epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Рачныя будаўнікі

 

Агледзеўшы хатку, мы падышлі да нізкай земляной плаціны, якая напалову перагароджвае канаву недалёка ад бабровага жылля.

Аўтушка ставіцца да гэтай плаціны з яўнай знявагай.

— Хіба гэта плаціна? — кажа ён. — Аб майстэрстве баброў па гэтай плаціне меркаваць нельга. Бабры — надзвычайныя будаўнікі! Здаецца, невялікі звярок, а якія дзівосныя па сваёй велічыні і трываласці пабудовы ён можа ўзводзіць! Трэба яму падняць узровень вады ў вузкім і плыткім месцы, каб забяспечыць сваё жыллё ад ворагаў ці наблізіць харчовыя ўгоддзі. Калі ласка! Ён адразу бярэцца за працу і перагароджвае рэчышча плацінай. Ды працуе як мае быць, не горш за чалавека.

Я пачаў распытваць Аўтушку, якім чынам будуюць бабры плаціну. Ляснік ахвотна падзяліўся са мной сваімі ведамі.

— Спачатку, — сказаў ён, — бабёр валіць упоперак рэчкі дрэвы, утыкае ў дно колле, умацоўвае іх глеем ды глінай, кладзе зверху палкі, дзёран, зямлю, нагрувашчвае ўсё гэта і будуе вал. Узровень вады пачынае падымацца. Вада выходзіць з берагоў і затапляе прыбярэжныя кусты і дрэвы. Тады бабёр умацоўвае сваю пабудову глеем ды зямлёй, накладваючы іх і на вяршыню плаціны і на схіл. Потым ён падоўжвае канцы плаціны ў абодва бакі, пакуль яна не зробіцца дастаткова высокая, доўгая і моцная, каб трымаць ваду на патрэбным яму ўзроўні. Такую плаціну і чалавеку пабудаваць нялёгка. Вось гэта будаўнік дык будаўнік! — заканчвае Аўтушка сваю прамову, і ў голасе ў яго чуецца цяпер шчырая павага да будаўнічага майстэрства баброў.

Працуючы над складанымі пабудовамі і ўмела рэгулюючы ўзровень вады, бабёр кіруецца не розумам, а прыроджаным інстынктам. Маладыя бабры, якія выраслі ў няволі і потым былі выпушчаны ў раку, адразу пачынаюць будаваць сабе дом, рыць каналы і ўзводзіць плаціны з няменшым майстэрствам, чым старыя вопытныя бабры. Між тым выхаваныя ў няволі, яны ж не мелі магчымасці пераняць вопыт сваіх старэйшых сяброў. Ніхто іх не вучыў будаўнічаму майстэрству. Яно перайшло да бабра ў спадчыну ад незлічоных пакаленняў продкаў — нястомных рачных будаўнікоў.

Я кажу пра гэта лесніку, але ён, здаецца, не вельмі са мною згодзен.

— Усё-такі, ведаеце, надта ж разумны гэты звярок, — гаворыць ён з перакананнем. — Нашы людзі бабра паважаюць.

Скончыўшы агляд плаціны, мы тым жа спосабам прабіраемся па балоце назад.

Машыну мы не знаходзім на месцы і пад праліўным дажджом ідзём па дарозе ў вёску Пастрэжжа. Дождж нам цяпер, пасля купання ў балоце, зусім не страшны. На нас і так сухой ніткі няма.

Мы падыходзім да вёскі. Наперадзе, каля крайняй хаты, чарнее машына. Мы заходзім у хату Сідара Аўтушка Там ужо сядзяць і чакаюць нас астатнія падарожнікі.

Перад тым як увайсці ў дом, я разуваюся і выліваю ваду з гумавых ботаў, нібы з вёдраў.

Праз некалькі хвілін мы садзімся ў машыну і едзем у Крайцы. Дождж перастаў, але дзьме моцны вецер. Холадна ў мокрым адзенні і абутку.

У Крайцы мы дабіраемся ноччу, каля першай гадзіны.

1947—1948


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан