epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Рыжая госцейка

 

 

З’явілася ў мяне нядаўна вясёлая суседка.

Вось і сёння сядзіць на сасне недалёка ад хаты, дзе я жыву. Рыжае футра гарыць, як жар, сярод зялёнай ігліцы. Чорныя вочкі, бліскучыя, як пацеркі, пазіраюць з цікаўнасцю.

Я падышоў бліжэй, асцярожна ступаючы па верасе.

Вавёрка і не думае ўцякаць!

Яна яшчэ вельмі маладзенькая. Ніхто яе не палохаў, і яна не баіцца людзей. Мітусліва круціцца на суку, каб прыцягнуць маю ўвагу, і даверліва схіляе галаву з цёмнымі кутасікамі на вушках то на адзін бок, то на другі.

Я зрабіў яшчэ два-тры крокі і спыніўся.

Вавёрка зацокала, замармытала нешта сабе пад нос і забарабаніла пярэднімі лапкамі, а сама прыглядаецца, якое ўражанне зрабілі на мяне гэтыя фокусы.

Калі я апынуўся ля самага дрэва, яна спрытна паднялася, робячы кругі вакол ствала, на самы верх, пераскочыла на старую яліну і схавалася ў густых цёмна-зялёных лапках.

«Трэба гэтую вясёлую суседачку прывабіць, — падумаў я. — Няхай прыходзіць да мяне ў госці».

У той жа вечар я панатыкаў кавалачкі белага хлеба на вострыя сучкі высокай сасны, што расце насупраць маёй хаты. Адзін кавалачак я паклаў на стары пень між сасной і хатай. Некалькі кавалачкаў пакінуў на ганку. І сасна, і пень, і прыступкі ганка добра відаць з майго акна.

На другі дзень увесь хлеб застаўся, як і быў. Ніхто да яго не дакрануўся. Яшчэ праз дзень хлеб на сасне знік, а на пні і на ганку застаўся.

Нехта частаваўся. Цікава, хто? Вавёрка ці, можа, птушкі?

Наступнай раніцай я адразу, як заўсёды, зірнуў у акно. Як жа я ўзрадаваўся, калі ўбачыў на сасне супроць хаты рыжанькага звярка!

Хлеба на сучках зноў не было.

Жвава і спрытна пераскаквала вавёрка з галінкі на галінку, аглядаючы дрэва. Яна абабегла вакол ствала, паднялася вышэй і села на сук. Пушысты хвост звесіўся ўніз. Вось вавёрка зірнула на пень. І раптам шпарка пачала спускацца па ствале, чапляючыся за кару шырока расстаўленымі лапкамі. Залацістыя лускавінкі кары пасыпаліся на зямлю. Вавёрка саскочыла з сасны і ў адну хвіліну апынулася на пні.

Кавалачак хлеба быў малы, і яна хутка з ім управілася. Затым прабегла па траве да прыступак.

Вось яна сядзіць ужо на ганку перад самым акном і трымае скарынку хлеба пярэднімі лапкамі. Хвосцік яе выцягнуўся ўздоўж спіны, як пушысты пытальнік, носік безупынна рухаецца. Яна паспешліва грызе сухі хлеб.

Цяпер я пераканаўся, што не птушкі ласаваліся пачастункам, а маладзенькая вавёрачка, мая рыжая госцейка.

Я выйшаў з хаты.

Вавёрка вярнулася на сасну. Яна перабегла па галінцы на самы край, скокнула і, раскінуўшы ў паветры лапкі і хвост, пераляцела на суседняе дрэва, а з яго — на другое, на трэцяе...

Раніца была ціхая, бязветраная, і там, дзе пераскаквала вавёрка, доўга яшчэ пагойдваліся галінкі, паказваючы шлях рыжага звярка.

1957 - 1958




Беларуская Палічка: http://knihi.com