epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Па дарозе ў Нешкава

 

 

У дзве гадзіны дня мы выехалі з дырэктарам у падсобную гаспадарку Нешкава, якая знаходзіцца за 18 кіламетраў ад пасёлка Крайцы, на ўсходняй ускраіне запаведніка. З намі едзе ветэрынарны фельчар, ляснік, егер Аляшкевіч і двое рабочых з падсобнай гаспадаркі.

Зноў цярушыць дробны дожджык. Глеба тут вязкая і багністая. Што ні крок — ямы, калдобіны, глыбокія лужыны. Машына спыняецца кожную хвіліну. Колы буксуюць у гразі.

Прыходзіцца часта вылазіць і дружнымі намаганнямі штурхаць машыну наперад, падкладаючы галлё пад непаслухмяныя колы.

Часам і гэта не дапамагае. Тады ідуць у ход сякеры. Нашы спадарожнікі хутка і спрактыкавана сякуць бярозы, ялінкі і асіны, распілоўваюць іх на некалькі частак і кладуць пад колы стваламі ўздоўж каляіны.

Абапал дарогі цягнецца вільготны і балоцісты лес.

Высяцца стройныя бярозы, вялізныя вольхі, цёмныя яліны.

Духмяная чаромха шырока раскінула свае цяністыя галіны.

Гнуткія маладыя ясені стромка ўзвышаюцца над грудамі буралому. Усюды прабіваюцца кусты арэшніку і каліны, павялічваючы яшчэ больш гушчыню і непраходнасць лесу. Чым далей на ўсход, у глыб запаведніка, тым усё часцей і гусцей, суцэльнай сцяной стаяць старыя дрэвы-волаты. Тут пануе вільгаць і змрок.

Зрэдку толькі прабяжыць у вяршалінах і зашуміць ненадоўга ветрык, і зноў пануе цішыня.

У Нешкаве, куды мы дабраліся праз некалькі гадзін пакутлівай язды, надакучліва звіняць над намі ваяўнічыя полчышчы камароў.

Пакуль ветфельчар правярае стан мясцовых кароў і коней, мы аглядаем палі і агароды гаспадаркі. Гэта — самыя нізкія і вільготныя мясціны ў запаведніку. Зямля тут тлустая, урадлівая.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан