epub
 
падключыць
слоўнікі

Віталь Вольскі

Сустрэча з лісой

 

 

На другі дзень я пайшоў уздоўж ручая, каб прасачыць паляўнічы маршрут лісы.

Мінуўшы балотца, апынуўся ў густым лесе. Тут пераважаюць сосны, але густа расце і ядловец, і маладыя дубкі, і арэшнік. Сустракаюцца часам і вялізныя яліны.

Пад нагамі часта трапляюцца грыбы. Вось расце грыб-сіняўка. Калі яго разрэзаць, белая сярэдзіна на вачах зробіцца сіняя.

На кустах ядлоўцу чарнеюць ягады. Палова з іх зусім чорныя, астатнія ўсё яшчэ зялёныя. У паветры ўжо адчуваецца набліжэнне восені, але дзе-нідзе па сухіх грудках яшчэ чырванеюць асобныя познія суніцы.

У густым і падсохлым знізу маладым сасняку я натрапіў раптам на трох маладых глушцоў. З шумам узняліся яны з зямлі, густа заваленай галлём, ледзь не з-пад самых маіх ног і паляцелі адзін за адным, лопаючы крыламі. Узлятаючы, першы з іх ад неспадзяванасці кудыкнуў спалохана, нібы курыца.

Блукаючы па лесе, я выйшаў на маляўнічую палянку, недалёка ад ручая.

На возеры сёння вецер, а тут, у лесе, ціха і спакойна.

Я прылёг на сухі мох каля старой паваленай бурай сасны і задумаўся.

Над верасам пералятаюць з месца на месца шэрыя пліскі. У кожнай чародцы па пяць-шэсць птушак. Я ўпершыню бачу плісак у лесе, далёка ад возера. Там, ля возера, яны часта скачуць, лёгка і грацыёзна, як на спружынах, па мокрым пяску каля самай вады. Калі набягае хваля, зграбныя птушкі спрытна адскакваюць ад паласы белай пены. Калі ж хваля адступае назад у возера, пліскі бягуць за ёю, збіраючы на мокрым пяску здабычу, непрыкметную для чалавечага вока. Тут, у лесе, яны, відаць, ловяць над верасамі дробных насякомых.

Між зараснікаў папараці, метраў за дзесяць наперадзе мяне, мільганула раптам нешта ярка-рыжае.

Няўжо ліса?..

Так, гэта лісіца-хітрыца!

Вось яна выслізнула з-пад жоўтых галінак папараці.

На фоне маладых зялёных елачак рыжае футра гарыць, як агонь, падкрэсліваючы белую грудку і чорныя ногі. Блішчаць ясныя бурштынавыя вочы.

Вострая мордачка лісы прынюхваецца да зямлі...

Лёгкім трушком ліса перабегла палянку і спынілася каля старой яліны, крыху прыўзняўшы пярэднюю лапу, нібы паляўнічы сабака, які робіць «стойку». Гнуткая постаць лісы застыла на месцы. Вострыя чорныя вушы насцярожаны. Уся яна — увасабленне напружанага, цярплівага чакання. Толькі кончык пушыстага хваста ледзь прыкметна варушыцца.

«Мышкуе», — падумаў я.

Ветрык дзьмуў мне насустрач, і ліса не магла пачуць чалавека. Я ведаў, што лісіцы так захапляюцца паляваннем на мышэй, што забываюць часам пра ўсё на свеце, нават пра ўласную бяспеку. Да таго ж ліса была з другога боку калоды і стаяла спінай да мяне. Калі б яна і павярнулася, то адразу таксама не магла б мяне заўважыць, бо стары павалены сасновы ствол амаль цалкам мяне закрываў.

Стрымліваючы дыханне, я любаваўся спрытнымі рухамі невыказна прыгожага звера.

Ліса не варушылася некалькі хвілін.

Раптам чорныя, нібы аксамітныя лапкі яе ўзняліся ўгору, рыжы хвост з белым кончыкам мільгануў у паветры. Ліса падскочыла і схапіла нешта між тоўстых карэнняў яліны. Пачуўся слабы піск мышы. У тую ж хвіліну ліса знікла між дрэў.

Можа, гэта тая самая ліса, што ўкрала калісьці гусака ў маёй гаспадыні? Напэўна, яна. Але я быў так захоплены прыгажосцю рухаў лісы, яе грацыёзным і лёгкім скачком, што зусім забыў пра гэтае «злачынства».

У горадзе, на станцыі юных натуралістаў, я часта наглядаў за лісіцамі ў клетках, але гэта было зусім не тое. Цяпер мне здавалася, што я ніколі ў жыцці не бачыў такога прыгожага звера. Хіба можна было параўнаць паводзіны свойскага ліса ў вальеры з прывабнымі, поўнымі лёгкай грацыі рухамі гэтага цудоўнага стварэння на волі?

Я ўспомніў, што мышы з’яўляюцца асноўным кормам лісы. Паляўнічыя кажуць, што на працягу дня ліса знішчае да пяцідзесяці — шасцідзесяці мышэй. Яна ловіць іх не горш за кошку. Адзін даследчык бачыў, як лісіца несла сваім лісянятам у нару адразу шэсць мышэй. Хвасты і заднія лапкі злоўленых звяркоў звісалі з бакоў лісінай пашчы накшталт нейкай дзіўнай барады... Ліса ахвотна есць і майскіх жукоў, конікаў і іншых шкодных насякомых.

Тым, што ліса знішчае мышэй, яна прыносіць бясспрэчную карысць. І гэтая карысць ураўнаважвае тую шкоду, якую робіць ліса, калі схопіць часам на двары курыцу, ці качку, ці гусяня, ці калі крадзе яйкі баравой і вадаплаўнай дзічыны ў лесе і ў зарасніках на возеры.

У прыродзе ніколі не бывае так, каб той ці іншы звер або птушка былі заўсёды і пры ўсіх умовах толькі карысныя ці толькі шкодныя.

Пра гэта я думаў, калі ўстаў з-за калоды і паглядзеў у той бок, дзе знікла ліса.

Пакінуўшы лясную паляну, я спусціўся ў нізіну, перайшоў па кладцы ручай і агародамі пайшоў у Купу.

На доўгай, абсаджанай старымі таполямі вуліцы было ціха і бязлюдна. Амаль усе дачнікі раз’ехаліся, і вёска набыла свой звычайны будзённы выгляд.

У перадвячэрнім святле прыгожыя хаты з белымі, сінімі і чырвонымі аканіцамі здаваліся асабліва ўтульныя. Некаторыя з іх маюць зашклёныя веранды і мезаніны з балкончыкамі. У прысадах перад вокнамі растуць вяргіні, мак, рамонкі.

Над вёскаю апускаўся ясны, цёплы вечар.

Сонца яшчэ не зайшло, а на блакітным небе ўжо з’явіўся бледны месяц. Залацісты шар сонца набыў журавінавы колер, а неба зрабілася шаравата-сіняе. Потым сонечны шар падзяліўся далёкімі воблачкамі на чырвоныя палоскі, і тыя праз некалькі хвілін зніклі ў вячэрняй сіні.

1957 - 1958


1957-1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Вольскі, В.Ф. Падарожжа па краіне беларусаў: нарысы / Віталь Вольскі. – Мінск, Мастацкая літаратура, 2006. – 319 с.
Крыніца: скан