epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Рыбацкі стан

 

 

З кансервавага завода я пайшоў на бераг возера за дом дырэкцыі.

На зялёнай лугавіне ўваткнуты ў зямлю доўгімі радамі сасновыя калы з развілкамі наверсе. На іх сушацца сеці.

Каля самай вады невялікая пуня. Ад лугавіны да вады пракладзены па пяску драўляны насціл, каб, забіраючы рыбу, можна было пад’ехаць да лодак.

На беразе чакаюць рыбакоў з лову хлапчукі. Яны кідаюць у возера пляскатыя гладкія каменьчыкі. Кожны стараецца кінуць так, каб каменьчык адскочыў ад паверхні вады і рыкашэтам праскакаў па ёй як мага больш разоў. Час ад часу хто-небудзь з хлапчукоў падымаецца на пагорак і глядзіць з-пад рукі ўдалячынь.

Недалёка ад пуні сядзяць каля вогнішча некалькі рыбакоў. Яны паедуць на начны лоў і чакаюць тут сваёй змены. Сярод іх і Франц Антонавіч.

Я падыходжу да рыбакоў.

Ля вогнішча ідзе гутарка аб перспектывах развіцця рыбнай гаспадаркі на возеры.

— Хутка ў рыбнай гаспадарцы будзе наведзены парадак, — казаў галоўны інжынер рыбгаса, высокі мужчына ў сінім кіцелі, зялёных вайсковых штанах і скураных ботах. — Галоўнае, трэба сачыць, каб правільна, у планавым парадку рэгуляваўся вылаў рыбы і яе ўзнаўленне. Тады і меры па развядзенні рыб, па засяленні нашых азёр новымі відамі, якія мы праводзім, будуць сапраўды эфектыўныя.

— Якія рыбы найбольш характэрны для Нарачы? — пацікавіўся я.

— У Нарачы мы ловім сяляву, вугра, акуня, шчупака, ярша, ляшча, язя, плотку, — адказаў інжынер. — Усе гэтыя рыбы маюць для нас промыславае значэнне. Калісьці, даўно ўжо, была выпушчана ў возера сея, але сустракаецца яна рэдка.

— А што гэта за сея? — спытаў я. — Ніколі не чуў пра такую рыбу.

— Сея падобна на сяляву, калі маленькая, — сказаў Франц Антонавіч. — Толькі ў сялявы плаўнікі беленькія, а ў сеі — чырвоныя.

— Сея — мясцовая назва сіга, — растлумачыў інжынер. — Радзіма гэтай рыбы — Чудское возера. Лічынкі сіга былі прывезены на Нарач упершыню ў 1948 годзе з Волхаўскага рыбаразводнага завода, але промыславага значэння сіг у нас пакуль што яшчэ не набыў. У сеці сіг трапляе адзінкамі. Найбольш характэрная для Нарачы рыба — рапушка, па народнаму — сялява, — гаварыў далей інжынер. — Яна таксама завезена ў Нарач і вельмі добра прыжылася ў возеры, размножылася і стала мясцовай рыбай. Належыць гэтая рыба да сямейства ласосевых. Жыве яна не больш дзесяці гадоў. Калі яе завезлі сюды — невядома. Відавочна, умовы для яе тут вельмі спрыяльныя. І для росту вугра ўмовы ў нас таксама вельмі добрыя, бо нідзе няма такіх вялікіх вугроў, як у Нарачы. Яны дасягаюць тут вагі ў чатыры кілаграмы. Вугор у нас вёўся здаўна, але потым пачаў знікаць. Сёлета прывезлі на самалёце паўтара мільёна лічынак і выпусцілі ў Нарач. Выключна многа ў нашым возеры яршоў.

— Мы з гэтымі калючымі разбойнікамі ваюем, як яны ні яршацца, — засмяяўся Ясюня, малады рыбак.

— Ёрш, трэба сказаць, шкодны для рыбнай гаспадаркі. Ён паядае ў вялікай колькасці ікру каштоўных відаў рыбы, — зноў растлумачыў інжынер. — Мы ловім ярша любых памераў, бо на яго ніякіх абмежаванняў няма. Для ярша ў нас ёсць спецыяльныя сеці — мутнікі, бо лавіць яго трэба ў мутнай вадзе. Такія сеці якраз і каламуцяць ваду.

— Нездарма гавораць, што мы любім у мутнай вадзе рыбку лавіць, — зноў засмяяўся Ясюня.

Радзевіч нездаволена зірнуў на яго і зрабіў заўвагу:

— Не перапыняй старэйшых, шалапут. Кінь такую моду.

Пакуль мы размаўлялі ля вогнішча, хлапчукі на беразе кінулі свае гульні і падбеглі да самай вады.

— Едуць, едуць!.. — пачуліся ўзбуджаныя галасы.

Сапраўды, да берага набліжаўся маторны баркас «Чайка». Ён цягнуў за сабою караван з трох рыбацкіх лодак першай змены.

1957 - 1958

 


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан