epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Рэчка Друйка

 

 

Пераехаўшы па драўляным мосце цераз Друйку, мы пакінулі машыну на дарозе і пайшлі па балоцістай пойме.

Друйка, невялікая рэчка з павольнай плынню, злучае азёры вакол Браслава з Заходняй Дзвіной. Пойма ў Друйкі вельмі шырокая. Вясной, у час паводкі, яна ўся затапляецца вадою, зліваючыся ў адно цэлае з возерам Цно, якое пачынаецца адразу за мостам.

Мы ідзём паўз бераг рэчкі, яна густа зарасла рагозам, асакой і чаротам.

— У Друйцы шмат вугроў, — гаворыць мой спадарожнік.

Вакол пануе незвычайная цішыня. Падышоўшы да шырокага плёсу, за якім пачынаецца паварот рэчкі, мы спыніліся.

— Андатра асабліва любіць рагоз, — ціха сказаў Мікалай Антонавіч. — Тут для яе сапраўдны рай. Кармавыя ўгоддзі выключна багатыя, вады ўсюды многа, умовы для існавання і размнажэння вельмі спрыяльныя. Вясной тут можна бачыць андатру не толькі вечарам, але і днём. У гэты час адбываецца ў іх шлюбны перыяд і рассяленне, узнікаюць новыя сем’і, якія шукаюць сабе вольныя месцы для жылля. На працягу сакавіка і красавіка андатры праяўляюць вялікую актыўнасць і плаваюць усюды і днём, і ноччу. На сухіх берагах яны, як і бабры, жывуць у норах, а на балоцістых месцах будуюць сабе хаткі.

Настаўнік уважліва глядзіць на ваду.

Над соннаю рэчкай нізка навісла перадвячэрняе неба. Дзьме халаднаваты вецер, і ад яго павеваў светла-шэрая, нібы алавяная паверхня вады пакрываецца серабрыстаю рабізной.

Мікалай Антонавіч схапіў мяне за руку.

— Глядзіце!..

У вадзе, недалёка ад берага, хутка рухаецца нейкая цёмная кропка.

Андатра! Зусім як тая, што падстрэліў індзеец Куанеб. Толькі плыве яна не па канадскім возеры, а па беларускай рэчцы.

Плыве андатра вельмі шпарка. Цяпер яна зусім блізка ад нас. З вады тырчыць толькі круглая галава, сама яна пад вадою. За андатраю застаецца на паверхні вады доўгая светлая паласа.

Уздоўж супрацьлеглага берага плыве яшчэ адна андатра. Ад зараснікаў рагозу аддзялілася і выплыла на сярэдзіну рэчкі трэцяя.

Іх тут, відаць, сапраўды нямала!

Цяпер я ведаю, дзе знаходзіцца «андатравы рай» і ў далейшым змагу наведвацца сюды адзін. А пакуль, каб не траціць марна часу, варта было б сёння пазнаёміцца і з астатнімі азёрамі, што акружаюць горад.

Пра гэта я кажу Мікалаю Антонавічу і пытаюся, ці не хоча і ён паехаць разам? Настаўнік згаджаецца.

Мы выйшлі на дарогу і селі ў машыну.

— Паедзем на ўсход, а вернемся з захаду, — гаворыць ён.

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан