epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Саракуш

 

 

Над возерам, на плоскай і роўнай вяршыні ўзгорка, густа расце шыпшына. Крыху далей — кусты глогу і некалькі высокіх акацый.

Я падыходжу да зараснікаў. Як цудоўна пахнуць кветкі дзікай ружы! Які прыемны куток!

Але што гэта?

На калючку наколаты майскі жук. Востры шып працінае яго наскрозь. Крыху далей гэтак жа праткнуты жук-караед, за ім — буйны конік.

А вось і зялёны рагаты вусень. Ён яшчэ курчыцца і звіваецца, працяты бязлітаснай іголкай.

На суседнім глогу тое самае. На вялікі шып насаджана палёўка, а галавы ў яе няма.

І гэта ў такім паэтычным месцы, побач з прыгожымі кветкамі шыпшыны!

Хто ж гэта мог зрабіць? Каму гэта спатрэбілася? Навошта такая жорсткасць?

Я аглядаюся навакол.

А, вось ён дзе, разбойнік!

Спакойна сядзіць злачынца на акацыі. У яго прысадзістае моцнае тулава. Галава і шыя шэрыя, лоб і шчокі чорныя, спіна і плечы карычневыя, горла, грудка і брушка белыя, крылы і хвост чорна-бурыя. Велічынёю ён большы за вераб’я, але меншы за шпака.

Гэта — саракуш, ці, як яго яшчэ называюць, жулан.

Тут, на шыпшыне і глогу, ён захоўвае свае харчовыя запасы. Гэта яго кладоўкі.

Сёння, відаць, было многа здабычы, усяго з’есці саракуш не здолеў, вось і накалоў на шыпы. Няхай падсушыцца і праветрыцца. Вечарам ці заўтра ўранку ён з’есць гэтыя запасы разам са сваёй сяброўкай ці скорміць сваім птушанятам.

Мабыць, і гняздо недзе тут, бо саракуш любіць жыць у густых і калючых зарасніках, а нарыхтоўкі свае робіць заўсёды недалёка ад гнязда.

Я сеў на камень і сачу за саракушам.

Заняўшы назіральны пункт на самай вершаліне акацыі, саракуш доўга сядзіць, паторгваючы хвастом, і аглядае мясцовасць, паварочвае галаву то ў адзін, то ў другі бок.

Праходзіць некалькі хвілін.

Раптам ён скокнуў уніз на кучу ссечанага нядаўна сучча сасны, злавіў і з’еў караеда. Пасля гэтага патачыў дзюбу з абодвух бакоў аб сучок, на якім сядзеў, натапырыўся, страсянуўся, пачысціў дзюбай пер’е. Праз хвіліну ён паляцеў спачатку нізка над зямлёй, а потым рэзка ўзняўся і з разгону сеў на самую верхнюю галіну акацыі, на тое самае месца, дзе сядзеў, калі я яго заўважыў.

Недзе зусім блізка пачулася стракатанне сарокі:

— Чы-чы-чы-чы-чы-чы...

Я міжвольна азірнуўся, але сарокі не ўбачыў Стракатанне паўтарылася, яшчэ больш рэзкае, частае, узбуджанае.

Нікога навокал не было. Толькі на сучку белай акацыі сядзеў па-ранейшаму саракуш.

Стракатаў, як сарока, ён.

Я ўспомніў: шмат якія пеўчыя птушкі пераймаюць гукі, што чуюць ад іншых птушак. Гэта ўласціва і жулану. У яго спеве можна пачуць і стракатанне сарокі, і цвырыканне вераб’я, і шчабятанне ластаўкі, і меладычны свіст івалгі, і хрыплае карканне вароны, і яшчэ нейкія, зусім не знаёмыя гукі, якіх у нашых лясах, палях і садах ні ад каго і не пачуеш.

Адкуль у жулана такія дзіўныя і незвычайныя трэлі? Яны не падобны на спеў ні адной з нашых птушак.

Магчыма, саракуш запазычыў гэтыя гукі ў час сваіх зімовых падарожжаў па лясах далёкай і спякотнай Афрыкі ад невядомай трапічнай птушкі ў яркім, каляровым убранні. А можа, ён пераняў іх ад свайго бацькі ці ад жуланаў-суседзяў.

Саракуш хоць і пеўчая птушка, але звычкамі і паводзінамі сваімі нагадвае драпежніка. Дзюба ў яго, загнутая ўніз, як кручок, падобна на дзюбу драпежных птушак. Яна прыстасавана для таго, каб разрываць здабычу.

Жулан знішчае конікаў, хрушчоў, караедаў і іншых буйных насякомых, ловіць мышэй, яшчарак і малых птушанят. Лішнюю здабычу саракуш наколвае не толькі на шыпы цярністых раслін, але нават і на калючы дрот.

Пасля першай сустрэчы я часта прыходзіў сюды на працягу ўсяго лета, каб паглядзець на жулана і яго сям’ю.

Гняздо ў яго было сплецена невысока над зямлёю, у самай гушчы кустоў глогу, а суседняя акацыя служыла яму вартаўнічай вежай.

У канцы жніўня я ўбачыў на ўзгорку каля акацыі ўсё сямейства жулана. Іх было чацвёра — бацькі і двое малых.

Птушаняты, якія толькі што пакінулі гняздо, былі мала меншыя за дарослага саракуша. Яны перапырхвалі з галінкі на галінку, з куста на куст. Каля дзюбы ў іх яшчэ была жаўцізна. Афарбоўка ў малых не такая яркая, як у бацькоў, але зверху выразна пераважае карычневы колер, а знізу — шэры. Хвост у іх яшчэ караткаваты.

Я падышоў да маладых саракушаў бліжэй.

Яны даверлівыя, падпускаюць блізка да сябе, не адлятаюць і глядзяць на мяне, не выказваючы страху.

Бацькі кружацца ў паветры і трывожна крычаць:

— Чэк... чэк... чэк...

Пасля таго як птушаняты навучыліся лятаць і самастойна здабываць корм, саракушы пачалі трымацца паасобку. Цяпер кожны з іх жыў сам па сабе. Яны не збіраюцца ў чароды і гэтым таксама нагадваюць драпежных птушак.

У пачатку верасня саракушы зніклі з берагоў Нарачы. Яны паляцелі на зімоўку ў Афрыку, адкуль вернуцца сюды ў сярэдзіне мая.

За саракушам я назіраў на тым жа самым месцы і ў наступным годзе. Ён трымаўся па-ранейшаму ля той жа акацыі, пільнуючыся свайго ўчастка з кустамі шыпшыны і глогу на вяршыні ўзгорка над возерам.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан