epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Сарока

 

 

На прыступках ганка да мяне падскочыла маладая сарока і шырока разявіла дзюбу.

Я нахіліўся і пагладзіў яе па спіне. Сарока не пярэчыла. Калі ж я хацеў узяць яе ў рукі, сарока спрытна адскочыла ўбок.

З дзвярэй выйшла студэнтка са слоікам у руцэ.

— Піка, Піка, — паклікала дзяўчына, і сарока адразу ўскочыла ёй на плячо.

Студэнтка паклала птушцы ў дзюбу пінцэтам нейкага чарвяка.

Сарока праглынула яго і адразу зноў шырока разявіла рот.

— Ах ты, ненасытная, — засмяялася дзяўчына і дала птушцы яшчэ аднаго чарвяка.

Я з цікавасцю сачу за гэтай сцэнкай.

— Яна зусім свойская, — звярнулася да мяне студэнтка, — і падскаквае да кожнага чалавека, знаёмага ці незнаёмага, патрабуючы есці. Мы назвалі яе Піка, бо па-латыні гэта і ёсць сарока.

Сарока праводзіць увесь дзень на ганку. Спіць яна на спінцы лаўкі ці на кусце бэзу. На вокнах яна ловіць мух. Лятаць сарока яшчэ не ўмее, толькі перапырхвае з лаўкі на куст і з куста на лаўку...

Кожны раз, калі я прыходзіў на станцыю, сарока сустракала мяне на прыступках, патрабуючы выкупу. Я заўсёды даваў ёй то хлеба, то кавалачак сыру.

Прайшло некалькі дзён.

Сарока пачала адлятаць усё далей і далей ад станцыі.

Неяк я ўбачыў яе на плоце каля вёскі Урлікі. Я падышоў і пагладзіў яе, як звычайна, па спіне. Убачыўшы, што ў мяне з сабою нічога няма, сарока пераляцела на дрэва.

У другой палове ліпеня студэнты раз’ехаліся. На станцыі стала ціха і бязлюдна. Сарока за гэты час навучылася лятаць і самастойна знаходзіла сабе корм. Яна адлятала цяпер ад станцыі, якую лічыла сваім домам, на досвітку і вярталася на ганак толькі позна вечарам. Начавала яна па-ранейшаму заўсёды на лаўцы ганка ці на суседнім кусце бэзу.

Пад канец месяца яна зусім перастала наведваць станцыю і хутка адвыкла ад яе, але людзей, як і раней, не баялася.

Вяртаючыся з лесу за Урлікамі, я неяк зноў сустрэў знаёмую сароку на беразе возера. Яна зляцела раптам з сасны і апусцілася перада мною на сцежку, нібы перагарадзіўшы дарогу і патрабуючы выкупу за праход.

Калі я працягнуў да яе руку, яна адскочыла ўбок, але не адляцела. Я пашкадаваў, што не ўзяў з сабою хлеба і нічым не мог яе пачаставаць.

Пераканаўшыся, што ў мяне нічога для яе няма, сарока адышлася ўбок і, не звяртаючы на мяне ўвагі, пачала нешта дзяўбці на сцежцы.

Нейкі час я падазраваў сароку ў тым, што яна з’ядае на досвітку кавалкі хлеба, якія я пакідаў на сасне перад хатай для вавёркі, маёй рыжай госцейкі, але потым пераканаўся, што падазрэнні не маюць падставы.

Пасля ад’езду студэнтаў сарока ўсё часцей пачала бываць у вёсцы, дзе кармілася каля дачнікаў.

Перад сваім ад’ездам з Нарачы я апошні раз убачыў сароку на падаконніку расчыненага акна адной з хат у вёсцы Урлікі.

Выхаванка біялагічнай станцыі сядзела на акне і пазірала на вуліцу.

Да акна падышла пажылая жанчына і пакарміла сароку з рукі.

— Яна прылятае да нас па некалькі разоў на дзень, — сказала жанчына. — Заляціць часам праз акно ў хату і сядзе на шафу. Корм бярэ ахвотна, але ў рукі не даецца. Як і ўсе сарокі, яна вялікая зладзейка і шкодніца. Украла ў мяне нядаўна ведаеце што? Маток чырвоных нітак, — смеючыся закончыла гаспадыня.

Сарока пераляцела тым часам з падаконніка на шафу і пазірала адтуль сваім хітрым бліскучым вокам так, быццам разумела, што гутарка ідзе пра яе.

— Зусім свойская, — заўважыла жанчына. — Праз некалькі дзён мы вернемся ў горад. Не ведаю, што яна будзе рабіць? Раней трымалася каля студэнтаў, цяпер каля нас. Хто ж яе потым будзе карміць?

— Нічога, — сказаў я. — За сароку можаце не турбавацца. Адвыкне ад людзей, адвыкне і ад пачастункаў, ад лёгкага, дармовага хлеба. Будзе жыць, як і ўсе сарокі жывуць. А яны, як і сёстры іхнія, вароны, ядуць усё, што могуць знайсці ці здабыць. Не прападзе.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан