epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Пустальга

 

 

Раніца сёння цёплая, вільготная і пахмурная.

На досвітку над возерам прайшла навальніца, але свежасці пасля сябе не пакінула.

У памяшканні на біялагічнай станцыі, дзе займаюцца практыканты, парна і душна, хаця ўсе вокны расчынены насцеж.

— Я знайшоў учора гняздо сокала-пустальгі, — сказаў мне Лёня. — Жадаеце паглядзець?

— Вядома.

Ён паставіў на акно чучала крачкі, над якім працаваў, і ўзяў свой саламяны капялюш.

Мы выйшлі на ганак.

Парнае паветра пахла навальніцай.

Хвілін праз дзесяць Лёня прывёў мяне ў пералесак недалёка ад берага.

— Вось тут, — сказаў ён, — на гэтай яліне.

З цікавасцю гляджу я на гняздо пустальгі. Яно вельмі прымітыўнае, зроблена абы-як. На шырокую лапу старой яліны проста пакладзена некалькі тонкіх пруткоў, вось і ўсё. Верхняя галіна служыць жыхарам страхой. Яна ахоўвае птушанят ад дажджу і прамых сонечных праменняў. Гняздо плоскае, у ім няма паглыблення. З гнязда чуваць рэзкі піск малых сакалянят.

— Іх тут трое, — ціха гаворыць Лёня.

Мы падыходзім яшчэ бліжэй.

Усе сакаляняты пакрыты белым пухам, але яны не аднолькавыя па росту. Дарослых птушак каля гнязда няма.

Мы хаваемся за суседняй каржакаватай сасной і адтуль цярпліва наглядаем за гняздом.

У вышыні, пад кронамі дрэў, меладычна свішчуць івалгі. Спеў іх складаецца з двух ці трох тактаў: «фі-у» ці «фі-лі-у».

— Так свішчуць старыя самцы, — ціха гаворыць Лёня.

Раптам прыемныя гукі, падобныя на флейту, змяняюцца крыкам раззлаванай кошкі. Значыць, нешта напалохала ці ўстрывожыла івалгу.

Але навокал усё спакойна, нішто не парушае ляснога жыцця.

Недзе непадалёку пастуквае дзяцел. Стогне дзікі лясны голуб. Радасна гучыць бадзёры спеў берасцянкі. Над травою гудзе гаспадарлівы чмель. Па ствале сасны поўзаюць мурашкі.

Хрыплы піск у гняздзе ўзмацніўся.

Вось падляцела да гнязда пустальга-маці, прыгожая птушка, зграбная і лёгкая, як і ўсе сокалы. У яе рыжавата-карычневая спіна і шырокая цёмная паласа на канцы шэрага хваста.

Сакаляняты сустрэлі маці рэзкім і дружным піскам. У кіпцюрах пустальга трымае мыш-палёўку. Наблізіўшыся да гнязда, птушка ў паветры дзюбай узяла палёўку з кіпцюроў, кінула яе малым і зноў паляцела на здабыткі.

З нашага сховішча добра відаць, як прагна накінуліся птушаняты на пачастунак. Яны злосна штурхаюцца, стараючыся завалодаць большым і лепшым кавалкам. Схапіўшы сваю долю, кожны з іх адразу паварочваецца спінай да астатніх, каб бесперашкодна праглынуць здабычу.

Адно з сакалянят сядзіць бліжэй да краю гнязда. Яно большае за ўсіх, самае спрытнае і рухавае. Таму і корму дастаецца яму заўсёды больш.

Ледзь толькі сакаляняты расправіліся з першай палёўкай, як маці прыляцела зноў і кінула ім новага грызуна. На гэты раз самае вялікае з сакалянят цалкам завалодала здабычай. Яно выхапіла палёўку з матчынай дзюбы так хутка, што астатнія і агледзецца не паспелі.

— Мышы — асноўны корм сокала-пустальгі, — сказаў Лёня. — Знішчае ён і буйных насякомых. Гэтая драпежная птушка вельмі карысная для сельскай гаспадаркі.

Тым часам пустальга-маці ўзляцела на вершаліну суседняй елкі і некалькі хвілін сядзела нерухома.

Але адпачынак яе быў кароткі. Вось яна ўжо зноў у паветры.

Недалёка ад нас зелянее адкрытая паляна. Пустальга ўзнялася ўгору і павісла над палянай. Распусціўшы хвост веерам і трапечучы крыламі, яна трымаецца ў паветры на адным месцы. Потым, угледзеўшы з вышыні нешта ў траве, птушка раптам каменем упала ўніз.

Рэзкі ўзмах крыламі над самай зямлёй — і ў тую ж хвіліну яна ўзнялася зноў, а ў кіпцюрах у яе — новая палёўка. За кароткі час сакаляняты ў гняздзе з’елі чатырох мышэй.

У паветры пачулася частае і тонкае:

— Клі-клі-клі-клі-клі...

Голасна клічучы, з’явілася аднекуль яшчэ адна пустальга. Гэта быў бацька. Ён прыляцеў таксама з палёўкай у кіпцюрах, але сам яе птушанятам не даў. Недалёка ад гнязда яго сустрэла маці. Вось яна падляцела да бацькі.

Што гэта?.. Раз! — і пустальга-маці раптам перакулілася ў паветры, нібы акрабатка. Яна знізу кіпцюрамі выхапіла здабычу з кіпцюроў у бацькі. Той адразу паляцеў прэч, а маці кінула палёўку сакалянятам. Так паўтаралася некалькі разоў.

Пакуль мы наглядалі за гняздом, з-за хмар паказалася сонца. Пачало моцна прыпякаць. Апаўдні, у самую спякоту, і бацькі і дзеці зрабілі перапынак. Птушаняты адпачывалі ў гняздзе, а дарослыя — на суседніх дрэвах, пад галінамі.

Пад вечар, калі сонца апусцілася, малыя зноў ажылі, заварушыліся. З гнязда пачуўся рэзкі піск, сакаляняты патрабавалі есці. Пасля адпачынку бацька і маці з новай энергіяй пачалі прыносіць ім здабычу.

Панаглядаўшы за гняздом на працягу двух дзён, Лёня ўлучыў хвіліну, калі не было паблізу бацькоў, узяў адно сакаляня і аднёс яго на біялагічную станцыю.

У гняздзе замест трох сакалянят засталося двое. Але бацькі нават не заўважылі страты. Па-ранейшаму спакойна падляталі яны да гнязда, і пустальга-маці замест трох карміла цяпер двух птушанят. Калі б Лёня пакінуў у гняздзе нават толькі адно сакаляня, для бацькоў таксама нічога не змянілася б. Яны і тады б не здагадаліся, што сям’я іх паменшала. Пустальгам здавалася, што ў іх доме поўны парадак.

— У гняздзе я заўважыў пер’е чыжа і дразда, — паведаміў мне Лёня. — Дзіўная рэч! Відаць, сёлета мышэй малавата, вось бацькі і прыносяць сваім сакалянятам, што могуць. Наогул жа гэта з’ява вельмі рэдкая, бо птушкі для пустальгі — корм непрывычны.

На біялагічнай станцыі сакаляня жыве ў драўлянай скрынцы, пастаўленай пад кустом бэзу. Яно ўсё яшчэ пакрыта белым пухам, нібы ватай. Толькі на хвасце і на крылах расце пер’е бура-пясчанага колеру.

Вочы ў сакаляняці чорныя, злосныя. Загнутая ўніз дзюба жоўтая, а на канцы чорная. Ногі ў яго таксама жоўтыя, з вострымі чорнымі кіпцюрамі.

Калі я схіляюся над ім, сакаляня раскрывае дзюбу.

— Пад языком у яго знаходзіцца зубец — характэрная адзнака ўсіх сокалаў, — гаворыць Лёня.

Выраз вачэй у сакаляняці непрыемны, нібы ў старога скнары. Я гляджу на яго і смяюся: вельмі ўжо яно нагадвае нейкага банкіра, ліхвяра з карыкатурнага плаката — і лысая галава з рэдкім белым пухам, і худая маршчыністая шыя, і дзюба, падобная на кручкаваты нос, — усё, як у знаёмых шаржыраваных вобразаў фінансавых драпежнікаў капіталістычнага свету. Хіба толькі традыцыйнага чорнага цыліндра не хапае для поўнага ўражання.

Калі я працягваю руку, сакаляня кладзецца на спіну і выстаўляе свае вострыя кіпцюры.

— Гэта самае большае з іх і самае спрытнае,— гаворыць Лёня.

Ён корміць сакаляня мяснымі адкідамі са студэнцкай сталовай.

— Што вы з ім будзеце рабіць? — пытаюся я.

— Вазьму з сабою ў Мінск і аддам на станцыю юных натуралістаў, — гаворыць Лёня.— Я ім даўно абяцаў дастаць пустальгу. Будзе там гадавацца ў вальеры і служыць для вучняў жывым наглядным дапаможнікам. Няхай ведаюць, як выглядае гэтая карысная і патрэбная птушка.

Але план Лёні, як я потым даведаўся, быў здзейснены далёка не поўнасцю.

Вярнуўшыся праз некалькі дзён у Мінск, Лёня разам з іншымі студэнтамі паехаў на цаліну ў Казахстан. Сакаляня ён аддаў свайму прыяцелю, які таксама любіў птушак і цікавіўся імі.

Прыяцель Лёні жыў у маленькім доміку на двары Акадэміі навук. Ён змясціў сакаляня ў клетцы на даху сваёй хаты і карміў яго мышамі, жабамі і кавалкамі мяса.

Неўзабаве сакаляня падрасло, пакрылася пер’ем і з брыдкага, няўклюднага птушаняці ператварылася ў прыгожага і зграбнага маладога сокала-пустальгу, з такой жа спінай пясчанага колеру і цёмнай паласой на хвасце, якія былі ў яго маці. Рухі яго зрабіліся спрытныя, лёгкія. Ён пачаў лятаць і мог ужо сам лавіць здабычу.

Дзверцы клеткі на даху заўсёды былі адчынены. Спачатку сакаляня лятала толькі каля хаты, але з кожным днём падарожжы яго рабіліся ўсё больш далёкія і працяглыя. З двара Акадэміі яно часта пералятала ў Батанічны сад.

Аднойчы ў ясную, сонечную раніцу сокал узняўся асабліва высока і знік у блакітным небе. Цэлы дзень не было маладога сокала, але пад вечар ён вярнуўся ў сваю клетку.

Нарэшце сокал аблюбаваў сабе ў якасці сталага назіральнага пункта будынак Інстытута фізкультуры на плошчы Якуба Коласа. Унізе кіпела гарадское жыццё, звінеў трамвай, гулі машыны, аўтобусы і тралейбусы, ішлі пешаходы, жанчыны спяшаліся на Камароўскі рынак, а на самым верхнім радку светлавой рэкламы над дахам інстытута адзінока сядзела маленькая драпежная птушка і сваім зоркім сакаліным вокам выглядала здабычу. Яна палявала тут на вераб’ёў, а ўвечары вярталася дадому, у сваю клетку на двары Акадэміі. Вераб’і былі для пустальгі непрывычным кормам, але яна знаходзілася ў незвычайных умовах і асабліва перабіраць ёй не выпадала.

Аднаго разу над інстытутам пралятала вялікая чарада галак. З хуткасцю маланкі сарваўся сокал з вяршыні будынка і моўчкі дагнаў гаманлівых птушак. Непрыкметна далучыўся ён да чарады, як гэта робяць часам яго родзічы, і паляцеў разам з галкамі за горад.

Гэта было ў канцы ліпеня. Назад ён ужо не вярнуўся. Далейшы яго лёс невядомы.

Можа, ён паляцеў туды, дзе нарадзіўся, на бераг Нарачы. А можа, назаўсёды застаўся жыць у аколіцах Мінска і гаспадарыць цяпер на прыгарадных землях, палюе там на мышэй.

1957 - 1958




Беларуская Палічка: http://knihi.com