epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Расказ старога рыбака

 

 

Дзяўчынкі і сапраўды зачакаліся. Яны даўно вярнуліся з лесу, сядзяць і абіраюць грыбы. Ім памагае наш знаёмы рыбак.

— Вось сапраўдны баравік, — тлумачыць ён, — усім грыбам грыб. І ножка моцная, і шапка цэлая. А гэта яго бліжэйшыя сваякі — падасінавік з чырвонай галавой і падбярозавік з рудой. А махавікоў колькі. А лісічак... Малайцы, дзяўчынкі...

Тут дзед спрактыкаваным вокам зірнуў і на наш улоў.

— Эге, ды і вы не зломкі! Кілаграмы чатыры будзе...

Пакуль мы абіраем грыбы і чысцім рыбу, дзед прынёс на паляну сухога ламачча, ачысціў месца для вогнішча, уваткнуў у зямлю дзве рагуліны, а зверху паклаў на іх тоўстую жардзіну. Тым часам Аня прынесла з дому два вядры: адно пад грыбы, другое — пад рыбу.

Вось ужо вёдры вісяць над агнём. Булькоча вада. Пара мяшаецца з дымам. І ў паветры так смачна запахла свежай юшкай, распаранымі грыбамі, сасновай смалой і ёдавым настоем водарасцей.

Дзед Ігнат прысеў побач з намі. Ён узяў загрубелымі пальцамі цыгарэту і прыкурыў ад вугольчыка. Сядзіць і маўчыць...

Давайце і мы памаўчым. Я ж ведаю, дзед настроіўся расказаць нам нешта. А пабачыў ён на сваім вяку нямала.

Так, я не памыліўся. Стары рыбак пакорпаў галінкай абгарэлае сучча ў вогнішчы — проста так, ні для чаго, — і пачаў...

— Сяджу я гэта з вамі, з маладымі, а сам мінулае ўспамінаю... Можа, не цікава, га? Дык я не буду...

— Гаварыце, дзядуля, гаварыце!..

— Так, значыцца... Край наш нарачанскі, самі бачыце, на ворныя землі не багаты. Усё лес ды пясок, пясок ды лес. Нават і лугоў мала для пашы. Затое возера спакон веку тутэйшых людзей выручала...

Даўно гэта было, яшчэ за польскім часам. Наловіш рыбы, лепшую на продаж у мястэчка, а драбнейшую — сабе, дзецям. Так і жылі...

Ды выйшаў аднойчы загад. Вядома, ад панскай улады; забараніць сялянам лавіць рыбу не толькі сеткай, але нават і звычайнай вудаю, а возера наша Нарач здалі ў арэнду памешчыку Яблонскаму.

Ну, усе, вядома, абурыліся. Што гэта за рабаўніцкія парадкі?!

Неяк улетку, як зараз помню, сабраліся рыбакі і паехалі на возера. Арандатар бачыць, што пагрозамі нічога не даб’ешся, і выклікаў паліцыю.

Паселі паліцэйскія ў маторку і давай ганяць рыбакоў А тым часам на бераг сем’і рыбацкія збегліся. Старыя лаюцца, жанчыны лямантуюць, дзеці плачуць.

На вёслах, самі ведаеце, ад маторкі не ўцячэш. Падчапілі паліцэйскія некалькі чаўноў і цягнуць да берага. Але тут жанчыны яшчэ больш залямантавалі ды як кінуцца ў ваду, абступілі маторку з усіх бакоў і, як вокам міргнуць, перакулілі разам з паліцэйскімі. Пялёхкаюцца тыя ў вадзе, а рыбакі пазабіралі свае снасці і хутчэй па хатах. Шукай потым, хто вінаваты.

З гэтага і пачалося. Усе навакольныя вёскі забунтавалі. І чаго толькі не выдумлялі, каб панам дапячы. Збяром, бывала, сотню ці болей кос ды паўтыкаем у дно. А як толькі панскія служкі закінуць у возера невады, так і дастаюць адны толькі дзіркі. На косы, вядома, напароліся...

І што б вы падумалі? Пайшоў-такі арандатар на сякія-такія ўступкі.

Потым не раз яшчэ бунтаваліся рыбакі і сяляне. Аж пакуль не прыйшла Чырвоная Армія і не вызваліла нас ад паноў...

Дзед, задаволены ўвагай слухачоў, падняўся, падышоў да вогнішча, зірнуў у вядро з рыбай:

— Эге, стары гаварун, так і юшка пераварыцца! Хто ў вас за галоўнага кухара? Солі трошкі падсыпаць трэба...

Якія смачныя здаюцца нам і грыбы, і рыба на свежым паветры. Дзіва што. Самі ўсё здабылі, самі і згатавалі.

А сонца зусім схавалася. У небе запаліліся незлічоныя зоркі. Кожная з іх мае свайго двайніка ў вадзе. Глядзіш, і здаецца, што гэта не адбіткі нябесных зорак, а залацістыя, сярэбраныя, чырванаватыя вочы ляшчоў, акунёў, шчупакоў падміргваюць нам з глыбіні возера.

— Што ж, — кажа дзед Ігнат, — апошнім аўтобусам ехаць вам няма сэнсу. Толькі сярод ночы ў Мінску будзеце. Лепш пераначуйце ў мяне на вышках, там якраз сена свежае, а ранічкай і паедзеце.

Стары, відаць, мае рацыю. Трэба нам згадзіцца з яго прапановай і шчыра падзякаваць за ўсё тое прыемнае, што ён для нас зрабіў.

1964-1966

 


1964-1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан