epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Па дарозе на фэст

 

 

— У нядзелю будзе вялікі фэст, — сказаў мне неяк Франц Радзевіч.

— Які гэта фэст? — здзіўлена спытаў я. — У касцёле? Твар старога рыбака расплыўся ў вясёлай, задаволенай усмешцы.

— Які там касцёл! Свята песні, вось які фэст! Мы адзначаем яго штогод у гэты час. Народу будзе многа, адусюль папрыязджаюць! Трэба і вам пабываць.

Пра свята песні на Нарачы я чуў яшчэ ў Мінску.

Яно праводзіцца па мясцовай традыцыі, якая ўстанавілася пасля вайны, у першую нядзелю пасля першага ліпеня і прысвечана вызваленню Беларусі ад гітлераўскіх акупантаў.

У 1956 годзе гэты дзень прыпаў на восьмае ліпеня. Да свята заставалася яшчэ тры дні.

Нарэшце жаданая нядзеля надышла.

На фэст я паехаў разам з Францам Антонавічам і Ясюнем на грузавіку рыбгаса.

Па дарозе ўздоўж берага Нарачы з усіх канцоў ехалі на свята калгаснікі з навакольных вёсак — з Купы, Сцепянёва, Урлікаў, Варанцоў, Антонісберга, Пасынкаў.

Адна за адной ішлі па гладкім бруку машыны, поўныя людзей.

Усе былі ў добрым настроі. З машын чуліся вясёлыя песні, гукі гармоніка.

На шматлікіх фурманках сядзелі пажылыя жанчыны і дзеці, прыбраныя па-святочнаму.

Па краях дарогі чародкамі спяшалася на веласіпедах моладзь. Хлопцы былі ў новых касцюмах, дзяўчаты ў прыгожых сукенках з дарагіх матэрыялаў, пашытых па апошняй модзе.

— Тавараў розных панавезлі туды нямала, — сказаў Радзевіч. — Будзе што людзям купляць.

Ясюня засмяяўся.

— Ты чаго? — скоса зірнуў на яго стары.

— Так, нешта ўспомніў, — адказаў Ясюня, шырока ўхмыляючыся.

— Вы яго толькі слухайце, гэтага манюку, — сказаў Радзевіч. — І адкуль толькі ў яго бяруцца ўсякія байкі ды плёткі.

Ясюня і сапраўды, як я ўжо не раз пераканаўся, вельмі любіць апавядаць розныя гісторыі. Іх у яго заўсёды багата ў запасе.

Павярнуўшыся да мяне, хлопец пачаў расказваць, ледзь стрымліваючы смех:

— Летась, напярэдадні свята, прыслалі сюды з Маладзечна машыну з яйкамі для крамы і сталовай. Ды, відаць, шафёр, як кажуць, на корак наступіў, бо машына заехала ўбок і перакулілася, а яйкі вываліліся ў канаву. Ой, што там было! Добрая яечня атрымалася! Поўная канава свежых яек пабітых. А па той дарозе мала хто ездзіць. Шафёр пакруціўся каля машыны, бачыць, што сам нічога не зробіць, і пайшоў у вёску па дапамогу, ды і застаўся там да раніцы. А да канавы тым часам збегліся адусюль сабакі, накінуліся на пачастунак, а за імі — кошкі. Бабы прыйшлі з вёдрамі чэрпаць бясплатную «яечню» для свіней. Нават вароны пазляталіся пакаштаваць. Пад вечар, калі добра сцямнела, адкуль толькі ўзяліся — і вожыкі, і лісіцы, і барсукі, і ўсякае іншае лясное звяр’ё збеглася. Усе на «яечню» накінуліся. Да раніцы нічога ад яе не засталося, усё падчысцілі.

Ясюня засмяяўся:

— Набраўся той шафёр бяды! Плакалі яго грошыкі! Васемнаццаць соцень яек пабітых — не жарты!

Радзевіч спахмурнеў.

— Чорт яго бяры! — прабурчаў ён сярдзіта. — Хай скажа дзякуй, што шыю не зламаў і пад суд не трапіў. І нічога тут смешнага няма. Такіх шафёраў да руля і падпускаць нельга...

— Годзе ўжо вам, — усё яшчэ смеючыся, лагодна перапыніў старога Ясюня. — Не ўсе шафёры такія.

— Вядома, не ўсе, — пацвердзіў усё яшчэ нездаволена Франц Антонавіч. — Наш Міхалка і ў рот не бярэ.

Радзевіч хацеў сказаць яшчэ нешта, але машына мінула вёску Мікольцы і пад’ехала да таго месца, дзе заўсёды адбываецца свята песні.

Мы саскочылі з грузавіка.

На беразе возера было поўна народу. Сюды прыехала шмат гасцей з суседніх раёнаў, з Маладзечна, з Мінска і нават з Літвы.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан