epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Па ваколіцах Браслава

 

 

Кругавы аб’езд мы пачалі з возера Цно. За ім ляжыць возера Неспеж. Чым далей едзем, тым больш прыгожыя, паэтычныя, маляўнічыя робяцца краявіды.

Я ўключыў радыё.

Зайграла музыка, пачуліся словы знаёмай песні.

 

Край родной и любимый,

Край озёр наших синих...

 

Мелодыя і змест песні адпавядалі нашаму настрою.

— Якраз дарэчы, — усміхнуўся настаўнік. — Вось яны, нашы сінія азёры!

Сапраўды, усюды сярод узгоркаў, лясоў і нізін зіхаціць азёрная гладзь.

...Дрывяты, Навяты, Воласа, Снуда, Струста, Окменіца, Святцо...

Азёры з дзіўнымі летапіснымі назвамі абкружылі Браслаў, нібы бліскучыя каралі. Нязвыклае гучанне іх імёнаў абуджае фантазію. Колькі дзесяткаў стагоддзяў, колькі незлічоных пакаленняў людзей яны перажылі!

Аднак вернемся да андатры.

— Да гэтага часу асноўным багаццем нашых азёраў была толькі рыба, — сказаў Мікалай Антонавіч, калі мы пад’ехалі да возера Неспеж. — А цяпер мы маем яшчэ і андатру. За апошнія гады звяркі рассяліліся амаль па ўсіх азёрах Браслаўшчыны.

— А як ставіцца да новага звярка насельніцтва?

— Прывыклі. Не звяртаюць увагі. Толькі рыбакі нездаволены андатрай.

— Чаму?

— Яна ім часам перашкаджае. Трапіць пад вадою ў сеткі, заблытаецца ў іх, прагрызе выхад і ўцячэ, а за ёю ўцякае і рыба. Вось рыбакі і лаюцца, клянуць андатру: «Запаскудзілі нашы азёры гэтым пацуком».

— А вы як думаеце?

— Думаю, што рыбакі глядзяць на гэта занадта вузка. Я ўпэўнены, што засяленне нашых азёр андатраю мае вялікае народнагаспадарчае значэнне. Яшчэ ў 1945 годзе абмяркоўвалася ў Мінску пытанне аб андатры.

— Праўда, — успомніў я. — Была гаворка, каб выпусціць андатру ў Князь-возера, на Палессі.

— Так, — пацвердзіў Мікалай Антонавіч. — Тады ворагі звярка перамаглі. Яны давялі, што нібыта рассяленне андатры скажацца адмоўна на развіцці рыбнай гаспадаркі. Сцвярджалі, быццам андатра не толькі грызе сеткі, але і знішчае рыбу. Гэта, зразумела, няпраўда. Але паколькі пытанне выклікала спрэчкі, яго пакінулі адкрытым. Вырашылі з акліматызацыяй андатры на Беларусі пачакаць. Але ў тым жа годзе ў Брэсцкай вобласці былі заўважаны андатры, якіх ніхто не прывозіў.

— Адкуль жа яны ўзяліся?

— А самі, без дазволу і ўзгаднення, не чакаючы пастановы, перабраліся на тэрыторыю Беларусі з суседняй Польшчы, куды трапілі з Чэхаславакіі. Тады, паколькі звяркі самі з’явіліся, пярэчанні адпалі. Пачалося планавае засяленне андатраю вадаёмаў рэспублікі. Больш трохсот звяркоў было выпушчана ў 1953 і 1954 гадах у Князь-возера і столькі ж у 1955 годзе ў азёры Пастаўскага раёна. Нарэшце ў 1956 годзе прывезлі ў Браслаў і выпусцілі ў Цно чатырыста дзевяноста сем звяркоў. Цяпер кожнаму ясна, што гэта — звярок карысны, каштоўны, як кажуць, рэнтабельны. Да ўмоў жыцця ён непатрабавальны, размнажаецца вельмі хутка, дае прыгожае, трывалае і недарагое футра, а корміцца балотнымі раслінамі. Каму патрэбны вадзяны хвошч, асака, рагоз, гарлачыкі? Абсалютна нікому! Значыць, утрыманне і развядзенне андатры не патрабуе ні дзяржаўных сродкаў, ні чалавечай працы, а карысць прыносіць вялікую. Гэта — сапраўднае багацце.

Мікалай Антонавіч змоўк. Яго довады здаліся мне вельмі пераканальныя. Я хацеў яму сказаць пра гэта, але гаворка наша раптам спынілася. Пакуль настаўнік гаварыў, дарога падымалася на высокую гару, пакрытую лесам. Цяпер мы абагнулі выступ гары, і перад намі адкрыўся цудоўны пейзаж.

Унізе, пад гарою, раскінулася возера Воласа, з усіх бакоў аблямаванае лесам. Ці не ў гонар язычаскага бога Валоса, або Вялеса, было названа так у старадаўнія часы гэтае возера?

Яно сустрэла нас глыбокім і велічным спакоем. І мне здалося, быццам нейкая дзівосная «машына часу» перанесла нас на якую добрую тысячу гадоў назад. На берагах такіх спакойных азёр стаялі калісьці драўляныя ідалы і глядзелі ў чыстыя, празрыстыя воды.

Горы, вада, стройныя сосны на ўзвышшах, цёмныя елкі ў нізінах. На кожным кроку — новы цуд невыказнай прыгажосці. Мясцовасць — як казачны сон. Над усім пануе адвечная гармонія паміж небам, вадой і лесам.

Мы выйшлі з машыны і доўга стаялі над стромкім ярам.

— На гэтым возеры андатры няма і не будзе, — сказаў нарэшце настаўнік.

— Чаму?

— Яно не кормнае. Тут для андатры занадта прыгожа — вада чыстая, берагі сухія, пясчаныя. Андатра любіць такія азёры, як Цно, — неглыбокія, з багатай расліннасцю і балоцістымі берагамі, ці рэчкі з павольнай плынню і шырокаю поймай.

Вочы нашы не могуць адарвацца ад краявіду. Але як тут ні прыгожа, трэба ехаць далей.

За гарамі, пакрытымі лесам, адкрылася перад намі новая водная гладзь. Гэта — возера Снуда. І яно мае не менш велічны, эпічны выгляд.

Вада, лес і ўзгоркі. Цішыня.

Над пясчаным берагам ляцяць кнігаўкі. Я спыніў машыну і, па сваёй даўняй звычцы, пытаюся ў сустрэчнага пажылога дзядзькі:

— Як называюцца гэтыя птушкі?

Калгаснік зірнуў на мяне недаверлівым вокам і, хаваючы здзіўленне, адказаў:

— Піліпцы.

— А можа, гэта кнігаўкі?

— Не.

— Тады, можа, чыбісы ці пігаліцы?

— Ніколі не чуў. У нас іх называюць піліпцамі.

Ён паглядзеў на бераг і, паказаўшы рукой на чубатую птушку з белай грудкаю і цёмна-зеленаватымі крыламі, дадаў упэўнена, каб не было ніякіх сумненняў:

— Вунь яшчэ піліпец паляцеў.

На сенажаці, над якой праляцела кнігаўка, стаяў маўклівы бусел. Пакуль дзядзька прыкурваў у Мікалая Антонавіча, я спытаўся зноў:

— А гэта хто?

Дзядзька выпусціў з-пад светлых вусоў струменьчык дыму.

— Гэта бацян, — адказаў ён не адразу.

— Буслом яго ў вас не называюць?

— Не. Так у нас не гавораць. У нас гэта — бацян.

Настаўнік пацвердзіў сказанае калгаснікам. Дзядзька цяпер, відаць, цалкам пераканаўся, што з яго не жартуюць. Развітаўшыся з ім, мы паехалі далей.

Недалёка ад возера Снуда знаходзіцца вёска Краснагорка. Тут жывуць так званыя стараверы. Іх продкі перасяліліся ў гэтую мясцовасць з Расіі яшчэ ў XVII стагоддзі.

— Жыхароў Краснагоркі можна адразу пазнаць па гаворцы, — тлумачыць Мікалай Антонавіч. — Яны заўсёды кажуць «могет» замест «можа». Прайшло трыста гадоў з таго часу, як іх продкі перасяліліся сюды, але мова ў іх захавалася ў аснове сваёй руская. Праўда, у гэтай мове цяпер сустракаюцца беларусізмы.

Дарога тым часам пагоршылася. Машына скача сярод сасновага лесу з узгорка на ўзгорак. Колы грузнуць у пяску.

Мінулі адно лясное азярко, потым другое і выехалі на адкрытае роўнае месца.

Злева цягнецца возера Струста з двума астравамі. На адным з іх, даволі вялікім, размясцілася паселішча з трох хат.

— Дзеці адсюль кожны дзень прыплываюць у нашу школу на лодцы, — гаворыць мой спадарожнік.

З правага боку з’явілася возера Ельня. Потым, нібы на змену яму, — светлае і суровае возера Святцо. Як сядло, высіцца побач Святая гара — голая, бязлесая, самотная.

— Адкуль такія назвы? — спытаўся я. — Святая гара, Святцо!..

— На гары і на беразе стаялі, відаць, ідалы багоў, — адказаў настаўнік і словамі сваімі пацвердзіў мае думкі. — Тут адбываліся, напэўна, язычаскія святы. Нашы далёкія продкі вадзілі тут карагоды, спявалі, прыносілі ахвяры. Усё гэта даўно сцерлася з памяці людской, толькі назвы засталіся да нашага часу, як сведкі мінулага, як прыкметы для гісторыкаў і археолагаў.

За Святцом узнікае перад намі возера Бярэжжа.

— Гэта апошняе на нашым шляху, — сказаў Мікалай Антонавіч.

Зрабіўшы круг у шэсцьдзесят кіламетраў, мы вярнуліся ў Браслаў з супрацьлеглага боку.

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан