epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Размова з дырэктарам

 

 

Мы сядзім за сталом.

У вокны б’е дождж. Кроплі яго струменьчыкамі збягаюць па шкле.

На стале перад намі карта.

Дырэктар расказвае пра прыродныя багацці запаведніка, пра баброў і ласёў у дрымучых лясах, пра партызанскую вайну ў гэтай мясцовасці, пра вялікія страты ад акупацыі і пра перспектывы далейшай работы.

— Запаведнік на рацэ Бярэзіне, — кажа ён, — быў створаны па ўказу Савецкага ўрада ў 1925 годзе. І трэба сказаць, што мерапрыемства гэтае цалкам сябе апраўдала. Тутэйшыя мясціны самой прыродай прызначаны для запаведнасці. Топкія, непраходныя балоты і рэчкі, вялікія і дрымучыя лясы з’яўляюцца надзейным прытулкам для рэдкіх і каштоўных звяроў.

— Якія ж звяры тут вядуцца? — спытаў я.

— У нас тут шмат ласёў, мядзведзяў і дзікіх свіней. Ёсць і рысі, касулі, выдры, куніцы, барсукі, лісіцы, норкі, гарнастаі, вавёркі, зайцы і процьма рознай драбязы, — адказаў дырэктар, — усіх і не пералічыш.

— А птушкі?

— Птушак таксама хапае, асабліва вадзяных. Рака Бяроза з яе шырокімі паплавамі, звілістай плынню, шматлікімі прытокамі, рукавамі і старыцамі, паўнаводны Сергучоўскі канал і лясныя азёры вабяць сюды з году ў год вялікае мноства пералётных вадаплаўных птушак. Шмат гняздуе тут і баравой дзічыны. Нашы лясы багаты на цецерукоў, глушцоў, рабчыкаў, курапатак. Рэкі і азёры поўны рыбы. Але сапраўдным багаццем і гонарам запаведніка з’яўляюцца бабры. Для аховы і развядзення гэтага рэдкага, каштоўнага і цікавага звярка і быў, уласна кажучы, у першую чаргу створаны Бярэзінскі запаведнік.

— Ці многа было тут баброў, — пытаюся я, — і наколькі павялічыўся іх лік пасля стварэння запаведніка?

— Бабры захаваліся тут у натуральных умовах з незапомных часоў, — адказаў дырэктар. — Калісьці яны былі на Беларусі вельмі распаўсюджаны. Вялікія паселішчы баброў сустракаліся па ўсёй краіне.

У канцы XVIII стагоддзя бабры былі амаль зусім знішчаны. Занадта вялікі быў попыт на іх дарагое футра і на так званы «бабровы струмень», які ў той час шырока ўжывалі ў медыцыне. Футра бабра цэніцца і зараз вельмі высока. Гэта тлумачыцца не толькі рэдкасцю звярка, але і добрымі якасцямі футра — яго трываласцю, мяккасцю і прыгажосцю. У табліцы трываласці футраў бабёр займае другое месца. Першае месца належыць выдры, але шкурка яе не такая мяккая.

На Беларусі да 1917 года баброў больш за ўсё было ў нашай мясцовасці, у лясах па верхнім цячэнні Бярэзіны. Зрэдку сустракаліся бабры і ў пойме ракі Сож, на яго левых прытоках — Іпуці і Бесядзі. Трэба сказаць, што ад бярэзінскіх баброў паходзяць і бабры вядомага Варонежскага запаведніка. Справа у тым, што яшчэ ў 1886 годзе на раку Варонеж былі прывезены з Мінскай губерні і выпушчаны на волю пяць баброў. Патомства гэтых баброў рассялілася па рэчцы Варонеж і перабралася на раку Усманку. На тэрыторыі паміж гэтымі рэкамі і быў створаны ў далейшым Варонежскі бабровы запаведнік.

На тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка, да яго арганізацыі ў 1925 годзе, бабровыя паселішчы захаваліся толькі па цячэнні глухіх забалочаных рэк Пясчанка і Гурбянка ды на возеры Асінка, — дырэктар паказаў на карту, — вось у гэтых недаступных мясцінах, куды нага чалавечая магла пранікнуць толькі лютай зімой, калі моцныя маразы скоўвалі балотную дрыгву. Зрэдку, хіба ў вялікую паводку, заплываў сюды часам рыбацкі прасмолены човен.

У той час налічвалася тут усяго толькі дзесяць бабровых хатак, а ў 1935 годзе іх было ўжо сто трыццаць дзевяць. У 1940 годзе колькасць баброў, па прыблізным падліку, дасягнула васьмісот шасцідзесяці галоў. Адсюль, пад аховай закону, бабры распаўсюдзіліся і па іншых сумежных вадаёмах, асабліва па верхнім цячэнні Бярэзіны. Цяпер бабровыя паселішчы пачалі з’яўляцца далёка за межамі запаведніка, у басейнах Дняпра, Нёмана і Заходняй Дзвіны.

...Бярэзінскі запаведнік з’яўляецца не толькі гадавальнікам баброў. Недатыкальнасць яго лясных масіваў вельмі дадатна ўплывае на захаванне нармальнага воднага рэжыму ракі Бярэзіны і яе прытокаў. Дзікія і глухія лясы ў гэтым раёне забяспечваюць сярэдняе і ніжняе цячэнне Бярэзіны ад паніжэння ўзроўню вады і абмялення, а гэта мае вялікае значэнне як для земляробства, так і для сплаву, для суднаходства, для гідратэхнічных і меліярацыйных пабудоў. Калі б лясы запаведніка былі высечаны, рака Бяроза перасохла б, а навакольныя палеткі страцілі б сваю ўрадлівасць.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан