epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Стары пастух

 

 

Дарога ў вёску Варанцы ідзе праз сасновы лес.

На кожным кроку на вочы трапляюць грыбы — баравікі, маслякі, бабкі. Асабліва многа тут лісічак, хоць ты іх касі, як казаў адзін мой знаёмы. Усюды яны жаўцеюць у зялёным моху.

Пра гэтыя грыбы пісаў наш зямляк, вялікі польскі паэт Адам Міцкевіч у сваім «Пане Тадэвушы»:

 

...лісічкі,

Апетыя ў Літве, лісічкі-невялічкі —

Эмблема чысціні: іх ні чарвяк не точыць,

Ні насякомае на шапачку не ўскочыць.

 

Сапраўды, у грыбах-лісічках ніколі не бывае чарвей.

Лес неўзабаве скончыўся. Наперадзе забалочаная нізіна.

Па каменнях я перайшоў на другі бераг рачулкі і падняўся на ўзгорак. Да вёскі засталося з паўкіламетра, не больш.

Я прыпыніўся.

Раніца была да гэтага часу пахмурная, а цяпер з’явілася раптам сонца і асвятліла сваімі лагоднымі праменнямі і зялёныя схілы ўзгорка, і забалочаную нізінку з кустамі вольхі, і празрыстую ваду. Усё навокал ажывілася, зазіхацела, набыло новыя, яркія і свежыя фарбы.

Мне захацелася пабыць тут, паглядзець з узвышша на палі і пералескі, на гэты знаёмы і блізкі сэрцу пейзаж, які заканчваўся на даляглядзе сіняй палоскай возера.

Я лёг на траву каля вялікага каменя, непадалёку ад ручая, што звінеў і струменіў унізе.

Ад вады патыхае перадасенняй свежай прахалодаю. Белыя і чорныя авечкі мірна скубуць непадалёку траву. З-за суседняга ўзгорка на тым баку нізінкі з’явіліся каровы.

Я задумаўся і не заўважыў, як да мяне падышоў пастух. Высокая постаць яго вырасла раптам над маёй галавой.

— Дзень добры, — павітаўся ён і сеў побач.

На ім шэрая ватоўка, старая кепка, цёмныя штаны з саматканага сукна і боты.

Каровы, што пасвіліся дагэтуль на забалочанай лугавінцы, падымаюцца ўсё вышэй і вышэй па схіле ўзгорка. Хутка яны апынуліся каля нас. Іх неадступна суправаджае вясёлая чарада драздоў. Жвавыя птушкі перапырхваюць з месца на месца ў густой траве і смела скачуць пад нагамі і перад пысамі кароў.

Пастух адмахваецца ад мух, якія з’явіліся над нашымі галовамі.

— Вядома, — гаворыць ён, — дзе жывёла, там і розныя мухі, мошкі, сляпні ды авадні. Для кароў гэта — чыстая пляга, а для птушак — здабыча. Вось дразды і трымаюцца ля кароў. Часам ходзіць такі дрозд ці шпак па спіне ў каровы і ловіць насякомых. І яму карысна, і карове прыемна.

Статак перайшоў тым часам на другі бок узгорка, і разам з каровамі зніклі і мухі ў паветры, і дразды ў траве.

Пастух прымасціўся зручней. Яму хочацца, відаць, пагаварыць з незнаёмым чалавекам.

— Адпачываеце? — пытаецца ён для пачатку.

— Але.

— Самі з горада?

— З Мінска.

— Клімат у нас добры, — паведамляе ён. — Вада тут крынічная, чыстая, ніколі не мутнее, для здароўя карысная.

Абвіслыя пракураныя вусы пастуха рассунуліся ў лагоднай усмешцы.

З далейшай гутаркі высвятляецца, што дзядзьку Вінцуку, так завуць пастуха, шэсцьдзесят чатыры гады і што нарадзіўся ён і ўсё сваё жыццё, калі не лічыць Першую сусветную вайну, пражыў у Варанцах.

— У тую вайну пазіцыі ў нашай мясцовасці трымаліся аж тры гады, — успамінае ён. — Тады ў газетах часта пісалі: «У раёне возера Нарач перастрэлка», ці «пошукі разведчыкаў», ці «баі мясцовага значэння». Усе жыхары былі адсюль выселены. Маю сям’ю загналі аж у Свянцяны, а сам я ў арміі служыў. Быў і на Мазурскіх азёрах, і ў Галіцыі. Свет, як кажуць, пабачыў. На вайне, праўда, мне пашанцавала, жывы застаўся. І паранены не быў, і не хварэў, і ў палон не трапіў. У васемнаццатым годзе вярнулася мая сям’я дахаты. Тут якраз і я з арміі прыйшоў. На ўсходзе ў той час паноў скінулі, а нам тут давялося пакутаваць яшчэ гадоў дваццаць. Не жарты! А потым зноў вайна, Гітлер пракляты наваліўся... А цяпер? Цяпер жывём няблага. Для мяне ўсё гэта, праўда, павярнулася крыху пазнавата, ды што ты зробіш! Я так лічу, што добрае жыццё чалавеку і на старасці не пашкодзіць.

Дзядзька Вінцук устаў, падышоў да падпаска, хлопца гадоў пятнаццаці, з доўгаю пугай, і штосьці сказаў яму. Потым вярнуўся і сеў на ранейшае месца каля валуна.

— Жыву я разам з дарослымі сынамі, жанатым і халастым, — казаў ён далей. — Працую ў калгасе пастухом, а да той вайны быў рыбаком. Рыбачыў разам з дзядзькам. Потым ажаніўся, а тады армія, сёе-тое, розныя падзеі, дзядзька памёр, гаспадарка зруйнавалася, вось і закінуў я тое рыбацтва. І наогул рыбакоў у нашай вёсцы няма. Да возера ад нас, самі бачыце, не так ужо і блізка. Не тое што Купа ці нават Антонісберг.

— Адкуль у гэтай вёскі такая дзіўная назва? — пытаюся я.

— А хто яе ведае, — дзядзька Вінцук паціснуў плячыма. — Раней гэта быў маёнтак на дзесяць валок. Належаў ён пану Каліноўскаму. Гэта быў адзінокі стары, гаспадарку вёў дрэнна. Усё больш пазычаў грошы ў банку. Дапазычаўся да таго, што хацелі забраць маёнтак у казну. Тады ён прадаў Антонісберг нейкаму Бычкоўскаму. Той пачаў прадаваць зямлю па ўчастках сялянам. Вельмі, кажуць, на гэтым нажыўся. Вось і вырасла тут наша вёска на зямлі былога маёнтка. А перад тым на месцы Варанцоў стаялі толькі пяць хат, у якіх жылі парабкі з Антонісберга.

— Калі ж гэта было?

— Даўно. Пра Каліноўскага мне мой бацька расказваў.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан