epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Сакавік

 

І пад птушы крык і гоман,

Даўшы хвалям вольны ход,

Прыпадыме бацька Нёман

На хрыбце магутны лёд.

 

Зазвіняць жалобна крыгі,

І бурлівая вада

Снег размоклы ў час адлігі

Змые з лугу без сляда.

 

МАКСІМ БАГДАНОВІЧ

Маразы і завеі змяняюцца частымі адлігамі. Паветра халоднае і вільготнае, але ўсё часцей праясняецца шэрае неба, снег робіцца мокрым і цяжкім. На адкрытых мясцінах паказваюцца першыя праталіны.

У сонечныя дні на вуліцах ажыўлена цырыкаюць вераб’і. Вясёлыя і гарэзныя птушкі ўсё часцей распачынаюць між сабою шумныя заўзятыя бойкі.

Верабей — птушка зусім не шкодная, як думаюць некаторыя, а карысная. Сваіх птушанят вераб’і выкормліваюць выключна насякомымі. Вучоныя падлічылі, што адна пара вераб’ёў, кормячы двух птушанят, знішчае на працягу дня каля пяцісот розных вусеняў, мух, жучкоў і лічынак, шкодных для саду, агарода, поля і лесу. Калі ж вераб’і дзяўбуць часам ягады ці крадуць зерне, то варта лічыць гэта ўзнагародай ці, калі хочаце, заработнай платай за пільную ахову ўраджаю ад шкоднікаў.

Вельмі павучальным з’яўляецца ў гэтым сэнсе сумны прыклад Кітая. Там вырашылі знішчыць усіх вераб’ёў. І знішчылі — грунтоўна, па камандзе, у парадку масавага мерапрыемства, як гэта ўмеюць рабіць кітайцы. А потым прыйшлося ім закупіць вераб’ёў за граніцай, прывезці ў Кітай і выпусціць на волю, бо пасля знішчэння гэтай жвавай птушкі шкодныя насякомыя размножыліся ў такой непамернай колькасці, што ўраджай на палях, у садах і агародах знізіўся як ніколі.

Такім чынам, верабей цалкам рэабілітаваны, нават і ў Кітаі.

Над лесам, высока над дрэвамі, прагучала кароткае, аднастайнае:

— Кру... Кру...

Гэта кружыць у небе чорны крумкач. Ён лятае цяпер адзін, без сяброўкі.

У яго часам яшчэ заснежаным гняздзе на высокім старым дрэве з’явілася першае яйка. Гняздо зроблена моцна і трывала з двух радоў галінак, а ўнутры выслана мохам, сухой травой, шарсцінкамі. У гэтым мяккім і цёплым гняздзе самка крумкача выседжвае яйкі, не зважаючы на холад і снег.

Корміцца крумкач усім, што можна з’есці,— чарвякамі, лічынкамі, птушанятамі, зайцамі. Асабліва любіць ён усялякую мярцвячыну. Лятаючы высока над лесам і полем, крумкач здалёку знаходзіць яе на зямлі. Ён прыносіць пэўную карысць і гэтай сваёй «санітарнай службай», і тым, што знішчае шкодных насякомых, мышэй і слімакоў. Жыве крумкач вельмі доўга — да трохсот — чатырохсот год.

Цецерукі ўсё часцей вылятаюць на лясныя паляны і грэюцца на сакавіцкім сонцы. Яны трымаюцца цяпер асобна ад цяцёрак, з якімі былі разам на працягу ўсёй зімы. Калі пад праменнямі веснавога сонца вызваліцца ад снегу зямля, у цецерукоў пачнецца ток.

У канцы сакавіка, калі ў лесе яшчэ шмат снегу, пачынае такаваць глушэц. Заканчваецца ток у канцы мая, калі ўсё вакол зелянее.

Такуе глушэц звычайна на суку высокага дрэва, каля балота. Звесіўшы крылы ўніз, ён распускае хвост веерам і выцягвае наперад шыю, а галаву задзірае ўгору. Глушэц пачынае такаваць на досвітку, калі вакол цёмна і лес яшчэ не абудзіўся.

У халодным вільготным паветры далёка чуваць дзіўныя, нібы драўляныя гукі. Голас глушца ў час такавання нагадвае то скрып дрэва і трэск галінак, то шчоўканне і бульканне, то стук драўляных прадметаў. Песня глушца нібы народжана лясным шумам — гоманам сосен, шолахам вяршалін, скрыпам дрэў.

Такуючы, глушэц нічога не чуе, нічога не заўважае. Таму і называюць яго глушцом. Ён цалкам захоплены сваім спевам. Але, скончыўшы такаванне, ён, перш чым пачаць новую песню, пільна прыслухоўваецца і аглядаецца наўкола.

Разам з белавежскім зубрам глушэц з’яўляецца ў нашых лясах жывым прадстаўніком ледніковага перыяду, калі на нашай зямлі хадзілі статкі мамантаў — вялізных калматых сланоў, якія вымерлі дзесяткі тысяч год назад. І ў тыя далёкія ад нас часы гучаў у вільготным паветры скрыпучы спеў глушца.

У канцы сакавіка можна ўбачыць у ваколіцах гарадоў драпежнага птаха — каршуна. Ён прылятае сюды шукаць здабычу. У час палёту каршуна лёгка пазнаць па шырокаму размаху выгнутых крылаў і доўгаму, раздвоенаму на канцы хвасту.

Каршуны ловяць варон, галубоў, галак, дробных птушак, мышэй і жаб. Падбіраюць яны таксама і падліну. На ўскраіне горада каршун ранняй вясной корміцца варонамі. На пацямнелым снезе пад высокімі соснамі відаць у гэты час сляды яго паляўнічай дзейнасці — рэшткі з’едзеных варон.

У лясным гушчары прачнуліся ў сваіх норах барсукі. Вылазіць з бярлогі мядзведзь. У ласёў адрастаюць новыя рогі.

Зайчыхі прыносяць у канцы сакавіка першы прыплод — малых зайчанят, так званых «марцавічкоў», з якіх рэдка каторы выжывае, бо надвор’е ўсё яшчэ халоднае і няўстойлівае.

У гэты ранні веснавы час, калі снег яшчэ не сышоў, у нашых парках, садах і палях з’яўляецца заклапочаны грак.

Хто не ведае карціны мастака Саўрасава «Гракі прыляцелі»? Перад гледачом — характэрны малюнак ранняй вясны. З-пад пацямнелага снегу ўсюды выступае вада, утвараючы на паверхні мёрзлай зямлі вялікія лужыны. Змрочнае, шэрае неба з цяжкімі дажджавымі хмарамі нізка навісла над шырокай, бясконцай раўнінай. А на пярэднім плане, на голых і мокрых бярозах,— гракі, раннія веснавыя госці. Яны збіраюць на зямлі галінкі, аднаўляюць свае разбураныя гнёзды.

Гракі прылятаюць да нас з цёплых краёў звычайна каля 18 — 20 сакавіка. З шумам і крыкам кружаць яны над гарадскімі вуліцамі, падзяліўшыся на пары, пачынаюць рамантаваць старыя гнёзды.

Адзін мой сябар з Ленінграда падзяліўся са мною сваімі назіраннямі за «будаўнічай дзейнасцю» гракоў у старым парку. У пісьме ён расказваў: «Гракі даволі хутка вызвалялі ад кары галіны ліп даўжынёю на тры метры і крыху таўсцейшыя за палец. Яны заціскалі кончык кары ў дзюбе і цягнулі яе, пасоўваючыся да ствала. Такім чынам гракі сцягваюць кару, як пальчатку, з усёй галіны. Потым раздзіраюць кару на валокны і высцілаюць гняздо, зробленае з тонкіх галінак. Я ніколі не назіраў такога і не думаў, што гракі высцілаюць гнёзды такім матэрыялам».

Грак любіць жыць па суседству з чалавекам. Гняздзяцца гракі цэлымі калоніямі на старых дрэвах у парках і гарадскіх садах. Гнёзды іх размешчаны блізка адно ад другога. На адным дрэве можна налічыць больш за пятнаццаць — дваццаць гнёздаў, па некалькі на адным суку.

Кожную раніцу, на досвітку, гракі вылятаюць у поле і на свежаўзаранай раллі дбайна збіраюць лічынкі хрушчоў. Для сельскай гаспадаркі грак — птушка патрэбная і карысная. Ён знішчае ў вялікай колькасці мышэй, хрушчоў, слімакоў і іншых шкоднікаў.

У вырай гракі адлятаюць ад нас позняй восенню. Яны збіраюцца ў вялікія чароды і павольна пасоўваюцца на поўдзень, затрымліваючыся то ў адной, то ў другой мясцовасці. З першым подыхам вясны гракі вяртаюцца на радзіму.

Следам за гракамі прылятае да нас і другі доўгачаканы госць — палявы жаваранак. Над чорнымі палямі звініць у высокім небе яго чысты, звонкі і радасны спеў.

Потым чародкамі вяртаюцца з далёкага падарожжа вясёлыя вёрткія шпакі, і адразу пачынаюцца ў іх заўзятыя сваркі з вераб’ямі. Тыя пасяліліся, пакуль адсутнічалі гаспадары, у пустых шпакоўнях і цяпер адмаўляюцца пакінуць незаконна захопленыя кватэры.

Шпак — таксама вельмі карысная птушка. Кормячы сваіх малых, пара шпакоў знішчае на працягу адной вясны больш за сем тысяч хрушчоў.

Гракі, шпакі, зязюлі, дзятлы, ластаўкі, пліскі, берасцянкі і іншыя птушкі ахоўваюць нашы сады, лясы, палі і агароды ад шкодных насякомых.

У канцы сакавіка абуджаюцца да жыцця дрэвы. У ствалах дрэў пачынаецца рух сокаў. Таму гэты месяц і называецца — сакавік.

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Месяц за месяцам: каляндар беларускай прыроды: [для малодшага школьнага ўзросту] / Віталь Вольскі; малюнкі Л. Зяневіча і Ул. Піменава. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 92, [3] с., [4] л. каляр. іл.:іл.
Крыніца: скан