Тыдні праз два я зноў наведаўся ў Варанцы. Буслоў у гняздзе ўжо не было.
— Паляцелі! — сказаў мне дзядзька Вінцук.
Ён стаіць пасярод двара каля вольхі з пустым гняздом, упіраючыся рукою ў ствол дрэва.
— Калі? — пытаюся я.
— Пакінулі мяне суседзі з тыдзень назад, — гаворыць дзядзька, і мне здаецца, што ў голасе ў яго гучаць нібы ноткі жалю. — Цяпер яны трымаюцца ўсе разам на лугах каля возера, але зрэдку яшчэ прылятаюць сюды. А потым знікнуць раптам зусім і не з’явяцца аж да самай вясны.
Дзядзька Вінцук задумаўся. Ён закурыў, зрабіў зацяжку і сочыць вачыма за шызым дымком, які струменіць у чыстым паветры.
— Раней у нас казалі старыя, што вырай, куды ляцяць птушкі на зіму з усёй зямлі, знаходзіцца дзесьці далёка, за марамі ды за гарамі, — гаворыць ён пасля невялікай паўзы. — Толькі ніхто не ведае дзе. Яшчэ казалі даўней, быццам туды вядзе па небе ясная дарога з зорак, светлых і дробных, нібы мак. Так яна і называецца — Птушыны шлях. Па гэтай дарозе і ляцяць птушкі адусюль у вырай. От, каб даведацца, дзе мае бацянкі зімуюць.
— Зімою буслы жывуць у Афрыцы, — кажу я.
— Блізкі свет! — здзівіўся дзядзька Вінцук. — Адкуль жа гэта вядома? Ці хто за імі прасачыў?
— Пра гэта людзі даведаліся пры дапамозе кальцавання, — расказваю я. — Аднаго бусла, акальцаванага ў Белавежскай пушчы, знайшлі мёртвым у Афрыцы, у Паўднёвай Радэзіі. Адтуль паведамілі пра гэта ў Маскву і прыслалі кальцо, знятае з бусла.
На дзядзьку Вінцука гэта робіць моцнае ўражанне.
— Гэткае падарожжа! Дзе мой двор і дзе тая Афрыка! Праўда, бусел — птах вольны, куды хоча, туды і ляціць. Крылы ў яго дужыя, нялёгкі шлях трэба вытрымаць, і туды, і назад. Гэта ж не жарты!.. Але ж і людзі чаго толькі не выдумаюць.
Стары пастух задаволены і вынікамі кальцавання, якое прыдумалі людзі для вывучэння птушыных пералётаў, і самімі бусламі.
— Аж вунь куды ляцяць! — не можа ён супакоіцца. — Нездарма бацькі і дзяды нас вучылі, што вялікі грэх забіваць птушак, калі яны вяртаюцца з выраю. Супроць гэтага і навука, мусіць, не пярэчыць?
— Не, дзядзька Вінцук. Не пярэчыць. Наадварот, падтрымлівае.
У той жа дзень, вярнуўшыся з Варанцоў, я ўбачыў на лугавіне каля Нарачы пяць буслоў. Сонца схілялася на захад, афарбоўваючы возера залаціста-ружовым водбліскам вячэрняй зары.
Паважна і сур’ёзна, з глыбакадумным выглядам, хадзілі цыбатыя птахі па вільготнай траве. Яны нібыта вывучалі і вымервалі родную зямлю пад нагамі, перш чым яе пакінуць, нібыта рабілі нейкія складаныя, вядомыя толькі ім разлікі.
Гэта былі, відаць, буслы дзядзькі Вінцука. Яны рыхтаваліся да свайго вялікага і далёкага падарожжа.
1957 - 1958