epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Снежань

 

Дарожкі і сцежкі занесла віхура,

Не знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар;

, выйшаўшы з лесу, скуголіць панура,—

Каб чым пажывіцца,— пакінуў гушчар.

 

ЯНКА КУПАЛА

Прыйшла зіма. Падаюць з неба чыстыя белыя пушынкі, усцілаючы зямлю мяккім снежным покрывам. Замерзлі спачатку сажалкі і азёры, а потым і рэкі.

Рыбы пад лёдам трымаюцца ў глыбокіх месцах у стане здранцвення. Плоткі, ляшчы і многія іншыя ляжаць нерухома ў ямах на дне рэк і азёр, паўсонныя, ахутаныя сліззю, якая ахоўвае іх ад холаду.

Кожны від рыбы зімуе асобна ад іншых. Плоткі трымаюцца разам з плоткамі ў адным месцы, ляшчы разам з ляшчамі ў другім. Карасі і ліні зімуюць, закапаўшыся ў глей на дне вадаёма.

Шчупак і зімой плавае пад лёдам і палюе на іншых рыб, але не так спрытна і жвава, як улетку. Акуні ў пошуках здабычы і свежага паветра выплываюць часам на паверхню вады ў палонках.

Мянтуз любіць халодную ваду і адчувае сябе зімою лепш, чым летам. З надыходам халадоў ён робіцца больш рухавым і дзейным. У марозны зімовы час, у канцы снежня і ў пачатку студзеня, мянтуз нерастуе. Ікру ён адкладвае ў глыбокіх месцах, на пясчаным дне.

У гэты ж прыблізна час пачынаецца нераст і ў вугра, які вядзецца ў возеры Нарач, у Нёмане, Заходняй Дзвіне і ў іншых рэках і азёрах, звязаных з Балтыйскім морам. Сваю ікру гэтая дзіўная рыба адкладвае не там, дзе жыве, а ў Атлантычным акіяне, у Саргасавым моры, ля берагоў Амерыкі. Для таго каб трапіць туды, вугор робіць далёкае і небяспечнае падарожжа, з якога не вяртаецца назад.

У канцы зімы з ікрынак вугра развіваюцца маляўкі. Цёплае цячэнне Гальфстрым адносіць іх цераз Атлантычны акіян да паўночна-заходніх берагоў Еўропы.

Гэтае падарожжа малявак цягнецца тры гады. Пад канец яго з малявак вырастаюць маладыя вугры.

Вясной, на чацвёрты год свайго жыцця, вугры заплываюць з мора ў рэкі. Самцы застаюцца ў нізоўях ракі, а самкі плывуць далей, уверх па цячэнню, упарта пераадольваючы ўсялякія перашкоды.

Вандруючы, вугор перабіраецца часам з аднаго вадаёма ў другі па зямлі. Нібы змяя, выгінаецца ён па вільготнай траве лугоў, па канавах і робіць такім чынам па некалькі кіламетраў.

У рэках і азёрах вугры жывуць ва ўзросце ад чатырох да дзесяці год. На дзесятым годзе яны адпраўляюцца, як і іх бацькі, адкладваць ікру ў Саргасава мора. На гэтым іх жыццё заканчваецца.

Вугор адрозніваецца ад усіх іншых нашых рыб сваімі дзіўнымі звычкамі і сваім знешнім выглядам. Формаю цела ён вельмі падобны на змяю і, калі плыве, робіць у вадзе такія ж рухі, як і змяя.

Вугры кормяцца ноччу насякомымі, лічынкамі, рыбкамі, жабкамі і наогул любым мясам, якое могуць знайсці ў вадзе.

Днём яны ляжаць на дне, зашыўшыся ў глей ці пясок і высунуўшы адтуль толькі галаву і хвост.

Гэтая цікавая рыба мае прамысловае значэнне. Тлустае мяса вугра вельмі смачнае. Яно ўжываецца звычайна ў вэнджаным выглядзе.

У пачатку снежня скідаюць рогі ласі і казулі. У гэты час яны ходзяць па лясных нізінах невялікімі статкамі. Рогі ў іх, таксама як і ў аленяў, штогод аднаўляюцца. Замест старых, скінутых, вырастаюць новыя. Толькі алені скідаюць рогі пазней, у лютым ці ў пачатку сакавіка.

Калі алень дужы і малады, рогі ў яго з кожным годам робяцца багацейшыя і мацнейшыя. Колькасць новых адросткаў на іх павялічваецца. У снежні алені, як і ласі, і казулі, збіраюцца невялікімі статкамі. У зімовы час усе яны кормяцца карою і галінкамі маладых дрэў.

У канцы 1966 года я атрымаў пісьмо з Будслава Мінскай вобласці. У гэтым пісьме былі цікавыя, невядомыя мне раней звесткі адносна лекавых уласцівасцей ласінага рога. Аўтар пісьма паведаміла, што калісьці, вельмі даўно, жыў у ваколіцах Будслава чалавек, які лячыў людзей нейкім «каменем» ад укусаў шалёнай жывёлы. «Ад’язджаючы, ён перадаў той «камень» мясцовай памешчыцы. Яна не захацела гэтым займацца і аддала «камень» майму прадзеду Тамашу — ён быў дваровым прыгоннікам у маёнтку. Ад прадзеда «камень» перайшоў да дзеда Зыгмуся. Дзед яго разрэзаў на чатыры часткі і падзяліў між сваіх дзяцей. Адзін такі кавалак, прыблізна ў паўтара-два квадратных сантыметры, знаходзіўся ў майго бацькі. Колер яго быў бронзавы з зялёна-жоўтымі адлівамі, а па вазе значна лягчэйшы за камень таго ж памеру. Мы не ведалі, што гэта такое, і называлі яго проста «камень».

Нешта ў пачатку 900-х гадоў адзін селянін-бядняк прывёз да нас свайго чатырнаццацігадовага сына, якога ўкусіў шалёны сабака за кісць рукі. Селянін ад кагосьці дачуўся, што ў бацькі ёсць спосаб лячэння, і прасіў бацьку вылечыць яго сына. Бацька ўжо ведаў пра пастэраўскія прывіўкі і адмаўляўся лячыць немаведама чым. Але такія прывіўкі ў той час рабіліся толькі ў двух гарадах Расіі. А дзе ж беднаму селяніну ўзяць грошы на далёкае падарожжа і лячэнне? Ён пакінуў свайго сына ў нас: «Хай жа ў вас і памірае!», а сам цішком уцёк у сваю далёкую вёску. Мой бацька паспрабаваў лячыць.

«Камень» меў уласцівасць прысмоктвацца да цела ў тым месцы, дзе расплылася атрута шаленства. Пачалі прыкладваць «камень», пачынаючы ад сэрца. На грудзях «камень» не трымаўся. Толькі ніжэй плечавога сустава параненай рукі злёгку прысмактаўся. Наймацней ён прысмоктваўся бліжэй да пакусанага месца. «Камень» туга абвязалі, каб не згубіўся, і трымалі, пакуль не адваліцца. Як толькі «камень» насмокчацца атруты і адваліцца, бацька клаў яго ў рандэлічак з малаком і доўга выварваў, пасля чаго «камень» зноў набываў уласцівасць прысмоктвацца. Малако вылівалася ў агонь, а рандэлічак шчыльна пакрываўся гаршком, каб ні мыш, ні муха не залезлі ў яго. З кожным разам «камень» прыкладаўся, аж пакуль нідзе не прысмоктваўся. Рабілі перапынак на дзень-два, а калі потым хоць крыху дзе прыліпаў, то зноў трымалі яго там і пасля выварвалі ў малацэ. Лячэнне працягвалася, мабыць, з месяц, пакуль не ўпэўніліся, што атруты ўжо няма. Праз некалькі год пасля гэтага лячэння хлопец прыехаў запрашаць майго бацьку на сваё вяселле».

У далейшым аўтар пісьма даведалася, што гэта быў не «камень», а кавалак ласінага рога і што ласіным рогам карысталіся як сродкам супроць шаленства не толькі ў Будславе.

У іншых мясцовасцях рог лася рэжуць «тонкімі пялёсткамі, якія маюць белы колер, кладуць іх у гліняны гаршчок, шчыльна закрываюць і абмазваюць накрыўку глінай, каб не праходзіла туды паветра. І, як паліцца печ, ставяць гаршчок, аж пакуль не выпаліцца. Як астыне гаршчок, яго адкрываюць. Пялёсткі набываюць пасля такой сухой перагонкі такі ж колер, як і наш «камень». Гэтымі пялёсткамі абкладваюць усе месцы ў пакусанага, дзе толькі яны прыліпаюць, а калі пачнуць адвальвацца, іх закопваюць глыбока ў зямлю, каб ненарокам жывёла не выкапала».

Лекавыя ўласцівасці ласінага рога былі, відаць, даўно вядомы нашым продкам, але з цягам часу гэты цікавы здабытак народнай медыцыны быў паступова забыты. Цяпер пра яго ведаюць толькі адзінкі з ліку старых людзей.

Сучасная медыцына карыстаецца ў якасці лекавага сродку маладымі рагамі аленя — «пантамі». Можа, варта заняцца вывучэннем і лекавых уласцівасцей ласінага рога? Можа, ласіным рогам можна лячыць не толькі шаленства, але і якія іншыя хваробы?

Паляванне на ласёў, а таксама на аленяў і казуль забаронена на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза. У выніку гэтага ахоўнага мерапрыемства дзяржавы колькасць ласёў за апошні час значна павялічылася.

Ласі зноў з’явіліся ў мясцовасцях, дзе прыродныя ўмовы адпавядаюць іх жыццёвым патрэбам і дзе яны вяліся раней, у старыя часы, але былі знішчаны драпежніцкім паляваннем. Цяпер лася не дзіва сустрэць не толькі ў далёкіх, глыбінных раёнах, але і ў ваколіцах буйных гарадскіх цэнтраў, нават такіх вялікіх, як Масква і Ленінград.

Нядаўна я атрымаў з Ленінграда ліст, у якім мне пісалі: «Кіламетраў за шаснаццаць ад Старога Пецяргофа мы бачылі на волі лася. Іх там многа, забіваць іх забаронена. Які ён прыгожы на волі, з горда ўзнятай галавой, з цёмнай магутнай шыяй і светлымі нагамі! У яго вельмі прыгожая, лёгкая паходка. Паколькі іх не чапаюць, яны зусім не палахлівыя.

Калі па дарозе праязджала машына, лось, не спяшаючыся, адбег зусім недалёка і спыніўся, а калі машына праехала, ён зноў вярнуўся, перайшоў дарогу і накіраваўся ў той бок, куды ішоў раней, напэўна, да рэчкі...»

Можна ўбачыць лася і пад Мінскам. Але найбольш часта сустракаюцца яны ў лясах па верхняму цячэнню Бярэзіны і на Палессі.

Маладыя ласі амаль не баяцца людзей. Яны не хаваюцца ў гушчары, выходзяць на дарогі і лугавіны, далучаюцца іншы раз да статка кароў.

Гэтым карыстаюцца часам браканьеры — несвядомыя і несумленныя людзі. У пагоні за свежым мясам і добрай скурай яны не спыняюцца перад тым, каб парушыць закон і забіць даверлівага лася — патаемна, цішком, на досвітку, каб ніхто не заўважыў. Многія часам пра гэта і ведаюць, ды маўчаць і гэтым самым патураюць ліхадзеям. Між тым, вінаватых у забойстве лася трэба прыцягваць да адказнасці.

Браканьераў трэба выкрываць! Ніхто, а тым больш юны натураліст, не павінен спакойна пазіраць, як злачынцы, шкоднікі прыроды знішчаюць багацці нашых лясоў.

На зялёных, зацярушаных снегам галінах гушкаюцца, лазяць, куляюцца і вісяць дагары нагамі невялікія чырванаватыя і зеленаватыя птушкі. Сваімі моцнымі, крыху скрыжаванымі дзюбамі яны вылушчваюць насенне з жоўтых яловых шышак.

Гэта — крыжадзюбы. Яны не баяцца ні снегу, ні марозу. Дзяцей сваіх яны выводзяць не толькі летам, але і зімой. У яловым бары можна часам убачыць, як у самы люты мароз кормяць крыжадзюбы сваіх птушанят, якія сядзяць у гняздзе пад тоўстым заснежаным суком, каля самага ствала. Корму малым хапае, а холад ім у цёплым гняздзе не страшны.

Крыжадзюб — птушка вандроўная. У хвойных лясах яна сустракаецца ў вялікай колькасці тады, калі добры ўраджай на шышкі. Калі шышак мала, крыжадзюбы перабіраюцца ў іншую мясцовасць.

Калі крыжадзюб вылушчвае яловую шышку, частка насення падае на снег. Гэтымі рэшткамі карыстаюцца лясныя мышы.

Ад сваіх норак у лесе мышы пракладваюць пад снегам доўгія і вузкія калідоры і бегаюць па іх, шукаючы корму. А зверху ходзяць па снезе і вынюхваюць іх лісіцы. Яны цэлымі днямі палююць на мышэй, выкопваючы іх з-пад снегу.

На снезе пад старымі ялінамі ляжыць многа абгрызеных шышак. Усё насенне з іх дбайна вылушчана, засталіся толькі стрыжні.

Гэта — работа вавёркі. Насенне яловай шышкі, у якім многа тлушчу, з’яўляецца зімою асноўным кормам для вавёркі. Кормяцца гэтым насеннем таксама і дзятлы.

Зімою вавёрку можна часам убачыць у лесе на яліне з шышкай у пярэдніх лапах. Але ў люты мароз і ў снежную завею вавёрка не вылазіць са свайго гнязда. Яна спіць у ім цэлымі днямі.

Мякка пасвістваючы, павольна ўзлятае на заснежаны куст спакойная пушыстая птушка з цёмнай галоўкай і шэрай спінкай. На фоне белага снегу і серабрыстага інею на галінках прыгожа вылучаюцца чырвоным колерам яе брушка і грудкі. За першай птушкай з’яўляецца і другая, і трэцяя.

Вы, напэўна, адразу здагадаліся, што птушкі гэтыя — снегіры. Іх называюць яшчэ і гілямі. Летам яны кормяцца казюркамі і насеннем розных траў і дрэў, а зімою — насеннем яліны і сасны.

Снегіры збіраюць яго па снезе, бо самі не ўмеюць лушчыць шышкі — у іх занадта слабая для гэтага дзюба. Я часта бачыў, як кормяцца снегіры і насеннем парасонавых траў, вяршалінкі якіх тырчаць з-пад снегу.

У пачатку зімы снегіры кормяцца ягадамі рабіны, крушыны, ядлоўцу. З ягад яны выбіраюць насенне, а ўсё астатняе кідаюць. Месцы кармлення снегіроў заўсёды можна пазнаць па рэштках ягад на зямлі.

Значная частка снегіроў прылятае да нас у госці з далёкай поўначы. На сваёй радзіме снегіры гняздзяцца на кустах ядлоўцу, часам на бярозах і соснах.

Зімою снегіры з’яўляюцца на вуліцах гарадоў. Я памятаю, як у маленстве бачыў невялікія чародкі з пяці-шасці снегіроў у канцы лістапада і ў снежні на бульвары між Тучковым мостам і цяперашнім праспектам Дабралюбава ў Ленінградзе, калі вяртаўся дадому са школы. Кожны раз я доўга стаяў і любаваўся прыгожымі птушкамі. Ціха перасвістваючыся, снегіры спакойна пераляталі з куста на куст, падоўгу затрымліваліся на адным месцы — чырванагрудыя самцы і дымчата-шэрыя з чорным самкі. Флегматычных, павольных у руху птушак зусім не бянтэжыў ні звон трамвая, ні вулічны шум.

З поўначы таксама прылятае да нас і з’яўляецца зімою на вуліцах Мінска другая спакойная і прыгожая птушка — амялушка.

Чародкі амялушак, часам да дванаццаці — пятнаццаці, можна ўбачыць зімою і ў парку Янкі Купалы, і ў садзе Політэхнічнага інстытута, і ў парку Чалюскінцаў.

Вось расселіся амялушкі на дрэвах перад кінатэатрам «Зорка». Адны сядзяць моўчкі і нерухома, другія частуюцца ягадамі рабіны. Сытыя і гладкія цельцы амялушак, буравата-шэрыя з чырванаватым адценнем, чубікі на галоўках, белыя і ярка-жоўтыя палоскі на крыллях так прыгожа спалучаюцца з шэрым небам, белым снегам і чырвонымі ягадамі.

Пачулася лёгкая, працяглая і пяшчотная, серабрыстая трэль. Гэта дала сігнал усёй чародцы адна з амялушак. Трэль паўтарылася, і ўсе птушкі, нібы па камандзе, успырхнулі з дрэва і паляцелі прэч.

Летам амялушкі кормяцца ў асноўным камарамі, восенню і зімою — ягадамі крушыны, каліны, чаромхі, рабіны, ядлоўцу, праглынаючы іх цалкам.

Зімою ў нашых лясах сустракаецца белая палярная сава.

Гэта таксама наш госць.

Жыве палярная сава на поўначы, у тундры. Там яна і гняздзіцца. На нас белая сава перабіраецца позняй восенню на зімоўку, а ранняй вясной вяртаецца на радзіму.

У тундры асноўным кормам белай савы з’яўляюцца лемінгі — маленькія грызуны з кароценькімі хвосцікамі. У беларускіх лясах палярная сава ловіць мышэй і дробных птушак.

Белае ахоўнае апярэнне палярнай савы зліваецца з навакольным зімовым пейзажам. Калі белая сава сядзіць нерухома на дрэве, яна абрысам свайго тулава нагадвае снежны камяк. Нялёгка заўважыць паўночную госцю ў заснежаным лесе.

Сярод лясной цішыні не пачуеш цяпер і каркання варон. Шэрыя вароны, якія гняздзяцца ў лесе, перабраліся на зімовы час у гарады і вёскі. Тут, на вуліцах, на дварах, каля сметнікаў, яны хутчэй здабудуць сабе корм, ды і хадзіць па цвёрдым снезе ім лягчэй, чым у лесе і ў полі.

І ваўкам цяжка бадзяцца па глыбокім снезе. Зімою ваўкі ходзяць звычайна па дарогах і пратаптаных сцежках. Калі ж ім трэба ісці па некранутым снезе, то яны ідуць адзін за адным, след у след.

 

22 снежня — самы кароткі дзень у годзе. Пасля гэтага дня сонца пачынае ўзыходзіць раней, дзень павялічваецца. 31 снежня гадавы каляндарны цыкл закончаны. Пачынаецца новы год.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі В. Месяц за месяцам: каляндар беларускай прыроды: [для малодшага школьнага ўзросту] / Віталь Вольскі; малюнкі Л. Зяневіча і Ул. Піменава. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 92, [3] с., [4] л. каляр. іл.:іл.
Крыніца: скан