epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Паездка ў запаведнік

 

 

У пачатку чэрвеня 1947 года, у ясны сонечны дзень, выехалі мы на машыне з Мінска ў Беларускі дзяржаўны запаведнік на рацэ Бярэзіне.

У шырокім кузаве грузавіка размясціліся дырэктар запаведніка, яго намеснік па навуковай частцы і некалькі супрацоўнікаў. Усе яны вяртаюцца дамоў з камандзіроўкі. Яны вязуць з сабой прэпараты, лабараторнае абсталяванне і ўсялякія прыпасы, неабходныя для жыцця і працы ў лясах запаведніка.

Машына ідзе па Лагойскім тракце. Абапал раскінуліся бяскрайнія калгасныя палеткі.

Не спыняючыся, мінулі мы Астрашыцкі Гарадок, размешчаны на ўзвышанай мясцовасці, непадалёку ад невялікага прыгожага возера.

Потым праехалі летапісны Лагойск, дзе да гэтага часу захаваўся яшчэ высокі насып старадаўняга замчышча, і Плешчаніцы.

За Бягомлем, па дарозе на Лепель, усё часцей сустракаюцца лясы, пералескі. Адсюль недалёка ўжо і да запаведніка. Яго лясныя масівы, што раскінуліся на плошчы ў 70 тысяч гектараў, віднеюцца цёмнай зубчастай сцяной на гарызонце. Перасечаныя вялікімі балотамі і азёрамі, яны цягнуцца паласой з поўначы на поўдзень па верхнім цячэнні ракі Бярэзіны і яе шматлікіх прытокаў.

Гадзін пасля шасці вечара мы праязджаем праз сяло Домжарыцы.

Недалёка ад сяла віднеецца возера. Мы знаходзімся ў межах запаведніка.

Машына ідзе берагам Сергучоўскага канала. Яна спыняецца перад старой, пахілай хацінкай.

Тут, каля самай вады, жыве егер Аляшкевіч, які ехаў з намі. Ён працуе егерам і адначасова вартаўніком пры шлюзе на канале. Гэта — здаровы, дужы дзядзька, гадоў пад сорак восем, які любіць пагаварыць, пажартаваць і пасмяяцца. Усю дарогу ён расказваў розныя адмысловыя гісторыі і сам заўзята рагатаў, сам шчыра з іх цешыўся.

— Ну, Юры Ігнатавіч, вылазь! Прыехаў! — гаворыць яму дырэктар.

Егер спрытна выскоквае з машыны, а за ім таксама і мы, каб размяць крыху ногі.

З хаты выходзіць жонка егера, жанчына невысокага росту, але гэткая ж дужая, зграбная і здаровая з выгляду, як і муж.

Яна бачыць, што гаспадар вярнуўся з пустымі рукамі, і пачынае праяўляць выразныя адзнакі нездавальнення.

— Няўжо нічога з горада не прывёз? — пытаецца яна коратка.

— Як гэта нічога? А вабік для рабчыкаў? А другі для качак? А патроны для стрэльбы?

— Згары ты са сваімі патронамі! Цьфу!.. Людзі стараюцца, дбаюць, працуюць, а ён сабе бадзяецца па лесе ды ваду пільнуе! Хіба гэта работа? Адна назва! Дырэктару трэба ў Мінск, тыц — і ён туды ж! І ён ужо начальнік, — торбу за плечы ды за ім. Вялікую справу робіць! А каб чаго ў дом, дык аб гэтым і клопату няма! Я яго выправіла, як чалавека, і сала, і хлеба дала, і грошай, а ён...

Раззлаваная, не знаходзячы слоў ад крыўды, жанчына павярнулася, каб ісці дахаты.

Егер тым часам выцягнуў з машыны стары шынель.

— А гэта што? Глядзі, на рынку купіў! — сказаў ён крыху няўпэўнена.

— Купіў?.. Гэта?.. — У голасе жонкі загучала невыказная знявага. — Людзі насіць не хочуць, з плеч даўно паскідалі, а ён падхапіў!..

Яна вырвала з рук мужа злашчасны шынель, шпарка падбегла да канала і кінула ў ваду. Потым моўчкі, не аглядаючыся, рушыла ў хату.

— А на зіму штаны з чаго шыць? — заўважыў ёй наўздагон Аляшкевіч.

Пачухаўшы збянтэжана патыліцу, ён узяў жэрдку і выцягнуў шынель з канала.

Калгасны вартаўнік, якога мы ўзялі ў машыну, каб падвезці да сяла Кветча, уважліва і зацікаўлена сачыў за гэтай сцэнай.

— Бачылі? — сказаў ён, хаваючы ўсмешку ў вусы. — Не дай Бог, што вырабляе! Гэта ж перад усёй публікай у ваду кінула! Ціятр! Добра, што чалавек спакойны. Другі б адразу ў развод! Ці ж няпраўда?

Аляшкевіч нездаволена глянуў на вартаўніка.

— Стары чалавек, а няправільна гаворыце! — заўважыў ён стрымана.

І, звярнуўшыся да нас, растлумачыў з філасофскай развагай:

— Усе яны гэткія. Яшчэ невядома, што дырэктарава жонка скажа, ён жа таксама нічога не прывёз.

А пасля невялікай паўзы дадаў зусім іншым тонам, нібы суцешыў сам сябе:

— Пагодзімся!

Яму было, відаць, непрыемна, што гэты маленькі інцыдэнт адбыўся на нашых вачах. Ён адчуваў сябе крыху няёмка.

Мы развіталіся з Аляшкевічам і паехалі далей.

Праз некалькі кіламетраў машына павярнула ўправа і спынілася.

Перад намі — вялікая пясчаная паляна, агароджаная з боку канала частаколам. На гэтай паляне, акружанай сасновым лесам, высяцца сярод агародаў, на прыстойнай адлегласці адзін ад аднаго, некалькі новых драўляных будынкаў.

Гэта — пасёлак Крайцы, сядзіба запаведніка.

У адным з невялікіх, бярвенчатых, з прыемным сасновым пахам дамоў размясцілася дырэкцыя. У астатніх жывуць навуковыя супрацоўнікі.

Пачынае церушыць дробны дожджык.

Машыну акружаюць сем’і прыехаўшых. Чуюцца радасныя воклічы дзяцей, узаемныя прывітанні, абмен навінамі.

Дождж тым часам мацнее. Да мяне падыходзіць дырэктар.

— Прыйдзецца вам спыніцца ў нас, — гаворыць ён.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан