epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Рэчка Сергуч

 

 

Мы падышлі да ўрочышча Прыстань.

Тут бярэ свой пачатак ад ракі Бузянкі не толькі канал, але і Сергуч, ці, як тут яшчэ кажуць часам, — Сергуць.

Гэта — звілістая, забалочаная рэчка з вялікай колькасцю глыбокіх віроў. Яна цячэ паралельна Сергучоўскаму каналу, з поўначы на поўдзень, і злучаецца, таксама як і канал, з Бярэзінай.

Нізкія, топкія берагі Сергуча густа зараслі лазняком і азёрным чаротам.

Плынь у гэтай рэчкі слабая, амаль непрыкметная, дно глеістае, але вада чыстая.

— Для выдры і бабра няма лепшага месца, — гаворыць Аляшкевіч. — Для выдры тут і рыбы шмат, і прытулак вельмі зручны, а для бабра раслінная база багатая.

За грэбляй, якая аддзяляе канал ад рэчкі, мы збочылі ўправа, каб ісці ўздоўж рэчышча Сергуча.

Спачатку мы ідзём па высокай мокрай траве, потым прабіраемся скрозь густы лазняк і трысцё, удыхаючы гаркаваты пах балотнага зелля.

Пад карэннямі старой бярозы, за тры метры ад старыцы, Аляшкевіч паказвае мне нару выдры.

— Гэта ў яе запасная нара, — тлумачыць ён, — а вось тут, глядзіце, асноўная.

Ён паказвае другую, шырэйшую адтуліну непадалёку ад першай.

Перад уваходам у нару вытаптана і выраўнена круглая пляцоўка каля аднаго метра ў дыяметры.

— Тут малыя выдраняты гуляюць, — расказвае егер. — Сёлета я іх на гэтай пляцоўцы бачыў. Падкраўся сюды непрыкметна і вось адсюль, з трох крокаў, убачыў двух малых. Яны ляжалі і грэліся на сонейку: вочкі прыжмурылі, а пярэднія лапкі выставілі насустрач цяплу, растапырыўшы пальцы. Калі я пасунуўся бліжэй, яны мяне заўважылі і адразу назад перакуліліся, у нару.

— Дзе ж яны цяпер? — спытаў я.

— Цяпер яны выраслі і нару пакінулі. Пачалі жыць самастойна. Плаваюць па суседніх вадаёмах ды ловяць рыбу. А ці ведаеце, чым корміць выдра сваіх малых?

— Мусіць, дробнай рыбай?

— Не, — гаворыць Аляшкевіч. — Не рыбай, а малымі, бяспёрымі птушанятамі. Гэта, мабыць, таму, што ўвесну ёй няцяжка іх здабываць, асабліва малых качанят. Калі ж яны пакрыюцца пер’ем ды стануць на крыло, тады ёй малую качку ніколі не злавіць, хіба толькі знізу, паднырнуўшы з вады. Носіць выдра сваім малым таксама мышэй і жаб. Любіць яна вельмі ракаў. Я часта знаходжу каля гэтай нары ракавыя шкарлупіны.

— Ці многа выдраў у запаведніку? — пытаюся я. — І дзе можна яе часцей убачыць?

— Дзе многа рыбы, там і выдру можна заўсёды знайсці. Выдры ў нас жывуць па ўсіх вадаёмах, толькі ў Пастрэжскім возеры іх няма. А тут, на Сергучы і на Бузянцы, ім асабліва добра. Мясцовасць маладаступная, паляванне і рыбная лоўля забаронены. Рыбы, птушанят, ракаў ды жаб колькі хочаш. Чаму ж ёй тут не жыць? Выдраў у нас налічваецца больш за трыста галоў.

Пастаяўшы каля нары і пагаварыўшы пра выдру, мы пайшлі далей.

— Цяпер трэба і суседа наведаць, — жартуе Аляшкевіч.

1947—1948

 


1947-1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан