. Толькі адукаваны ў вышэйшым сэнсе чалавек здольны разумець і падтрымліваць узвышаную і глыбока філасафічную гутарку жэстаў.

Мальвіна. Чуеш! Які вучоны!

Мацей. Ліха яго ведае, аб чым ён балбоча.

Шкаляр (да Несцеркі). У пана ёсць яшчэ час падумаць.

 

Невялікая паўза.

 

Няхай пан не сароміцца... Пан не хоча адмовіцца? Пан адчувае сябе дастаткова моцным, каб дыспутаваць на жэстах? Пан не баіцца?

Несцерка. Не!

Мацей. Бач, які смелы?!

Несцерка. Калі дыспутаваць, дык дыспутаваць. Хоць рукой, хоць нагой, нам гэта ўсё роўна. Баюся толькі, каб гэта пану шкаляру не пашкодзіла.

 

Смех сярод прысутных на дыспуце.

 

Шкаляр (крыху непакоіцца). У такім выпадку, калі ласка! (Пану.) Дазвольце пачынаць?

Пан. Калі ласка!

Другі шляхцюк. Здаецца, гэта ён!

Першы шляхцюк. Апрануты занадта добра, нібы пан.

Другі шляхцюк. Можа, тут якое ашуканства? Можа, узняць голас?

Першы шляхцюк. Чакай, пане браце. Паслухаем, што далей будзе.

Шкаляр. Увага, панове! Мы з калегам антаганістам прыступаем да філасофскага дыспуту... (Да Несцеркі.) Пан не супярэчыць?

Несцерка. Не.

 

Шкаляр спачатку моўчкі дапытліва глядзіць на Несцерку, потым з важным выглядам, не спяшаючыся, працягвае да яго руку і выстаўляе палец.

 

Мальвіна (з захапленнем). От калі будзе, дык будзе!

 

Несцерка асцярожна адсоўваецца ад шкаляра і выстаўляе супраць яго два пальцы.

 

Мацей. Але ж і гэты смелы!

Пан. Цішэй!..

 

Шкаляр ківае галавой у знак згоды і ўзнімае руку ўверх. Несцерка ўважліва ўглядаецца ва ўзнятую руку шкаляра, потым, нібы зразумеўшы, у чым справа, з раптоўнай імклівасцю рэзка апускае сваю руку ўніз. Шкаляр ізноў ківае галавой і ўрачыста, з важным выглядам выстаўляе супраць Несцеркі адкрытую далонь. Несцерка спрытна паказвае яму кулак.

 

Шкаляр (кланяецца). Дзякую, пане апанент. Гутарка наша скончана.

Галасы. Як гэта скончана?

- Чаму скончана?

- Не, тут няйначай ашуканства!

- Няхай на словах!

- Каб усім было зразумела!

- Я казала - ашуканства!

Пан. Цішэй, цішэй! (Да шкаляра.) Калі ласка!

Шкаляр. Вынікамі дыспута я задаволен цалкам. Я павінен прызнаць, што навукі сапраўды квітнеюць у гэтай мясцовасці. Мне прыемна адзначыць, што мой паважаны калега - чалавек вельмі разумны і адукаваны. З вялікай, сапраўды вучонай мудрасцю ён адказаў на ўсе мае пытанні. Мы зразумелі адзін аднаго адразу. Наша вучоная гутарка жэстамі была глыбока змястоўнай і карыснай для душы.

Галасы.

- Дзе тая карысць, калі нічога незразумела!

- Фокусы нейкія!

- Я казала - ашуканства!

Мацей. Балбоча немаведама што!

Мальвіна. У навуцы не разбіраешся, дык маўчы!

Мацей. Маўчу, маўчу.

Пан. Цішэй! (Шкаляру.) Ці нельга растлумачыць грамадству, аб чым вы дыспутавалі?

Усе. Просім!.. Просім!..

Шкаляр. Калі ласка, панове! Жаданне ваша будзе задаволена. (Да Несцеркі.) Вы дазволіце мне, калега, растлумачыць прысутным змест нашай гутаркі?

Несцерка. А чаму не? Дазваляю.

Шкаляр. Дзякую.

Несцерка (да публікі). Паслухаем, чаго ён вам напляце.

Шкаляр. Увага, панове! Я пачынаю вучонае тлумачэнне філасофскага зместу нашай гутаркі.

Мацей. Ізноў балбатаць пачне!

Шкаляр. Дыспут пачаўся з агульных дэкларацый, з высвятлення ўзаемных поглядаў на прынцыпы існавання свету, і мне вельмі прыемна адзначыць, што па ўсіх асноўных пытаннях у нас не было разыходжанняў. Выставіўшы палец, я выказаў гэтым думку, што мой калега антаганіст паважае вас, пане, таксама, як і я. (Кланяецца пану.)

Пан (здаволена). Так... так... вельмі цікава.

Шкаляр. Мой калега, высунуўшы ў адказ на гэта два пальцы, даў мне зразумець, што паважае і вас (кланяецца пану) і мяне. Узняўшы рукі ўверх, я сцвярджаў, што Бог стварыў неба над намі. Калега згадзіўся з маім тэзісам і, апусціўшы руку ўніз, дадаў, што, акрамя неба над намі, Бог стварыў таксама і зямлю.

Мальвіна. Ах, як прыгожа... Як пекна!..

Шкаляр. Тады я паказаў пану антаганісту далонь і даў яму гэтым зразумець, што Бог трымае ў сваёй магутнай руцэ свет, а мой калега, сціснуўшы кулак, адказаў мне, што ўвесь свет падпарадкуецца Пану Богу і не выходзіць з яго святой волі. На гэтым наш дыспут і скончыўся.

 

Усе пляскаюць у далоні.

 

Мальвіна. Ах, як разумна! Які глыбокі сэнс! Вось дзе вучонасць, вось дзе навука!

Несцерка (усміхаецца, да публікі). Чулі?

Шкаляр. Дзякую, панове, дзякую!.. (Да Несцеркі.) Так, пане калега? Правільна я вас зразумеў?

Несцерка. Не, братка. Трасцу ты зразумеў! Хоць ты і вучоны, а нічога ж ты не ведаеш. Усё пераблытаў. Я ж цябе розуму вучыў гэтак: ты мне хацеў адным пальцам адно вока выкалаць, а я табе двума пальцамі абодва; ты пагражаў мяне на шыбеніцу пацягнуць, а я табе адказаў: трасцы! Раней я цябе ў зямлю закапаю! Тады ты зазлаваў і намерыўся мяне па шчацэ ўдарыць, але я адказаў, што раней табе ўсе зубы павыбіваю. Тады, братка, ты спалохаўся і адступіўся. Вось як было, вашыць!

Шкаляр (разгублена). Нічога не разумею.

Несцерка (пераможна). Ага, чуеце?! Сам прызнаўся. Нічога ён не разумее, а яшчэ, не раўнуючы, кнырык, у свінарыі вучыўся. Мала цябе, братка, вучылі, калі ты нічога не разумееш.

Шкаляр (бездапаможна). Як гэта? Што ён гаворыць? (Пану.) Як гэта разумець?

Усе. Прадоўжыць дыспут!

- Няхай спрачаюцца далей!

- На словах!

- Каб усім было зразумела!

 

Пан. Цішэй, панове! Дыспут працягваецца.

 

Усе сціхлі.

 

Калі ласка!

Шкаляр. Ці не адкажа мне пан дыспутант, дзе, на яго думку, знаходзіцца цэнтр зямлі?

Пан (падказвае). Сярэдзіна.

Несцерка (крыху падумаўшы). Сярэдзіна зямлі?

Шкаляр (зняважліва). Няхай будзе сярэдзіна.

Несцерка (выставіў нагу, рашуча). Вось тут! (Паказвае на сваю нагу.)

Шкаляр. Як гэта тут?

Пан (зацікаўлена). Дзе, дзе?

Несцерка. А вы і не ведалі?.. Ды вось тут, якраз пад маёй левай нагой. (Шкаляру.) Хіба ты не бачыш? (Упэўнена.) Тут і зходзіцца сярэдзіна зямлі. Самы пуп!..

Пан (папраўляе). Цэнтр!

Несцерка (паўтарае). Цэнтр.

Шкаляр (разгублена). Але ж гэта трэба даказаць!

Несцерка. Можаш сам праверыць.

Шкаляр. Але якім чынам?

Несцерка. А вельмі проста. Вымеры адлегласць ад маёй нагі да ўсіх канцоў зямлі. Калі будзе няроўна, тады не згаджайся.

Мацей (з захапленнем). Але ж і спрытны!

Несцерка. Вось, братка, як!

 

Шкаляр збянтэжаны, не ведае, што сказаць.

 

Пан (разглядае зямлю пад нагой Несцеркі). Колькі год пражыў на свеце і не ведаў, што ў маім мястэчку знаходзіцца пуп зямлі!

Несцерка (з дакорам). Цэнтр!

Пан (паўтарае). Цэнтр!

Несцерка. А цяпер мая чарга пытацца. (Да пана.) Гэй, паночку!

 

Пан не можа адвесці погляду ад нагі Несцеркі.

 

(Падкідае нябачны «цэнтр зямлі», нібы мяч, у паветра.) Ф'ю!..

Пан (падаўся наперад, услед за рухам нагі Несцеркі). Ах!

Несцерка (пану). Цяпер мая чарга пытацца.

Пан. Калі ласка.

Несцерка (шкаляру). Скажы ты мне, прыкладам, што гэта такое: малы, удалы, скрозь зямлю прайшоў, чырвоную шапку знайшоў?

 

Шкаляр задумаўся.

 

(Да публікі.) Бачылі? Маўчыць, як зямля!

Першы шляхцюк (упэўнена). Гэта ён!

Другі шляхцюк. Дальбог, ён!

 

Пасунуліся бліжэй.

 

Шкаляр (з важным выглядам). Пан антаганіст меў на ўвазе, відавочна, кардынала, бо, па-першае, для таго каб зрабіцца кардыналам, патрэбна мець пэўны спрыт, а па-другое, знадворнай адзнакай кардынала з'яўляецца чырвоная шапка.

Пан. Правільна!

Мальвіна. Як разумна!..

Несцерка. Што? Ха-ха!.. Нічога ты, братка, не ведаеш. Нават такой простай рэчы ўцяміць не можаш. (Да публікі.) Чулі?

Мацей (узняўся раптам з месца, прастадушна). Гэта ж, відаць, грыб такі, падасінавік называецца. Шапка ў яго чырвоная, а сам з-пад зямлі расце.

Мальвіна (накінулася на Мацея абурана). Во!.. Куды лезеш?.. Яшчэ мне вучоны знайшоўся!

Мацей (засаромеўся). Ды гэта ж я так, па шчырасці...

Несцерка. Правільна, грыб. Падасінавік. (Шкаляру.) А яшчэ на дыспут з вучонымі людзьмі лезеш.

Першы шляхцюк. Ён!.. Прасунься, пане браце, бліжэй! Скончыцца дыспут, тут мы яго і зловім!

Другі шляхцюк. Бліжэй, васпане, бліжэй!

 

Шляхцюкі прасоўваюцца бліжэй да Несцеркі. Спыніліся насупраць яго, напружана глядзяць яму ў твар.

 

Шкаляр (пачынае злаваць). Ваша пытанне не мела належнага навуковага абгрунтавання! (Да пана.) У такім выпадку я дазволю сабе звярнуцца да пана дыспутанта яшчэ з адным навуковым запытаннем.

Пан. Калі ласка!

Шкаляр (да Несцеркі). Прашу адказаць мне, колькі зорак на небе?

Несцерка. Зорак? (Думае.)

Шкаляр. Так, так! Зорак! Але дакладна!

Несцерка. Зорак... і гэта можна! Зорак на небе ў тысячу разоў больш, як валасоў у вусах нашага пана.

Шкаляр (нервова). Але ж гэта бяздоказнае сцвярджэнне! Я патрабую доказаў!

Несцерка. Доказы вельмі простыя: падлічы валасы ў панскіх вусах, ды, каб не памыліцца, вырывай па валаску, калі пан дазволіць, і адкладай убок. Тады павяліч колькасць валасоў у тысячу разоў. А потым, як сцямнее, падлічы зоркі на небе. Калі будзе хоць на адну зорку больш ці менш, тады не згаджайся!

Пан (схапіўся за вусы, крыху занепакоена). Не трэба, панове, не варта! Можна без доказаў. Даволі, даволі! Апошняе пытанне мае пан... гм... Петруковіч, і тады дыспут можна лічыць скончаным.

 

Шляхцюкі тым часам прасунуліся яшчэ бліжэй да Несцеркі і ўважліва сочаць за кожным яго рухам.

 

Несцерка (з важным выглядам). А скажы ты мне, братка... (Заўважыў шляхцюкоў, убок.) Ізноў яны тут! Трэба ратавацца! (Адсоўваецца назад.)

Пан (да Несцеркі). Пане... Нічыпаровіч, калі ласка! Пытанне за вамі.

Несцерка. Зараз, паночку... (Адсоўваецца яшчэ далей.)

Другі шляхцюк. Цяпер?

Першы шляхцюк. Давай, пане браце! Самы час!

 

Шляхцюкі кінуліся да Несцеркі. Несцерка хаваецца за пана.

 

Пан (здзіўлена). Куды пан спяшаецца?

Несцерка. Часу няма! Да пабачэння!.. (Уцякае.)

Першы шляхцюк. Гэй, куды?! Стой!

Другі шляхцюк. Трымайце яго!

 

Бягуць за ім. Збіўшы з ног пана і шкаляра, народ бяжыць за імі, у тым ліку і Мацей.

 

Пан (разгублена). Панове, цішэй! Куды вы? Што вам трэба? У чым справа? (Да шкаляра.) Што ж гэта такое? (Узнімаецца на ногі.)

Шкаляр. Нічога не разумею.

Пан. І я таксама.

 

За сцэнай чутны крыкі, мітусня. Увальваюцца шляхцюкі, моцна трымаючы Несцерку. За імі натоўп.

 

Другі шляхцюк. Ага, гэта ён!

Першы шляхцюк. Трымай, пане браце!

Другі шляхцюк. Нарэшце знайшлі!

Першы шляхцюк. Злавілі! Плаці за к-к-кабылу!

Другі шляхцюк. Я табе пакажу, як на жонку з моста скакаць! (Схапіў з зямлі камень, злосна.) Узяць бы гэтым камянём ды праламіць яму галаву на месцы! (Замахнуўся.)

Першы шляхцюк. Дай мне, пане браце!

Мацей. Па закону! Няхай суд разбярэ! (Выхапіў з рук шляхцюка камень і адкінуў убок.)

Несцерка (спрытна схапіў камень і непрыкметна схаваў за пазуху, сам сабе.) Можа, спатрэбіцца!

Пан (здзіўлена). Я патрабую тлумачэнняў!

Першы шляхцюк. Гэта злодзей!

Другі шляхцюк. Яго трэба ў турму!

Пан (няўпэўнена). Але тут, відавочна, непаразуменне. Гэта ж вучоны, пан... гм... Пацуковіч, які згадзіўся прыняць удзел у дыспуце.

Першы шляхцюк. Паночку, які ж ён вучоны? Гэта ж вядомы злодзей! Ён у маёй к-к-кабылы хвост адарваў!

Другі шляхцюк. Ён на маю жонку з моста скакаў!

Пан (углядаецца ў Несцерку, пазнаў). А, вось ты хто! Я цябе пазнаў! Я ж казаў, што ты рымар! Ты мае грошы забраў! У суд!

Усе. У суд! Да суддзі! У суд!

Несцерка. Трапіў у нерат - ні ўзад ні ўперад!

 

Пан і шляхцюкі выходзяць, штурхаючы перад сабой Несцерку.

 

Мальвіна (падыходзіць да шкаляра). Віншую вас, пане шкаляр, з перамогай! Ах, гэта было так прыгожа - тое, што вы казалі! Цяпер можна і вяселле пачаць. Прыходзьце хутчэй! Не прымушайце чакаць! Без вас нам так сумна!

Шкаляр. Ах, што вы, пані Мальвіна, разумнейшая ў свеце жанчына! Вы робіце мяне бязмежна шчаслівым! Я прыляту на паветраных крыллях! (Кланяецца.) Да хуткага і прыемнага спаткання!

 

Выходзіць у адзін бок, Мальвіна з Насцяй і Мацей - у другі.

 

Заслона

 

Карціна пятая. Суд

 

Уваходзяць пан, Несцерка і шляхцюкі. Пачынаюць гаварыць усе разам.

 

Пан. Ён мне сядла не аддаў!..

Першы шляхцюк. Ён у маёй к-кабылы хвост адарваў!..

Пан. Ён мае грошы забраў!..

Другі шляхцюк. Ён на маю жонку з моста скакаў!..

Суддзя. Супакойцеся, панове, супакойцеся! Не ўсе разам! Вы абвінавачваеце гэтага чалавека?

Усе. Так, пане суддзя, ён вінаваты!

Суддзя. Цішэй, панове, цішэй! (Да Несцеркі.) Чаго ж гэта ты, чалавеча, столькі шкоды нарабіў?

Несцерка (ляпае сябе рукой па грудзях, дзе схаваны камень). Не вінаваты я, пане суддзя! (Падміргвае яму.) Судзі нас па праўдзе: будзе мне, будзе і табе!

Суддзя. Як цябе зваць?

Несцерка. Несцерка.

Суддзя. Суд пачынаецца. Прашу па чарзе, панове. Выслухаем спачатку вас, шаноўны пане. Што вы супраць яго маеце?

Пан. Ён мае грошы не аддае!

Суддзя (да Несцеркі). Чаго ж ты, Несцерка, пану грошы не аддаеш?

Несцерка. Калі ж я нічога яму не вінен! Навошта мне панскія грошы? У мяне сваіх даволі! Не давай яму веры, пане суддзя! Гэта ж вядомы вар'ят! Яго няма чаго слухаць! Можа, ён яшчэ скажа, што і гэтыя боты замежнай работы (паказвае на свае ногі) таксама яго?

Пан (крычыць). Вядома, мае! Аддай мае боты, злодзей.

Суддзя. Гм... гм... Дзіўна!

Несцерка (пану). Каб яны былі твае, дык былі б на табе, а не на мне! (Да суддзі.) Можа, ён яшчэ скажа, што і гэтае футра яго?

Пан (крычыць). Вядома, маё! Аддай маё футра, злодзей!

Несцерка. Зусім звар'яцеў! Ужо і да футра прызнаецца. (Да суддзі.) Можа, ён зараз скажа, пане суддзя, што і гэтая шапка яго?

Пан (крычыць). Мая шапка! Аддай маю шапку, злодзей!

Несцерка. Сам бачыш, пане суддзя! І грошы яго, і боты яго, і адзенне яго, і шапка яго. Дзе ж тут праўда, пане суддзя? (Ляпае рукой па камені, схаваным за пазухай.) Будзе мне, будзе і табе!

Суддзя (пану). Не можа быць, каб усё на ім было ваша.

Пан (шалёна). Усё маё!.. І грошы мае, і боты мае, і футра маё, і шапка мая!.. Усё маё!.. Аддавай, злодзей! (Кінуўся да Несцеркі.)

Суддзя (пану). Прашу пакінуць зал! Суд лічыць вашу скаргу беспадстаўнай. Калі б усе гэтыя рэчы былі вашы, яны былі б на вас, а не на ім. Гэта ясна ўсім!

Пан (разгублена). Бацька сына выбіў пасам, а сын бацьку (да Несцеркі з дакорам) у лоб абцасам!..

Несцерка (бездапаможна і нібы спачуваючы разводзіць рукамі). Бэнц!..

 

Пан выходзіць.

 

Суддзя. Наступны.

 

Падыходзіць першы шляхцюк.

 

У чым заключаецца ваша скарга?

Першы шляхцюк. Пане суддзя, ён адарваў хвост у маёй к-к-к...

Суддзя (нецярпліва). Каровы?

Першы шляхцюк. К-к-к...

Суддзя. Казы?..

Несцерка (падказвае). Кабылы!

Першы шляхцюк. Во!.. Дык няхай мне цяпер і плоціць за к-к-к...

Суддзя (нецярпліва). Кабылу!

Першы шляхцюк. Во!.. Бо куды гэта варта, без хваста - к-к-к...

Усе (разам). Кабыла!

Першы шляхцюк. Во!..

Суддзя (да Несцеркі). Гэта праўда?

Несцерка. Праўда, пане суддзя. Каб ён так да сваёй хаты не дайшоў, як гэта праўда. Але ён не сказаў, што я выратаваў яго к-к-к... (Пераймае шляхцюка.)

Першы шляхцюк (нецярпліва). Кабылу!

Несцерка. Во!..

Суддзя. Як гэта было?

Несцерка. Іду гэта я па дарозе і раптам бачу - кабыла ў балоце топіцца, а гаспадар, гэта значыцца ён (паказвае на шляхцюка), на дапамогу кліча. Ну, я, зразумела, адразу падбег, ухапіўся за хвост ды цягну, і гаспадар таксама цягне...

Суддзя. І гаспадар таксама цягне?.. Так, далей, далей...

Несцерка. Выцягнулі мы кабылу, ды хвост у яе на тую бяду адарваўся. Тут гаспадар, гэта значыцца ён, схапіў мяне за каўнер ды грошы за кабылу патрабуе... Судзі мяне, пане суддзя, па праўдзе. (Паказвае на грудзі.) Будзе мне, будзе і табе!

Суддзя (да першага шляхцюка). Гэта праўда?

Першы шляхцюк. Праўда, паночку. Загадай, каб ён мне заплаціў за маю к-к-кабылу, бо куды гэта варта - к-к-кабыла без хваста?

Суддзя (урачыста). Дык вось што, гаспадар! Паколькі ён адарваў хвост у тваёй кабылы, аддай ты сваю бясхвостую кабылу гэтаму чалавеку (паказвае на Несцерку), і няхай ён трымае гэту кабылу ў сябе і ездзіць на ёй і корміць яе да той пары, пакуль у кабылы не адрасце новы хвост. Тады ён верне табе кабылу разам з хвастом.

Першы шляхцюк (задумаўся). Э, не, паночку! Калі так, маю справу набок! Няхай мая к-кабыла, хоць бясхвостая, але ў мяне застанецца!

Суддзя. Прашу пакінуць зал! Справа вырашана.

 

Першы шляхцюк хоча выйсці.

 

Чакайце! З вас налічваецца судовых выдаткаў тры рублі пятнаццаць капеек!

 

Першы шляхцюк плаціць неахвотна і выходзіць.

 

Наступны!

 

Да суддзі падыходзіць другі шляхцюк.

 

У чым ваша справа?

Другі шляхцюк. Мыла мая жонка, пане суддзя, бялізну ў рэчцы, пад мостам, аж гэты злодзей скокнуў з моста ўніз, на маю жонку, ды пацягнуў яе з сабой разам у ваду.

Суддзя. Жонка жыва, здарова?

Другі шляхцюк. Жыва, пане суддзя... Але, можа, мая жонка цяжарная? Можа, ён мне дзяцёнка сапсуў! Можа, праз яго ды будзе ў мяне сынок кульгавы ці, не дай Бог, гарбаты?..

Суддзя (да Несцеркі). Гэта праўда?

Несцерка. Праўда, паночку. Каб ён так сённяшняга дня не перажыў, як гэта праўда.

Суддзя. Як гэта здарылася?

Несцерка. Дык вось, калі ўцякаў я, значыцца, ад гаспадара той кабылы, дык прыбег на мост, а гаспадар за мной. Тут я з моста ўніз і скокнуў, аж на тую бяду пад мостам кабета бялізну мыла, дык мы з ёю, значыцца, разам у ваду і паляцелі. Судзі мяне, пане суддзя, па праўдзе. (Паказвае на грудзі.) Будзе мне, будзе і табе!

Суддзя. Так! Усё ясна! (Да шляхцюка.) Аддай ты сваю кабету гэтаму чалавеку, і няхай яна жыве ў яго, пакуль не народзіць дзяцёнка, а калі гэтае дзіцё будзе пакалечана, хай твая жонка застаецца ў гэтага чалавека да той пары, пакуль не народзіць здаровага дзіцяці. Тады ён верне табе і жонку і дзяцёнка.

Другі шляхцюк (задумаўся). Не, пане суддзя! Лепш маю справу набок! Няхай мая жонка пры мне застаецца...

Суддзя. Справа вырашана! Прашу пакінуць зал!

 

Шляхцюк хоча выйсці.

 

Несцерка (напамінае). А судовыя выдаткі?..

Суддзя (схамянуўся, да шляхцюка). Чакайце! З вас належыць...

Несцерка (перапыняе). Шэсць рублёў трыццаць капеек!..

Суддзя (з важным выглядам згаджаецца, ківае галавой). Так! Шэсць рублёў трыццаць капеек!

 

Другі шляхцюк плаціць неахвотна і выходзіць.

 

Несцерка. Дзякую табе, правільны суддзя, што судзіў ты мяне па праўдзе! (Кланяецца, хоча ісці.)

Суддзя. Чакай, добры чалавек! А што ты мне хацеў заплаціць за справядлівы суд? Мабыць, добры кавалак золата падрыхтаваў?.. Яно ў цябе тут? (Паказвае Несцерку на грудзі.)

Несцерка. Дзе ты бачыў, пане суддзя, якое там золата! То звычайны камень! (Выцягвае з-за пазухі камень.) Глядзі, які важкі!

Суддзя (здзіўлена). Але навошта мне той камень?

Несцерка. Я ж цябе, пане суддзя, папярэдзіў: судзі мяне па праўдзе - будзе мне, будзе і табе! Калі б ты мяне засудзіў, я б табе гэтым каменем галаву разбіў!

Суддзя (разгублена). Ах, які злодзей! (Схапіўся за галаву.) Хто б мог падумаць! Добра яшчэ, што не засудзіў, а то, барані Божа, без галавы мог застацца! Вялікай я пазбег бяды - падумайце, суддзя без галавы!

 

Заслона

 

КАНЕЦ ДРУГОЙ ДЗЕІ

 

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

 

Карціна шостая. «Не хачу!.. Не жадаю!..»

 

Несцерка выходзіць з суда.

 

Несцерка. Нарэшце пазбыўся я і пана і шляхцюкоў! Цяпер трэба хутчэй Юрася знайсці. (Хоча бегчы.)

 

Выскакваюць шляхцюкі.

 

Другі шляхцюк. Ага, папаўся! Даволі ты з нас смяяўся!

Першы шляхцюк. Ты нас пазбыўся, але мы цябе не пазбыліся!

Другі шляхцюк. Гэта табе не суд!

Першы шляхцюк. Мы з табою тут па-свойску, без суда разлічымся!

 

Схапілі Несцерку і сунулі ў мяшок. Зверху мяшок завязалі вяроўкай.

 

Першы шляхцюк. Цяпер ён ад нас не ўцячэ.

Другі шляхцюк. А што мы з ім рабіць будзем?

Першы шляхцюк. Давай, пане браце, дацягнем яго да рэчкі ды з моста ў ваду! Няхай там рыбак пакорміць!..

Другі шляхцюк. Ха-ха! Гэта ж ты, васпане, лоўка прыдумаў! Даволі ён з нас кпіў ды смяяўся, цяпер мы з яго пасмяёмся ды пацешымся.

Першы шляхцюк. Хочаш не хочаш, а ў рэчку паскочаш! Давай, пане браце, пацягнем! (Узяліся за мяшок, цягнуць.)

Другі шляхцюк. Але ж і цяжкі, падла!

Першы шляхцюк. Стой, пане браце, мы ж яго не пачаставалі на развітанне!

Другі шляхцюк. Дык давай пачастуем!

Першы шляхцюк. А чым яго частаваць будзем?

Другі шляхцюк. Хадзем, васпане... па лазу ды пачастуем яго за мілую душу!..

 

Выходзяць.

 

Прыбраны шкаляр ідзе на вяселле.

 

Шкаляр (самаздаволена). Сёння я нарэшце дасягну сваёй мэты. Сёння яна будзе маёй. Адразу пасля вяселля, як толькі разыдуцца госці, я падыду да яе, пакладу рукі ёй на плечы і скажу: «Любая, хочаш быць маёй жонкай?» А яна адкажа...

Несцерка (з мяшка). Не хачу!.. Не жадаю!..

Шкаляр (уздрыгануўся, спыніўся). Што гэта?.. Мне гэта, напэўна, здалося!.. Так, яна адкажа...

Несцерка (з мяшка). Не хачу!.. Не жадаю!..

Шкаляр (спыніўся, спалохана). Здаецца, сапраўды нехта крычыць...

Несцерка (з мяшка). Не хачу!.. Не жадаю!..

Шкаляр. Голас ідзе з мяшка. Эрго - нехта сядзіць у мяшку. Словы чалавечыя. Эрго - там сядзіць чалавек. (Падыходзіць да мяшка.)

Несцерка (з мяшка). Не хачу!.. Не жадаю!..

Шкаляр (схіляецца над мяшком). Чаго вы не хочаце? Чаго не жадаеце?

Несцерка (з мяшка). Не жадаю быць каралём!

Шкаляр (здзіўлена). Каралём? Але якім чынам трапілі вы ў мех?

Несцерка. Вось што, добры чалавек, выпусці ты мяне з мяшка, дык я табе аб усім раскажу.

Шкаляр. Калі ласка! Гэта ж вельмі цікава! (Развязвае мяшок.)

Несцерка (вылазіць з мяшка). Дзякую! Маё шанаванне!

Шкаляр (здзіўлена). Як?.. Што я бачу... Пане антаганіст? Гэта вы?

Несцерка. Вядома я, братка! Мяне хочуць за караля абраць, а я не жадаю, бо не вельмі вучоны. Баюся, што не ўпраўлюся. Кароль, браце, павінен усе навукі ведаць. А яны і слухаць не хочуць: кароль, ды годзе! Схапілі мяне гвалтам ды ў мех пасадзілі, каб у сталіцу везці. Там за караля выбіраць будуць.

Шкаляр (здзіўлены бязмежна). Але хто яны?

Несцерка. Ды паслы.

Шкаляр. Але дзе яны?

Несцерка. Па фурманку пайшлі. Зараз тут будуць.

Шкаляр. І вы не хочаце? Вы адмаўляецеся быць каралём? О, як хацелася б мне быць на вашым месцы! Божа мой! Я ні за што не адмовіўся б! Наадварот! Я адразу б сказаў: «Вязіце, каралём рабіце! Згодзен!»

Несцерка. Згодзен? Вось і добра. Садзіся хутчэй на маё месца - яны не заўважаць, - і будзь сабе каралём на здароўе.

Шкаляр. Божа літасцівы! Няўжо гэта праўда? Няўжо я магу стаць каралём?

Несцерка. Хочаш быць каралём, дык не марудзь! (Аглядаецца.) Яны зараз вернуцца. Лезь хутчэй у мех ды сядзі там ціха! (Штурхае шкаляра ў мех.)

Шкаляр. О, з прыемнасцю! (Лезе ў мех.)

Несцерка (дапамагае). Хутчэй, братка, хутчэй!

Шкаляр (вылазіць напалову з меха). Але, пане антаганіст, у мяне ж - нявеста! Як быць з вяселлем?

Несцерка (аглядаецца, нецярпліва). З вяселлем?.. Глупства!.. Іншым разам як-небудзь!

Шкаляр (нерашуча). Але ж мяне, напэўна, чакаюць?..

Несцерка. Гэта я магу ўладзіць. (Абыякава.) А нарэшце, як хочаш... Мне ўсё роўна. (Робіць выгляд, быццам хоча ісці.) Глядзі толькі, каб пасля не пашкадаваў. Такі выпадак...

Шкаляр. Пане дыспутант, куды ж вы? Адну хвіліначку! (Задумаўся, рашуча.) Э, хай будзе, што будзе! Каралеўская карона, нарэшце, даражэй за дзеўку, нават самую прыгожую.

Несцерка. Правільна! Лезь у мех.

Шкаляр. Так!.. (Піша пісьмо, дае Несцерку.) Пане дыспутант, прашу вас, перадайце, калі ласка, гэты ліст пані Мальвіне, маці маёй нявесты.

Несцерка (бярэ пісьмо). Гэта можна.

Шкаляр. Чакайце!..

Несцерка. Чаго яшчэ?

Шкаляр. Кропку забыўся паставіць. (Бярэ пісьмо і ставіць старанна кропку.) Цяпер я гатоў! (Знікае ў мяшку.)

Несцерка (завязвае мяшок). Чаго б яны ні рабілі, маўчы, каб яны па голасу не пазналі, што караля падмянілі. (Завязаў.) Шчаслівай дарогі! (Пабег.)

 

Прыходзяць шляхцюкі.

 

Першы шляхцюк. Ну, браце, трымайся!

Другі шляхцюк. Пачастуем цябе па-каралеўску.

Шкаляр (з мяшка). Нібы ў сне!.. Ажыццяўляюцца чароўныя мары!..

 

Шляхцюкі б'юць лазой шкаляра ў мяшку.

 

Ой-ой-ой!.. Ай-ай-ай!.. Не гэтага я чакаў!..

Першы шляхцюк (смяецца). Не гэтага?.. Пачакай, браце, ты яшчэ і не тое адчуеш!

Другі шляхцюк. У яго ад страху нават голас змяніўся.

Першы шляхцюк. Досыць, пачаставалі! Хадзем, браце, у ваду!

 

Цягнуць мяшок са шкаляром.

 

Другі шляхцюк. Пасля пачастунку ён сапраўды як быццам лягчэйшы стаў.

 

Уваходзіць Юрась.

 

Юрась. Усё ціха, дыспут скончыўся, а Несцеркі няма. Дзе ж гэта ён?

Першы шляхцюк. Канцы табе, Несцерка!

Другі шляхцюк. Не выплывеш!

Шкаляр (з мяшка). Ратуйце!..

Юрась (у роспачы). Гэта ж яны Несцерку тапіць збіраюцца! Хутчэй на дапамогу!

 

Кідаецца на шляхцюкоў. Спалоханыя шляхцюкі ўцякаюць.

 

Шкаляр (у мяшку, стогне). Ох, ох!..

Юрась. Зараз, Несцерка, зараз! Пацярпі трошкі, зараз развяжу. (Развязвае мяшок.)

 

З мяшка выскаквае спалоханы шкаляр.

 

(Здзіўлены бязмежна.) Як?.. Дык гэта шкаляр?! (Адступае ад мяшка).

 

Шкаляр моўчкі ўцякае з нязвыклай для яго шпаркасцю.

 

Стой!.. Куды ж ты?.. Пачакай!..

 

Шкаляр не слухае.

 

Уцёк. (Стаіць разгублены і не ведае, што рабіць.) Што ж гэта я нарабіў? Шкаляра з бяды вызваліў сабе на гора!

 

З'яўляецца, запыхаўшыся, Несцерка.

 

Несцерка. Юрась! Дзе ты быў? Я ж цябе ўсюды шукаю. Хутчэй на вяселле! Цяпер самы час!

Юрась (нерашуча). Паслухай, Несцерка!..

Несцерка (перапыняе). Часу няма. (Глядзіць на збянтэжанага Юрася.) Ды чаго ты такі разгублены? Я для яго стараюся: ад суддзі вызваліўся, шкаляра пазбыўся, усё наладзіў, а ён сабе недзе бавіцца. (Схапіў Юрася за руку.) Хадзем, Юрась, хутчэй!

Юрась (упіраецца). Пачакай, Несцерка! Я павінен табе сказаць, што... (Імкнецца расказаць яму пра шкаляра, але Несцерка не слухае.)

Несцерка (перапыняе, нецярпліва). Пайшлі, потым!.. Нявеста чакае!..

Юрась. Але шкаляр...

Несцерка. Які там шкаляр? Няма шкаляра! Зразумеў? Цяпер наша ўзяла! Цяпер ты адзіны жаніх!.. Хутчэй на вяселле! (Не слухаючы Юрася, цягне яго за руку і шпарка выходзіць разам з ім.)

 

Заслона

 

Карціна сёмая. Вяселле

 

Насця адна. Спявае журботную песню.

 

Насця

Туман, туман на даліне,

Шырокі ліст на каліне.

Шырэй таго, шырэй таго на дубочку.

Кліча галуб галубачку, галубачку.

Хоць не сваю, не сваю, ды чужую:

- Пастой, радасць мая, пацалую!

- Нашто тое мне цалаванне,

Бо на сэрцы туга, смуткаванне.

Разлучылі, разлучылі нас з табою,

Ды як рыбку з вадою, з вадою...

Ой, гора маё!.. Што рабіць? Вось ужо хутка вяселле пачнецца, а ратунку няма і не будзе... Змрок, непраглядны змрок навакол... Любы мой, Юраська, дзе ты? Няўжо ты не бачыш, няўжо ты не чуеш, як аддаюць тваю Насцю за чужога, за нялюбага, аддаюць назаўсёды?.. (Схіліла галаву на рукі, плача.)

 

Уваходзіць Мальвіна.

 

Мальвіна. Час табе, дачушка, прыбірацца... Што гэта? Ты ўсё яшчэ, дурненькая, не адумалася? Слёзкі праліваеш?.. Хаця так і павінна быць. Якая гэта нявеста ды не плача? Гэтак лепей, прыгажэй - такі ўжо звычай. Я ж таксама плакала... Усе мае падружкі ў людзі выйшлі: адна за войтам, другая - за аканомам, трэцяя - за пісарам, за вучоным чалавекам! А я што? Гаршкамі гандлюю!

 

Насця маўчыць.

 

Глядзі, падружкі твае ідуць. Зараз цябе да шлюбу прыбіраць пачнуць.

 

Уваходзяць дзяўчаты, падружкі Насці. Вітаюцца з ёю, абнімаюць і цалуюць яе. Дзяўчаты прынеслі кветкі, стужкі, пацеркі.

 

Дзяўчаты. Дзень добры, цётка Мальвіна!

Мальвіна. Добры дзень, любыя! Заходзьце, калі ласка! Дзякую вам, даражэнькія, што прыйшлі! (Да Насці.) Ну, дачушка, трэба да шлюбу збірацца, хутка жаніх прыйдзе.

 

Уваходзіць Мацей. Моўчкі ставіць пасярод сцэны дзяжу. Выходзіць.

 

Хадзем, дочухна!

Насця (схапіла маці за руку, упала на калені). Матуля, апошні раз прашу цябе, пашкадуй ты мяне, родная, не губі сваё дзіцятка, не аддавай за нялюбага!..

Мальвіна (адмахнулася). Цішэй, дурненькая, супакойся!..

Насця (спявае)

Падыду я да цябе, матуля, блізенька,

Схілю перад табою галоўку нізенька.

Коскамі зямліцу пакрыю,

Слёзкамі ножанькі абмыю.

Ці ж я табе кашулькі не прала?

Ці ж я табе пасцелькі не слала?

Прала кашульку на моры,

Слала пасцельку ў каморы...

Мальвіна. Даволі, годзе ўжо! Супакойся, дочухна... Аб тваім шчасці клапачуся.

 

Уваходзіць Мацей, кладзе на века дзяжы кажух, поўсцю ўверх, і падушку.

 

Насця (кідаецца да яго). Татулечка ты мой родненькі! Пашкадуй хоць ты мяне, бацюхна!..

Мацей (разгублена, гладзіць яе па галаве). А што я магу, дочухна! Сама ведаеш. Прасі ў маткі, мо яна пашкадуе.

Мальвіна. Што?! Чаго ты пляцеш, стары?

Мацей (да Насці). Сама бачыш... Дагаварыліся мы аб шлюбе, цяпер няма як адмовіцца... Позна, дочухна! (Бездапаможна разводзіць рукамі.)

Насця (заламіўшы рукі, плача)

Ой, прапіў ты сваё дзіця

Ды на новым ганачку

За гарэлкі чарачку

Ды за мёду шкляначку!..

Добра ж было табе

Дачку прапіваць!

А каго ж ты будзеш

Цяпер пасылаць

У крыніцу

Па вадзіцу,

У цёмны бор па брусніцу?

 

Мацей (цалуе дачку, з жалем). Даруй, дочухна... Даруй... любая!

Мальвіна (нездаволена). Годзе ўжо!.. Досыць!.. Стары, як малы, быццам і не бацька! (Бярэ дачку за руку і тры разы абводзіць яе вакол дзяжы.)

Дзяўчаты (спяваюць у гэты час)

Ляцелі гусынькі

Цераз сад.

- Час табе, Насценька,

На пасад!

- А што вам, гусынькі,

Да таго?

Ёсць у мяне бацюхна

Для таго.

Ён мне радачку

Парадзіць,

Ён мне дзежачку

Паставіць.

Пяройдзе сцежачку,

Я й пайду,

Паставіць дзежачку,

Я й сяду!..

 

Насця моўчкі кланяецца на ўсе бакі.

 

Мальвіна. Ну, Насця, у добры час ды на шчаслівым месцы на пасад табе сесці.

Дзяўчаты (садзяць Насцю на дзяжу, спяваючы)

За новай святліцай

Стаіць вярба з расіцай.

Каму тую вярбу

    ламаць?

Каму тую расу

    збіраць?

Хлопцу вярбу

    ламаць,

Дзеўцы расу

    збіраць?

Расой умываціся,

Да шлюбу прыбіраціся...

Сакоча курачка,

    сакоча...

З бору ляцеці

    не хоча:

- Ой, і добра ж было мне

    ды ў бару,

Салодкія ягадкі

    сабяру,

А як паляту

    я ў поле,

Не будзе ягад

    на доле.

Плача Насценька,

    плача,

З дому ехаць

    не хоча.

- Выйду на вуліцу, -

    гуляю,

У хатку ўвайду,

    не дбаю,

А як павязуць

    у чужыну,

Цяжка там будзе -

    загіну!

На вуліцу выйсці -

    сарамлюся.

У хату ўвайсці

    баюся!

 

Мальвіна. Госці ж чакаюць... Можа, пайсці на двор, паглядзець?

Мацей. Як хочаш...

Мальвіна (абурана). От, чалавек!.. «Як хочаш!..» Вядома, як захачу, так і зраблю! А сам ты што, хворы?.. Ідзі ды паглядзі, ці не едзе жаніх?

Мацей. Гэта можна.

 

Здалёк загучала музыка. Сярод гасцей ажыўленне. Дзяўчаты ўскочылі.

 

Усе. Малады!.. Малады прыехаў!..

Мальвіна (узрадавана). Нарэшце!..

 

Музыка змоўкла. Уваходзіць Несцерка. Усе здзіўлены.

 

Несцерка (кланяецца). Добры дзень!

Мацей. Дзень добры! Апраўдалі на судзе?

Несцерка. Дзіва што!..

Мацей. Заходзьце, калі ласка!

Несцерка. Як маецеся?

Мацей. От, жывём патроху. Дачку замуж аддаём.

Несцерка. А ведаеце, чаго я да вас прыйшоў?

Мацей. Ды, мабыць, на вяселлі пагуляць.

Мальвіна. Можа, бачылі маладога?

 

Дзяўчаты расчэсваюць Насці валасы і заплятаюць іх у касу. Надзяюць ёй на галаву вянок з кветак, упрыгожваюць яе стужкамі і пацеркамі.

 

Дзяўчаты (спяваюць)

Ды цераз мой двор,

Ды цераз мой сад

Цяцера ляцела.

Ой, не даў мне Бог,

Не судзіў мне Бог

За каго хацела, -

З кім стаяла,

Размаўляла,

Падарункі брала.

З каго кпіла

Ды смяялася -

Сама таму дасталася.

 

Збіраюцца госці.

 

Насця (кланяецца падружкам, абнімае іх і плача)

Дзякую вам, любыя!

Вы гладка часалі,

Прыгожа прыбралі!

 

Дзяўчаты садзяцца вакол Насці. Насця сядзіць, затуліўшы твар рукамі. Усе чакаюць жаніха. Сярод гасцей адчуваюцца нецярплівасць і нездавальненне.

 

Мальвіна (пачынае непакоіцца). Дзе ж гэта ён бавіцца?

Мацей. Ды ўжо час...

Мальвіна. Вядома, час! Што ж гэта будзе?

Мацей. Не ведаю...

 

Дзяўчаты спяваюць.

 

Несцерка. Якога гэта маладога? Ці не шкаляра часам?

Мальвіна. Але, але, яго! Можа, бачылі?

Несцерка. Бачыў нядаўна.

Мальвіна. Дзе ж ён бавіцца? Калі ж ён прыйдзе? Нявеста чакае, госці чакаюць...

Несцерка. Можаце не чакаць.

Мальвіна (устрывожана). Як гэта не чакаць? Што вы кажаце? Дзе ж ён?

Несцерка. Не прыйдзе ён зусім.

Мальвіна. Як гэта не прыйдзе?

Несцерка. Адмовіўся шкаляр ад вашае дачкі.

Мальвіна. Як гэта адмовіўся?

Несцерка. А вельмі проста: адбыў у сталіцу, а вам гэты ліст пакінуў. (Дае Мальвіне пісьмо.)

Мальвіна. А Божа ж мой! А што ж гэта робіцца?.. Пачытайце хто-небудзь. (Дае пісьмо аднаму з гасцей.)

Госць (чытае). «Шаноўная і вельмі паважаная пані Мальвіна! Відаць, няма божае ласкі на тое, каб я ажаніўся з вашай дачкой, прыгожай паненкай Настай. Мяне чакае больш высокае прызначэнне. Складаныя і загадкавыя абставіны, аб якіх я пакуль што не маю права пісаць, перашкаджаюць мне з'явіцца на вяселле і прымушаюць мяне адмовіцца ад шлюбу. Я іду насустрач маёй бліскучай і нечаканай будучыні. Аддаючыся хвалям лёсу, я плыву ў нязведаныя далі. Бакалаўр Самахвальскі».

Мальвіна. Ах, валацуга!.. Ах, шыбенік!.. А такі быў вучоны ды шляхетны жаніх!..

Несцерка (падміргвае Насці). Тваё, дзеўка, шчасце!

Насця (узрадавана). Няўжо гэта праўда?

Несцерка. Каб ён так да сталіцы не даплыў, як гэта праўда.

Мальвіна (з жалем). Дзе ж ён падзеўся?

Несцерка (зняважліва махнуў рукой). Паплыў... Плыве па хвалях лёсу... Такой бяды!

Мальвіна. Як гэта «такой бяды»?.. Вяселле наладжана, госці ў зборы, нявеста на дзяжы сядзела, а жаніх знік, нібы не было ніколі? А сорам які! Ганьба! Авой, авой!..

Несцерка. Гэта яшчэ не бяда, цётка. Я такую бяду рукамі развяду. Дзякаваць будзеш.

Мальвіна (зірнула на яго). Як гэта?

Несцерка. Ёсць у мяне для Насці жаніх! Куды там шкаляру! Малады, прыгожы, вучоны ды багаты!

Мальвіна (з надзеяй). Сваточак, дзе ж ён?

 

Сярод гасцей ажыўленне.

 

Несцерка. Ды вось тут, недалёка, адказу чакае. Згодзен ён Насцю хоць зараз узяць ды вяселле гуляць.

Мальвіна (узрадавана). Трэба ж яго сюды паклікаць.

Насця (устае). А ў мяне запыталіся? Я не хачу! Гэта, відаць, шчасце маё, што адмовіўся шкаляр ад вяселля. Цяпер я гэта шчасце са сваіх рук не выпушчу! Толькі за Юрася пайду я! На гэты раз вы мяне не прымусіце!

Мальвіна (кінулася да Насці). Дачушка мая, родненькая! Што ты гаворыш! Апамятайся! Гэта ж і ёсць тваё шчасце. Такі зручны выпадак... Інакш на ўсё жыццё сораму не абярэшся!

Насця. Не хачу!

Несцерка. Э, глупства! Ды яна як толькі гляне на яго, дык адразу і згодзіцца... Самі ўбачыце! (Выбягае.)

 

Уваходзіць Несцерка, за ім Юрась, абкружаны музыкантамі.

 

Несцерка. Вось ён, жаніх, - малады, прыгожы, вучоны ды багаты. Прымайце, добрыя людзі, у хату!..

Мацей. Калі вы, госці, згодны ды калі дачка не супраць, дык і я пярэчыць не буду.

 

Юрась падыходзіць да Насці. Насця не хоча глядзець.

 

Юрась (крануў яе за руку, ціха). Насцечка!

Насця (зірнула на яго і заззяла. Увесь сум як рукой зняло). Мама, я згодна.

Несцерка. А што я казаў?

Мальвіна (узрадавана). Насцечка, дачушка мая! Нарэшце паслухалася. Вось і добра. Зажывеш у шчасці ды багацці.

 

Юрась сеў каля Насці, хаваючы ад усіх твар.

 

Несцерка (ускочыў на лаўку)

Сем год мадзеў,

На вяселле хацеў,

Тры гады бадзяўся,

Увайсці не рашаўся.

Бабы лён трапалі,

Кастрыкай у рот папалі.

Памаўчу, пакуль не прамачу.

 

Яму падаюць кубак мёду. Несцерка п'е.

 

Дзяўчаты (спяваюць)

Прыйшоў на вяселле наш сваток,

Павязаўшы крыжам ручнічок.

Нам казалі: сват наш вельмі харош,

А у свата доўгі буслаў нос.

А у свата лыса галава

Ды казліна рыжа барада.

Плавае па хаце, як таран,

Лыпае вачыма, як баран.

Барадою сватка патрасе,

Маладзіцам чарку паднясе.

Калі, сват, гарэлкі не дасі,

Караваю трасцу ты з'ясі.

 

Несцерка перадае прысутным бачонак віна.

 

Несцерка

Дазвольце, бацька і маці,

Музыкантам зайграці,

Вяселле пачаці.

 

Мальвіна і Мацей (разам). У добры час.

 

Музыканты іграюць.

 

Дзяўчаты (спяваюць)

Схілілася елачка

Да дуба;

Час табе, Насцечка,

Да шлюба.

Развіваецца, распускаецца

У гародзе зелле;

Пачынаецца, разгараецца

Насціна вяселле.

 

Несцерка робіць знак рукой. Музыка і песні сціхаюць.

 

Несцерка

Дом гасцінны, пір гарой,

Музыкі цешаць гасцей ігрой.

Панове музыкі, прашу не іграць.

Будзем мы Насцю благаслаўляць.

Дай, Божа, у добры час пачаць,

А ў злы памаўчаць.

Родныя бацька і маці,

Станьце на пастаці,

Дайце раду свайму дзіцяці

Ды шлюб прыняці,

Век векаваці,

Гора не знаці,

Дабро нажываці

У добрым здароўі,

Вясёлым жыцці,

Сабе на радасць,

Людзям на ўцеху.

 

Дзяўчаты (спяваюць)

Карыся, дзяўчына, карыся,

Старому, малому кланіся.

Старому, малому да ножак,

Бацьку і маці да слёзак.

 

Насця і Юрась становяцца на калені, схіліўшы галовы.

 

Мацей (благаслаўляе Насцю і Юрася хлебам і соллю)

Дару вас хлебам і соллю,

Шчасцем і доляй

І добрым здароўем

На ўвесь доўгі век.

 

Усе прысутныя. У добры час! У добрую гадзіну! На доўгі век! На Насціна шчасце!

 

Насцю і Юрася абводзяць тры разы па ўсёй сцэне, абсыпаючы іх жытам. Увесь гэты час Мальвіна дарэмна спрабуе глянуць Юрасю ў твар. Несцерка, Мацей і музыканты ўсялякім чынам ёй у гэтым перашкаджаюць.

 

Несцерка

Дом гасцінны,

Пір вясёлы.

Я ў гэтым доме,

Як лебедзь на Доне:

Лебедзь акунецца,

Прэч паляціць,

А я тут застануся

Гасцей весяліць.

 

Робіць знак музыкантам. Зайграла музыка.

 

Дзяўчаты (спяваюць)

Сіні Дунай

Па пяску цячэ;

Юрась нявесту

За ручку вядзе.

А Юраська наш

Прыгажэй за ўсіх,

Ды галоўку схіліў

Ён ніжэй за ўсіх.

 

Юрась узняў галаву, усміхнуўся.

 

Мальвіна (зірнула нарэшце Юрасю ў твар). Авохці мне!.. Ды гэта ж Юрка, парабчанё!

 

Пачаліся танцы. Мальвіна разгублена мітусіцца сярод гасцей.

 

А як жа гэта так атрымалася? (Накінулася на мужа.) Гэта ўсё ты вінават. Аддаў дачку першаму сустрэчнаму, нават і не спытаўшыся.

Мацей. Як гэта не спытаўшыся? Я дык яго адразу спазнаў, толькі табе не казаў, каб не перашкодзіла. Будзе ў нашай дачкі муж добры, працавіты.

Мальвіна. Каб ты так сонейка бачыў, як гэта праўда. (Падыходзіць да Несцеркі.) Ашукаў ты нас, сваток. Гэта ж Юрка. Які ж ён вучоны? Дзе ў яго тая вучонасць?

Несцерка. Як гэта ашукаў? Усё, што я казаў, - шчырая праўда! Тое, што ён прыгожы і малады, ты сама добра бачыш. Акрамя таго, ён на ўсе рукі майстар, усякім рамёствам навучаны. Значыць, мы яго можам лічыць у сваёй справе вучоным. Ці праўду я кажу?

Мацей. Праўду.

Мальвіна. Цьфу! Каб ты прапаў, - і ён туды ж! (Да Несцеркі.) Няхай будзе так! Але ж які ён багаты? Дзе ў яго тое багацце?!

Несцерка. У руках ягоных багацце, бо ў яго рукі залатыя. Усё, што ён робіць, робіць ён добра. Ды і сэрца ў яго, як кажа Насця, залатое, а каму ж гэта і ведаць, як не ёй? Вось так яно і выходзіць: малады, прыгожы, вучоны ды багаты. А больш я нічога і не казаў. Праўда, людцы?

Насця (смяецца). Праўда, Несцерка, праўда.

Мацей. Хто дбае, той мае! (Насці і Юрасю.) Жывіце, дзеткі, шчасліва!

Мальвіна (уздыхнула, махнуўшы рукой). Хай будзе па-вашаму! (Выцірае вочы.) Хіба я свайму дзіцяці вораг?

Юрась. Даруй, маці! Буду я табе добрым сынам.

 

Музыка. Танцы. Урываецца шкаляр.

 

Шкаляр. Выбачайце, я, здаецца, спазніўся. Вы мяне, пэўна, чакалі?

Несцерка. Адкуль ён узяўся? (Шкаляру.) Пан дыспутант, напэўна, з'явіўся, каб павіншаваць маладых? (Паказвае на Юрася і Насцю.)

Шкаляр (убачыў Юрася і Насцю, няўпэўнена). Тут, відавочна, прыкрае непаразуменне...

Мальвіна (грозна наступае на яго з пакамечаным пісьмом у руках). Непаразуменне?.. А гэта што?..

Шкаляр. Ах, выбачайце, пісьмо...

Мальвіна. Так! Пісьмо!..

Шкаляр. З пісьмом маім, бачыце, адбылася непрыемная памылка. Ах, пані Мальвіна, разумнейшая ў свеце жанчына!..

Мальвіна. Ведаць нічога не хачу. Гэта ж такая крыўда, такі сорам.

Шкаляр. Мяне ашукалі, мяне хацелі кінуць у ваду!..

Несцерка (перапыняе). Як гэта ашукалі? Хто цябе хацеў кінуць у ваду? Ты ж збіраўся ў сталіцу ехаць!

Шкаляр. Гэта ён мяне ашукаў. (Паказвае на Несцерку.) Гэта яны знарок усё падстроілі, каб я не мог трапіць сюды! Прайдзісветы! Ашуканцы!

Юрась. Але ж я вас выратаваў! Хіба вы забыліся?

Шкаляр (не слухае). Я вас прымушу! Я буду скардзіцца!..

Мацей. Позна, браце, шлюб адбыўся.

Мальвіна. Прымусіць? Скардзіцца!.. Гэта мяне прымусіць? На мяне скардзіцца?.. А не дачакаеш ты з родам тваім! Ганіце яго прэч!

Шкаляр (разгублена). Мне вельмі непрыемна, але дазвольце...

Мацей (падыходзіць да яго, лагодна). Ідзі, ідзі сабе, братка, і без цябе абыдземся.

 

Дзяўчаты са смехам і жартамі праганяюць шкаляра. Музыка, танцы. Несцерка выходзіць ва сярэдзіну сцэны.

 

Несцерка

Не заўсёды з вамі тут

Жартаваць, смяяцца.

Трэба зараз мне, сябры,

З вамі развітацца.

Мо абразіў я каго,

Дык перапрашаю.

Крыўды сам ні на каго

Я, сябры, не маю.

Дык бывайце ўсе здаровы

І не забывайце:

Я вам прыяцель, мяне

Часта ўспамінайце.

Мяне ўспамінайце

Вы гэтак часамі:

«Быў Несцерка нейкі,

Што бавіўся з намі».

Ад шчырага сэрца

Вам долі жадаю,

Ніхто з вас ніколі

Хай гора не знае.

Бывайце здаровы

І ў шчасці жывіце,

Прыйду калі ў госці,

Дык з чаркай прыміце.

 

Кланяецца ўсім прысутным. Усе кланяюцца яму. Потым ізноў закружыліся ў танцы. Несцерка выходзіць на авансцэну. Заслона павольна апускаецца. Несцерка адзін застаецца перад заслонай.

 

Несцерка (перад заслонай, да публікі). А вы ўсё яшчэ седзіцё з таго часу? І не надакучыла?.. Глядзі ты кірмаш скончыўся, вяселле адгулялі, а яны ўсё сядзяць ды сядзяць. Відаць, трывалыя... Ну, вы сабе як хочаце, а я пайду, адкуль прыйшоў. Бывайце здаровы! (Кланяецца, выходзіць за кулісы.)

 

КАНЕЦ


1939-1945

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая