epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Перад ад'ездам

 

 

Заўтра мне трэба вяртацца дамоў. Перад ад’ездам я вырашыў паглядзець яшчэ раз на Бярэзіну.

Гадзіны ў дзве я выйшаў з канторы запаведніка і пайшоў у бок ракі праз сухі сасновы бор, які акружае сядзібу.

Дарога вядзе між пясчаных узгоркаў з рэдкімі, але высокімі соснамі і кустамі ядлоўцу.

Прайшоўшы кіламетры тры сасновым борам, я выходжу да ракі.

Лес тут раптоўна абрываецца, дарога ідзе ўніз. Сосны змяняюцца групай маладых бярозак, вольхай і лазняком.

Мінуўшы невялікі балоцісты луг, я дабіраюся да Бярэзіны. Яна тут значна вузей, чым Свіслач у Мінску, але гэткая ж, калі не больш, звілістая. Павольна цячэ яна сярод заліўных лугоў, утвараючы шырокія плёсы з жоўтымі і белымі гарлачыкамі і шматлікія затокі — прытулак дзікіх качак.

Ля самай вады растуць кустамі лаза і вольха.

На зялёных лугах цвіце жоўтымі плямамі курыная слепата. Дзе-нідзе чырванее конскае шчаўе.

На тым беразе ходзіць бусел.

З высокай травы ўзлятаюць дзікія качкі.

На гарызонце сінеюць лясы. Вясной, у часе паводкі, уся гэтая балоцістая раўніна зліваецца з Бярэзінай у адно суцэльнае мора.

З гэтага боку лесу бялеюць тонкія і стройныя бярозкі. Можа, ім абавязана Бярэзіна, ці, як кажуць заўсёды мясцовыя жыхары, Бяроза, сваім імем?

Ёсць у народзе паданне, быццам яна бярэ свой пачатак з маленькай крыніцы, якая выцякае з-пад карэнняў старой бярозы ў балоцістым бярэзніку. Таму рака і называецца — Бяроза, ці Бярэзіна.

Можа, гэта і сапраўды так?..

Ціхі, мірны пейзаж.

На супрацьлеглым беразе віднеецца вёска Брод. Злева тырчаць рэшткі вялікага, узарванага і разбуранага ў час вайны моста. На той бераг можна цяпер пераправіцца толькі на лодцы.

Над разбураным мостам ляціць у шэрым небе шуляк.

«Добра яму, — падумаў я, — маючы крылы». Калі б гэты мост быў цэлы, рушыў бы я адсюль адразу на мястэчка Мсціж — да яго ж усяго пятнаццаць кіламетраў ад Брода. А так прыходзіцца ехаць у абход цераз Бягомль, рабіць лішнія семдзесят кіламетраў.

Паглядзеўшы ўслед шуляку, які пераляцеў цераз Бярэзіну і знік за вёскай, я пайшоў назад у Крайцы.

На другі дзень, развітаўшыся з дырэктарам і работнікамі запаведніка, я выехаў цераз Бягомль, Мсціж і Зембін у Барысаў, а адтуль, цягніком, у Мінск, з цвёрдым намерам вярнуцца сюды восенню, каб паглядзець, як валяць бабры дрэвы, як будуюць яны сабе хаткі і як рыхтуюць харчовыя запасы на ўсю доўгую і суровую зіму.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан